Вільчык 1 ’верхні стык даху, страхі’ (КТС, БРС, Бяльк., Некр., Серб., Шушк., Сцяшк. МГ, Тарн., Інстр. I, шкл., КЭС; бых., парыц., Янк. Мат., Янк. I). Укр. палес. вільчык ’верх, грэбень саламянай страхі’. Рус. смал. вильчик ’грэбень страхі’. Да вільча́к (гл.).
Вільчык 2 ’часціна коміна на падстрэшшы’ (Буз.); ’франтон’ (ДАБМ); ’вяршыня дрэва’ (ветк., хойн., Мат. Гом.). Утварылася ў выніку семантычнага пераносу (па сумежнасці, па падабенству). Да вільчык 1 (гл.).
Вілю́га 1 ’чалавек, які выкручваецца з любога становішча’ (Янк. III). Укр. вилюга ’крывізна, згіб, згінанне’, рус. уладз., валаг., кур., арл. вилюга ’крывізна, звіліна’, валаг. ’хітрыкі, выкрутасы, выкручванне’. Магчыма, усх.-слав. інавацыя ад *віль (< віць < viti); параўн. рус. маск., ярасл. вил ’качан капусты’, кур., варон., кастр., валаг. вило́й ’развілісты, закручаны’. Не выключана запазычанне з балт. моў (параўн. літ. vìlti ’ашукваць’, viliū̃gas ’спакуснік’) з аддаленай семантыкай.
Вілю́га 2 ’абавязак, прычына’ (КЭС, лаг.). Няясна.
Вілю́жка ’узор вязання’ (рэч., Мат. Гом.). Дэмінутыў да вілюга 1 (гл.). Параўн. укр. вилю́жка ’завілістая лінія арнаменту на яйках’; ’скрыўленне’, а таксама рус. валаг. вилю́шка ’завіліна’, хітрыкі’.
Вілю́жына ’звіліна’ (КТС, БРС), утворана пры дапамозе апелятыўнага суф. ‑іна ад вілюга 1 (гл.). Сюды ж вілю́жны ’звілісты’, вілюжыны, вілюжыць КТС).
Віля ’віла’ (КТС). Запазычана з польск. willa ’тс’ у вымаўленні замежных слоў у бел. мове ў 20‑х гадах XX ст.
Вілявы ’завілісты, пакручасты, пятляючы’ (КТС) — прыметнікавае ўтварэнне ад віляць (гл.). Параўн. рус. валаг., арханг. виля́вый ’завілісты’.
Вілянка ’пятляючая (рака); серпанцін’ (КТС). Утворана ад дзеяслова віляць (гл.) і суф. ‑ан‑к‑а.
Вілясты ’пакручасты, завілісты, пятляючы’ (КТС). Утвораны ад дзеяслова віля́ць (гл.) і суф. ‑яст‑ы, характарызуецца дзеяннем, абазначаным утвараючай асновай. Рус. вилястый ’нешаткаваная капуста’; ’цэлым качаном’ паходзіць ад вило́й ’звілісты, закруглены’.
Віляхво́ст ’падліза, чалавек, схільны да ліслівасці’ (Бяльк.) — складанае слова ад віля́ць і хвост (гл.).
Віля́цца ’церціся каля чаго-небудзь’; ’хавацца’; ’ухіляцца’ (Нас.). Зваротны дзеяслоў да віляць (гл.).