Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Месі́я ’пасланец бога, які павінен прыйсці на зямлю і выратаваць род чалавечы ад пакут’ (ТСБМ). Яшчэ ст.-рус. мессия, месия ’тс’ (XII ст.), ст.-бел. месия (XV ст.). Форма месіяш ’тс’ (Нас.), ст.-бел. месияшъ, месиашъ, мессияшъ, месыашъ ’тс’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mesyjasz ’месія’, якое праз лац. messīas ад ст.-яўр. māsziāh ’памазаны’ (Булыка, Лекс. запазыч., 176).

Ме́скасць ’гарадское палажэнне, спосаб жыцця’ (Нас.). Беларускае. Відаць, штучнае ўтварэнне ад мескі ’гарадскі’ < ст.-рус. мѣский < мѣстский < мѣсто ’горад’.

Ме́скі1, ме́ські ’гарадскі’ (Бяльк.), ’местачковы’ (ТС). Ст.-рус. мѣский ’тс’, якое з мѣстский (XVI ст.). Да ме́ста1 (гл.).

Ме́скі2 ’здобны, пышны (аб пірагу)’ (Нар. Гом.). З польск. miejski ’гарадскі’ (якое са ст.-польск. mieśćki) у словазлучэнні chleb miejski ’хлеб з пшанічнай мукі, пытляванай не да канца’.

Ме́снасць ’мясцовасць’ (Ян.). З рус. ме́стность ’тс’.

Ме́сніцтва ’абарона вузкамесніцкіх інтарэсаў’ (ТСБМ). З рус. местничество, якое са ст.-рус. мѣстничество ’сістэма феадальнай іерархіі ў Рускай дзяржаве ў XV–XVII стст., якая рэгулявала адносіны паміж членамі служылых фамілій у залежнасці ад знатнасці роду’.

Ме́ста1, ме́сто, мястэ́чка, месте́чко, місто ’цэнтр мястэчка з будынкамі гандлёвага і адміністрацыйнага прызначэння’, ’рыначная плошча’, ’частка горада за сцяной замка’ (ТСБМ, Грыг., Др.-Падб., Некр., Нас., Сл. Брэс., Яруш., Шн., Бяльк., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ст.-бел. (спачатку) торговое мѣстечко (XVI ст.), потым мѣсто пад уплывам існуючага польск. miasto ’тс’. Ужо ў XV ст. ужывалася мѣсто і място ’горад’ — апошняе з польск. miasto ’тс’, што з’яўляецца калькай з с.-в.-ням. stat ’месца, горад’ (Карскі, Труды, 312, 338; Фасмер, 2, 608; Анічэнка, SlOr, 18 (3), 327; Булыка, Лекс. запазыч., 34). Аналагічна ўкр. мі́сто ’тс’. Аднак ст.-рус. мѣсто, рус. место ’месца’, ’мясцовасць, край’, ’участак зямлі’, ’пасада’, н.-луж. město, чэш. místo, славац. miesto, славен. mẹ́sto, серб.-харв. ме̏сто, макед. место, балг. място, ст.-слав. мѣсто ’тс’, агульнаслав. město, роднаснымі да якога з’яўляюцца, нягледзячы на цяжкасці ў інтанацыйных адносінах: лат. mist ’пражываць’, літ. mìsti ’карміцца’, maĩstas ’харчаванне’, а таксама авест. miϑnaiti ’жыве’, maēϑana ’месца пражывання, жыллё, дом’ (Бартоламэ, 1105; Мацэнаўэр, LF, 11, 170; Траўтман, 185; Фасмер, 2, 607–608; Махэк₂, 365). Сюды ж ме́сны, месный ’тутэйшы, мясцовы’ (драг., КЭС; Бяльк.).

Ме́ста2 ’паслед, плацэнта’ (слуц., Нар. словатв.; в-дзв., Шатал.; Сл. ПЗБ), беласт. ме́сца ’тс’ (Сл. ПЗБ). Са словазлучэння дзіцячае места < рус. детское место.

Ме́ста3 ’месца’ (Шат.). Магчыма, пад уплывам рус. место ’тс’.

Ме́сца1 ’прастора, пункт, мясцовасць’ (ТСБМ, Касп., Кліх, Янк. I), месцейка ’тс’ (Др.-Падб.), месцечка ’мясцінка’ (Янк. 3.), ст.-бел. мѣстце, мѣстцо ’месца’, ст.-рус. мѣстьце (XV ст.). Да ме́ста1 (гл.).

Ме́сца2 месцо ’рыначная плошча’ (Кліх), ’мястэчка’ (валож., іўеў., навагр., беласт., Сл. ПЗБ). Да месца1. У выніку кантамінацыі бел. месца ’месца’ і места ’горад’.

Ме́сці, месьці́, мясьці́ ’падмятаць’, ’з сілай гнаць, кружыць снег’ (ТСБМ, Касп., Яруш., Сл. ПЗБ. ТС; міёр., З нар. сл.). Укр. мести́, рус. мести́, польск. mieść, н.-луж. mjasć, в.-луж. mjeść, чэш. mésti, славац. miesť, славен. mẹ́sti, серб.-харв. мѐсти, макед. мете, балг. мета, ст.-слав. мести. Прасл. mesti (< metti), роднаснае да metati > мятаць (гл.). Дакладнымі адпаведнікамі агульнаслав. лексемы з’яўляюцца: літ. mèsti ’кідаць, шпурляць’, ’пакінуць’, ’снаваць’, лат. mest ’кінуць’, ст.-прус. metis ’кідок’, лац. mittō, mittere ’тс’, ’выпускаць’ (Бернекер, 2, 40; Фасмер, 2, 611; Махэк₂, 361; Фрэнкель, 422; Бязлай, 2, 179; Шустар-Шэўц, 12, 926–927). Гл. мятаць2.

Ме́сціць ’змяшчаць’ (Нас.), мясці́ць ’тс’ (ТСБМ, Др.-Падб.), ме́сціцца ’змяшчацца, садзіцца’ (Нас.), ’умяшчацца’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Ст.-рус. мѣстити (XII ст.), мѣститися ’тс’. Да ме́ста1.

*Месь, мі͡эсь (ж. р.) ’месца’ (асіп., Буз.). Да ме́сца (гл.). Аб мене сʼцʼ > сʼ гл. Карскі, 1, 356.