КАРАКУ́МЫ Туркменскія, пясчаная пустыня на Пд Сярэдняй Азіі, у Туркменістане. На Пн і ПнУ абмежавана Сарыкамышскай упадзінай і далінай Амудар’і, на ПдУ — узвышшамі Карабіль і Бадхыз, на Пд — падгорнай раўнінай Капетдага, на З — сухім рэчышчам Зах. Узбоя. Пл. каля 350 тыс. км². К. ўтвораны пераважна з пясчаных адкладаў пра-Амудар’і, на Пд — з асадкаў рэк Тэджэн і Мургаб. Пераважаюць пяскі, у асноўным замацаваныя градавыя, на Пд — бугрыстыя; пашыраны таксама сыпучыя барханавыя пяскі, пераважна вакол такыраў, што ўтварыліся на гліністых адкладах стараж. рачных разліваў. Характэрны саланчаковыя катлавіны — шоры. Радовішчы карысных выкапняў: сера (Дарваза), газ (Дарваза—Зеаглі, Ачак, Байрам-Алі), нафта. У рэльефе К. вылучаюцца: паўн. Заунгузскія К., або Заунгузскае плато (выш. пясчаных град да 40—60 м); паўд. Нізінныя, або Цэнтральныя, і Паўд.-Усходнія К. (выш. град ад 3—5 м да 30 м). Па мяжы Нізінных і Заунгузскіх К. размешчаны Унгуз. У Паўд.-Усх. К. знаходзіцца сухое рэчышча Узбоя Келіфскага. Клімат рэзка кантынентальны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад -5 °C на Пн да 3 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 28 °C да 34 °C. Сутачныя амплітуды т-ры паветра да 50 °C. Ападкаў ад 60 да 150 мм (на Пд) за год. Па паўн.-ўсх. мяжы К. цячэ р. Амудар’я; Тэджэн і Мургаб губляюцца ў пясках. К. багатыя грунтавымі водамі. Глебы на зарослых пясках шэра-бурага тыпу, у паніжэннях — саланчакі і такыры. Пераважае рэдкая травяністая расліннасць (пясчаная асака) з зараснікамі хмызнякоў (белы і чорны саксаул, пясчаная акацыя, эфедра, астрагалы), на барханавых пясках — кандым, чэркез, злак селін. Жывёльны свет: пясчаная рысь—каракал, джэйран, ліс, дзікабраз, заяц, грызуны, стэпавая чарапаха, яшчаркі—агама, геконы, варан, змеі; птушкі — саксаульная сойка, пустынны груган, павукападобныя — фалангі, скарпіёны. Большая ч. пустыні ўвесь год выкарыстоўваецца як паша. Уздоўж Амудар’і, Мургаба, Тэджэна, арашальнага Каракумскага канала аазіснае земляробства. У Паўд.-Усх. К. — Рэпетэкскі запаведнік.

Такыр у Каракумах.

т. 8, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ствол ‘надземная частка дрэва ад каранёў да верхавіны’, ‘сцябло’, ‘камель’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ‘цэнтральны корань у дрэве’ (ТС), ствалі́на ‘руля (у стрэльбе)’ (Нік. Очерки), цвол ‘тс’ (там жа), ство́льны ‘сцяблісты’ (Бяльк.). Рус. ствол ‘тс’, ц.-слав. стволие ‘крапіва’, в.-луж. stwółk ‘сцябло’, н.-луж. stwoł ‘сабачая пятрушка’, чэш. stvol ‘сцябло’, славен. stvȍlасака’, серб.-харв. цво̀лика ‘сцябло цыбулі’, балг. дыял. ствол ‘балігалоў’, цвол ‘сцябло’. Выводзяць з *stьbolъ, якое роднаснае сцябло (гл.). Гл. Міклашыч, 327; Младэнаў, 608; Махэк₂, 591; Шустар-Шэўц, 1373; Фасмер, 3, 749 з іншай літ-рай; Дзімітрова–Тодарава, Этимология–2003–2005, 49–50. Сюды ж, відаць, ство́лак ‘вільчык, сасновы кругляк’ (Пятк. 1) — ад сво́лак ‘вільчык’ пад уплывам ствол.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарада́1 ‘скарадзьба, баранаванне’ (Касп.), ‘барана’ (Ласт., Байк. і Некр.), ‘барана з устаўнымі зубамі’, перан. ‘упартасць, маральная няўстойлівасць’ (Нік. Очерки). Рус. дыял. скорода́ ‘барана’. У апошнім значэнні прасл. *skorda, дэрыват з суф. ‑a ад прасл. *skorditi ‘баранаваць’. Мяркулава (Этимология–1973, 55) у якасці паралелі падае ўкр. гуц. коро́да ‘моцна сукаватае дрэва’, якое магло служыць прымітыўнай бараной. Гл. скарадзіць і наступнае слова.

