Жа́гва ’грыб Piptoperus або іншыя з сям’і Polyporaceae, губа; трут’ (бяроз., Шатал.; тураў., КСТ). Польск. żagiew ’грыб Polyporus’; параўн. рус. кастр., уладз., маск. жа́гра, жагара ’тс’ (СРНГ, Іванова), серб.-харв. же̑г ’трут’. Паводле Міклашыча (406), польск. (і славац. žahev, якое, аднак, не пацвярджаецца SSJ і Калалам) і рус. словы ўзыходзяць да слав. кораня *žeg‑. Гэта прымаюць Брукнер, 664; Фасмер, 2, 32–33. Гараеў (105) побач з гэтым прыводзіць балт. паралелі са значэннем ’галлё’ (гл. жага́ры), а Праабражэнскі (1, 220) адзначае няяснасць утварэння. Бел. і польск. формы ўказваюць на прасл. аснову на *ū (параўн. Бернштэйн, Чередования, 232–234, дзе шэраг прыкладаў назваў раслін на *‑ū: *bruky, *bъty, *klʼuky, *bolgy ’баравік’ і інш.). Этымалогія і словаўтваральная мадэль слоў на *‑ū часта няясныя, шэраг з іх запазычаныя (*pigy, *bruky, *tyky), ёсць і аддзеяслоўныя (*stęgy ’раменьчык для абутку’ і інш.). Лучыц-Федарэц (Бел.-польск. ізал., 80–81) лічыць, што бел.-польск. паралель (Тарнацкі, Studia, к. 77) адлюстроўвае ўплыў балт. словаўтваральнай мадэлі (літ. degtùvas ’запал, запальнік’ пры dègti ’паліць’), што не зусім пераканаўча, бо не тлумачацца шляхі і магчымасці такога ўплыву. Паколькі пашырэнне слова паўн.-слав., магчыма, трэба ўлічыць рус. чага ’жагва’ < комі тшак ’тс’ (Фасмер, 4, 310; Мацвееў, Финно-угор. заимствования, 37), хаця слова вядома і на Палессі (Ніканчук, Матеріали, 62), а таксама суадносіны č — s у фіна-ўгор. мовах (Основы финно-угорского языкознания, 122–124) пры пошуку крыніцы слав. кораня. Няясна. Ст.-бел. жакгва, жакгев ’галавешка, факел’ < польск. żagiew ’тс’ (Булыка, Запазыч., 112).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жада́ць ’хацець нешта зрабіць, зычыць’ (ТСБМ). Рус. дыял. жада́ть ’тс’, укр. жада́ти ’жадаць, дамагацца’, польск. żądać ’тс’, в.-луж. žadać ’дамагацца, хацець’, н.-луж. žedaś ’жадаць’, чэш. žádati, славац. žiadať ’дамагацца, жадаць’, балг. жадувам ’хацець’, макед. жеднее ’тс’, серб.-харв. же́ђати, жѐднети ’моцна хацець’, славен. žéjati ’хацець’. Ст.-слав. жѧдати ’мець смагу; моцна хацець’, ст.-рус. жадати ’тс’. Гэта значэнне замацавалася ў рус. мове за другаснай формай гэтага ж дзеяслова — стараславянізмам жаждаць. У бел. і ўкр. для перадачы такога значэння замацаваўся дзеяслоў прагнуць, прагнути. Гэта адзначыў ужо Бярында (36), перакладаючы жадаю ’прагну’. За дзеясловам жада́ць, жадати асталося значэнне ’моцна хацець’, суадноснае са значэннем рус. желать, якое не мае бел. і ўкр. паралелей, што ўказвае на магчымасць пэўнай семантычнай кантамінацыі. Пры станаўленні значэнняў слова жада́ць на бел. (і ўкр.) мову мела, відаць, уздзеянне польск. żądać, што адлюстравалася ва ўкр. жадати ’моцна хацець, вымагаць’ (як і ў польск.). Апошняе адценне не замацавана ў бел., дзе развілося спецыфічнае адценне значэння ’зычыць, выказваць добрыя пажаданні’. Прасл. *žęd‑ (з насавым інфіксам цяп. ч.) параўноўваецца з літ. gedáuti ’жадаць чагосьці, імкнуцца да чагосьці’, gedė́ti ’імкнуцца, тужыць’, а таксама шэрагам форм і.-е. моў з іншымі ступенямі чаргавання галосных. І.