Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ложак ’мэбля — месца для спання, пасцель’ (Нас., ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Касп., Шат., Сцяшк., Яруш.; КЭС, лаг.), ложык (Бяльк.), лу͡ожэк (паўд.-мін., паўд.-усх., КЭС), ло́жок (ТС). Відавочна, паланізм — параўн. польск. łóżko < паўн.-слав. ložьko (памяншальнае ад lože > ложа1), якое пасля запазычання па-беларуску было б ложка, што вельмі блізка да лексемы ложка ’лыжка’, пашыранай на значнай тэрыторыі (гл., напрыклад, Сл. ПЗБ). Таму лексема пры запазычанні змяніла род і адпаведна суфікс па аналогіі да назваў прадмета паводле яго прызначэння, напрыклад прыпечак, абутак.

Ложка1 ’ложак’ (Сцяшк., Яруш.; нясв., Жд. 2; Сл. ПЗБ), луожко (Бес.), ло́жко, лы́жко (Сцяшк., Сл. ПЗБ; мін., КЭС). З польск. łóżko. Да ложа1 (гл.).

Ложка2 ’лыжка’ (Бяльк., Шат., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ; палес., З нар. сл.), слаўг. ’лыжка для збору рою’ (Нар. сл.). Укр. ло́жка, рус. ло́жка, ст.-рус. лъжъка. Да лы́жка (гл.). Сюды ж ложашнік ’прыстасаванне для захоўвання лыжак’ (ветк., Мат. Гом.); лексемы ложка, ло́жэчка, ло́жачка, ло́жычка ’снавалка’ (Уладз., Бяльк.; ветк., Мат. Гом.; в.-дзв., Шатал.), якая названа так паводле падабенства формы.

Ложнік ’несправядлівы чалавек, падманшчык’ (стаўб., Жд. 2). Утворана ў выніку намінацыі з ложны (параўн. ст.-рус. ложьный, лъжъный, прасл. ložьnъjь і суф. ‑ік. Не выключана і адсубстантыўнае паходжанне з суф. ‑нік. Да *ложь > ілжа́ (гл.).

Ложны ’пахілы’ (віл., глыб., Сл. ПЗБ). Утворана ад асновы log‑ (> ložь‑nъ), як падоўжны. Варыянт ложмы ’пакаты, спадзісты’ (Сцяшк.; КЭС, лаг.) узнік пад уплывам семантычна блізкага стромы або ў выніку ад’ідэацыі прыслоўя ложма (Сл. ПЗБ), лёгма (гл.).

Ложня ’спальня’ (паўн.-усх., КЭС), рус. алан., арханг. ложня ’тс’. Да ложа1 (гл.).

Лозік ’верхалаз’, ’ласун’ (Бяльк.). Да ла́зік, ла́зіць (гл.). Пераход а > о, як у тайнаутойваць, сядзепасодзім (Карскі, 1, 98–99).

Лозка ’лазовы зараснік’ (Шат.). Да лаза́ (гл.). Утворана пры дапамозе суфікса ‑к‑a з рэдкім для яго значэннем зборнасці (параўн. сасонка ’сасоннік’). Сюды ж лозка ’флёкс’ (пруж., Сл. Брэс.).

Лознікі ’балотныя д’яблы’ (Нік., Няч.). Да лаза́ (гл.).

Лой, лый, лаёк ’топлены авечы або ялавічны нутраны тлушч’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Бяльк., Вешт., Клім., ТС, Булг., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’авечы тлушч’ (Гарэц., Касп., Шат., Бес.), ’ялавічны тлушч’ (Яруш., Мат. Бых.), ’свечачнае сала’ (Грыг.; паўд.-усх., КЭС), ’свіное сала’ (горац., маг., КЭС). Укр. лій, рус. лой, польск. łój, чэш. lůj, славац. loj; славен. lǫj ’лейка’, серб.-харв. ло̑ј, макед. лой, лујот, балг. лой, ц.-слав. лои. Прасл. lojь ’топлены тлушч жывёл’. Утворана ад liti ’ліць’ (як bojь ад biti і да т. п.) і першапачаткова было nomen actionis (’ліццё’), пасля перайшло ў разрад nomen acti ’тое, што льецца, топіцца’ (Слаўскі, 5, 259; Фасмер, 2, 513). Сюды ж лоевы ’тлушчавы (аб свечцы)’ (Нас., ТС), лаёвы, лаевый ’тс’ (Гарэц., Др.-Падб., Грыг., Нас.), а таксама сувалк. łoi̯ić ’біць’, якое разам з чэш. slíti se ’ўхіліцца ад абавязкаў, не прыйсці куды-небудзь’, ulít se ’сачкануць’, ulejvák ’лодыр, сачок’, балг. радоп. лойам съ ’сцерагчыся, каб не ўдарылі пры гульні ў мяч’, ’пазбягаць цяжкай працы’ і інш., дазваляюць гіпатэтычна меркаваць аб тым, што ў адыменнага прасл. lojiti было апрача значэння ’намазваць тлушчам’ (гл. Слаўскі, 5, 146–147) таксама значэнне ’ісці, хутка рухацца, пазбягаць’ (Варбот, Этимология–73, 29–31; яна ж, СБЯ, 1981, 57).

Лойма ’чарціха’, ’русалка’ (Маш., Федар. 1), сувалк., супрасл. і сакольск. ’істота, блізкая да русалкі’ (БНТ, Лег. і пад.). Балтызм, утвораны пры дапамозе суфікса ‑ма (як лаўма). Дыфтонг ‑oi̯‑ другасны; ён паходзіць са старога ‑ou̯‑.