Скарада́2 ‘усходы, асенняя рунь’ (Ян., Шатал.), ‘вясновыя ўсходы яравых’ (Яшк.), ‘усходы’ (Ян., усх.-палес., Выг., Пятк. 1), скарадзі́цца ‘налівацца’ (Шатал.), скарадзе́ць ‘зелянець’ (Пятк. 1), скороды́тысь ‘усходзіць’ (палес., Выг.). Укр. палес. скорода́ ‘ўсходы пасеваў, рунь’. Да скарадзіць (гл.), што да і.-е. *(s)ker‑ з ‑d‑расшыральнікам; гл. Мяркулава, Этимология–1973, 55. Архаічны семантычны дыялектызм. Параўн. аднак славен. skráda ‘пшаніца, Triticum repens’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *skorda ‘штосьці калючае, завостранае’ (Сной у Бязлай, 3, 247).

Скарада́3 ‘цыбуля-скарада, Allium schoenoprasum L.’ (Кіс.). Укр. дыял. скорода́ ‘цыбуля, Allium angulosum L.’, рус. скорода́ ‘палявыя дзікія цыбуля або часнок’, дан. ско́рда ‘часнок’. Запазычанне з грэч. σκόροδοѵ, σκορδοѵ ‘часнок’, роднаснага алб. hurdhë ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 282; Міклашыч, 303; Фасмер, 3, 652). Гл. таксама Мяркулава (Очерки, 133) з некаторымі сумненнямі адносна ўкраінскіх назваў. Параўн. наступнае слова (гл.).

Скарада́4асака, Carex L.’ (Інстр. 2), ‘асака пальчатая, Carex digitata L.’ (маг., Кіс.), скаро́да ‘тс’ (Касп.). Укр. скоро́даасака’. Відаць, этымалагічна тое ж, што і скарада1, 2 (гл.). Да семантыкі параўн. іншыя назвы, як целарэз і рус. том., кемер. реза́чка (да рэзаць, гл.). Але не выключаны і перанос назвы з дзікай цыбулі (гл. папярэдняе слова) з прычыны падабенства — вострае вузкае лісце. Паводле Сноя (Бязлай, 3, 247), усе назвы раслін з такімі характарыстыкамі, параўн. серб. скрада ‘ажына, сітніца, Luzula silvatica’, укр. бойк. ско́род ‘від высокай травы’, славен. skrada, škrada ‘пшаніца, Tritium repens’, як і скарада ‘барана’, узыходзяць да прасл. *skorda ‘штосьці калючае, завостранае’, што ўяўляе nomen agentis ад дзеяслова, прадстаўленага ў літ. sker̃sti ‘забіваць жывёліну, калоць’, skardýti ‘тс’, лат. šķḗrst ‘расколваць; вязаць’ < і.-е. *(s)ker‑d‑ ‘рэзаць, калоць’, у тым ліку ад той жа асновы і грэч. σχόρ(ο)δον ‘часнок’.

