хаце́ць, хачу, хочаш, хоча; незак.

1. чаго, каго-што, з інф., са злучн. «каб» і без дап. Мець жаданне, ахвоту да чаго‑н., адчуваць патрэбу ў кім‑, чым‑н. Хацець вады. Хацець есці. □ — Ну, дык хочаш вучыцца? Адказаць настаўніку трэба, ды і ў школу хочацца, і хлопец цераз сілу выціснуў: — Ыгы. Брыль. [Жлукта:] Дык вы хочаце, каб я пайшоў да вас за бухгалтара? [2‑гі кліент:] Ды не, што вы! Крапіва. Гарохам дзедаў смех якоча, А сэрца руху, шуму хоча. Колас. // Мець жаданне зведаць, пазнаць што‑н. Ён хоча хімію вывучаць. // Разм. Адчуваць любоўную цягу да каго‑н. Хачу пацалаваць вас.

2. каго-чаго, чаго ад каго і са злучн. «каб». Імкнуцца да чаго‑н., дамагацца ажыццяўлення чаго‑н. Хацець шчасця. □ [Эмілія:] — Калі яшчэ не было гэтага агульнага руху за мір, я ўсё роўна не хацела вайны і баялася смерці. Маўр. Аднаго хачу на гэтым свеце: Так наладзіць з доляю зямной, Каб ніколі не прыйшлося дзецям Чырванець за зробленае мной. Гілевіч.

3. з інф. Мець намер зрабіць што‑н. [Партызаны] хацелі перасекчы чыгунку і выйсці да горада Іўе, у вольны ад блакады раён. Брыль. — Я хацеў ракаў налавіць, — нясмела адказаў Казік. Чарнышэвіч. // у спалучэнні з адмоўем. Адказацца што‑н. рабіць. [Русаковіч:] А я не хачу паступацца сваімі ідэаламі. Крапіва. Не хачу я гуляць, дзе народ Толькі гора цярпіць на вяку, Дзе сіротка стаіць ля варот, Есці просіць, падняўшы руку. Купала.

4. з інф. Разм. Ужываецца для абазначэння магчымасці, імавернасці ажыццяўлення чаго‑н. Хлапчукі ўздыхнулі. Нехта задуменна сказаў: — Вот-бы самалёты такія пабудаваць, як буслы. Хочаш сесці на хвою, сеў на хвою, на дуба — на дуба, а то і на хату высокую можна сесці. Лынькоў.

5. З адноснымі займеннікамі і прыслоўямі ўтварае спалучэнні са значэннем азначальнасці: кожны, усякі (прадмет, месца, час і пад.). Я прабыў у «Барацьбіце» да вечара — блукаў, дзе хацеў, і гутарыў, з кім хацеў. Хадкевіч. [Рак:] — Не чапай мяне, Іван Світанік.. Я табе за гэта, што хочаш, зраблю. Якімовіч.

•••

Еш не хачу гл. есці.

Калі хочаш (хочаце) гл. калі ​2.

Хочаш не хочаш — незалежна ад чыйго‑н. жадання.

Як левая нага хоча гл. нага.

Як (сабе) хочаце (хочаш) — а) як вам падабаецца. — Ну, панічок мой родны, як сабе хочаце: хочаце верце, хочаце не верце, а я вам, далібог, шаптала! Колас; б) нягледзячы на любую думку. Як хочаце, а ён вінаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Пэўная доля чаго‑н. цэлага. Пятрок разрэзаў пасак на дзве часткі: сабе ўзяў большую. □ Віцю даў меншую. Паўлаў. Уначы людзі былі разбуджаны нейкім асабліва моцным, але глухім грукатам. Нават зямля затрэслася і абвалілася частка берага. Маўр. // Участак якой‑н. плошчы. Сядзіба з будынкамі МТС знаходзілася на ўскраіне раённага цэнтра, у той яго частцы, куды ўшчыльную падступаў густы малады бор. Якімовіч. Гутарка ішла пра панскі луг, частку якога Вільчыцкі штогод прадаваў «на скос». Брыль. // Пэўная колькасць каго‑, чаго‑н., вылучаная з агульнага складу ці колькасці. Значная частка партызан разышлася па дарогах дзеля таго, каб у атрадзе было вядома ўсё, што робіцца на тэрыторыі раёна. Чорны. Ліст пажоўк на бярозах. Частка яго ляжала на зямлі. Ермаловіч. // Доля, якая каму‑н. належыць; пай. [Уладзік:] — А кабылу я ўсё-такі вазьму. Няхай будзе гэта з тае часткі, якая мне з гаспадаркі належыць. Крапіва.

2. Састаўны кампанент, элемент цэлага. Праблема героя рамана з’яўляецца часткай агульнай праблемы станоўчага героя савецкай літаратуры. Дзюбайла. // Прадмет, які ўваходзіць у сістэму якога‑н. адзінства; састаўны элемент якога‑н. арганізма, машыны і пад. Часткі прыёмніка. Запасныя часткі. Часткі цела. □ Сама ж кантора з’яўлялася часткай мураванага свірна з прасторным ацэментаваным падвалам. Колас. Пярэдняя частка.. моцнага тулава [зубра] цяжкая і масіўная, здаецца непамерна развітой у параўнанні з задняй, пакрытай карацейшымі і святлейшымі валасамі. В. Вольскі. // Раздзел, галіна і пад., якая характарызуе каго‑, што‑н. у якіх‑н. адносінах, з якога‑н. боку. У сваёй літаратурнай частцы.. [газета] па сутнасці прапагандавала эстэтычныя ідэі класічнай рускай літаратуры, мастацкія прынцыпы крытычнага рэалізму і народнасці. Ларчанка. Нарэшце, афіцыйная частка закончылася, і Меліяранскі пачаў знаёміць вучняў з выкладчыкамі. С. Александровіч.

3. Раздзел літаратурнага, музычнага твора. У 1954 г. Я. Колас надрукаваў апошнюю частку свайго рамана «На ростанях». Шкраба.

4. Аддзел якой‑н. установы, асобная галіна кіравання. Навучальная частка. □ Цётка Палашка ў штабной зямлянцы вяла рашучую атаку на Лявона Маркавіча, пад загадам якога знаходзілася гаспадарчая частка лагера. Лынькоў.

•••

Казённая частка — частка агнястрэльнай зброі, з якой яна зараджаецца.

Частка свету — адна з краін свету (Еўропа, Азія, Афрыка, Амерыка, Аўстралія, Антарктыда).

Ірвацца на часткі — імкнуцца выконваць адразу мноства розных спраў, даручэнняў, абавязкаў. Магдалена проста як не рвалася на часткі. Чорны.

Ірваць на часткі гл. ірваць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

out [aʊt] adv., prep.

1. па-за, зво́нку, знадво́рку (паказвае на знаходжанне па-за межамі);

We are dining out to-night. Мы сёння абедаем не дома;

He is out. Яго няма.

2. з, вон, надво́р (паказвае на рух за якія-н. межы);

go/run/jump out вы́йсці/вы́бегчы/вы́скачыць;

Out you go! Вон адгэтуль!;

She leapt out of bed. Яна ўскочыла з ложка.

3. (паказвае на матэрыял, з якога зроблены прадмет) з;

made out of glass зро́блены са шкла, шкляны́

4. (паказвае на адсутнасць чаго-н.) без;

out of breath зады́ханы, запы́ханы;

be out of work заста́цца без пра́цы, быць беспрацо́ўным;

We are out of bread. У нас кончыўся хлеб.

5. з-за, з прычы́ны;

out of grief/joy з го́ра/ра́дасці

6. (паказвае на суадносіны часткі і цэлага) з;

5 students out of 12 пяць студэ́нтаў з двана́ццаці

7. : паказвае на з’яўленне, выхад чаго-н.;

The sun is out. Сонца ўзышло;

My new book is out. Выйшла мая новая кніга.

