◎ Квакаці́ць ’боўтацца’ (КЭС, лаг.). Гукапераймальнае. Параўн. укр. чвакати, рус. чвакать.
Ква́каць ’утвараць гукі, падобныя да «ква-ква» (гл. таксама кво́каць) (ТСБМ) ’крычаць (пра качку)’ (ТС, Сл. паўн.-зах.), ’крычаць (пра жаб)’ (Нік. Напаў., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’пра пчол’ (Анох.). Укр. квакати ’крычаць (пра жабу або пра качку)’, рус. квакать ’тс’, балг. квакам ’тс’, макед. квакам ’тс’, серб.-харв. ква́кати ’тс’ (таксама пра варон)’, славен. kvȃkati ’крычаць (пра жаб, варон)’, польск. kwakać ’крычаць (пра качак, жаб, варон)’, чэш. kvákati ’крычаць (пра качак, гусей, варон)’, славац. kvákať ’тс’, в.-луж. kwakać ’тс’, н.-луж. kwakaś ’тс’. Яшчэ прасл. kvakati ’крычаць (пра качак і варон)’. Гукапераймальнае. Параўн. укр. ква, квак (пра жаб), рус. ква, квак ’тс’, серб.-харв. ква‑ква (пра качак), славен. kva‑kva (пра жаб), балг. ква‑ква ’тс’ і г. д. Балтыйскія паралелі: літ. kvakė́ti ’крычаць (пра жаб), смяяцца’, лат. kvākt ’тс’. Улічваючы экспрэсіўнасць гэтых слоў, яны наўрад ці сведчаць аб балта-славянскай архаіцы. Да таго ж кароткі карэнны вакалізм у літ. паралелі не рэгулярны. Трэба таксама мець на ўвазе літ. kvatóti ’смяяцца’, пад уплывам якога kvakė́ti магло атрымаць другое значэнне і разам кароткі вакалізм (Бернекер, 655; Фасмер, 2, 217; ЕСУМ, 2, 413; Фрэнкель, 325).
Квакта́ць ’ствараць кароткія адрывістыя гукі (пра курыц-квактух і некаторых іншых птушак)’ (ТСБМ, Нас., ДАБМ, Касп., ТС, Гарэц., Грыг., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Укр. квактати ’выседжваць куранят’. Дзеяслоўныя формы на ‑ta‑, магчыма, узыходзяць да назоўнікаў тыпу тупат. Параўн. тупаць і таптаць. Тады квактаць < квокат < квока. Гл. квока.
Квакту́ха ’курыца, якая выседжвае або водзіць куранят’ (ТСБМ, Касп., Шат., Сцяшк., Грыг., Яруш., Жыв. сл., Нік. Очерки, Сл. паўн.-зах., Янк. Мат., ТС, Бяльк.). Гл. квактаць.
Кваку́ха ’тс’ (Нас., Мат. Гом., Яўс., Янк. Мат., Др.-Падб., Гарэц., Яруш., Юрч.). Гл. квактуха.
Ква́кша ’лягушка сямейства бясхвостых земнаводных, якая жыве пераважна на дрэвах’ (ТСБМ). Форма слова, відавочна, адлюстроўвае балтыйскі ўплыў. Параўн. структурна тоеснае літ. kvākše ’квактуха’ (да kvakšėti ’квактаць’).
Ква́піцца ’мець жаданне, імкнуцца завалодаць чым-н.’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Шат., КЭС, лаг., Рам., Мал.). Гл. квапіць.
Ква́піць ’тс’ (ТСБМ), ’цікавіць, прыцягваць увагу’ (Сцяшк.), ’накопліваць багацце’ (ТС). Укр. квапити ’прымушаць, падганяць’, польск. kwapić ’тс’, чэш. kvapiti ’хутка рухацца’, в.-луж. kwapić ’тс’. Слова адсутнічае ў паўднёваславянскіх мовах і на асноўнай рускай тэрыторыі. У адпаведнасці з вядомай версіяй (Бернекер, 655) каўзатыў да прасл. kypěti ’кіпець’. Дадатковым аргументам у карысць гэтай этымалогіі можна лічыць каш. pře‑kvapic ’выкіпець’. Гл. Слаўскі, 3, 459; ЕСУМ, 2, 414.
Кваплі́вы ’прагны, хцівы’ (Нас., Шат., Яруш.). Гл. квапны.