Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ме́зенец ’пяты, самы малы палец на руцэ і назе’ (ТСБМ, Нас., Растарг.), арш. ме́зініц, уздз. мі́зі́нец, мазыр. мезі́нчык, шальч. мязі́нчык (КЭС, Сл. ПЗБ), ме́зенік, мізіні́к ’тс’ (ТС), ме́зінец ’меншы, апошні сын’, мі́зіная (дачка) ’апошняя’ (Нас., Растарг., Федар. 2). Укр. мизи́нець ’тс’, ’мезенец’, рус. мизи́нец ’тс’, мизи́нный ’малодшы’, рус. ц.-слав. мѣзиньць, польск. miziniec ’тс’, ст.-чэш. mězenec, mezenec, чэш. ’безымянны палец’, славен. mezȋnec, mezȋnek ’малодшы сын’, ’мезенец’, серб.-харв. мје̏зимац, мљѐзимац, мѐзимац ’тс’, ’маленькі’, чак. mezinac, mazinac, лікск. мези́нак, балг. мизи́нец ’апошні сын’. Прасл. měz‑in‑ьcь (параўн. літ. mažỹnikas ’маленькі’). Утварылася ў выніку намінацыі словазлучэння mezinъ pьrstъ (або palьcь). Да ме́дзены (гл.). Параўн. таксама Мартынаў, Балто-слав.-ит. изогл., 30–31.

Ме́злева ’аброк натурай’ (Нар. Гом.), мезлява ’падатак у Вялікім княстве Літоўскім у выглядзе скаціны, птушак, яек’, ’від абавязковай працы’ (Ябл., Вяржбоўскі, дыс.; Брукнер, Litwa), ст.-бел. мезлева, мезлива ’падатак за быдла’ (XV ст.). Балтызм. Параўн. літ. mẽzliava ’падатак, складчына’, лат. mezlava ’падатак’ (Карскі, Труды, 390; Булыка, Лекс. запазыч., 85; Лаўчутэ, Балтизмы, 94).

Ме́йсе ’хлеб’ (Карскі, 1). Балтызм. Параўн. ст.-пруск. meise ’пшаніца’, лат. maize ’хлеб’ (Карскі, Труды, 390; Лаўчутэ, Балтизмы, 70).

Ме́йсца, ме́йсце ’месца’, ’мясцовасць’, ’пэўны ўчастак цела, плацэнта’ (Нас., Яруш., Касп., Сл. ПЗБ), мін. ’частка агарода, якая знаходзіцца за сцяной замка’ (Яшк.), ст.-бел. мейсце (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. miejsce, miejsco ’тс’. Форма мейста ’тс’ (Яруш.) — кантамінацыя польск. miejsce і ст.-бел. мѣсто, дыял. ме́ста ’месца’. Сюды ж ст.-бел. мейский, мейсцкий ’гарадскі’ < ст.-польск. miejski ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 200).

Ме́ка (дзіцячае) ’мядзведзь’ (Янк. 2, Сцяшк.), рус. смал. ’нячысцік, якім у цемры палохаюць дзяцей’, ст.-рус. мека ’мядзведзь’, ц.-слав. мечька, чэш., ст.-слав. мечька ’тс’, серб.-харв. ме̏чка ’мядзведзіца’, макед. мечар, балг. мечка, мечкон, мечкун, мечок, мечор ’мядзведзь (самец)’. Ме́ка ад мечка, якое з’яўляецца скарочанай табуістычнай формай ад medvědь (Бернекер, 2, 30; Брукнер, KZ, 43, 307; Фасмер, 2, 613). Мена d > č, як t > č у чэш. kočka (ад kot) ’кошка’ (БЕР, 3, 777–8).

Меќалка ’коцік на дрэвах’ (Янк. 2). Відаць, да мека ’мядзведзь’. Аналагічны семантычны пераход ’назва звера’ > ’коцік на дрэвах’ назіраецца ў бел. коцік, польск. kotka, славен. mačica, ням. Kätzchen, якія звязаны з ’кот’, чэш. jehněda — з ’ягнё’.

Ме́каць1 ’бляяць, крычаць (аб цялятах, козах, авечках)’ (Янк. 2, ТС; рэч., Мат. Гом.). Укр. ме́кати, чэш. mekati ’тс’, серб.-харв. ме́кати, ме́чати ’тс’. Прасл. mekati, якое да і.-е. гукапераймальнай асновы *meq: літ. mekénti, meknóti, mekčinoti ’заікацца’, ’мекаць’, ’бляяць’, арм. mak​ci ’авечка’, ст.-грэч. μηκάς ’каза’. Сюды ж (паводле Скока, 2, 402), магчыма, і паўд.-слав. мечка ’мядзведзь’, што, аднак, звязана з семантычнымі цяжкасцямі (Бернекер, 2, 30, 32; Фасмер, 2, 594 і 613–614). Махэк₂ (358) лічыць, што гукапераймальныя формы ў слав. мовах узніклі самастойна.

Ме́каць2 ’разважаць, думаць’ (Бяльк.), рус. ме́кать, мека́ть ’тс’, ’прыгадваць, адгадваць’, ’лічыць’. Не зусім яснае слова. Бернекер (2, 33) суадносіць яго са ст.-грэч. μέδομαι ’маю на ўвазе’, μήδομαι ’прыдумваю’, лац. meditor ’думаю’, ірл. midiur ’тс’, уэльск. meddwl ’дух, розум, думка’, гоц. mitôn ’абдумваць’, Фрэнкель (IF, 51, 150) — з літ. mẽklinti ’мераць, узважваць, абдумваць’, лат. meklêt ’шукаць’. Брукнер (KZ, 48, 196) выводзіць рус. мекать з ме́тить ’цэліць’ (Фасмер, 2, 594).

Мекашэўя, мекішэўя ’мышцы’ (віл., чэрв., Сл. ПЗБ). Утворана ад мя́кіш (< мяккі) < прасл. mękyšь і суфіксаў ‑ev‑ьje.

Мекіта́ць ’знаходзіцца ў стане цечкі (пра авечку)’ (ашм., Сл. ПЗБ). У выніку кантамінацыі лексем мекаць1 і меркітаваць (гл.). Параўн. чэш. вал. mrkotat ’тс’.

Ме́кнуцца ’ўпасці раптоўна’ (Ян.). Гукапераймальнае. Да шмяк, шмякнуцца (гл.).