Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Віленка ’посцілка, тканая на нейкі ўзор’ (КТС, Р. Сабаленка). Утворана шляхам лексічнай кандэнсацыі ад віленская посцілка пры дапамозе прадуктыўнага суф. ‑к‑а.

Віле́я ’апошні дзень перад святам ці нейкім здарэннем’ (лаг., КЭС). Да ві́лія < вігі́лія < польск. wigilia.

Ві́лівок ’яйка з вельмі слабай шкарлупой’ (мазыр., З нар. сл.). Да вы́лівак (гл.).

Віліна ’крывуліна, скрыўленне’ (Юрч., Фраз., 1) — сінгулятыўны назоўнік, утвораны пры дапамозе суф. ‑in‑а, відавочна, ад *vil‑a, роднаснага з такімі лексемамі, як вілы (гл.), віліць (гл.).

Віліно́к ’птушка велічынёй з жаваранка’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, суадносіцца з літ. žvilúoti ’гайдацца, хістацца, калыхацца’, lingúoti ’разгойдацца, раскалыхацца, разгушквацца, ківацца’.

Ві́ліца ’драўляны ручны чаўнок для вязання рыбалоўных сетак’ (Крыв.), вы́лицы ’вілападобны чаўнок’. Польск. widlica ’вёска, якая складаецца з дзвюх вуліц’; ’заканчэнне на рагах аленя’, в.-луж. widlica ’зуб вілак’, widlicy ’вілкі, аглобля’, чэш. widlice ’вілка, вілкі’, славац. vidlica ’вілка, разгалінаванне вілкі’, славен. vílice, мн. л. ’вілы’, серб.-харв. ви̏лица ’відэлец, вілка’, макед. вилица, балг. вилица ’тс’. Прасл. vidl‑ic‑a. Да вілы (гл.).

*Ві́ліцы, драг. вэ́лыцэ; мн. л., ’сківіцы’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), серб.-харв. ви̏лица ’тс’. Прасл. vidlica. Да ві́лы (гл.).

Вілі́ць ’зварочваць з прамога шляху’; ’крывіць (душою)’; ’зварочваць убок’ (Нас.), вілі́ць, падві́льваць ’падкідаць мяч у гульні «салавей»’ (Янк. III), віліць ’падманваць, крывіць’ (Кар.). Карскі (Труды, 394) лічыць гэту лексему запазычанай з літ. і лат. моў; параўн. літ. vylióti ’падманваць, заманваць, спакушаць’, vỹlius ’падман, хлусня’, што аспрэчвае Лаўчутэ (351). Гл. яшчэ віля́ць.

Ві́лія ’пярэдадне свята, пост перад святам’ (Нас.), ст.-бел. вилия, вилея ’тс’ (1539 г.). Запазычана з польск. wilia < wigilia ’тс’ < лац. vigilia ’начная імша’ (Мацэнаўэр, 368).

Вілка1 ж. р. — назва розных дэталей, прыстасаванняў з раздвоеным канцом (КТС). Запазычана з рус. вилка, якое з’яўляецца ўласнарускім (Шанскі, 1, В, 97–98). Да вілкі, вілы (гл.).

Вілка2 ’сукупнасць двух прыцэлаў: недалёт — пералёт снарада’; ’становішча на шахматнай дошцы, калі адна фігура адначасова пагражае некалькім фігурам’ (КТС). Запазычана з рус. вилка ’тс’. Да вілы (гл.).