‑е. корань, відаць, *g​u̯hedh‑ ’прасіць, хацець’. Фасмер, 2, 33; Скок, 3, 675; Махэк₂, 721; Брукнер, 663; Покарны, 1, 448. Траўтман (82), Фрэнкель (144) суадносяць літ. словы са слав. *žьdati ’чакаць’, якое ў Покарнага (1, 426–427) трапляе ў іншы корань *gheidh‑ з тым жа значэннем ’жадаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́жма 1 ’вялікая колькасць’ (чавус., Нар. сл., 132), ’стос, шмат’ (Мат. Гом.), жу́шмо ’сноп, некалькі жмень (ільну, канапель)’, (Лексика Пол., 211–212), ’мера льну, вязка, вялікая колькасць’ (Сл. паўн.-зах.), жу́шма ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал. жу́шма ’вялікая колькасць’, укр. жу́жмом ’у пераблытаным выглядзе; разам, вялікай колькасцю’, ляшск. žižmo ’вялікая колькасць’. Параўн. славен. žúželj, žušelj ’жмут’. Паводле Сцяцко (Афікс. наз., 54), жужма ад жужаць з суфіксам ‑ма са зборным значэннем. Махэк₂ (729) таксама лічыў, што тут сувязь з жужэць, а першаснае значэнне тыпу ’рой’. Але такое тлумачэнне не ўлічвае значэння ’мера льну’, якое цалкам, верагодна, было першасным: пераход ад ’вязка льну’ да ’вялікая колькасць’ зразумелы. Яно прадстаўлена, відаць, у слове жма ’процьма’, дзе на ўзнікненне значэння ’вялікая колькасць’ магло ўздзейнічаць слова цьма. Вывесці значэнне ’мера льну’, наадварот, ад значэння ’мноства’ цяжка. Параўн. і жужма 2. Пачатковае жу‑ можа быць вынікам паўтарэння ‑ж‑ у корані ‑жма. Калі ўлічыць жулёмак ’некалькі жмень ільну’ (гл.), магчыма ў жу‑ бачыць рэфлекс кораня *geu, што меў значэнне ’сціскваць, згінаць’. Не выключана і кантамінацыя слова тыпу жма са словам, якое мела значэнне ’мноства’ і было звязана з жужэць (* < geu‑), напр., рус. дыял. жужг ’насякомыя; смецце’. Але шэраг слоў мае элемент жу‑ ў значэнні ’вязка’ і да т. п. Параўн. журжах 1, жужалкі, жушмень.

Жу́жма 2 ’неахайная жанчына’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, пераноснае ад значэння жужма 1 ’вязка льну, сноп’. Але параўн. яшчэ польск. żużmant ’народная сукенка (з XVIII ст.)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каза́н 1 ’кацёл з круглым дном і шырокім верхам’ (БРС, ТСБМ, Касп., Радч., Рас., Шатал., Янк.), ’чыгунны кацёл’ (Нас.), ’чыгун, вялікі чыгун’ (Арх. ГУ; палес., З нар. сл.; Мат. Гом.), ’чыгунок’ (Др.-Падб.; рэч., Нар. сл.). Што датычыць лінгвагеаграфіі, цікава адзначыць, што Сл. паўн.-зах. гаворак улічвае толькі адну фіксацыю слова казан, якое паходзіць з Рагачоўскага раёна, г. зн. што слова вядомае ў паўн., усх. і палес. (усх.-палес.) гаворках. Паколькі яно безумоўна з’яўляецца запазычаннем, то гэта пранікненне з рус. мовы (кур., арл., тульск., маск., бран., цвяр., наўг.). Слова ведае і ўкр. мова, аднак крыніцай запазычання ўкр. казан для бел., як паказвае геаграфія, быць не магло. Рус. казан — запазычанне з усходу, параўн. тур., тат. kazan ’кацёл’. Ямельчанка (Тюркизмы, 168–169) адзначае, што казан ’вялікі кацёл’ цюрк. мовы ў ліку некаторых іншых слоў запазычылі з араб. або перс. мовы. Такая этымалогія не падтрымліваецца ў новых слоўніках, параўн., напр., БЕР, 2, 137, дзе аўтары супраць запазычання перс. hazgān у тур. мову; там жа адносна тур. kazan: kazmak ’капаць, дзяўбці, выразаць’.