Скарада́5 ‘панікніца, Geum L.’ (Бяльк.). Няясна. Фармальна да папярэдняга, але аснова намінацыі няясная. Магчыма, перанос са скарада1, параўн. іншыя назвы розных відаў гэтай расліны: маг. грабелькі, рус. гребник, укр. гребенник (Аненкаў, 157), калі апошнія не сапсаваныя заходнеславянскія назвы, параўн. чэш. hrebičková bylina ‘гваздзіковае зелле’, таму што сухі корань яе мае пах гваздзікоў; чэшская назва з’яўляецца ўласна перакладам грэчаскай назвы расліны, гл. Махэк, Jména, 106.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляпешнік ’алешнік’, ’альховыя кусты з гразкімі месцамі і сенажатнымі лажкамі’ (слаўг., Яшк.; Касп., Мат. Гом.), ’аер’ (ТС). Укр. лепішникасака’, лепешни́к, лепешня́к ’чарот лясны’, рус. лепёшник ’аер, ірны корань’, Acorus calamus L.’, смал. ’зараснікі альхі’, калін. шелеп ’алешнік’ (з перастаноўкай зычных), кур. ’плюшчай галінасты, Sparganium ramosum Huds.’ разан. ’мальва’, ніжагар. ’падбел’, алан. лепешня́к ’нізкі вярбіннік або алешнік’, варон. лепёшечник ’трыпутнік’, сарат. ’алтэй’; польск. lepiaśnik, lepiężnik ’белакапытнік, Pelasites Mill.’, ’падбел’, якія Слаўскі (4, 166) лічыць запазычаннем з усх.-слав. моў. У зах.- і паўд.-слав. мовах (славен. lepeník, lepíš ’падбел’) з кораня lop‑/lap‑. Можна меркаваць, што тут зліліся ў адну некалькі лексем: ад ле́пест (гл.) і лексемы са значэннем ’алешнік’, запазычаныя з фін., карэльск. leppä, эст. lepp ’алешына’ (Каліма, 152; Фасмер, 2, 484).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туры́ца1 ‘дзікая карова’; ‘рослая, дужая дамашняя карова’, перан. ‘мажная, здаровая жанчына’ (Нас.), ту́рыца ‘карова’: пайду́ ту́рыцу заганяць (Рэг. сл. Віц.), туры́ця фалькл. ‘самка тура’ (драг., Сл. ПЗБ). Насовіч (644) лічыў назву вытворнай ад тур ‘дзікі вол’ (гл. тур1), параўн. укр. тури́ца ‘самка тура’, рус. фалькл. тури́ца ‘эпітэт свахі’, польск. turzyca ‘шэрсць на некаторых жывёлах’, ‘вясенняя ўрачыстасць’, харв. дубр. ту̀рица ‘карнавальная маска на Грамніцы’, адносна апошняга Вук Караджыч дапускае сувязь з назвай бога вайны Тура (Сабр. дела, 17, 166); славац. Turice ‘Сёмуха’ Вайтыла-Свяжоўска (Зб. Слаўскаму, 481) лічыць плюралізаванай формай з суф. ‑ica ад прыметніка *turьjь ‘тураў, які датычыць тура’; паводле Краліка (634), назва паганскага свята прыходу вясны або лета, прысвечанага зверу, які сімвалізуе сілы прыроды.