8. : паказвае на заканчэнне, выключэнне ці знікненне чаго-н.;

The fire is out. Агонь патух;

Lights out! Тушыце святло!

out of it infml не ў сваёй тале́рцы; нязру́чна, няёмка (адчуваць сябе);

be out for smth. імкну́цца да чаго́-н.;

be out to do smth. збіра́цца зрабі́ць што-н.;

Out with it! Ну, у чым справа?!;

The roses are out. Ружы распусціліся;

She was out for more than 10 minutes. Яна была ў непрытомнасці больш за дзесяць хвілін.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Тава́р1 ’свойская рагатая жывёла’ (ТСБМ), ’худоба, статак’ (Некр. і Байк.), ’буйная рагатая жывёла’ (Янк. Мат., Мат. Гом.), ’каровы; быдла’: kózy nie tavár (Пятк. 2), това́р ’тс’ (ТС, ПСл, Маш.), ’каровы і коні’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. таваръ ’маёмасць’: а таваръ их на грабежь (Альтбаўэр); сюды ж вытворныя тава́рац, това́рац ’каровы’, ’рагатая жывёла’ (Нар. Гом., ТС), ’жывёла, свойская скаціна (каровы, авечкі)’ (Нар. Гом.), тава́рына, това́рына ’(адна) карова’ (Мат. Гом., ТС), тава́раччы ’каровін’, тава́рачэ мʼясо ’ялавічына’ (лельч., Жыв. сл.). Укр. това́р ’свойская рагатая жывёла’, рус. паўдн. това́р ’гурт рагатай жывёлы’. Да прасл. дыял. (усходняга) *tovarъ ’свойская жывёла’, ’маёмасць’, прычым другое значэнне развіваецца ў ’прадукт працы, выраблены на продаж’ (гл. наступнае слова) і мела, безумоўна, вытворны ад першага характар, г. зн. ’маёмасць у выглядзе свойскай жывёлы’. Менавіта ў гэтых першасных значэннях запазычана з цюркскіх моў, параўн. тур. davar, tavar ’дробная хатняя жывёла, авечкі; хатняя жывёла; маёмасць’, караім., тат. тувар ’хатняя жывёла; жывёліна’, ’уючная жывёліна’ і інш., дзе яны захаваліся. Але ўжо раней назіраюцца натуральныя семантычныя зрухі: ’маёмасць у выглядзе свойскай жывёлы’ → ’маёмасць’, ’багацце’, параўн. ст.-цюрк. tawar, tïwar ’хатняя жывёла; маёмасць’, ed tavar ’(пагалоўе) жывёлы’, tavar ’маёмасць; даніна; дар’, ’дабро, багацце; тавар’, tavarluq ’скарбніца, казна’ і пад. (Ёлкіна, ЭИРЯ, 2, 116–129; Фасмер, 4, 67–68; Чарных, 2, 247; ЕСУМ, 5, 586 з далейшай літ-рай.). На думку Мартынава (Лекс. Палесся, 9), на поўдні Беларусі выцесніла старое гавя́да (гл.). Ст.-бел. товаръ ’свойская жывёла’ фіксуецца толькі ў XVII ст. і запазычана са ст.-укр. товаръ ’скаціна, пераважна рагатая’ (Зяневіч, АКД, 6).

Тава́р2 ’прадукт працы, выраблены на продаж; прадмет гандлю’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, Федар. 4), ст.-бел. товар ’тс’: выдеръ пять, бобръ и иншый товаръ весь у целости есть (пач. XV ст., КГС). Укр. товар ’тс’, рус. товар ’тс’, польск. towar ’тс’, чэш. tovar ’выраб; тавар’, старое н.-луж. towara ’тс’, славен. tovor ’груз; ноша’, серб.-харв. то̀вар ’тс’, балг. това́р ’груз; паклажа’, макед. товар ’тс’. Вынік ранняга семантычнага развіцця прасл. *tovarъ ад ’свойская жывёла’ да ’маёмасць’ і ’тавар’, пераходны этап дэманструе макед. товар ’мера вагі (у тым ліку збожжа, віна, солі, дроў і інш., што пераносіў наўючаны асёл)’, параўн. грэч. γομάρι ’паклажа, груз’ і ’асёл’, паводле Іліеўскага (Прилози, 22, 1–2, 22), прасл. *tovar роднаснае тур. davar, tavar ’свойская жывёла, маёмасць’. Гл. таксама Шустар-Шэўц, 1522; Глухак, 634 (зыходным лічыць ’паклажа на кані або асле, адкуль ’груз, ноша’ і ’асёл’).

Тава́р3 ’вырабленая скура на абутак’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ; узд., Жд. 1), ’суцэльныя загатоўкі на боты’ (Сцяшк.), ’матэрыял; вырабленая скура на боты, туфлі’ (навагр., ЖНС), ’фабрычная тканіна’ (карэліц., Шатал.), ’фабрычная матэрыя’ (лях., Янк. Мат.), тува́р ’суцэльныя загатоўкі для ботаў’ (Сакал.). Рус. дыял. това́р ’вырабленая скура; скура для абутку’. Звужэнне са спецыялізацыяй значэння тавар2 (гл.), параўн. наступнае слова.

Тава́р4 ’бярвенне (на плыту)’ (лоеў., чач., Мат. Гом.). Параўн. рус. разан. тава́р, тава́р пи́льнай ’першасна апрацаваны матэрыял (галоўным чынам пра піламатэрыялы)’. Метанімічны перанос з тавар2 (гл.) у значэнні ’маёмасць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

асно́ва, ‑ы, ж.

1. Частка прадмета, на якой замацоўваюцца астатнія яго часткі; каркас, касцяк. Хлопцы.. прынеслі з лесу дзве расохі і ўбілі іх у зямлю. Наверсе паклалі перакладзіну, і аснова шалашыка была гатова. Чарнышэвіч. Рухаюцца ўперад асновы будучых машын на галоўным канвееры, абрастаючы ўсё новымі вугламі і дэталямі. Данілевіч.

2. Грунт ці штучнае збудаванне, на якім трымаецца, знаходзіцца што‑н.; падмурак. Аснова вежы. // Ніжняя плоскасць, якой прадмет, збудаванне датыкаецца да паверхні чаго‑н. // Ніжняя частка якога‑н. прадмета ці збудавання. Стог у аснове меў каля пяці метраў. □ Дваццатага чэрвеня мы ўжо змаглі прыступіць да падрыхтоўкі бетоннай асновы, а ў верасні распачалі ўкладку бетона. «Полымя».

3. перан. Тое, што складае ядро чаго‑н., з’яўляецца зыходным матэрыялам для ўтварэння, стварэння чаго‑н.; узор, пачатак. Народная аснова літаратурнай мовы. □ Мы бачылі, што Маркс ў 1845 годзе, Энгельс у 1888 і 1892 гг. уводзяць крытэрый практыкі ў аснову тэорыі пазнання матэрыялізму. Ленін. У аснову паэмы «Магіла льва» пакладзена народная легенда пра Машэку. Шкраба. Мы песні сваёй Палажылі ў аснову І чыстую праўду, І чыстую мову. Лужанін. // Тое галоўнае, на чым грунтуецца, будуецца што‑н. І тут у першы раз Міхала Вось гэта думка напаткала: Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут, І там зажыць сабе нанова: Свая зямля — вось што аснова! Колас. // звычайна мн. (асно́вы, ‑ноў). Пачаткі, прынцыпы (пра лад, сістэму і пад.). Хістаўся стары лад у самых асновах сваіх, у муках болю нараджаўся другі, новы парадак. Колас. І рушыць ён [час] і рве асновы ўсе старыя, Дрыжыць прад сілай той і цемра і туман. Гурло.

4. звычайна мн. (асно́вы, ‑ноў). Зыходныя, галоўныя палажэнні якой‑н. навукі, тэорыі і пад. Асновы агратэхнікі. Тэарэтычныя асновы марксізма-ленінізма. Эстэтычныя асновы паэзіі. Асновы навукова-атэістычнага светапогляду. Фізіялагічныя асновы чалавечай псіхікі. Асновы мічурынскага вучэння.

5. Падоўжныя ніткі ў тканіне. Быў пад рукамі ў іх [ткачых] не шоўк, А просты, каляровы Па густу выбраны ўток І тонкая аснова. Арочка.

6. Частка слова, якая раскрывае яго лексічнае значэнне і ў якую, апрача кораня, можа ўваходзіць прыстаўка і суфікс.

7. Старана геаметрычнай фігуры, перпендыкулярная да яе вышыні. Аснова трохвугольніка. Аснова сегмента.

8. Злучэнне, якое ўтварае пры ўзаемадзеянні з кіслотамі соль.

•••

Закласці асновы чаго гл. закласці.

Ляжаць у аснове чаго; легчы ў аснову чаго гл. ляжаць, легчы.

На аснове чаго — выходзячы з чаго‑н., апіраючыся на што‑н.; на падставе.

Узяць за аснову гл. ўзяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛО́ГІКА (ад грэч. logos слова, паняцце, розум),

сукупнасць навук, якія вывучаюць законы і правілы мыслення, спосабы развіцця і спасціжэння ведаў. Паводле Арыстоцеля, навука пра формы правільнага мыслення. І.Кант называў такую навуку фармальнай Л. У сучасным уяўленні фармальная Л. — навука аб законах высноўных ведаў, якія атрыманы з раней устаноўленых і правераных ісцін без звароту ў кожным канкрэтным выпадку да вопыту, а толькі ў выніку прыцягнення законаў і правіл мыслення; яе прадмет — даследаванне разважанняў (вывадаў і доказаў) з пункту погляду іх лагічнай формы (структуры) незалежна ад канкрэтнага зместу суджэнняў, што ў яго ўваходзяць. Пры аналізе лагічных працэсаў усе «асобныя» Л. карыстаюцца мовай сімвалаў і формул, якая будуецца ў адпаведнасці з агульнымі для ўсіх сістэм прынцыпамі Л.