Каза́н 2 ’паглыбленне круглай формы на полі’ (рэч., Яшк.). Рэгіянальны перанос ад вядомага на гэтай тэрыторыі казан ’кацёл’. Тыпалагічныя паралелі: укр. кіравагр. казанок ’упадзіна круглай формы’, серб.-харв. kazan ’катлавіна’. Мадэль падобных пераносаў (назва посуду > геаграфічны тэрмін) шырока вядома ў славянскім свеце. Параўн. бел. кадоўб у такіх значэннях, рус. котел, славен. déža, дыял. рус. ендова і інш., агляд мадэлі гл. у Талстога, Геогр., 218–229.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перавя́сла, пераве́со, перавёсла, перавясло́, пырывысло́ (і інш. фанетычныя варыянты) ’скрутак саломы, якім перавязваюць сноп’ (Нас., ТСБМ, Сцяшк. Сл., Выг., Шат., Касп., Мат. Гом., Ян., ТС, Сл. Брэс.; ЛА, 2), ’звязка лыка’ (слуц., КЭС), ’ручка ў вядры’ (Др.-Падб., Гарэц., Касп., Сл. ПЗБ), пырывысло́, перавя́сло ’пярэвітка, на якую кладуць жэрдкі ў плоце’ (брэсц., слуц., ЛА, 4). Укр. пере́ве́сло, рус. дыял. перевя́сло ’перевясла ў снапе; дужка вядра, кошыка; саламяная вяроўка для замацавання саломы на стрэхах’. Паводле Фасмера (3, 236), да пере‑ і вя́сло (гл. пера- і вясло́ 1), якое з прасл. *vęzslo. Махэк₂ (477) выводзіць укр. переве́сло з повере́сло́, суадносячы яго з прасл. *poverslo < *po‑verz‑slo. Гэтаксама Бязлай (3, 98). Аднак дадзеныя Грынчэнкі, узятыя ў Вярхрацкага, на якія спасылаюцца гэтыя аўтары, запісаны на крайнім захадзе ўкр. моўнай тэрыторыі, дзе магчымы ўплыў зах.-слав. моў. З другога боку, на карысць дапушчэння Махэка прамаўляе ‑е‑ ў складзе ‑ве‑ лексемы пере́ве́сло, а не ‑вʼя‑ (як у перевʼязати ’перавязаць’). Для ц.-слав. поврѣсло Трубачоў (Этимология–1972, 40) выводзіць прасл. форму *poverz‑slo. Гэтыя дзве формы з *po‑ (зах.- і паўд.-слав.) і *per (у асноўным, усх.-слав.) суіснуюць у кантамінаваных варыянтах на польскай моўнай тэрыторыі: powrósło (замест правільнай, фанетычна законнай формы powrzosło) і паўд. porwósło, вял.-польск. prowionsło, мазав. prowiąsło, катавіцка-кракаўскае przewiązło, пазн. powrząsło, аўгуст. przewiąslo (замест przewiązło), што дае падставу дапусціць архаічнасць форм *pervę(z)slo, povę(z)slo і *poverzlo (Банькоўскі, 2, 730, 739, 918).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пчала́ ’пчала’ (ТСБМ, ЛА, 1; паст., З нар. сл.; Сл. ПЗБ, Бяльк.), пчола́ ’тс’ (ТС), пшчала́ ’тс’ (ЛА, 1; воран., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), пшчола́ ’тс’ (ЛА, 1; Бес.), пшчо́ла ’тс’ (іўеў., З нар. сл., Сл. ПЗБ), пшчо́лка ’чмель’ (трак., Сл. ПЗБ), ласк. пчы́лка ’пчолка’ (Дразд.), пшча́лка ’тс’ (воран., Шатал.), укр. пчола́, бджола́, рус. пчела́, польск. pszczoła, в.-луж. pčoła, н.-луж. coła, чэш., славац. včela, серб.-харв. пчѐла, чѐла, славен. čẹ̑la, балг. пчела́, макед. пчела, ст.-слав. бъчела, бьчела. Разглядаюцца дзве версіі: згодна з першай, прасл. *bьčela ад гукапераймальнага дзеяслова тыпу буча́ць ’гудзець’, першаснае значэнне ’гуллівая кузурка’ (SP, 1, 456); другая версія зыходзіць з рэканструкцыі прасл. *bьčela < і.-е. *bhei̯‑, што адлюстравалася ў ст.-ірл. bech, літ. bìtė, ст.-в.-ням. bini, швед. bi, англ. bee ’пчала’, лац. fūcus ’труцень’ (Фасмер, 3, 416; Саднік-Айцэтмюлер, 6, 481–482; Сной, 67; Банькоўскі, 2, 523). Варбат (гл. Чарных, 2, 86, дзе аддаецца перавага першай версіі) прапануе выводзіць *bьčela з *bъčela ў выніку міжскладовай асіміляцыі ъ : е > ь : е. Беларускія назвы з пачатковым пшч‑ запазычаны з польск. pszczoła (Карскі, 1, 390), параўн. ст.