Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ікра́з (Нас., Бяльк.). Гл. якраз.

Ікра́к ’селядзец з ікрой’ (Бяс., 308). Польск. ikrzak ’рыба з ікрой’. Утворана ад ікраны (гл. ікра1) суфіксам ‑ак, параўн. ікрач.

*Ікра́нік, ікря́нік ’мускулісты, ікрысты, з вялікімі ікрамі’ (Бяльк.); параўн. рус. перм. и́кря́ник ’таўстун, здаравяка’. Ад ікра2 (гл.) + суф. ‑нік ці ад *ікраны ’мускулісты, з вялікімі ікрамі’ з суф. ‑ік.

Ікра́ч ’ікра рыбы’ (навагр., Жыв. сл., 11). Відаць, ’рыба з ікрой’; параўн. в.-луж. jikrnač ’самка рыбы’, чэш. jikrnáč, jikernáč ’рыба з ікрой’, славац. ikráč, ikernáč, серб.-харв. и̏кра̄ш ’тс’. Вытворнае ад ікраны (гл. ікра1) з суф. ‑ач, як рагач ’алень’, барадач ’казёл’, вусач ’від рыбы’ (Сцяцко, Афікс. наз., 96). Параўн. ікрак.

Ікура́т (Нас.). Гл. акурат.

Іл1 ’адкладанні найдрабнейшых часцінак мінеральных і арганічных рэчываў на дне вадаёмаў’ (ТСБМ). Рус. ил ’тс’, дыял. церск., уладз. ’гліна’, дан. ’топкая балотная гразь’, урал. ’вельмі мелкі наждак, падобны на рачны ці азёрны іл’, польск. ’гліна’, в.-луж. jił ’гліна, гразь’, чэш. jíl ’гліна’, славац. íl ’тс’, славен. íl ’іл, гліна’, серб.-харв. уст. il ’гліна’ (XVI ст.), балг. ил ’іл, ціна’, ст.-слав., ст.-рус. илъ ’гліна, іл’. Прасл. *jьlъ (старая ŭ‑аснова, параўн. ст.-бел. иловатыи, рус. дыял. илова́й ’мелкая і балоцістая затока’, ’балота, багна’, славен. ílovica ’гліна, суглінак’, серб.-харв. и̏ловача ’гліна’, балг. иловица ’багністая глеба’, макед. иловица ’гліна’) звязваюць з лат. īls ’вельмі цёмны’, грэч. ΐλΰς, р. скл. ‑ύος ’іл, ціна, гразь’ < і.-е. *īlu‑. Гл. Бернекер, 1, 424; Фасмер, 2, 126; Покарны, 1, 499; Безлай, 1, 209; Трубачоў, Эт. сл., 8, 221–222, дзе іншая літ-ра.

Іл2 ’крухмал’ (віц., полац., Нар. сл., 94, 198). Семантычны перанос паводле спосабу прыгатавання, калі крухмал адкладваецца падобна ілу; параўн. рус. смал. ил ’бульбяны крухмал’, калін. ’хлебны іл, хлебная гушча, якая застаецца пасля варкі піва’.

Іла́га ’яловы лес, ельнік’ (в.-дзвін., Нар. сл., 146). Ад ель (гл.) з нерэгулярным суф. ‑аг‑а. Гл. Сцяцко, Афікс. наз., 207.

Ілга́ць ’гаварыць няпраўду; выдумваць, хлусіць’ (ТСБМ), іўга́ць (Бяльк.). Рус. лгать, зах.-рус. илга́ть, польск. łgać, в.-луж. łhać, н.-луж. łdhaś, łgaś, палаб. lȧzĕs, чэш. lháti, славац. lhať, славен. lagati, серб.-харв. ла̀гати, балг. лъ̀жа, макед. лаже. Ст.-слав., ст.-рус. лъгати, ст.-бел. илгати, лгати. І‑ мае пратэтычны характар (Карскі, 1, 262). Прасл. *lъgati, *lъžǫ мае дакладныя адпаведнікі ў герм. мовах: гоц. liugan ’ілгаць’, ст.-в.-ням. liogan ’тс’, lugî ’хлусня’ < і.-е. *leugh‑. Гл. Покарны, 1, 686–687; Бернекер, 1, 751; Фасмер, 2, 469; Слаўскі, 5, 119–122. Іншыя і.-е. паралелі выклікаюць сумненні: ст.-літ. łúginaité ’здрадніцкі’ (Атрэмбскі, LP, 1, 138), літ. lūgoti ’прасіць’, лат. lùgt ’тс’ (Мюленбах-Эндзелін, 2, 517–518; Покарны, 1, 686–687). Гл. ілгун, ілжа, ілжэц.

Ілгу́н, ілгу́ння ’непраўдзівы чалавек, выдумшчык, хлус’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас., Яруш.). Рус. лгун. Утворана ад ілгаць (гл.) з суф. ‑ун паводле мадэлі маўкун, гаварун, вяртун, ядун і г. д. (Сцяцко, Афікс. наз., 68). Параўн. ілжэц.

Ілжа́ ’няпраўда, выдумка, хлусня’ (ТСБМ). Рус. ложь, укр. лжа, польск. łeż, уст. і дыял. łga, в.-луж. łža, н.-луж. łdža, чэш., славац. lež, славен. laž, серб.-харв. ла̑ж, балг. лъжа́, макед. лага, ст.-слав., ст.-рус. лъжь, лъжа, ст.-бел. лож, лжя. І‑ мае пратэтычны характар. Прасл. *lъgja ўтворана ад дзеяслова *lъgati (гл. ілгаць) з суф. ‑j‑a.