Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Лох-лох! ’лапаценне халяў пры хадзьбе ў ботах’ (полац., Нар. лекс.). Гукаапісальнае з элементам ‑х (як бах! чмых!). Роднаснае з лоп‑лоп! Да лопаць 1 (гл.). Параўн. таксама лах3!.

Лоц ’костка пры гульні ў бабкі, якая ўпала на зямлю выпуклым бокам’ (гродз., Нар. словатв.). Запазычана з польск. kloc ’калод(ач)ка’, якое з с.-в.-ням. kloz, ням. Klotz ’калода, цурбан’ з адпадзеннем пачатковага к‑.

Лоцман ’чалавек, які адказвае за стан усіх плытоў’ (гродз., Нар. сл.), ’асоба, якая праводзіць судны па фарватэры’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 83), запазычана з рус. мовы, у якой гэта запазычанне з гал. loodsman ці з с.-н.-ням. lôtsman (< англ. loadsman) у эпоху Пятра I (Фасмер, 2, 525). Аднак лоцманъ сустракаецца яшчэ ў пск. і смал. летапісах XV–XVII стст. (Філін, Происх., 612), таму можна гаварыць пра самастойнае і больш ранняе запазычанне ў ст.-бел. мову.

Лоша ’ласіца, самка лася’, ’поўная жанчына’ (Сержп. Грам.; ТС; хойн., Мат. Гом.; Карловіч), лошу́к, лошачок ’малады лось’, лошэня́ ’ласяня’ (ТС). Рус. сімб. ло́ша ’тс’, наўг. Лоша — назва рэчкі; польск. łosza ’самка лася’, łoszyca ’тс’. Паўн.-слав. olsьja (з суф. ‑ja). Да лось (гл.). Не выключана і пазнейшае ўтварэнне з памяншальным суфіксам ‑ша.

Лошадзь ’конь’ (зэльв., астрав., Сл. ПЗБ; Яруш.; Федар. 6) у песні: …запрагай кучар, лошадзі, гайда да ладыкі…) — запазычана з рус. лошадь, якое са ст.-булг. *лаша, *лоша і рус. суфікса ‑дь. Больш падрабязна гл. Філін, Происх., 561–562; Аткупшчыкоў, Из истории, 153–154, 161–162; Адзінцоў, Этимология–72, 114–128; Сярэбранікаў, Этимология–68, 210–211; Хабургаеў, УЗ МГПИ, 1967, 13, 293–309; Дзікенман (Das Pferd in russischen Nomina…, Heidelberg, 177, 158 S.).

Лошка, ло́шко ’ложак’ (Жд. 1, Сл. ПЗБ, В. В., Кл.; карэл., Янк. Мат.). Да ложка 1.

Ло-ло, ло‑лам, ло‑лым — прыпеў у песнях на канцы страфы (Федар. 7). Гукапераймальнае. Да ла-ла-ла (гл.). Сюды ж алалым — аб валачобніках (Шпіл., Нас.). Гл. таксама лалоўнікі.

Луб 1 ’валакністая частка кары дрэў’, ’палоска кары ліпы, вяза’, ’кош, каробка’, лубі́на ’тоўстая кара з ліпы’, лубʼе, лубі́на старая — са знявагай аб старых людзях (ТСБМ, ТС, Бес., Бяльк., Касп., Шат., Яруш.; КЭС, лаг.). Укр. луб, бойк. луба, лупа, рус. луб, польск., н.- і в.-луж. łub, чэш., славац. lub, славен. lȗb, серб.-харв. лу̑б, lȕb макед., балг. луб. Прасл. lubъ ’кара з дрэў і вырабы з яе’, генетычна роднаснае да літ. lùobas ’кара з елкі ці ліпы’, lùbos ’столя’, lubà ’дошка’, ст.-прус. luba ’дошка’, лат. luobs ’лушпіна’, luôbît ’лупіць, лузгаць’, алб. labë ’кара, корак’, ст.-ісл. laupr, ст.-англ. lēap ’буч, кошык’, лац. liber < *lubro ’лыка, кніга’ (параўн. ст.-пск. лубъ ’грамата’ — Філін, Происх., 611). Да і.-е. *loub(h)‑o < leub(h)‑ ’здзіраць кару, лыка; лупіць, лускаць’ (Фасмер, 2, 526–527; Слаўскі, 5, 269; Скок, 2, 322–323; Махэк₂, 342; Бязлай, 2, 153; Шустар-Шэўц, 11, 782–783).

Луб 2 ’драўляная абечайка вакол каменя ў жорнах ці млыне’ (Кліх, Тарн.), ст.-польск. łub (XVI ст.), н.-луж. łub, ст.-чэш., славац. lub, балг. луб ’тс’. Магчыма, яшчэ прасл. lubъ з тым жа значэннем. Да луб 1 (гл.).

Луб 3 ’задняя частка бота’ (брэсц., Тарн.). Відаць, з польск. зах.-прус., кялецк., кракаўск. łub ’тс’, łuba ’цвёрдая і крохкая падэшва’. Да луб 1 < прасл. дыял. lubъ, luba (Слаўскі, 5, 270).

Луб 4 ’накрыўка для чоўна’ (гродз., Нар. сл.). Да луб 1 (гл.).

Луба́к ’стары, худы конь’ (Юрч.), лубі́на ’тс’ (ветк., Мат. Гом.). Да луб 1 (гл.). Аб суфіксе ‑ак гл. Сцяцко (Афікс. наз., 146); экспрэсіўнасць, як у здыхля́к.

Лу́бачка ’грэбень запалак’ (міёр., Хрэст. дыял.; Сл. ПЗБ). Да луб 1, лу́бка (гл.). Названа паводле падабенства тонкай пласцінкі з запалкамі з тонкай палоскай кары.