У гіст. развіцці Л. прайшла некалькі этапаў. Фрагменты лагічных даследаванняў вядомы ў стараж.-інд. і стараж.-кіт. філасофіі. У стараж. Грэцыі Л. зарадзілася ў ранняй філасофіі і развівалася пад уплывам аратарскага мастацтва. Традыцыйная арыстоцелеўская Л. стала першай ступенню Л. высноўных ведаў, якая вывучае агульначалавечыя формы думак (паняцці і суджэнні), формы сувязі думак у разважанні (высновы), зафіксаваныя ў фармальна-лагічных законах (тоеснасці закон, супярэчнасці закон, выключанага трэцяга прынцып). Арыстоцель першы ўжыў метады фармальнага аналізу мыслення на аснове прынцыпу яго несупярэчлівасці, сфармуляваў правілы злічэння выказванняў, усебакова даследаваў адну з пашыраных форм розумазаключэнняў — сілагізм, стварыў закончаную тэорыю сілагістыкі, увёў знакавую сістэму лагічных пераменных. Прадстаўнікі мегарскай шкалы аналізавалі ўмоўныя і раздзяляльныя розумазаключэнні, увялі паняцце імплікацыі, вызначылі ідэю тэарэмы аб дэдукцыі і інш. Іх лагічныя ідэі развіты ў школе стоікаў. У раннім сярэдневякоўі Л. як самаст. навука развівалася ў краінах арабскай культуры, дзе філасофія заставалася адносна незалежнай ад рэлігіі. У Еўропе складвалася ў асн. схаластычная Л. як царк.-школьная дысцыпліна, якая прыстасавала элементы перыпатэтычнай Л. для абгрунтавання і сістэматызацыі хрысц. веравучэння. У 12—13 ст., калі творы Арыстоцеля былі кананізаваны царк. артадоксіяй, узнікла сярэдневяковая («несхаластычная») Л., асновы якой закладзены «Дыялектыкай» П.Абеляра. У творах У.Шэрвуда, Дунса Скота, Пягра Іспанскага, У.Окама, Ж.Бурыдана атрымалі развіццё палажэнні аб сферы дзеяння лагічных аперацый, адрозненні паміж формай і зместам, абгрунтаваны многія вядомыя цяпер законы Л. выказванняў, тэорыя дэдукцыі і інш. У эпоху Адраджэння Л. разглядалі як аснову «штучнага» мыслення і супрацьпастаўлялі ёй Л. «натуральнага мыслення», пад якой звычайна разумелі інтуіцыю і ўяўленне. У новы час патрэбы прыродазнаўства і тэхнікі выклікалі крытыку арыстоцелеўскай (у схаластычным тлумачэнні) Л., паслужылі стымулам у распрацоўцы індукцыйнай логікі, вучэння аб метадзе, праблем метадалогіі новай (эксперыментальнай) навукі аб прыродзе (Ф.Бэкан, Р.Дэкарт). І.Кант лічыў больш важнай за звычайную, традыц. Л., трансцэндэнтальную Л., якая даследуе ў формах мыслення тое, што забяспечвае ведам апрыёрны (давопытны) характар. Г.Гегель на ідэаліст., а К.Маркс і Ф.Энгельс на матэрыяліст. аснове стварылі вучэнне аб агульных законах і формах мыслення — логіку дыялектычную.

На Беларусі Л. з 17 ст. развівалася ў рэчышчы агульнанавук. даследаванняў законаў і аперацый лагічнага мыслення, распрацоўкі методыкі яе выкладання як вучэбнай дысцыпліны. Б.Дабшэвіч, аўтар некалькіх кніг па Л., лічыў яе першай з навук, здольных умацаваць сувязі паміж матэматыкай, прыродазнаўствам і філасофіяй дзеля пошуку ісціны; фундаментальнымі прынцыпамі Л. ён лічыў прынцыпы дастатковай падставы і адмаўлення. Прадстаўнік схаластычнай філасофіі М.Карскі разглядаў Л. як мову навукі. Паводле К.Нарбута, Л. — гэта навука, якая вучыць, як спасцігаць і спазнаваць ісціну, або мастацтва правільна мысліць. Я.Снядэцкі даследаваў лагічна-фармальныя заканамернасці мовы, сэнсу і ролі знакаў і сімвалаў у пазнанні і выкарыстанні мовы. А.Доўгірд пры распрацоўцы праблем сенсуалістычнай псіхалогіі, індукцыйных і разумовых здольнасцей чалавека і звязаных з імі суджэнняў, гіпотэз увёў паняцце «натуральнага сілагізму». Уклад у тэарэт. развіццё і методыку выкладання Л. зрабілі Б.Будны, С.Майман, Сімяон Полацкі, С.Шадурскі, В.Тылкоўскі і інш.

З 2-й пал. 19 ст. пачаўся якасна новы этап развіцця Л., звязаны з актуальнымі задачамі абгрунтавання і даследавання лагічных асноў матэматыкі, выкарыстаннем матэм. метадаў пры вырашэнні лагічных праблем. Г.Лейбніц лічыў магчымым стварыць своеасаблівы «алфавіт чалавечых думак» шляхам вылучэння зыходных паняццяў і суджэнняў. Ён заклаў асновы матэматычнай логікі (2-я ступень фармальнай Л.), тэорыі тоеснасці і гіпатэтыка-дэдукцыйнага метаду, сфармуляваў дастатковай падставы прынцып. Дж.Міль распрацаваў тэорыю індукцыйных розумазаключэнняў, метады даследавання прычыннай сувязі (гл. Прычыннасць). На аснове лагічнай спадчыны Лейбніца сфарміравалася сучасная алгебра логікі і логіка класаў (Дж.Буль, У.Джэванс, Ф.Морган, Ч.Пірс, Э.Шродэр, П.С.Парэцкі, Дж.Пеана, Б.Расел, А.Уайтхед). Г.Фрэге распрацаваў прынцыпы аксіяматычнай пабудовы злічэнняў, выказванняў і прэдыкатаў, паказаў адрозненне паміж лагічнымі законамі і правіламі лагічных вывадаў, мовы і метамовы, паклаў пачатак семантыкі лагічнай. У 1920—30-я г. створана мнагазначная Л. (Я.Лукасевіч, Э.Пост), праведзены новыя даследаванні суадносін паміж мадальнай і інтуіцыянісцкай Л. (К.Льюіс, В.Гліванг, А.Гейтынг). Гал. даследаванні пераносяцца ў метадалогію лагічных доказаў, удасканалення правіл і спосабаў пабудовы злічэнняў і вывучэння іх асн. уласцівасцей — незалежнасць пастулатаў, несупярэчлівасць і паўната (В.Акерман, К.Гёдэль, Ж.Эрбран, Д.Гільберт). З’явіліся класічныя працы па лагічнай семантыцы і тэорыі мадэлей (А.Тарскі, Л.Лёвенгайм, Т.Сколен, Гёдэль, А.І.Мальцаў), закладзены асновы вывучэння «машыннага мыслення» — тэорыі алгарытмаў (Гёдэль, С.Кліні, А.Чорч, А.А.Маркаў, А.М.Калмагораў і інш.). Метады лагічных аперацый і злічэнняў сталі шырока выкарыстоўвацца ў вылічальнай тэхніцы, кібернетыцы (алгебраічная тэорыя рэлейна-кантактных схем, тэорыя канечных аўтаматаў і інш.), у тэарэт. фізіцы (квантавая Л.), інфарматыцы (праграмаванне і даследаванні па штучным інтэлекце), у галіне гуманітарных ведаў (лінгвістыка, юрыспрудэнцыя і інш). Прыкладны аспект лагічнага аналізу з яго шматлікімі праблемамі спрыяў узнікненню такіх кірункаў даследаванняў, як логіка адносін, логіка навукі, Л. быцця, Л. змянення, Л. часткі і цэлага, лагічныя тэорыі ведаў, пераканання, уяўлення і інш. Гл. таксама Лагістыка, Лагіцызм, Логіка выказванняў, Логіка прэдыкатаў.

