Трынь-трава́, сін. тынь-трава́ ‘глупства, нічога не вартая рэч або справа’ (Нас.). Сюды ж адносяць і трын-трава (гл.). Параўн. рус. варонеж. трынь‑трава́ ‘пра нягоднага, дрэннага чалавека’ (1848 г., СРНГ). Нягледзячы на шматлікія спробы этымалагізацыі, застаецца «цёмным» словазлучэннем, асабліва адносна першай часткі, гл. Фасмер, 4, 112. Пры ўліку адмоўнай характарыстыкі найбольш прымальнай застаецца сувязь з тры́на ‘сенная труха’ (гл.), параўн. укр. три́нити ‘пераўтвараць у труху’, г. зн. ‘перацёртая трава’, гл. Кошалеў, Език и литература, 1964, 4, 101–106. У рамках падобнага падыходу Арол (4, 111) збліжае архаізм трынь з літ. trũnys ‘гнілы, збуцвелы’ роднасным з *tryti ‘церці’ (Смачынскі, 692). Гл. і тынь-трава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)