Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рубе́ц1 ’падоўжанае паглыбленне, зробленае кім-небудзь на гладкай паверхні’, ’след на целе пасля загоенай раны або ад пабояў’, ’шво пры сшыванні двух кавалкаў тканіны, скуры і пад.’, ’руб’ (ТСБМ), ’выступ, край’ (ТС), рубцава́ты ’з рубцамі’, рубцава́цца ’гаіцца, утвараючы рубцы (пра раны, язвы і пад.)’ (ТСБМ). Укр. рубе́ць, рус. рубе́ц ’рубец’, серб.-харв. ру̑б ’рубец (на адзенні)’, славен. rob ’тс’, польск. rąbek ’рубчык’. Стараж.-рус. рубьць ’рубец’. Гл. руб.

Рубе́ц2 ’самы вялікі аддзел страўніка жвачных жывёл; ежа, прыгатаваная з гэтай часткі страўніка’ (ТСБМ). Да папярэдняга слова, у аснове значэння — знешняе падабенства.

Рубе́ц3 ’спінка ложка’ (вілейск., Нар. сл.). Да руб (гл.), значэнне ’кант; цвёрды край прадмета’.

Рубі́ж ’вастрыё касы’ (драг., Нар. словатв.). Дыялектны фанетычны варыянт да рубеж (гл.). Варыянты з суфіксамі ‑еж/‑іж назіраюцца, аднак, у адад’ектыўных назоўніках: глыбе́ж/глыбі́ж ’глыбокае месца ў рацэ; бездань’, гусце́ж/гусці́ж ’гушчар’.

Рубі́льнік ’ручны выключальнік якіх-небудзь электрычных установак’ (ТСБМ). З рус. руби́льник ’тс’, якое з’яўляецца калькай з англ. chopper‑switch, дзе chop ’сячы, высякаць’ (рус. руби́ть) і switch ’выключаць (электрычнасць)’ (Шанскі-Баброва, 276).

Рубі́н, ’каштоўны камень чырвонага колеру’ (ТСБМ). Рус. руби́н, польск. rubin, чэш. rubín, серб.-харв. ру̀би̑н, балг. руби́н. Ст.-бел. рубинъ са ст.-польск. rubin < ням. Rubin < познелац. rubinus ’рубін’ < ruber або rubeus ’чырвоны’ < і.-е. *reudh‑, роднаснага да руды, гл. (Брукнер, 466; Фасмер, 3, 511; Булыка, Запазыч., 288).

Рубі́н2, рубі́ха ’драўляны брусок з насечкамі для качання бялізны’ (Касп.). Ад рубіць ’сячы’ (гл.) са словаўтваральным значэннем ’прадмет — вынік дзеяння’. Падобныя ўтварэнні з суфіксам ‑ін‑ (аднак, жаночага роду): лупіна, адбоіна ’адбіты кавалак’ і інш., з суфіксам ‑іх‑а (‑ых‑a): жаць (жмуць) — жмыха (магілёўскі рэгіянальны, нерэгулярны тып).

Рубі́на ’адна штука адзення’ (Ст.-дар., Нар. сл.; ТС). Назоўнік з суфіксам адзінкавасці ‑ін‑а ад рубы ’адзенне’ (гл.).

Рубі́ць ’падшываць край чаго-небудзь; рабіць рубец’, ’будаваць што-небудзь з дрэва, бярвення’, ’здабываць (руду, вугаль)’ (ТСБМ), у выразе рубіць хату/хлеў ’часова без моху складаць сцены будынка з новых бярвенняў’ (капыл., саліг., клец., слуц., З нар. сл.); сюды ж рубну́ць ’секануць’ (ТС). Укр. руби́ти ’падрубаць, падшываць’, рус. руби́ть ’сячы’, н.-луж. rubnuś ’секануць’, в.-луж. rubnuć ’секануць’, чэш. roubiti ’будаваць; рабіць прышчэпку’, славен. róbiti ’падрубаць, падшываць’, серб.-харв. ру̀бити ’тс’, балг. ръ́бя ’абрубаць; рабіць зазубрылі; падрубаць’. Ст.-слав. рѫбити, стараж.-рус. рꙋбити ’будаваць з дрэва; рыхтаваць (ваяра)’ (Сразн., 3, 181–182). Прасл. *rǫbiti, *rǫbati на базе і.-е. *remb‑/*romb‑/*romb‑ ’сячы, рабіць насечку, рубец, шрам’, параўн. літ. rémbėti ’пакрывацца рубцамі; рубцавацца’. Старэйшае значэнне — ’рабіць засечку; рубцаваць’ < ’будаваць’ < ’сячы’ (Чарных, 2, 125). Паводле Трубачова (Ремесл. терм., 149), значэнне ’будаваць з дрэва’ другаснае на базе прасл. *rǫbъ ’край, абрэзаны кавалак’. Гл. руб.

Рубле́ зборн. ’тонкія жэрдкі’: рубля́ ды голья́ накладзе (ТС). Слова са значэннем ’прадмет — вынік дзеяння’ з суфіксам ‑j‑e ад дзеяслова рубіць ’сячы’, як атрэп’е, акорʼе. Гл. руб.

Рубле́й ’ненажэрны чалавек’ (ТС). Экспрэсіўны назоўнік ад рубаць ’есці’ (гл.) як мане́й ’хлус’, целяпе́й ’маруда’; ‑л‑ магло з’явіцца ў выніку кантамінацыі рубаю і *рублю.

Рублёва́ты ’які ільсніцца, адкормлены’, параўн. конь у рублёх, г. зн. рублёваты (ТС). Да рубель1 (гл.), параўн. рус. в я́блоках (пра масць каня).

Ру́блік ’папярочка на плыце, да якой прывязваюцца калоды’ (ТС). Памяншальна-ласкальнае ад рубель2 (гл.)