Літ.:

Маковельский А.О. История логики. М., 1967;

Кант И. Трактаты и письма: Пер. с нем. М., 1980;

Клаус Г. Введение в формальную логику: Пер. с нем. М., 1960;

Аристотель. Первая аналитика. Вторая аналитика // Соч. М., 1978. Т. 2;

Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ. М., 1983;

Брюшинкин В.Н. Логика, мышление, информация. Л., 1988;

Логика и компьютер. М., 1990;

Арно А., Николь П. Логика, или Искусство мыслить...: Пер. с фр. М., 1991;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993;

Минто В. Дедуктивная и индуктивная логика: Пер. с англ. СПб., 1995;

Leibniz G.W. Fragmente zur Logik. Berlin, 1960.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 9, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСАЗНА́ЎСТВА,

абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. і інш. навук пра Беларусь і бел. народ — яго сацыяльную і этнічную гісторыю, умовы бытавання, матэрыяльную і духоўную культуру, мову ў іх сучасным стане і гістарычным развіцці. Абазначаецца таксама тэрмінам беларусістыка, які выкарыстоўваецца і ў больш вузкім значэнні — дысцыпліны бел. філалогіі (мовазнаўства, літаратуразнаўства, фалькларыстыка) або наогул толькі тыя з іх, што звязаны з вывучэннем бел. мовы. Для абазначэння беларусазнаўства асабліва ў замежным асяроддзі выкарыстоўваюцца тэрміны беларусіка, альбарусіка (ад лац. alba белая + russicus рускі), беларосіка, альбаросікагрэч. коранем Rhōs Русь, рускі), беларутэніка, альбарутэніка (ад лац. ruthenicus рускі), рэдка — беларусаведа. Беларусазнаўства ўключае шэраг разгалінаваных навук: гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, эканоміку, этнаграфію, мастацтвазнаўства, кнігазнаўства Беларусі, бел. фалькларыстыку, літаратуразнаўства і мовазнаўства, гісторыю культуры, гісторыю рэлігіі і канфесій на бел. землях і інш. Навукоўцаў, што працуюць у галіне беларусазнаўства, называюць беларусазнаўцамі, беларусаведамі, беларусістамі.

Беларусазнаўства складвалася і развівалася па меры станаўлення асобных навук пра Беларусь і беларусаў, паглыблення дыферэнцыяцыі і адначасова — узаемадзеяння паміж гэтымі навукамі. На ранніх этапах развіцця цесна змыкалася з краязнаўствам. Узнікшы напачатку з памкнення пазнаёміць грамадскасць з малавядомым краем і яго насельнікамі, беларусазнаўства паступова выходзіла за межы чыста пазнавальных мэтаў і стала навукай нац. самапазнання і самавызначэння бел. народа, усведамлення ім уласнага гіст. шляху, неабходнасці захавання нац. формы быцця. У выніку ўсебаковага, комплекснага падыходу да вывучэння Беларусі акрэсліліся змест і задачы беларусазнаўства, яго культ.-пазнавальнае і грамадска-паліт. значэнне. На пач. 20 ст. з пашырэннем ідэй нац. незалежнасці былі зроблены спробы аформіць беларусазнаўства ў абагульнены міждысцыплінарны курс для азнаямлення шырокай грамадскасці з асн. беларусазнаўчай праблематыкай.

Цікавасць да Беларусі і яе народа пачала праяўляцца яшчэ ў старажытнасці. Так, ужо ў стараж.-рус. летапісах прыводзяцца звесткі пра рассяленне, звычаі, заняткі, грамадскі лад, культуру ўсх.-слав. плямёнаў на тэрыторыі, якую займае сучасная Беларусь. Багаты фактычны матэрыял пра сац.-эканам., культ., канфесіянальную і паліт. гісторыю Беларусі змяшчаюць пісьмовыя помнікі 13—18 ст. эпохі ВКЛ — летапісы і хронікі, мемуарная, юрыд., грамадска-філас. і інш. л-ра. У філалагічных дапаможніках 16—17 ст. — граматыках, слоўніках (гл. ў арт. Лексікаграфія), букварах — шырока адзначаліся з’явы бел. мовы. Аднак да 19 ст. гэты фактычны матэрыял падаваўся фрагментарна, без глыбокага навук. асэнсавання. На мяжы 18—19 ст. цікавасць да Беларусі стала прыкметна ўзрастаць. Гэта было звязана з агульным уздымам навукі ў Еўропе (у прыватнасці, славяназнаўства) і з гіст. зменамі ў Беларусі: у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай яна адышла да Расіі. З паліт. меркаванняў Расіі важна было даказаць свае правы на далучаныя землі як на спрадвечную ўласнасць, часова страчаную ў неспрыяльных гіст. абставінах. Самастойнасць бел. народа і яго мовы катэгарычна адмаўлялася афіц. коламі Расіі. У сваю чаргу, прадстаўнікі шавіністычна настроеных слаёў польск. грамадскасці трактавалі Беларусь як частку Польшчы, беларусаў і іх мову разглядалі ў межах «пальшчызны». Вывучэнне Беларусі, такім чынам, ад самага пачатку ішло ва ўмовах вострай ідэалагічнай і паліт. барацьбы розных сац. сіл, саслоўна-класавых і нац.-рэліг. супярэчнасцяў, што адмоўна адбілася на вырашэнні кардынальных праблем беларусазнаўства. Не спрыяла развіццю беларусазнаўства і адсутнасць на Беларусі навук. цэнтраў і арг-цый, якія б узначальвалі і каардынавалі даследаванні з пункту гледжання інтарэсаў бел. народа. Распрацоўка беларусазнаўства часткова ініцыіравалася і падтрымлівалася рознымі навук. і грамадскімі арг-цыямі па-за межамі Беларусі. Прыкметную ролю ў абуджэнні цікавасці да Беларусі адыграў Віленскі ун-т (1803—32), некаторыя яго выкладчыкі займаліся вывучэннем бел. гісторыі, этнаграфіі, помнікаў бел. пісьменства і заахвочвалі да гэтага студэнтаў, якія стварылі гурток бел. філалогіі. Навук. вывучэнне Беларусі распачалі даследчыкі М.К.Баброўскі, І.М.Даніловіч, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Я.Чачот, Т. і Ю.Нарбуты і інш. Значную падтрымку ў зборы, навук. апрацоўцы і выданні матэрыялаў пра Беларусь аказалі даследчыкам Расійская АН, ун-ты С.-Пецярбурга, Масквы, Кіева і інш. гарадоў Расіі, Паўн.-Зах. аддзел Рускага геагр. т-ва, Маскоўская і мясц. археаграфічныя камісіі і археал. т-вы, губернскія стат. к-ты і інш. ўстановы. Дзякуючы іх падтрымцы была выяўлена і выдадзена вял. колькасць бел. стараж. рукапісаў і друкаваных кніг: граматы, дагаворы, прывілеі, суд. пратаколы і інш. канцылярска-адм. дакументы, заканад. акты і кодэксы, у т. л. статуты, «судзебнікі» (у зб. «Беларускі архіў старажытных грамат», выдадзены І.І.Грыгаровічам у 1-й чвэрці 19 ст., «Руска-лівонскія акты», у шматтомных Актах Заходняй Расіі, Актах Паўднёвай і Заходняй Расіі, «Рускай гістарычнай бібліятэцы», Актах Віленскай камісіі і інш.); летапісы ВКЛ, гіст. запісы і хронікі мясц. і замежных аўтараў (ад «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» 15 ст. да помнікаў пач. 18 ст.); арыгінальныя і перакладныя маст. і публіцыстычныя творы — вершы А.Рымшы (16 ст.) і Сімяона Полацкага (17 ст.), «Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча» (17 ст.), аповесці пра Атылу, Трыстана, Баву (у спісах 16 ст.) і інш.; пераклады рэліг. л-ры (пачынаючы з 15 ст.); навук. творы і палеміка правасл. дзеячаў з католікамі і уніятамі (у якой закраналіся не толькі вузкадагматычныя тэмы, але і з’явы грамадска-паліт. жыцця), драм. творы 17—18 ст. (т.зв. інтэрмедыі, або інтэрлюдыі). Публікаваліся каштоўныя зборы этнагр. і фалькл. матэрыялаў, стат. звесткі па эканоміцы Беларусі і гэтак далей. Аднак у цэлым у вывучэнні Беларусі адсутнічалі мэтанакіраванасць і арганізаваны пачатак, амаль усё залежала ад асабістых інтарэсаў і схільнасцяў даследчыкаў. На пач. 19 ст. працы, што публікаваліся па бел. гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і мове (пераважна ў рус. і польск. друку), не заўсёды вызначаліся дакладнасцю ў падачы фактычнага матэрыялу і навуковасцю яго вытлумачэння. Яны адлюстроўвалі адсутнасць у некаторых аўтараў дакладнага ўяўлення аб прадмеце даследавання і ўвогуле невысокі ўзровень тагачаснай навукі, якая звярталася да бел. матэрыялу спарадычна, выкарыстоўвала яго часцей як пабочны, дадатковы пры разглядзе агульных пытанняў паходжання славян, гісторыі культуры і мовы асобных слав. народаў (пераважна рускага).

