ДЫДЫ́РКА (Уладзімір Кандратавіч) (22.9.1877, с. Дахноўка Чаркаскай вобл., Украіна — 15.3.1938),
бел. матэматык. Праф. (1931). Скончыў Кіеўскі (1900) і Маскоўскі (1902) ун-ты. З 1902 у Мінскай мужчынскай гімназіі, з 1918 у Мінскім ін-це нар. адукацыі, з 1920 у БПІ, з 1922 у БДУ. Удзельнік навук. семінараў пад кіраўніцтвам Д.Гільберта (1928, Гётынген, Германія). Навук. працы па аналітычнай геаметрыі. Аўтар манаграфіі «Цыркулярныя крывыя трэцяга парадку» (1928—32). Неабгрунтавана рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны.
Літ.:
В.К.Дыдырко // Вест. БГУ. Сер. 1. 1978. № 3.
А.А.Гусак.
т. 6, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Дыдырка В. К. 12/451, 453
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ НАВУКО́ВАЕ ПЕДАГАГІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.
Дзейнічала ў Мінску ў 1919—23. Утворана 15.4.1919 пры Мінскім бел. пед. ін-це. У час польскай акупацыі не дзейнічала. Т-ва праводзіла пед. і навук.-папулярныя лекцыі ў навуч. установах Мінска і сярод насельніцтва. У 1922 ім выдадзены «Элементарная матэматыка» К.М.Гадыцкага-Цвіркі, «Асновы алгебры» У.К.Дыдыркі і інш. Кіруючы орган т-ва — агульны сход, які збіраўся 2 разы на год, выбіраў праўленне і рэвізійную камісію. У розны час у склад т-ва ўваходзіла каля 110 чал., сярод якіх Дыдырка, Гадыцкі-Цвірка, У.М.Ігнатоўскі, Я.П.Карнеўскі, М.Г.Маслаковец і інш. Ганаровы старшыня Я.Ф.Карскі.
т. 10, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел геаметрыі, у якім уласцівасці геаметрычных аб’ектаў (пунктаў, ліній, паверхняў) даследуюцца сродкамі алгебры на падставе метаду каардынат (праз вывучэнне ўласцівасцяў ураўненняў, графікамі якіх гэтыя аб’екты з’яўляюцца).
Узнікненне метаду каардынат звязана з развіццём у 17 ст. астраноміі, механікі, тэхнікі. Асновы аналітычнай геаметрыі заклалі Р.Дэкарт (1637) і П.Ферма (1629); далейшае развіццё звязана з працамі Г.Лейбніца, І.Ньютана, Л.Эйлера, Ж.Лагранжа, Г.Монжа, С.Лакруа і інш. Асн. задача аналітычнай геаметрыі на плоскасці — даследаванне ліній 1-га (прамыя) і 2-га (эліпс, гіпербала, парабала) парадку, якія ў дэкартавых каардынатах вызначаюцца алг. ўраўненнямі адпаведна 1-й і 2-й ступені. Аналітычная геаметрыя ў прасторы даследуе паверхні 1-га (плоскасці) і 2-га (эліпсоід, гіпербалоід, парабалоід, конус, цыліндр) парадку, якія вызначаюцца алг. ўраўненнямі адносна дэкартавых каардынат адпаведна 1-й і 2-й ступені.
Метад даследавання і класіфікацый ліній і паверхняў прадугледжвае адшуканне такой прамавугольнай сістэмы каардынат, у якой адпаведнае ўраўненне набывае найб. просты выгляд. Метадамі аналітычнай геаметрыі карыстаюцца ў матэматыцы, фізіцы, механіцы, тэхніцы і інш. На Беларусі значны ўклад у развіццё аналітычнай геаметрыі зрабілі У.К.Дыдырка («Цыркулярныя крывыя 3-га парадку» — 1-я на Беларусі матэм. манаграфія, 1928) і І.К.Богаяўленскі («Аналітычная геаметрыя» — 1-ы беларускамоўны падручнік па вышэйшай матэматыцы, 1932).
Літ.:
Тышкевич Р.И., Феденко А.С. Линейная алгебра и аналитическая геометрия. 2 изд. Мн., 1976.
А.А.Гусак.
т. 1, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)