Курду́пель ’чалавек малога росту’ (Мат. Гом., З нар. сл., КЭС, лаг., Нар. лекс., ТС, Касп., Сцяшк. Сл.). Укр. курдупель ’тс’, польск. kurdupel ’тс’ хутчэй за ўсё запазычаны з беларускай або ўкраінскай мовы. Бел. курдупель ад курдупы (гл.). Складанае слова рэканструюецца як kъrno‑dupъ (параўн. kъrno‑nosъ ’курносы’). Падрабязна гл. Лабко, Бел.-польск. ізал., 72–73 з картай на с. 71. Гіпотэза аб балтыйскім паходжанні неверагодная. Літ. kurdùpelis само запазычана з бел. курдупель (параўн. Лаўчутэ. Балтизмы, 116).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)