Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Труі́зм ‘агульнавядомая, заезджаная, збітая ісціна’ (ТСБМ). Праз рускую ці польскую мову з англ. truism ‘тс’, якое ад англ. true ‘правільны’ < ст.-англ. trēowe ‘верны, надзейны’, суадноснага са ст.-н.-ням. triuwi ‘тс’, літ. drū́tas ‘моцны’, роднасным прасл. *dervo ‘дрэва’ (ЕСУМ, 5, 662).

Труі́зна ‘труцізна’ (Нас., Некр. і Байк., Ян.), ‘вельмі дрэнны чалавек’ (брагін., З нар. сл.). Вытворнае ад труіць (гл.) па ўзоры труцізна, гл.

Труі́ць, труі́ці ‘труціць’ (Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Янк. БП, Бес., ТС, Мат. Гом., Растарг.; кіраў., Нар. сл.; валож., Жыв. сл.), ‘вытраўляць (насякомых)’ (стрэш., Нар. словатв.): truìć prusỳ (Пятк. 3), труі́ты ‘атручваць’ (пін., Жыв. сл.), труі́цца ‘труціцца’ (ТС), ст.-бел. труити ‘труціць’ (ГСБМ). Параўн. укр. труїти ‘тс’. Да прасл. *truti, trujǫ (гл. труць), пашыранага суфіксам ‑i‑, відаць, пад уплывам асабовых форм дзеяслова. Сюды ж труі́цель, труі́целька ‘атручальнік, атручальніца’ (Нас.), тру́ены ‘траўлены’: людзі бу труеные цепер (маз., ГЧ).

Трук ‘лоўкі, эфектны прыём, нумар’ (ТСБМ). Запазычана праз рускую мову (трюк) з франц. truc ‘спрытнасць’, якое з праванс. truc ці з італ. trucco ‘палка’. Фасмер (4, 112) выводзіць рус. трюк з англ. trick ‘фокус, трук, спрытны прыём’, параўн. трык ‘trick artifice’ ў “Беларуска-ангельскім слоўніку” Я. Пятроўскага, выдадзеным у Лінцы ў 1946 г. (перавыданне — гл. Пятр.). Крыніцай запазычання англ. trik з’яўляецца ст.-франц. trique, якое з лац. tricae мн. л. ‘інтрыгі’ (Голуб-Ліер, 489; ЕСУМ, 5, 662). Сюды ж трука́цкі, тру́кавы, трука́цтва, трука́ч (ТСБМ).

Тру́кша (трю́кша) ‘бручка, Brassica napus’ (слаўг., ДАБМ, камент.). Няясна. Лаўчутэ (Балтизмы, 133) мяркуе, што трюкша — нядаўняе запазычанне з літ. *triukša, якое магло б быць утворана ад гукапераймальнага дзеяслова triukšė́ti, triuškė́ti ‘хрумстаць падчас жавання ежы’, прыводзячы ў якасці аналогіі назву бручкі griẽžtis, утвораную ад griẽžti ‘скрыгатаць, скрыгаць’. Сумніўна, бо адсутнічае фіксацыя літ. *triukša.

Трулі́ць ‘маніці, хлусіць’ (Вушац. сл.), ‘гаварыць няпраўду, выдумляць’ (докш., Бел. дыял. 2), ‘нешта вярзці, невыразна гаварыць (пра п’янага)’ (полац., Нар. лекс.). Гукапераймальнае, параўн. польск. trulać ‘курлыкаць, трубіць (пра голас жураўля і гусі ў палёце)’, рус. трум‑трум ‘голас жураўля’.

Тру́ля ‘марудны чалавек, маруда’ (лід., Сл. рэг. лекс.). Няясна; можна параўнаць з укр. дыял. труля́ти ‘штурхаць’ (гл. туляцца) або з лат. truls, абл. truļš ‘тупы, тупалобы’, ‘атупелы (погляд)’, якое з trult ‘станавіцца тупым’, trulēt ‘тс’ < і.-е. *treu‑ (Каруліс, 2, 431).

Трум ‘месца паміж палубай і днішчам судна, прызначанае для розных грузаў’ (ТСБМ, ТС), ‘спод карабля’ (Некр. і Байк.). З рус. трюм ‘тс’, запазычанага ў Пятроўскую эпоху (спачатку як рюим) з нідэрл. het ruim, або са скарочаным пэўным артыклем ʼt ruim, in ʼt ruim ‘памяшканне’ (Фасмер, 4, 112; Чарных 2, 267; ЕСУМ, 5, 663).

Тру́маль ‘бітон’, труме́льчык ‘невялікая каструлька з ручкай’ (Рэг. сл. Віц.), сюды ж тру́ман ‘паходны жалезны чайнік з вузкім горлам і шырокім дном’ (Касп.), параўн. рус. пск. тру́моль ‘чайнік’. Рэгіянальнае запазычанне з лат. trumulis ‘конусападобны бляшаны сасуд, банка, чайнік’, якое з н.-ням., усх.-фрыз. trummel ‘барабан або іншы шумны моцны інструмент’, ‘бляшаны посуд з накрыўкай’, параўн. таксама ням. Trommel ‘барабан, вал, цыліндр’, якія праз ст.-в.-ням. trumba ўзыходзяць да франц. trompe ‘медны рог, труба, горн’ < італ. tromba ‘труба’ (Каруліс, 2, 432; Васэрцыер, 237).

Тру́мкаць ‘трэнькаць, брынкаць струнамі’ (Шат., Сцяшк. Сл., Кал., ТС), ‘невыразна вымаўляць’ (ТС), тру́мкало ‘балбатлівы чалавек’ (Руб.), ‘скрыпка’ (ТС), сюды ж таксама перан. тру́мкаць ‘плакаць, ныць, раўці’ (ТС). Гукапераймальнае ўтварэнне, параўн. укр. тру́мкати ‘пачынаць плакаць (пра дзіця), безупынна ныць, балець (пра стомленыя ногі)’, параўн. таксама імітатыў трум‑трум (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 86). Гл. таксама трумцець, трымцець.