Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жарла́ты ’абжорлівы’ (Сцяшк. МГ). Мадэль з суфіксам ‑ат‑ указвае на словаўтваральную суадноснасць з жарло́ (гл.). Жарло < жерло < жьрло ’горла’, ’рот’, а жарлаты ’той, хто мае (вялікі) рот’, як вусаты ’той хто мае вусы’.

Жарле́т ’жалейка’ (Жд. 2). Калі ўлічыць укр. палес. джурелє́т ’цурчаць’, можа, гукапераймальнае. Не выключана кантамінацыя з флажале́т ’від флейты’. Няясна.

Жарлі́вы ’абжорлівы’ (міёр., Нар. сл., 112). Польск. żarliwy ’палкі’, чэш. zárlivý, славац. žiarlivý, в.-луж. žarliwy ’раўнівы’. У бел. суадносіцца з жэрці, у той час як зах.-слав. формы суадносныя з жар. Нельга выключыць, што ў бел. запазычанае з больш шырокім значэннем ’палкі’ спецыялізавалася ў сэнсе ’палкі да ежы’, аднак магчыма і ўтварэнне на ўласнай глебе з прыметнікавым суфіксам ‑лів‑ або ‑ів‑ (ад жарля́ць ’жэрці’; гл. жарло́1).

Жарлі́ца, жэ́рліца ’рыбалоўная снасць для лоўлі драпежнай рыбы на жыўца’ (ТСБМ). Рус. маск., разан., уладз., сарат., дан. же́рли́ка, же́рлиха ’тс’. Ст.-рус. (XVII ст.) жерлица, жерлика ’тс’. Утворана ад асновы *жерл‑ з суфіксам ‑ица. Аснова можа належаць да назоўніка жерло ’зяпа’ (гл. жарло́1) або дзеяслова жарля́ць (гл.).

Жарло́1, жерло́ ’абжора’ (Нас.). Рус. дыял. свярдл., арханг. жорло́ ’абжора, п’яніца’, лайл. жерло́, жерело́ ’зяпа’. Ст.-рус. жьрло, жерло ’горла’. Назва чалавека — пераносная ад жерло́ ’горла, рот’, ’той, які мае «вялікі» рот’. Параўн. жарло́3. Параўн. жарля́ць ’жэрці’ (Нас.): дзеяслоў, утвораны ад жарло́. Параўн. польск. żarło ’ежа’. Прасл. зыходная форма для сучасных форм тыпу жарло́ была *žьrlo або *žьrdlo. Яна, відаць, суадносілася з *žьr‑ti (> жэрці), бо суфікс ‑lo звычайна далучаецца да дзеяслоўнай асновы і ўтварае nomina instrumenti (SP, 1, 103). Параўн. горла, жарало.

Жарло́2 ’джала (пчалы)’ (пін., бяроз., Шатал.). Рус. дыял. лаянк. жерло́, жерело́ ’рот’. Назва джала — перанос ад жерло́ ’горла’, ’рот’, засведчанага ў ст.-рус. Гл. жарло́1.

Жарло́3, жэрло ’крыніца’ (саліг., Нар. словатв., 108; Яшкін). Рус. жерло́ смал. ’адтуліна ў печы’, пск., куйбыш., урал. ’частка рабалоўнай снасці’, урал. ’рот’, пск. ’пратока’, паўд.-зах. крыніца’, алан. ’топкае месца ў балоце’, укр. жерло ’адтуліна ў гармаце, печы, іншых прадметах’, дыял. ’крыніца’, в.-луж. žórło ’тс’, серб.-харв. далм. ждр́ло ’тс’. Гл. таксама іншаслав. паралелі ў артыкуле жарало́. Геаграфічнае значэнне — пераноснае ад першаснага ’рот, горла’.

Жарло́чны ’пражэрлівы’ (Жд. 2) з польск. żarłoczny ’тс’, утворанага ад żarłok ’абжора’, з тым жа коранем, што жэ́рці (гл.). Жарлокъ ’абжора’ < польск. засведчана ў ст.-бел. на пачатку XVII ст. (Гіст. лекс., 96; Булыка, Запазыч., 113).

Жарлюк ’рыба, праглынутая рыбай’ (мазыр., ЭШ, рук.). Ад дзеяслова жарля́ць з прадуктыўным на Брэстчыне (Сцяцко, Афікс. наз., 77) суфіксам ‑юк (параўн. знайдзюк). Гл. жарлі́ца.

Жарля́нка ’жаба’. Рус. смал. жерлянка ’тс’. Утворана з суфіксам ‑анк‑а (Сцяцко, Афікс. наз., 179–180) ад жарло́ ’зяпа’ (гл. жарло́1; параўн. вушанка, ікранка).

Жарля́ць, пажарляць, жерляць ’есці, жэрці’ (Нас.). Дзеяслоў утвораны з суфіксам ‑аць на базе назоўніка жарло́ ’зяпа’ (гл. жарло́1).

Жарнасе́к ’чалавек, які робіць і насякае жорны’ (ТСБМ), адкуль і пераноснае ’моцны мужчына’ (Касп.). Рус. жерносе́к, чэш. уст. žernosek ’тс’, в.-луж. тапонім Žornosyki (Пфуль). Паводле мадэлі, старое слав. складанае слова (параўн. дрывасек, каменачос, свінапас) засведчана ў рус. крыніцах з XVII ст. (як мянушка, Тупікаў), у бел. — з XVII–XVIII стст. (Бірыла, Бел. антр., 1, 214; 2, 145), утворана ад *žernъ (гл. жаро́н) і *sekъ (гл. сячы). Параўн. ст.-рус. (XVII ст.) жерноковъ, жерноклевъ.