Да сярэдзіны 19 ст. паступова назапасіўся вял. фактычны матэрыял, выпрацаваліся больш дасканалыя метады даследавання беларусазнаўства. З’явіліся буйныя беларусазнаўчыя працы: па сац. гісторыі і археалогіі — Я.П. і К.П.Тышкевічаў, А.Кіркора, М.Ф.Уладзімірскага-Буданава, М.К.Любаўскага, Ф.І.Леантовіча, І.І.Лапо, У.К.Стукаліча, М.В.Доўнар-Запольскага, А.С.Грушэўскага і інш.; па гісторыі культуры і стараж. пісьменства — П.У.Уладзімірава, К.В.Харламповіча, І.І.Флёрава, І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ і інш.; па этнаграфіі, фальклоры і мове — І.І.Насовіча, П.А.Бяссонава, П.В.Шэйна, Е.Р.Раманава, У.М.Дабравольскага, П.П.Чубінскага, М.Я.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, М.А.Янчука, А.І.Сабалеўскага, А.А.Патабні, І.А.Нядзёшава і інш. Большасць даследчыкаў і збіральнікаў этналінгвістычных матэрыялаў паходзілі з Беларусі, многія прытрымліваліся прагрэсіўных поглядаў, усведамлялі сваю сувязь з бел. народам і самаахвярна яму служылі. Але нават і ў тых выпадках, калі даследчыкі глядзелі на Беларусь як на этнічную і дзярж. правінцыю Расіі ці Польшчы, сваімі працамі яны так або інакш сцвярджалі самабытнасць беларусаў, абуджалі цікавасць грамадскасці да іх гіст. лёсу. У канцы 19 ст. сфарміраваўся комплекс асн. (традыцыйных) раздзелаў (навук) беларусазнаўства. Вынікі даследаванняў у галіне беларусазнаўства падвёў Я.Ф.Карскі ў 1-м томе манаграфіі «Беларусы» (Варшава, 1903), дзе акрэсліў у абагульненым выглядзе асн. праблематыку беларусазнаўства, паказаў супярэчлівасць поглядаў тагачаснай навукі на Беларусь і яе народ, вызначыў найменш распрацаваныя раздзелы беларусазнаўства і намеціў перспектывы далейшых даследаванняў. У канцы 19 ст. ўсё часцей сталі з’яўляцца працы, у якіх яскрава праявіўся падыход да беларусаў як да асобнай, самастойнай фармацыі ў сям’і слав. народаў. Аб самастойнасці бел. народа і яго мовы сцвярджалі некаторыя вучоныя і грамадскія дзеячы яшчэ ў 1-й пал. 19 ст. А.Міцкевіч, Я.Чачот, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, М.Вішнеўскі, А.К.Ельскі (у польск. друку), М.І.Надзеждзін, П.М.Шпілеўскі, М.А.Максімовіч (у расійскім). У польск. навуцы погляд на беларусаў як на асобны слав. народ пад канец 19 ст. стаў пануючы. У рус. навуцы яго рашуча падтрымліваў рус. гісторык і філолаг А.А.Шахматаў. Карскі таксама разглядаў беларусаў і бел. мову ў якасці самастойных, хоць з-за цэнзурных умоў быў вымушаны карыстацца тэрмінамі «бел. племя», «мова бел. племені» замест «бел. народ», «бел. мова». Прызнанне беларусаў самастойным народам шырылася разам з ростам іх нац. самасвядомасці, абуджэннем ідэй адраджэння нацыянальнага, што прагучалі ўжо ў публіцыстыцы К.Каліноўскага, асабліва моцна — у творчасці Ф.Багушэвіча і інш. бел. пісьменнікаў, у дзейнасці бел. народнікаў (гл. «Гоман»). На пач. 20 ст. з нарастаннем рэв. ўздыму па ўсёй Расіі ідэі сац. і нац. разняволення прыгнечаных народаў набылі асаблівую сілу, у т. л. на Беларусі. Адмена ў 1905 забароны бел. друку дала новы штуршок развіццю бел. друкаванага слова і распрацоўцы праблем беларусазнаўства. Кола даследчыкаў пашырылася дзякуючы прытоку нац. свядомых людзей, якія па-новаму сталі асвятляць кардынальныя праблемы гісторыі бел. народа, паходжання бел. мовы і г.д. Абмеркаванне гэтых пытанняў выйшла за межы акад. навукі, у яго ўключыліся прадстаўнікі розных грамадскіх арг-цый, паліт. партый, прэса (напр., газ. «Наша ніва» і інш.). У 1910 у Вільні была выдадзена першая навук. праца на бел. мове «Кароткая гісторыя Беларусі» В.Ю.Ластоўскага, у якой намеціўся рашучы паварот навукі ад традыц. поглядаў на гісторыю Беларусі як на частку гісторыі Расіі ці Польшчы. Рэв. падзеі 1917 паставілі пытанне аб укараненні здабыткаў беларусазнаўства непасрэдна ў асв. практыку. У 1918 у Маскве ў Беларускім народным універсітэце дасведчанымі беларусазнаўцамі У.І.Пічэтам, Дз.М.Анучыным, Янчуком, П.А.Растаргуевым, З.Ф.Жылуновічам (Ц.Гартны) упершыню быў прачытаны сістэматызаваны курс лекцый па беларусазнаўстве (частка іх была выдадзена ў 1918—20 асобнай кнігай пад назвай «Курс беларусазнаўства»).

З абвяшчэннем БНР, а затым БССР беларусазнаўства стала дзярж. справай. Цэнтр беларусазнаўчых даследаванняў перамясціўся на Беларусь. Напачатку яны былі сканцэнтраваны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (засн. ў 1921) і Інстытуце беларускай культуры (засн. ў 1922), на базе якога ў 1929 створана Акадэмія навук Беларусі з разгалінаванай сістэмай беларусазнаўчых ін-таў. Было наладжана выданне спец. л-ры, перыяд. навук. выданняў («Запіскі аддзела гуманітарных навук Інстытута беларускай культуры», «Працы БДУ»), а таксама розных грамадска-паліт. і літ.-крытычных часопісаў. У 1920—21 беларусазнаўства як прадмет пачала вывучацца ў школах, гуртках і на курсах, у сувязі з чым вялася падрыхтоўка настаўнікаў і лектараў-беларусазнаўцаў (гл. ў арт. Вышэйшыя курсы беларусазнаўства). Асв. і навук. беларусазнаўства развівалася і ў Зах. Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут існавалі бел. школы, яны забяспечваліся адпаведнымі падручнікамі, на бел. мове друкаваліся грамадска-культ. і навук. часопісы, дзе публікаваліся даследаванні па беларусазнаўстве (гл. ў арт. Беларускае навуковае таварыства, Таварыства беларускай школы ў Вільні). Пасля 1-й сусв. вайны навук. асяродак беларусазнаўства (Навуковае таварыства імя Ф.Скарыны) склаўся таксама ў Чэхіі, дзе ў Пражскім Карлавым ун-це праходзілі навучанне многія студэнты-беларусы, што апынуліся па-за межамі СССР. Былі створаны Бел. навук. т-ва ў Рызе, Бел. камітэт у Чыкага і інш. Развіццю беларусазнаўства спрыяў узяты ў краіне на пач. 1920-х г. курс на беларусізацыю. Аднак у канцы 1920—30-х г. рэпрэсіі ўлад супраць нац. кадраў, барацьба з т.зв. бурж. нацыяналізмам нанеслі вял. страты беларусазнаўству. За «адыход ад марксісцка-ленінскай метадалогіі», «праяўленне буржуазнага нацыяналізму» ў БССР панеслі значныя страты кадры беларусазнаўцаў, амаль поўнасцю спынілася сур’ёзная даследчыцкая праца ў галіне беларусазнаўства. Аднаўляцца яна пачала толькі пасля Вял. Айч. вайны, але так і засталася ў рэчышчы паліт. дактрыны КПСС.

За пасляваенныя гады на Беларусі аднавіліся кадры беларусазнаўцаў, павялічылася іх колькасць за мяжой, былі створаны новыя н.-д. і навуч. ўстановы, узніклі новыя навук. выд-вы і перыяд. выданні, навук. кірункі, адбылося далейшае разгалінаванне навук пра бел. народ, беларусазнаўчыя даследаванні набылі шырокі размах. Склалася эміграцыйнае беларусазнаўства (у ЗША, Канадзе, Англіі, ФРГ) як альтэрнатыўнае савецкаму беларусазнаўству. За мяжой пачала выдавацца беларусазнаўчая перыёдыка: «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, «The Journal of Byelorussian Studies» (гл. «Джорнал ов беларашн стадыз»), «Occasional Papers in Belarusian Studies» («Альманах беларускіх даследаванняў») у Лондане і інш., бел. матэрыялы друкуюць самыя розныя (перш за ўсё славістычныя) замежныя выданні «Slavia» («Славія», Прага), «Slavia Orientalis» («Усходняя Славія», Варшава), «Zeitschrift für Slawistik» («Славяназнаўчы часопіс», Берлін) і інш. Аднак ідэалаг. супрацьстаянне «савецкай» навукі «заходняй», «буржуазнай» не спрыяла развіццю беларусазнаўства ў краіне. Улады ўсімі метадамі імкнуліся ізаляваць «савецкае» беларусазнаўства ад «заходняга», не дапусціць пры вырашэнні яго кардынальных праблем ніякіх адхіленняў ад ідэалаг. догмаў КПСС. Тым не менш за пасляваенны час у краіне і за яе межамі было створана нямала прац, якія трывала замацаваліся ў залатым фондзе беларусазнаўства. З 2-й паловы 1980-х г. стварыліся ўмовы для ўсебаковага, аб’ектыўнага даследавання беларусазнаўчай праблематыкі. Сталі агульнадаступныя тыя працы па беларусазнаўстве, што былі забаронены сав. уладай, з’явілася магчымасць абмяркоўваць тэмы, якіх раней у краіне нельга было закранаць або якія вырашаліся адназначна, толькі з пазіцый марксізму-ленінізму і паліт. інтарэсаў улады. Узніклі новыя грамадска-паліт. і навук. перыядычныя выданні па розных галінах беларусазнаўства. Створаны новыя грамадска-культ. і н.-д. ўстановы і арг-цыі: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны з аддзелам беларусазнаўства; адкрыты беларусазнаўчыя кафедры, аддзяленні і ф-ты ў ВНУ, у якіх беларусазнаўства выкладаецца як абавязковы прадмет. У 1991 заснавана Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ), якая аб’ядноўвае каля 600 навукоўцаў з розных краін свету, рэгулярна праводзіць навук. кангрэсы для абмеркавання праблем беларусазнаўства і вызначэння кірункаў яго развіцця.