Туры́ца2 ‘шабельнік балотны, Comarum palustre L.’ (бяроз., Нар. лекс.), туры́ця ‘тс’ (драг., Бел. дыял. 1), туры́ца ‘шляз, Aithaea officinalis L.’ (лун., Арх. Вяр.), туры́ца (травы) (Сержп. Грам.): ад крываўкі добрэ піць настой у гарэлцы карэння турыцы (Сержп. Прымхі), туры́ца, туры́ця ‘вадаперыца, вадзяны кураслеп, Hottonia palustris L.’ (ганц., драг., Сл. ПЗБ). Няясна; назва аб’ядноўвае розныя расліны, пераважна балотныя, фармальна звязаныя з тур1, турыца1, аднак матывацыя застаецца да канца не высветленай, параўн. укр. тури́цяасака, Carex L.’, польск. turzyca ‘тс’, серб., харв. ту́рица ‘павіліца, Galium L.; панікніца, Geum L.’. Аўтары ЕСУМ (5, 680–681), спасылаючыся на польск. turza trawa, turzowa trawaасака’, лічаць, што з-за сваёй жорсткасці яна магла быць кормам толькі для такіх буйных жывёл, як тур або зубр, параўн. польск. turówka ‘зуброўка’; перанос назвы на іншыя расліны мае іншую матывацыю (магчыма, колер травы, падобны да поўсці звяроў, як паказчык эфектыўнасці ўздзеяння пры лячэнні і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́знік1, рэ́зка, рэ́ская трава, рэза́к ’разак, Stratiotes L.’ (ЛА, 1, Мат. Гом.), ’зараснікі рагалісніку Ceratophyllum demersum L.’ (Ялік.), рэ́зьнік, рэ́зя ’рачная трава падобная да альясу, разак’ (Сл. ПЗБ), рэ́зьнік ’балотная трава’ (Нар. лекс.), рэ́ская траваасака, Carex L.’ (ЛА, 1). Расліна атрымала такую назву паводле вострых краёў лісця. Ад рэзаць (гл.).

Рэ́знік2 ’пшанічная аладка, спечаная з раскачанага цеста, разрэзанага на чатырохвугольныя часткі’ (Нас.), рэ́знікі ’тс’ (Сл. Гродз., Сл. рэг. лекс., Сцяшк. Сл.), рэ́зьнік ’тс’ (Янк. Мат.), ’тс’ (Бяльк.), рэ́знік ’пернік’ (Сцяшк. Сл., Юрч.), ’луста’ (Нік., 88), рэ́знічак ’тс’ (Юрч. СНЛ). Серб. і харв. реза́нац ’адрэзаны кавалак’, реза́нци ’локшыны’. Да рэзаць (гл.), параўн. яшчэ семантыку палама́нцы ’печыва з мукі; ламанцы’ (Сл. Гродз.) ад ламаць.

Рэ́знік3 ’мяснік’ (Мат. Гом., Нас., ТС, Байк. і Некр.). Гл. разнік.

Рэ́знік4 ’кош, сплецены з нітак’ (Сл. Гродз., Сл. рэг. лекс.). Дээтымалагізаваная форма ад рэзгіны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кружо́к

1. Невялікае балота сярод поля (Зах. і Цэнтр. Палессе Талст., Пар.) або ў лесе (Пар.).

2. Зараснік хмызняку; гай (Палессе Талст.).

3. Невялікае месца, якое зарасло травой, ягаднікам; чыстае месца (Стол.).

4. Крынічае месца, на якім расце купкамі ярка-зялёная асака Carex coespitosa L.; месца, прыгоднае для капання калодзежа (Слаўг.).

ур. Кружкі́ (крынічнае багністае месца) каля в. Кулікоўка Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Лянок ’павіліца звычайная, Galium verum L.’ (гродз., Кіс.), лельч. лёно́к ’чабор звычайны, Thymus serpyllum L.’, ц.-палес. лёно́к, лінок ’зоркаўка ланцэтападобная, Stellaria holostea L.’ (Бейл.) названы паводле падабенства сцябла з лісцем да льну, хаця матывацыя назваў застаецца не зусім яснай; лянок божы ’крапінец, Polygala L.’ (віл., Сл. ПЗБ) — паводле сіняватага колеру кветак і формы плоду — каробачкі, а прыметнік божы, магчыма, семантычная трансфармацыя польск. назвы крапіцца krzyżownica (krzyżownik, krzyzownia); ластоўчын лёнок ’казялец едкі, Ranunculus acer L.’ (пін., Бейл.) — назва, відаць, перайшла з казяльца пякучага (R. flammula), які пры дотыку да скуры выклікае яе пачырваненне накшталт вяснушак (параўн., драг. ластовэ́ньне ’вяснушкі’); польны лянок ’зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (гродз., Кіс.) — паводле падабенства лістоў да лісця льну. З гэтым жа коранем і славац. ľanovec ’тс’. Азначэнне польны з польск. polny ’палявы, дзікі, vulgaris’; лянок ’званочак раскідзісты, Campanula patula L.’ (гродз., Кіс.) — паводле каробачкі (плоду), якая нагадвае званочак. Да лён (гл.). Аналагічна ўкр. льонок ’зарніца звычайная’, ’лён слабіцельны’, рус. ленок ’зарніца’, ’грудніца звычайная, Linosyris vulgaris’, ’асака’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

раза́к 1, ‑а, м.

