Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вільго́тны ’сыры, мокры, пранізлівы’ (Шат., Нас.), ст.-бел. вилкготный, вильготный (з XVII ст.). Запазычаны з польск. мовы (Шатэрнік, 46; Булыка, Запазыч., 63). Сюды ж прыслоўе вільго́тна ’насычана вільгаццю’ (КТС, Касп.).

Вільжэ́ць1 ’рабіцца вільготным’ (Нас.). Утворана ад (незафіксаванага) прыметніка *вільгі, які ўзыходзіць да ст.-польск. wilgi ’сыры, мокры, вільготны’ < польск. wilż ’вільгаць’.

Вільжэ́ць2 ’слабець (аб марозе)’ (Нас.) з’яўляецца пераносным або ўтвораным ад ві́льгаць ’адліга’ (гл.).

Вількалак ’ваўкалак, звер’; ’паўчалавек і паўвоўк’ (Кольб., 52). Запазычана з польск. wilkołak ’тс’. Гл. ваўкала́к.

Вільна ’ямка ў зямлі пры гульні і для гульні ў «вільну»’ (Шн., Мат., 3). Няясна.

Вільнік ’дзяржанне ў вілках’ (віц., добр., Шат., Мат. Гом.) — вытворнае з суф. ‑нік (< ьn‑ikъ) ад ві́лы (гл.). Параўн. славен. vȋlnik ’галіна, якая можа служыць асновай у вілах для сена’; ’дзяржанне ў вілах для гною’.

Ві́льня ’жанчына, якая бессаромна падладжваецца да каго-небудзь, каб пажывіцца, мець выйгрыш; хітруе’ (Янк. III). Утворана пры дапамозе суф. Nomen actionis ‑ня ад віля́ць (гл.). З-за значэння неадабральнасці лексемы віляць слова вільня таксама атрымала адценне зневажальнасці.

Вільца ’вечарынка перад вяселлем у нявесты’ (Інстр. II). Укр. вильце́, ві́льце ’абрадавае дрэўца ўкраінскага вяселля: галіна хваіны або іншага дрэва, якая ўтыкаецца ў вясельны каравай і аздабляецца кветкамі, калоссямі, калінавай ягадай з хмелем, каляровымі ніткамі і паперай’. Да ві́лы (гл.). Слова ўзыходзіць да прасл. vidlo, якое пры дапамозе дэмінутыўнага суф. ‑ьce дало бел. вільца. Магчыма, бел. вільца запазычана з укр., якое паходзіць з ги́льце//гі́льце (< гі́лка ’галінка’) як вынік ілжэпратэзы г → в.

Вільча́к ’верх страхі ля вільчыка’ (Касп.); ’разная фігура над франтонам зверху даху’ (БРС); ’вільчык’ (КТС); ’верх даху’ (Абрэмб.). Да вілкі ’развілка, вілы’ (гл.). Паводле В. У. Мартынава (вусн. паведамл.), звязана з усх.-польск. wilk ’дзве дошкі, збітыя разам пад вуглом, якімі накрываецца зверху вільчык гонтавага даху’ (КСПГ) < wilk ’воўк, разная фігура (галава воўка), якая аздабляла вільчык’.

Вільчаты ’вілападобны’ (КТС) — прыметнікавае ўтварэнне ад ві́лкі (гл.).

Вільчура ’даха з воўчай скуры’ (КТС). Укр. вільчу́pa і вівчу́ра ’тс’, рус. зах. вильчу́ра ’кажух з воўчых скур навыварат’, ленінгр. ’мужчынскі кажух’. Бел. лексема запазычана з польск. wilczura ’кажух з воўчых скур’; ’апрацаваная воўчая скура, якой накрываліся’ (Фасмер, 1, 315; Праабражэнскі, 1, 84).