Дасягненні беларусазнаўства ў розных яго галінах асвятляюцца ў адпаведных артыкулах «Беларускай савецкай энцыклапедыі» (т. 1—12, 1969—75), «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—2, 1993—94), энцыклапедычных даведніках «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Беларуская мова» (1994) і інш.

Літ.:

Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 1—5. Мн., 1993—95.

Л.М.Шакун.

т. 2, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

з 1, нескл., н.

1. Дзевятая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «зэ». Вялікае З. Друкаванае з.

2. Звонкі, свісцячы, пярэднеязычны, шчылінны зычны гук.

з 2 і са, прыназ. з Р, В і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «з» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р. Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, адкуль пачынаецца рух, дзеянне. Выйсці з хаты. □ Прыходзілі сяляне з навакольных вёсак са сваімі неадкладнымі справамі. Лынькоў. З таго боку Прыпяці шыбуе човен. Колас. / З геаграфічнымі назвамі. Прыслаць тэлеграму з Каўказа. Вярнуцца з Гомеля. / З назоўнікамі, якія абазначаюць месца, сферу дзейнасці. Прыехаць з камандзіроўкі. Вярнуцца з экспедыцыі. Прыйсці з лекцый. // У спалучэнні з прыназоўнікамі «на», «у» (з — на; з — у) ужываецца пры абазначэнні шматразовага дзеяння. Пераносіць з месца на месца. Пераязджаць з горада ў горад. Пераскокваць з купіны на купіну. / У некаторых устойлівых выразах. Пераліваць з пустога ў парожняе. □ Ля дзвярэй пераміналіся з нагі на нагу чырвонаармейцы. Лынькоў. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (з — да) ужываецца пры абазначэнні пачатковага і канцавога пунктаў распаўсюджвання дзеяння, стану, якасці або ўласцівасці. Прачытаць кнігу з пачатку да канца. □ Стары салдат сурова акінуў поглядам Лабановіча, змераў з ног да галавы. Колас. // Ужываецца пры абазначэнні месца, дзе знаходзіцца дзеючая асоба або прадмет. Гаварыць з трыбуны. Выглядаць з акна. □ — Зайдзі ў хату! — крыкнуў з ложка Патапавіч. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні месца або напрамку (адносна каго‑, чаго‑н.), дзе хто‑, што‑н. знаходзіцца або дзейнічае. Ля.. [Міколы], з правай рукі, як і заўсёды, уселася Зося. Гартны. З боку вёскі цягнулася вузкая паласа нізкарослых, каржакаватых хвой. Шамякін. // Ужываецца пры абазначэнні боку або напрамку, з якога дзеянне накіроўваецца на прадмет. Удар з тылу. □ Бруй зайшоў з другога боку печы. Колас. // (са словамі «бок», «пазіцыя», «пункт погляду» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці чыіх‑н. поглядаў, адносін да каго‑, чаго‑н. З майго пункту погляду. З пазіцый марксізма. □ Свой прысуд над існуючым грамадскія, ладам і падтрымку светлых пачаткаў жыцця пісьменнік ажыццяўляў з пазіцыі народнасці. Каваленка. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета або месца, з паверхні якога або ад якога што‑н. аддзяляецца, знімаецца. Зняць шапку з галавы. Устаць з ложка. Сарваць яблык з дрэва. Звярнуць з дарогі. □ Сарока з куста, а дзесяць на куст. Прыказка. / З назоўнікамі, якія абазначаюць сферу дзейнасці, заняткаў. Звольніць з пасады. Зняць з уліку. / У некаторых устойлівых выразах. Збіцца з ног. Зваліцца з неба. Спусціць з вока. Сарвацца з прывязі. Збіць з толку. Збіцца з тону. Сысці з рук.

2. з Р. Ужываецца пры абазначэнні месца праяўлення якой‑н. прыметы, якасці. З твару .. [Ліда Міхайлаўна] была даволі прыгожая жанчына. Колас. Ганна і з натуры, і з усяго аблічча была вельмі непадобная да сваёй маладзейшай сястры. Чорны.

3. з Т. Ужываецца пры абазначэнні сумежнасці, блізкасці чаго‑н. з чым‑н. у прасторы (звычайна са словамі «поруч», «побач», «поплеч»). Сесці поплеч з бацькам. □ Параўнялася Палікарпаўна з дваром сваёй напарніцы Маланні і не ўтрымалася, заглянула ў акно. Кулакоўскі. Клім пайшоў поруч з возам. Галавач.

Часавыя адносіны

4. з Р. Ужываецца пры абазначэнні часу, які з’яўляецца пачатковым момантам у развіцці якога‑н. дзеяння, стану або ва ўзнікненні якой‑н. якасці, уласцівасці. З дзевятага класа Віктар усё ж такі сеў на трактар. Кулакоўскі. Свежае з начы паветра напаўнялася цеплынёй. Самуйлёнак. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «з таго часу», «з той пары». // У спалучэнні з прыназоўнікамі «да» і «па» (з — да; з — па) ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога працякае дзеянне або стан. Працаваць з цямна да цямна. Прыём з 9 да 11 гадзін. □ Ой, гуляй жа, Бандароўна, З вечара да ранку! Купала. І з таго часу па сягоння Мне сонцам свеціць Наднямонне. Колас. // У спалучэнні з прыназоўнікам «на» (з — на) ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу паміж двума днямі, датамі, у межах якога працякае дзеянне або што‑н. адбываецца. З суботы на нядзелю выпаў снег. Ноччу з пятага на шостае прыехаў брат. // У спалучэнні з прыназоўнікам «на» (з — на) у складзе некаторых устойлівых выразаў ужываецца пры абазначэнні нявызначанага, але блізкага часу здзяйснення чаго‑н. Чакаць з дня на дзень. □ Мы ляжым у лазняках і чакаем з хвіліны на хвіліну, калі скажуць нам: — Па два ў рад, на пантоны. Лынькоў. // Разам з прыназоўнікам «у» (з — у) у некаторых устойлівых выразах ужываецца пры абазначэнні бесперапыннасці або перыядычнасці дзеяння. З веку ў век. □ З году ў год у доўгія зімовыя вечары збіраюцца ў .. [Ладыніных] суседзі. Шамякін.

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні часу або падзеі, з надыходам якіх адбываецца якое‑н. дзеянне, узнікае які‑н. стан. З надыходам вясны прырода ажывае. □ Да працы ўстаць з зарою. Танк. // Ужываецца пры азначэнні рада паслядоўных момантаў, па меры надыходу якіх разгортваецца якое‑н. дзеянне. Замілаванасць [Марціна] да дзяцей з гадамі яшчэ больш вырастала. Чорны. Рэчка мялела з кожным годам, на вачах у людзей. Шамякін. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «з часам», «з цягам часу» і пад.

Прычынныя адносіны

6. з Р. Ужываецца пры абазначэнні прычыны якога‑н. дзеяння або стану. Запець з радасці. Заплакаць з гора. □ З крыку .. [Сымон] зусім ахрып. Колас. Машкара, што збожжа ела, З маразоў падохла. Крапіва. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «ні з таго ні з сяго» і пад.

7. з Р і Т. Ужываецца пры абазначэнні падставы для якога‑н. дзеяння або стану. З дазволу бацькі. З пашанай да заслуг. □ Каля крамы Максіма спынілі мужчыны, што стаялі там, павіншавалі з прыездам. Шамякін.

Акалічнасныя адносіны

8. з Р. Ужываецца пры характарыстыцы спосабу дзеяння. Пісаць з вялікай літары. Страляць з калена. □ [Васіль і Санька] пераскочылі цераз зялёную канаву і з ходу палеглі на траву. Брыль. / У некаторых устойлівых выразах. Ударыць з усёй сілы. Кінуцца з усіх ног. // З колькасным словам пры кіруемым назоўніку ужываецца пры абазначэнні абставін, неабходных або дастатковых для ажыццяўлення чаго‑н. Папасці ў мішэнь з першага стрэлу. Пазнаць чалавека з першага погляду.

9. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння або стану, якія адбываюцца адначасова з асноўным дзеяннем і характарызуюць яго. Чакаць з нецярпеннем. Слухаць з усмешкай. □ Угары над хвойнікам зялёным Снуюцца пчолкі з ціхім звонам. Колас. Хлапчук выскачыў праз акно ў двор і пабег з крыта на вуліцу. Галавач. Маці стаяла пасярод хаты і з замілаваннем глядзела на сына. Шамякін. // Ужываецца пры характарыстыцы спосабу дзеяння. Працаваць з натхненнем. Званіць з перапынкамі. □ Стары з натугі разагнуў паясніцу і падышоў да печы. Кулакоўскі. Вайсковыя часці адыходзілі па дарогах з боем. Лынькоў.

10. з Т. Ужываецца пры абазначэнні сродку, з дапамогай якога ажыццяўляецца дзеянне. Адправіць пакет з пасыльным. Змагацца са зброяй у руках. □ — Уставай, мама, самавар стаў, бацька едзе з пасажырскім. Лынькоў.

11. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца паказчыкам паўнаты ахопу дзеяннем каго‑, чаго‑н. Вырваць з коранем. □ Укрыўшыся з галавою ад камароў, .. [Васіль] толькі прыкідваўся, што спіць. Мележ.

Мэтавыя адносіны

12. з Т. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. Звярнуцца з просьбай. Адправіць з даручэннем. □ Дарвідошка пайшоў у бок стайні з рапартам. Колас.

Азначальныя адносіны

13. з Р. Ужываецца пры характарыстыкі каго‑, чаго‑н. з боку паходжання, узнікнення і пад. Дакладчык з горада. Рыбакі з Нарачы. / У некаторых устойлівых выразах. З чужога пляча. Бандыт з вялікай дарогі. // Ужываецца пры абазначэнні цэлага, састаўной часткай якога з’яўляецца прадмет, названы кіруючым назоўнікам. Колас з машыны. Шнурок з чаравіка.

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або асобы, якіх нагадвае па велічыні другі прадмет або асоба. Воз з гару. □ Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста. З вядро галоўкі вырастаюць. Колас.

15. з Т. Ужываецца пры характарыстыкі пастаяннай ці часовай знешняй прыметы або ўнутранай якасці каго‑, чаго‑н. Хата з чарапічным дахам. Дзяўчына з кнігай у руках. Чалавек з розумам. Дзіця з музыкальнымі здольнасцямі. □ Гэта была натура з нахілам да задумёнай разважлівасці. Чорны. Паміж фурманак блукаюць, спяшаючыся, людзі з кошыкамі. Галавач.

16. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які знаходзіцца ў другім прадмеце і гэтым характарызуе яго. Кошык з ягадамі. Вядро з вадой. Мяшок з мукой.

17. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, які знаходзіцца ў якім‑н. становішчы або стане. Аварыя з самалётам. Гісторыя з пісьмом. □ Пажар з цыстэрнамі нарабіў багата клопатаў Вейсу. Лынькоў.

Колькасныя адносіны

18. з Р. Ужываецца пры абазначэнні колькасці асоб або прадметаў, якія складаюць якую‑н. сукупнасць, аб’яднанне і пад. Сям’я і трох чалавек. Група з пяці студэнтаў. □ У ясны веснавы дзянёк Анцыпік і Лабановіч ехалі ў сялянскай каламажцы на хутар з трох ці чатырох двароў. Колас. Зайграў самадзейны аркестр з гармоніка, трох балалаек, мандаліны, дзвюх гітар. Дуброўскі.

19. з В. Ужываецца для абазначэння прыблізнай меры часу, прасторы, вагі і пад. Пабыць з тыдзень. Прайсці з кіламетр. Адпачыць з паўгадзіны. Рыбіна важыла з кілаграм.

20. з Р (са словамі «досыць», «хопіць», «мала» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні асобы, якая з’яўляецца крытэрыем меры, дастатковасці чаго‑н. З мяне даволі. З яго ўсё мала. □ Няхай выгрызе рагуля ўсю траву, што тут ёсць, хопіць з яе. Кулакоўскі.

21. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дадатковай колькасці чаго‑н. Двое сутак з палавінай. Аддаць доўг з працэнтамі. / У некаторых устойлівых выразах. З гакам. □ Было .. [Талашу] тады гадоў семдзесят з хвосцікам. Колас.

Аб’ектныя адносіны

22. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, на якія накіравана дзеянне. Справіцца з цяжкасцямі. Скончыць з вайной. Сабрацца з сіламі. □ Чалавек чуў запытанне і мару дзіў з адказам. Лынькоў.

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, да якіх устанаўліваюцца якія‑н. адносіны іншай асобы або прадмета (падабенства, адрозненне, далучэнне, аддаленне і пад.). Зверыць копію з арыгіналам. Пазнаёміць з прыяцелем. Спыніць перапіску з кім‑н. Разлучыцца з блізкімі. // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія ўзаемадзейнічаюць з іншай асобай або прадметам. Бачыцца з бацькамі. Сустракацца з людзьмі. □ Тут верх асіны круглалісты Сплятаўся з хвоямі, з дубамі. Колас.

24. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія маюцца ў каго‑н. у момант дзеяння. Ісці з партфелем. Сядзець з дзіцем на руках. □ Стары пакут усіх не знёс, Уцёк у лес з сякерай вострай. Чарот. Усе праз гадзіну-другую выходзілі з поўнымі кошыкамі чырвоных рыжыкаў. Шамякін. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «разам з тым», «ні з чым». // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, наяўнасць, прысутнасць якіх з’яўляецца прычынай якога‑н. стану, з’явы. З такім таварышам не прападзеш. □ Я ж быў рад новаму чалавеку, бо мне іншы раз было сумнавата з Нямком. Кулакоўскі.

25. з Р. Ужываецца пры абазначэнні матэрыялу, з якога зроблена што‑н. Хата з бярвення. Вянок з жывых кветак. Нож са сталі. □ Няма на свеце лепшых падушак, як з гусінага пуху і пер’я. Чорны.

26. з Р. Ужываецца пры абазначэнні якога‑н. прадмета, месца, сховішча, з якога бярэцца, выпадае, выдаляецца што‑н. Нож выпаў з рук. Узяць яблык з кошыка. □ Закіпела ў печы і бяжыць з чыгуна на гарачую чарэнь вада. Галавач. Панасу памог выбрацца з няволі польскі салдат, што стаяў там на варце. Колас.

27. з Р. Ужываецца пры абазначэнні крыніцы, адкуль што‑н. бярэцца, паходзіць. Цытата з кнігі. Арыя з оперы.

28. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асяроддзя, групы, адкуль хто‑н. паходзіць. Ён з рабочай сям’і. □ Васіль быў не з бедных. Якімовіч. Выйшлі ўсе мы з народа, Дзеці заводаў і сёл. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на прыналежнасць асобы або прадмета да якой‑н. групы, катэгорыі па ўласцівасці або прымеце. Задача была не з лёгкіх.

29. з Р. Ужываецца пры абазначэнні якой‑н. сукупнасці, адкуль бярэцца, вылучаецца якая‑н. частка. Адзін з многіх. □ — Нехта з блізкіх сяброў, — падумаў Лабановіч, — але хто? Колас. Адна з жанчын разгарнула невялікі пакунак, паказвае другім. Галавач.

30. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія змяняюцца, робяцца якасна іншымі. З іскры разгарыцца полымя. □ І ноч тады — з цёмнай карэльскай ночы — робіцца казачнай ноччу. Лынькоў.

31. з Р. Ужываецца пры абазначэнні стану, які парушаецца, перапыняецца (звычайна пры дзеясловах «выводзіць», «выходзіць», «выбіваць» і пад.). Выбіцца з сіл. Выходзіць з сябе. □ Кожная новая змена ў абставінах, ці яна добрая, ці благая, выводзіць чалавека з.. раўнавагі. Колас.

32. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з’явы, прадмета або часткі прадмета, з якіх пачынае развівацца дзеянне, стан (звычайна пры дзеясловах «пачынаць», «пачынацца», «пачаць», «пачацца»). Пачну з цябе. Дзень пачаўся з абходу палат.

33. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з якой што‑н. спаганяецца, утрымліваецца і пад. З яго ўзялі тры рублі. □ Ладымер Стальмаховіч, стоячы ў дзвярах, зняў як бы сяброўскі допыт з Сымона Мікуця. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія служаць адзінкай разліку пры атрыманні, зборы чаго‑н. Класці ў касу ўзаемадапамогі па пяць рублёў з кожнай зарплаты. Сабраць па трыццаць цэнтнераў пшаніцы з гектара.

34. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія служаць узорам для пераймання, капіравання і пад. Зняць копію з дыплома. Зрабіць рэпрадукцыю з карціны. Рысаваць з натуры. Перакласці з рускай мовы. Браць прыклад са старэйшых.

