Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тро́хаць (тро́хъць), тро́хнаць (тро́хнъць) ‘тузаць, трэсці’, ‘круціць, ківаць, махаць’ (мёрск., Нар. сл.). Да траха́ць (гл.) з заменай а > о пад націскам, новаўтварэнні ад трэсці (параўн. Фасмер, 4, 113).

Трохвуго́льны ‘трыкутны, трохкутны’ (ТСБМ), трёхвуго́льный ‘тс’ (Бяльк.), трохуго́лʼны ‘тс’ (Вруб.), сюды ж трохвуго́льнік ‘трыкутнік’ (ТСБМ), трохуго́лʼнік ‘тс’ (Вруб.). Наватворы з трох і вугал (гл.) пад уплывам рус. треуго́льный, треуго́льник.

Трохжы́льны ‘вынослівы’ (Сцяшк. Сл.). Да тры і жы́ла (гл.). Мабыць, з рус. разм. трёхжильный ‘тс’.

Тро́хі ‘няшмат, крыху’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Шымк. Собр., Нік. Очерки, Варл., Бяльк., Шат., Мат. Маг., Жд. 1, Мал., Гарэц., Шпіл., Яруш., Сл. ПЗБ), тро́хі, тро́ху ‘тс’ (Нас., Байк. і Некр., ТС, Растарг.), ‘крыху’ (ТСБМ, Юрч., Бяльк., Сл. ПЗБ), тро́хо ‘тс’ (ганц., Ск. нар. мовы), у тым ліку ў памяншальнай форме тро́ханько ‘крышку’ (Сцяшк. Сл.), трошкі, трошку, тро́шка, тро́шко, тро́шкы, тро́шачкі, тро́шочкі, тро́шечкі, тро́шычкі, тро́шачку, тро́шычку, тро́шычке, тро́шечка, тро́шычкы ‘тс’ (ЛА, 5), ст.-бел. трохе, трохи, трохо, трошка, трошку ‘тс’ (ГСБМ). Паводле Карскага (2–3, 74), названыя прыслоўі ўзыходзяць да формаў Н. або В. скл. назоўніка троха (гл.) у адз. і мн. ліку (Карскі 2-3, 419). Параўн. ранейшыя меркаванні пра польскае паходжанне прыслоўя трохі (Карскі Белорусы, 147), а таксама залічэнне да паланізмаў смал. трошку, троху і трохі (Бяднарчук, Językowy obraz WKL, 240) пры агульнаславянскім пашырэнні зыходнага слова не мае падстаў.

Трохкра́тны ‘трохразовы, патроены’ (ТСБМ). Запазычана з рус. трёхкратный ‘тс’, што ўзыходзіць да ст.-слав. три краты ‘тры разы, тройчы’, параўн. ст.-бел. трикраты ‘тс’ (ГСБМ). Формы трыкро́тна ‘ўтрая’ (Ласт.), ст.-бел. трыкротный ‘трохразовы’, як і трыкроть ‘тройчы’, запазычаны з польск. trzykrotnie, trzykrotny, trzykroć, гл. Фасмер, 2, 368. Формы з трох- (гл.) з’яўляюцца наватворамі на фоне складаных слоў з тры‑ (гл.).

Трохку́тка ‘касынка’ (Мат. Гом.), трохку́тнік ‘тс’ (Жд. 1). Да тры і кут ‘вугал’ (гл.); паводле Станкевіча (Зб. тв., 2, 171), апошняя форма на фоне трыку́тнік (гл.) з’яўляецца штучнай, параўн. трысцен, трыножак і інш.

Трохма́ська ‘кошка трохколернай масці’ (Рэг. сл. Віц.). Да тры (гл. трох-) і масць (гл.), параўн. трохпау́сцёвы ‘тс’ (Барад.), одно́машны ‘аднолькавы’ (Клундук).

*Тро́хнуць, тро́хнуты ‘трухлявець, гніць сухім’ (Клім.). Да труха́, тру́хнуць (гл.).

Трохро́дны ‘траюрадны’ (Пан.). Па ўзоры двухро́дны брат < ст.-бел. братъ зъ двуродныхъ (двурожоныхъ); двух‑ на месцы дву‑ па аналогіі з займенным скланеннем прыметнікаў (Карскі 2-3, 242). Гл. трох-.

Трохро́жка, трохрожкі ‘вілы з трыма зубамі’ (бялын., Янк. Мат., Юрч. СНС, Выг.), трохро́жка ‘вешалка з рагоў лася’ (ТС). Да тры (гл. трох) і рог (гл.).