Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трынча́ць ‘гаварыць, балбатаць’ (круп., Сл. ПЗБ), трынчэ́ць ‘брынкаць, бразгаць’, ‘хацець, прагнуць’ (Юрч. Вытв.). Да трынкаць (гл.).

Тры́нчык ‘невялікі рэмень, дзяга’ (Скарбы), ‘маленькая салдацкая торбачка’ (Бяльк.), укр. три́нчик, тре́нчик ‘вузкі мужчынскі раменны пасак, дзяга’. З рус. тре́нчик ‘раменьчык’ < трень ‘тонкая вяроўка, пракладзеная паміж пасмамі ліны’ < нідэрл. trensing ‘тс’ (Фасмер, 4, 98; ЕСУМ, 5, 629–630).

Тры́ньдзяўка ‘слабавольны, легкадумны чалавек’ (Руб.). Відаць, да тры́ньдзець, гл. трындзець.

Трынькаць (тры́нькаты) ‘гультайнічаць’ (стол., Бел. дыял. 1). Гл. трынкаць.

Трынь-трава́, сін. тынь-трава́ ‘глупства, нічога не вартая рэч або справа’ (Нас.). Сюды ж адносяць і трын-трава (гл.). Параўн. рус. варонеж. трынь‑трава́ ‘пра нягоднага, дрэннага чалавека’ (1848 г., СРНГ). Нягледзячы на шматлікія спробы этымалагізацыі, застаецца «цёмным» словазлучэннем, асабліва адносна першай часткі, гл. Фасмер, 4, 112. Пры ўліку адмоўнай характарыстыкі найбольш прымальнай застаецца сувязь з тры́на ‘сенная труха’ (гл.), параўн. укр. три́нити ‘пераўтвараць у труху’, г. зн. ‘перацёртая трава’, гл. Кошалеў, Език и литература, 1964, 4, 101–106. У рамках падобнага падыходу Арол (4, 111) збліжае архаізм трынь з літ. trũnys ‘гнілы, збуцвелы’ роднасным з *tryti ‘церці’ (Смачынскі, 692). Гл. і тынь-трава.

Трын-дын-ду́лі — прыпеўка: Трын‑дын‑ду́лі, / Сыдыць заяц у цыбулі (іван., Дзіц. фальклор, 146). Гукаперайманне (імітуе званок?).

Трын-трава́ ‘ўсё адно, усё роўна, хоць бы што’ (ТСБМ), ‘дробязь, тое, што не заслугоўвае аніякай увагі’ (Юрч. Фраз.). Параўн. рус. фалькл. трын былинушка трава ‘нейкая трава’ (СРНГ), аргат. трын‑трава ‘каноплі’ (Шчарбакова-Бруева, Соц.-корп. лексика, 174). Разглядаецца як русізм у беларускай мове; рус. трын‑трава перакладаецца як тынь-трава або апісальна: ему все трын‑трава — яму хоць бы што (Некр. і Байк.). Аналагічна Станкевіч (Язык, 948) адносна рус. трынь-трава, для якога прапануецца ў якасці адпаведніка народны фразеалагізм, запісаны на Чэрвеньшчыне: ані шум баравы. Гл. трынь-трава, тынь-трава.

Трып ‘шарсцяная варсістая тканіна’ (ТСБМ), ‘аксаміт’ (Шымк. Собр.). Запазычана праз польск. tryp ‘гатунак аксаміту’ з ням. Tripp ‘тканіна з воўны або бавоўны, падобная на аксаміт, паўплюш’ (Вінцэнц; Брукнер, 579).

Трыпаты́н (тръпаты́н) ‘тарпатына’ (мёрск., Нар. сл.). Гл. тарпатына.

Тры́паць ‘ісці паволі, робячы частыя крокі’ (ашм., Стан.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘лёгка ступаючы, ісці подбегам’ (Варл.), трып‑трып — аб хадзьбе частымі і дробнымі крокамі (в.-дзв., Сл. ПЗБ, Варл.), сюды ж трыэ́паті ‘ісці паволі’ (беласт., Сл. ПЗБ). Параўноўваюць з літ. trỹpti ‘тупаць нагамі’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 5, 138). Хутчэй за ўсё, гукапераймальнага паходжання, параўн. «звонкі» варыянт дры́паць ‘ісці, ступаючы часта і дробна’ (Скарбы) пры літ. drìbti ‘падаць, валіцца’.