-польск. pczoła. Сярод дэрыватаў уяўляе цікавасць пчаладзёр ’той, хто выдзірае пчолы, мёд; злодзей’ (Янк. 3., Пятк.) — несумненны архаізм на аснове спалучэння драць пчолы ’красці мёд, рабаваць вуллі’ (ТС), а таксама пчалі́на ’асобная пчала’ (Бяльк.), пчаліна́ ’тс’ (докш., Янк. Мат.; віл., лаг., в.-дзв., Сл. ПЗБ) з суфіксам адзінкавасці ‑іна, што сведчыць аб генералізацыі назвы мн. л. пчо́лы ’рой, пчаліная сям’я’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ні, се́нцы ‘памяшканне паміж жылой часткай дома і ганкам у вясковых хатах’ (ТСБМ, Касп., Др.-Падб., Сцяшк., Маш., ПСл, ЛА, 4; Тарн., Бес., Сл. ПЗБ), се́нцы ‘тс’ (Нас., Шат., Бяльк., Варл.), се́нкі ‘тс’ (Нас.), сенькі ‘тс’ (Сл. ПЗБ), дыял. ‘прылазнік’ (шальч., Сл. ПЗБ), ‘частка сушні, дзе мыюць лён’ (Сцяшк.). Укр. сі́ни, рус. се́ни, се́нцы ‘сені’, ст.-рус. сѣни, польск. sień ‘зала’, ‘пярэдняя’, в.-луж., н.-луж. seń ‘сень’, чэш. síň ‘пярэдняя, зала’, славац. sieň ‘зала’, серб.-харв. сје̏н ‘цень’, славен. sẹ̑nca ‘тс’, балг. ся́нка ‘цень; здань’, макед. сенка ‘цень’, ст.-слав. сѣнь ‘засень’, ‘памяшканне’. Прасл. *sěnь ‘цень’, ‘памяшканне’. Далей звязана з укр. ся́ти, ся́яти, рус. сия́ть ‘свяціцца’ (Фасмер, 3, 602; Сной₁, 561), гл. ззяць. Інакш Махэк₂ (543), які звязвае з і.-е. коранем *k​sei‑ < *k​soi‑n‑, як і ў слав. *sedlo (гл. сяло), г. зн. ‘селішча, месца знаходжання’, потым ‘вялікі пакой, у якім збіралася вялікая радавая сям’я’. Бліжэйшыя адпаведнікі ў лат. sajs ‘цень’, гоц. skeinan ‘ззяць, свяціць, блішчэць’, грэч. σκοιός ‘цяністы’, ст.-інд. chāyā ‘цень, бляск, адлюстраванне’; гл. Траўтман, 304; Персан, Beitr., 700. Брукнер (489) мяркуе аб сувязі з цень і сцяна; аналагічна Фурлан (гл. Бязлай, 3, 227), Борысь (546), якія параўноўваюць з літ. síena ‘сцяна, мур, мяжа’ ад і.-е. кораня *sej‑ ‘звязваць’. Аб праблемах адносін значэнняў ‘цень’ і ‘памяшканне’ гл. падрабязна LSJSt, 13, 805–806 (разглядаюцца як аманімічныя *sěnь 1 і ‘цень і *sěnь 2 ‘пакой, памяшканне’ ў выніку разыходжання першаснага значэння ‘цень, будан, альтанка і пад.’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стаў 1 ‘прыстасаванне для ўмацавання, замацавання чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нік. Очерки), ‘лёгкі варстат на чатырох сошках’: стаў просты, а верстаць така вусока (ТС, Серб. Вічын), стаў, ставы́ ‘кросны’ (Касп., Бяльк., Уладз., Мат. Гом., ТС), став, ставы́ ‘тс’ (Сл. Брэс.), ставы́ ‘тс’ (петрык., Шатал.; смарг., чэрв., віл., Сл. ПЗБ; ЛА, 4; круп., Нар. сл.), ста́вы ‘стойкі ткацкага стана’ (Байк. і Некр., Шат., Бяльк.), ста́ўчык (ставчикъ) ‘ямка для ўстаўкі верацяна’ (Шымк. Собр.). Укр. дыял. ставки́ ‘ніжнія гарызантальныя планкі красён’, рус. дыял. став ‘кросны’, чэш. stav ‘кросны’. Праслав. дыял. *stavъ з’яўляецца аддзеяслоўным вытворным ад асновы прасл. *staviti ‘ставіць’; гл. спецыяльна Трубачоў (Ремесл. терм., 124), які адзначае, што дэрываты ад кораня *sta‑ (гл. стаяць) у значэнні ‘кросны’ сустракаюцца і ў іншых і.-е. мовах, таму няясна, наколькі гэта слова можна лічыць славянскай інавацыяй. Лат. (aužami) stāvi ‘кросны’ падобна на запазычанне з рускай або беларускай.

