Рэ́знік 1, рэ́зка, рэ́ская трава, рэза́к ’разак, Stratiotes L.’ (ЛА, 1, Мат. Гом.), ’зараснікі рагалісніку Ceratophyllum demersum L.’ (Ялік.), рэ́зьнік, рэ́зя ’рачная трава падобная да альясу, разак’ (Сл. ПЗБ), рэ́зьнік ’балотная трава’ (Нар. лекс.), рэ́ская трава ’асака, Carex L.’ (ЛА, 1). Расліна атрымала такую назву паводле вострых краёў лісця. Ад рэзаць (гл.).
Рэ́знік 2 ’пшанічная аладка, спечаная з раскачанага цеста, разрэзанага на чатырохвугольныя часткі’ (Нас.), рэ́знікі ’тс’ (Сл. Гродз., Сл. рэг. лекс., Сцяшк. Сл.), рэ́зьнік ’тс’ (Янк. Мат.), ’тс’ (Бяльк.), рэ́знік ’пернік’ (Сцяшк. Сл., Юрч.), ’луста’ (Нік., 88), рэ́знічак ’тс’ (Юрч. СНЛ). Серб. і харв. реза́нац ’адрэзаны кавалак’, реза́нци ’локшыны’. Да рэзаць (гл.), параўн. яшчэ семантыку палама́нцы ’печыва з мукі; ламанцы’ (Сл. Гродз.) ад ламаць.
Рэ́знік 3 ’мяснік’ (Мат. Гом., Нас., ТС, Байк. і Некр.). Гл. разнік.
Рэ́знік 4 ’кош, сплецены з нітак’ (Сл. Гродз., Сл. рэг. лекс.). Дээтымалагізаваная форма ад рэзгіны (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)