1. Прылада для рэзання чаго‑н. Мадэльеры распрацавалі спараныя разакі для раскрою мяккага скуртавару. «Звязда». // Рэжучая частка якой‑н. прылады, інструмента, машыны. Не забыта .. [зямля], бо вунь пры шляху востра паблісквае на сонцы разаком плуг. Мурашка. // Абл. Піла. Назаўтра з раніцы засунуў [Марцін] за пояс спрытную сякеру, узяў разак, прыстасаваны такім парадкам, каб можна было ім аднаму пілаваць, і пайшоў ў лес. Колас.

2. Інструмент для кіслароднай рэзкі металаў. Аўтагенны разак.

3. Рабочы, спецыяліст па забою жывёлы, птушкі.

4. Абл. Жорсткая, але нетрывалая заледзянелая скарынка снегу або лёду. Святло .. [ракеты] часам прымушала яго легчы на жорсткі, сцукраваны снег, і Васіль па разаку вужам перапаўзаў.. на шэрае ворыва або таіўся нерухома ў праталай разорыне. Грамовіч. — На разаку ты такі лавок не паставіш правільна .. — зрушыць плынню. Масарэнка.

раза́к 2, ‑у, м.

Шматгадовая вадзяная расліна сямейства жабнікавых з моцнымі калючымі лістамі і буйнымі белымі кветкамі, якая ў час цвіцення ўсплывае на паверхню. У затоках вясною і ў дажджлівыя гады стаяла брудная рудая вада і ў ёй расла жорсткая і такая ж рудая асака, перамешаная крамяным лапушыстым разаком. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадаро́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каму. Ісці, ехаць разам з кім‑н., быць яго спадарожнікам. Спадарожнічаць турыстам у паездцы. // перан. Быць спадарожнікам жыцця. [Усевалад:] — У нас ёсць жанкі, .. я думаю, што перш за ўсё трэба выпіць за іх. За тых, хто робіць нашу ўтульнасць, хто спадарожнічае нам усё жыццё. Скрыган. // Быць заўсёды разам з кім‑н. Песня спадарожнічае нам праз усё жыццё. «Маладосць». Чамадан, гэты славуты чамадан, пра які так многа расказваюць нават анекдотаў, заўсёды спадарожнічае .. [сувязістам]. Пестрак.

2. каму. Працякаць, адбывацца адначасова або ўслед за чым‑н., знаходзіцца з нечым у непарыўнай сувязі. Нам вядома, якія жыццёвыя абставіны і падзеі спадарожнічалі Івану Калацкаму на яго шляху ад сялянскага хлапца да камандзіра палка. Кудраўцаў.

3. каму-чаму. Быць неаддзельным ад каго‑, чаго‑н., цесна звязаным з кім‑, чым‑н. Слабае, нясталае, вучнёўскае спадарожнічае маладосці, таленту. Перкін. Для таго, каб «рыбацкае шчасце» заўжды і ўсюды спадарожнічала табе, патрэбны вынаходлівасць, кемлівасць, веды. Матрунёнак. Сяргею заўсёды спадарожнічала ўдача. Мяжэвіч. // Расці, трапляцца поруч, разам з чым‑н. [Леў Раманавіч:] — Зязюльчын лён і асака — запусценне. Ім спадарожнічае ніцая лаза і чарот, амежнік і мудр[а]нка. Асіпенка. Зарыва азначае, што спальваецца газ, які заўсёды нафце спадарожнічае. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)