35. з Р (пры дзеясловах «смяяцца», «жартаваць», «кпіць», «здзекавацца», «дзівіцца» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх праяўляецца якое‑н. пачуццё. З каго кпіла, смяялася, таму сама дасталася. З нар. Пасмяяўся чыгун з катла, а абодва чорныя. Прыказка. Хто не бачыў вялікага, той з малога дзівіцца. Прыказка.

Абмежавальныя адносіны

36. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх выяўляецца падабенства або агульнасць у чым‑н. Старшыня сельсавета адных год з Полазам, але нізкі ростам і рухавы. Шамякін.

Адносіны сумеснасці

37. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія сумесна з другой асобай або прадметам удзельнічаюць у якім‑н. дзеянні або суправаджаюць іншую асобу, прадмет. Сцяжынкаю хлопец з дзяўчынай ідзе. Танк. Ганна заспявала разам з усімі, заспявала звыкла. Мележ. // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія разам з іншымі асобамі або прадметамі ўваходзяць у склад чаго‑н. Нас з вамі дзесяць чалавек.

Адносіны ўласцівасці

38. з Т (з дзеясловамі «быць», «адбывацца», «здарацца» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія знаходзяцца ў пэўным стане, з якімі што‑н. адбываецца. Такое не з кожным здараецца. □ Нешта муліла бок, няёмка было з рукой. Лынькоў. Ганна па .. насцярожанасці [Васіля], па голасе здагадалася, што было з ім. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знак, ‑а, м.

1. Прадмет, метка, фігура і пад., якія служаць для абазначэння чаго‑н., указання на што‑н. Зрабіць знак на дрэве. Указальны знак. □ Хвост паражняка мільгануў за паласатым чыгуначным знакам. Навуменка. // Сведчанне, прымета чаго‑н. Маўчанне — знак згоды. □ Шаблю .. [бацька] павесіў на сцяне, як знак уласнай вайсковай доблесці. Алешка. — Камары таўкуць свой мак, Быць надвор’ю — добры знак. Гаўрусёў.

2. След, шрам, якія засталіся пасля чаго‑н.; характэрны адбітак, накладзены чым‑н. Знак удару. □ Я мог толькі здагадацца, што той рубец быў знакам апошняй вайны. Краўчанка. // перан. Здабыткі, вынікі чыёй‑н. працы, дзейнасці і пад. Перш, чым здарыцца такое, .. [Антон] павінен штосьці зрабіць, пакінуць пасля сябе нейкі знак, добрую памяць. Савіцкі.

3. Умоўнае абазначэнне з замацаваным за ім канкрэтным значэннем. Матэматычны знак. Астранамічныя знакі. Нотны знак. Карэктурныя знакі. // Кляймо, метка. Фабрычны знак. Фірменны знак.

4. Тое, што і значок (у 1 знач.). Усе леснікі былі ўжо ў зборы У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі, На шапках «Я» было з каронай. Колас.

5. Рух (рукой ці галавой), якім паведамляюць што‑н., папярэджваюць аб чым‑н. Убачыўшы Васіля, Піліп ветліва памахаў яму зверху рукой і паказаў знакамі, што хутка спусціцца ўніз. Кулакоўскі. Поля спалохана падавала Сашы знакі: маўчы, каму ты гаворыш, думай! Кузьма заўважыў гэтыя знакі. Шамякін.

•••

Вадзяныя знакі — літары і фігуры на паперы, якія ставяцца ў час вырабу паперы і бачныя толькі на прасвет.

Дзяржаўны знак якасці — адзіная ў СССР адзнака дзяржаўнай атэстацыі прадукцыі на адпаведнасць яе лепшым сусветным і айчынным узорам.

Дыякрытычны знак — знак над або пад літарай, які паказвае, што яе трэба чытаць інакш, чым без яго або з іншым знакам (напрыклад, у беларускай мове літара «ў» чытаецца коратка ў адрозненне ад «у»).

Знакі адрознення — значкі, нашыўкі, пагоны і пад. на форменным адзенні, якія служаць для абазначэння звання, роду службы ці ведамства.

Знакі задыяка — абазначэнні 12 сузор’яў, якія размешчаны ўздоўж экліптыкі і названы пераважна імёнамі жывёл (Рак, Леў, Скарпіён і інш.).

Знакі прыпынку — графічныя знакі (кропка, коска і пад.), якія ўжываюцца ў пісьмовай мове для сэнсавага і інтанацыйнага расчлянення тэксту.

Знакі ўзнагароды — ордэны і медалі.

Мяккі знак — назва літары «ь».

Цвёрды знак — назва літары «ъ» (у рускай і старабеларускай азбуцы).

Дацца ў знакі гл. дацца.

Пад знакам чаго — кіруючыся якой‑н. ідэяй, якім‑н. імкненнем. У нашай сям’і выхаванне ішло пад знакам вялікай любві і пашаны да кнігі. С. Александровіч.

У знак чаго — як сведчанне, доказ чаго‑н.; паказваючы, выяўляючы што‑н. Калі Сашу гаварылі, што з ім пойдзе Аляксей, той толькі моўчкі ківаў галавой у знак згоды. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбе́гчыся, ‑бягуся, ‑бяжышся, ‑бяжыцца; ‑бяжымся, ‑бежыцеся, ‑бягуцца; пр. разбегся, ‑глася; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Бягом накіравацца з аднаго месца ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх людзей або жывёл). Натоўп разбегся. Аставаліся купкі загнаных у падваротні, прыціснутых да зачыненых пад’ездаў людзей. Караткевіч. Салдаты разбегліся садзіцца ў цяплушкі, зазываючы да сябе гарманіста. Гурскі. Шмыгануўшы цераз вал, імкліва скаціліся два пушыстыя клубочкі, чорны і белы, і разбегліся ў розныя бакі. Гэта былі маладзенькія трусы. Ракітны. // Разысціся, рассеяцца, пабегшы ў розных напрамках (пра некалькіх, многіх людзей або жывёл.) — Ну, пайшлі, — падняўся дзядзька і паклікаў пляменнікаў, якія разбегліся па лесе. С. Александровіч. Часам недзе вылі ваўкі. Казалі, што гэта нямецкія аўчаркі, якія разбегліся па лесе, калі пачалося наша наступленне. Асіпенка.

2. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Паспешліва пакінуць каго‑, што‑н., накіраваўшыся ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх людзей або жывёл). У той дзень, калі ўступілі немцы, у бальніцы заставаўся ён, Сцяпан Андрэевіч, ды я. Усе разбегліся. Нават хворыя паўцякалі, хто мог хадзіць. Шамякін. // Спешна пакінуць месца сваёй работы, службы (пра многіх). — Як жа я магу цяпер узяць цябе на будоўлю?! Уся брыгада разбяжыцца. Чарнышэвіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка расступіцца, рассунуцца ў розныя бакі (пра неадушаўлёныя прадметы). Калі заслона разбеглася па баках, Міхась адразу ж вылучыў з усяго квяцістага хору дзяўчыну, якую сустрэў на вуліцы. Рамановіч. Раптоўна кусты разбегліся ў бакі, і падарожнікі апынуліся перад шырокай лесвіцай з высокімі выцертымі ступенямі. Б. Стральцоў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка перакінуцца з прадмета на прадмет, не спыніўшыся ні на адным (пра думкі, пачуцці). Думкі разбегліся.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка разысціся ад чаго‑н. у розныя бакі. Разбегліся чародкі хмарак Ад крылаў іх [буслоў], Як ад вінта. Чарняўскі. // Накіравацца з аднаго месца ў розных напрамках (пра вуліцы, дарогі, ручаі і пад.). Разбегліся ў полі Жытнёвыя сцежкі... Кляўко. Вуліцы вёскі Камсамольская разбегліся па ўзгоркавых схілах каля невялікай рачулкі. Хведаровіч. Калі мінуць хвойнічак, ідучы праз яго, дык праз чвэртку кіламетра якога разбяжыцца поле і шлях. Чорны. Ляснічы бачыў, як перажывае Лугавы за сына, як змарнеў чалавек за тыя дні: маршчыны частымі барознамі разбегліся ад шчылінаквачэй. Даніленка.

6. У бегу набраць вялікую скорасць. Бяда толькі, што не разбяжышся, як след: і цесна, і маці ўшчувае: — Кінь ты дурыкамі займацца. Лынькоў. То разбяжыцца, То пухам засцелецца, Гойкае, кружыць, Спявае мяцеліца. Броўка.

7. Прабегчы некаторую адлегласць, каб набраць скорасць для скачка, пад’ёму і пад. Схапіўшы на рукі Марынку, я разбеглася. Лёд затрашчаў пад нагамі, але мы праехалі каляіну да канца. Савіцкі. Віця апусціў рэйку ніжэй. Мара адышоў да дзвярэй, потым разбегся і скочыў. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)