Курна́ 1 ’кашэчае мурканне’, ’сапенне падчас дрымоты’ (Нас., Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг., Гарэц., Бір., Янк. БФ, Янк. БП). Балтызм. Параўн. літ. kurnė́ti ’муркаць (пра ката)’ (Фрэнкель, 317).
Курна́ 2: загнуць курну ’ступні ног прыгнуць да твару’ (КЭС, лаг., Нар. словатв., Сцяц.). Да карнаць (гл.) ’укарочваць’.
Курні́сты ’звілісты, пакручаны’ (Нар. сл.). Гл. курна 2.
Курно́сы ’кірпаносы’ (Касп., Шатал., Жыв. сл.). Укр. курносий, рус. курносый, ст.-рус. кърноносъ ’тс’. Да карнаць (гл.).
Ку́рны ’які ацяпляецца печкай без коміна’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Гарэц.). Гл. курыць 1.
◎ Куро́біцца ’карабаціцца’ (Нар. словатв.). Да *каробіцца. Параўн. укр. коробитися, рус. коробиться. Гл. кораб.
Куро́дым ’густы едкі дым пры тленні’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Ян., Сцяшк., З нар. сл., Сержп. Пр., Сержп. Ск., Янк. I, Бір.). Да курыць (гл.) і дым (гл.).
◎ Куро́жыцца ’курчыцца, мучыцца’ (ТС, Сл. паўн.-зах.). Да карожыцца (гл.).
◎ Куро́па ’няўдалая жанчына’ (Мат. Маг.). Да курапата (гл.).
◎ Куро́санне ’курасадня’ (Нар. сл., Жд. 3, Янк. III). Да курасадня (гл.).
◎ Курпа́ты ’сутулы’ (Сцяшк. Сл.). Да гарбаты. Магчыма, пад уплывам куробіцца (гл.).