Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Курда́ты ’малы ростам, куртаты’ (ТС). Да курда (гл.).

Курдая́чыць ’гаварыць незразумела’ (Шатал., Нар. лекс., ДАБМ). Магчыма,⇉курдаячыць < *курдзячыць. Апошняе да *курдзяк (параўн. польск. kurdiak ’нарасць на языку’). Этымалогія апошняга няпэўная (Слаўскі, 3, 399). Параўн. курдзюкі (гл.).

Курдзе́ль ’малы ростам чалавек’ (Жыв. сл.). Да курдаты (гл.). Суфіксацыя, як гарбатыгарбель (Сцяцко, Афікс. наз., 98).

Курдзёбак ’абрубак’ (Касп.). Да курда (гл.) і дзюбаць (гл.). Курдзёбак < *курдзюбак.

Курдзю́к1 ’рана пад языком у жывёлы’, ’цвёрдая нарасць на кончыку языка ў курэй’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. курдюк ’тс’, польск. kurdziuk ’тс’. Брукнер (283) узводзіў да kurъ (гл. кур1) з другасным d. Тады курдзюк < *кур‑юк/*кур‑ук. Параўн. гусюк, качук і г. д. (Сцяцко, Афікс. наз., 200).

Курдзю́к2 ’трыбух свіны, начынены мясам’ (Сцяшк. Сл.). Магчыма, кантамінацыя курдзюк1 (гл.) і кіндзюк (гл.).

Курдо́ўнік ’зараснік аеру, асакі’ (Яшк.). Магчыма, да *кардоўнік (*корд‑ов‑ник). Ад ст.-рус. кордъ ’меч’ адпаведна форме. Параўн. асака вострая, целарэз.

Курду́пель ’чалавек малога росту’ (Мат. Гом., З нар. сл., КЭС, лаг., Нар. лекс., ТС, Касп., Сцяшк. Сл.). Укр. курдупель ’тс’, польск. kurdupel ’тс’ хутчэй за ўсё запазычаны з беларускай або ўкраінскай мовы. Бел. курдупель ад курдупы (гл.). Складанае слова рэканструюецца як kъrno‑dupъ (параўн. kъrno‑nosъ ’курносы’). Падрабязна гл. Лабко, Бел.-польск. ізал., 72–73 з картай на с. 71. Гіпотэза аб балтыйскім паходжанні неверагодная. Літ. kurdùpelis само запазычана з бел. курдупель (параўн. Лаўчутэ. Балтизмы, 116).

Курду́пы ’кароткахвосты, прыземісты’ (Нас., Бяльк.). Гл. курдупель.

Кур’е́р ’пасыльны ва ўстанове’ (ТСБМ). Праз рус. курьер ’тс’ запазычана з польск. kurier (Шанскі, 2, 8, 459).

Кур’ёз ’недарэчны выпадак’ (ТСБМ). Праз рус. мову курьёз ’тс’ з ням. Kuriosum (Шанскі, 2, 8, 458).