Стаў 2 ‘воз без колаў’ (івац., Сл. ПЗБ), ставо́к ‘тс’ (Маслен., ТС). Да стаў 1, ставіць (гл.).

Стаў 3 ‘сажалка, запруда’ (ТСБМ, Гарэц., Касп.; ашм., Стан.; Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ‘невялікі прыродны вадаём’ (паўд.-зах., ЛА, 1; Пятк. 2), ‘сажалка на рэчцы’ (зах., ЛА, 1), ‘выкапаная сажалка’ (зах., ЛА, 1; Сцяшк.), ставо́к ‘сажалка; запруда’ (Касп.; ашм., Стан.), ст.-бел. ставъ ‘возера’ (Альтбаўэр). Укр. став, рус. став, польск., н.-луж. старое staw. Прасл. дыял. *stavъ ‘месца, дзе спынілася (стала) вада’, да ставіць, аддзеяслоўны назоўнік; гл. Фасмер, 3, 742; Борысь, 576; ЕСУМ, 5, 389.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страха́ ‘верхняя, звычайна саламяная частка будынка, якая накрывае яго’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Сержп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), стрэ́ха ‘тс’ (Шымк. Собр., Байк. і Некр., ЛА, 4), стрэ́ха, стрэха́ ‘тс’ (Пятк. 1, ТС), стрі́ха, стрэ́ха ‘страха; лядзяш’ (Сл. Брэс.), ‘застрэшак’ (Сл. ПЗБ), стрыха́, стрэ́шка, стры́шка ‘край страхі, які навісае над сцяной’, ‘саламяны дах’, ‘казырок франтона’ (Шушк.), стрэ́шка памянш. да страха ‘навес над калодзежам, стогам і да т. п.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стрі́ха, рус. дыял. стреха́, польск. strzecha, в.-луж. třěcha, н.-луж. tśěcha, stśěcha ‘выступ страхі, навес’, чэш. střecha ‘страха’, славац. strecha, славен. strẹ́ha, серб.-харв. стре̏ха ‘выступ страхі’, балг. стря́ха, макед. стреа, ст.-слав. стрѣха. Прасл. *strěxa утворана з суф. ‑xa ад дзеяслова *strojiti ‘укладваць, прыводзіць да парадку, будаваць’ (гл. строй); гл. Слаўскі, SP, 1, 71. Супраць па семантычных прычынах Бязлай (3, 326). Іншыя рэканструкцыі: *strěxa < *stersā ад і.-е. *ster‑ ‘распасціраць’ (Младэнаў, 614); *strěxa < *strojgsā да і.-е. *strei‑g‑ ‘пакрываць’ < і.-е. *ster‑ ‘распрасціраць’ пры ўмове роднасці з літ. *striẽgti/*stríegti ‘накрываць дах саломай’, striẽgė ‘саламяны дах’, straĩgas ‘жэрдка ў плоце’ (Фрэнкель, 92; Бязлай, там жа; Махэк₂, 585); Борысь (583) мяркуе, што славянскае слова ўзыходзіць да і.-е. *strojgsā > *strojksā з далейшым развіццём *ks > *x. Фасмер (3, 776) усе гэтыя варыянты лічыць сумніўнымі. Гл. яшчэ Глухак, 588 (рэканструюе і.-е. *stroi‑sā, дзе *stroi‑ тое ж, што ў *strojь, *strojiti, гл. строй 1, 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

картаплі́шча Поле, дзе расла бульба (Хойн.). Тое ж картафле́нё (Ваўк. Сцяшк.), картофлішча (у асобных брэсцкіх гаворках), картоплішча (Стол.), картафля́ніска; картафле́не (на захад ад Баранавіч), кардапля́нік (Ст.-дар.), картапля́нішча (Жытк., Пух., Рэч., Сал., Сміл. Шат., Ст.-дар.), картаплявішча (Тур.), картоплішча (Маз.), картафля́нішча (Лаг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)