Рубі́н, ’каштоўны камень чырвонага колеру’ (ТСБМ). Рус. руби́н, польск. rubin, чэш. rubín, серб.-харв. ру̀би̑н, балг. руби́н. Ст.-бел. рубинъ са ст.-польск. rubin < ням. Rubin < познелац. rubinus ’рубін’ < ruber або rubeus ’чырвоны’ < і.-е. *reudh‑, роднаснага да руды, гл. (Брукнер, 466; Фасмер, 3, 511; Булыка, Запазыч., 288).

Рубі́н2, рубі́ха ’драўляны брусок з насечкамі для качання бялізны’ (Касп.). Ад рубіць ’сячы’ (гл.) са словаўтваральным значэннем ’прадмет — вынік дзеяння’. Падобныя ўтварэнні з суфіксам ‑ін‑ (аднак, жаночага роду): лупіна, адбоіна ’адбіты кавалак’ і інш., з суфіксам ‑іх‑а (‑ых‑a): жаць (жмуць) — жмыха (магілёўскі рэгіянальны, нерэгулярны тып).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)