ДАЖДЖАВА́ННЕ,

спосаб паліву с.-г. культур, пры якім вада распырскваецца дажджавальнымі машынамі і ўстаноўкамі. Увільгатняе глебу, прыземны слой паветра і наземную ч. раслін. Крыніцамі вады для паліву з’яўляюцца рэкі, сажалкі, каналы і інш. Выкарыстоўваецца пры вырошчванні с.-г. культур у зоне няўстойлівага ўвільгатнення. На Беларусі Д. — асн. спосаб паліву шматгадовых траў, культ. пашы і ўчасткаў пад агародніннымі культурамі (пл. 115 тыс. га; 1995). Выкарыстоўваюцца дажджавальныя машыны «Валжанка», «Фрэгат», «Днепр», ДДН-70 і інш. Гл. таксама Арашэнне.

т. 6, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРНАВА́ННЕ

(ад ням. Dorn метал. шып, дорн),

1) утварэнне адтуліны («прашыванне») у нагрэтым злітку для атрымання загатоўкі трубы.

2) Апрацоўка адтулін (каліброўка) для павышэння дакладнасці іх формы і памеру, памяншэння шурпатасці і ўмацавання паверхневага слоя. Робіцца ратацыйным дорнам на такарных, расточных і інш. станках. Асн. элемент ратацыйнага дорна — шарыкі (або ролікі) з загартаванай сталі, якія пры абкочванні бесперапынна прыціскаюцца да паверхні, што апрацоўваецца. На Беларусі комплекс ратацыйных дорнаў створаны пад кіраўніцтвам Я.Р.Канавалава (Залаты медаль на Лейпцыгскім кірмашы ў 1967).

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Янка, за 16 км на Пд ад г. Браслаў. Пл. 1,04 км², даўж. 2,42 км, найб. шыр. 0,63 км, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 7 км. Пл. вадазбору 11,8 км².

Схілы катлавіны выш. да 5 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пн сплавінныя. Дно плоскае сапрапелістае, мелкаводдзе пясчанае, зарастае падводнай расліннасцю да глыб. 3 м. Упадаюць 2 ручаі, на Пд выцякае р. Янка.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУ́Н Іван

(? — 17.2.1664),

украінскі дзеяч, вінніцкі і брацлаўскі палкоўнік, наказны гетман (1651). У час антыфеад. вайны 1648—51 паплечнік Б.Хмяльніцкага. Прыхільнік незалежнасці Украіны, выступаў супраць саюзу з Расіяй і з Польшчай. Вызначыўся перамогамі над польскімі войскамі на Брацлаўшчыне (1648), пад Вінніцай (1651), Жванцам (1653), Уманню (1654). У 1659 узначаліў паўстанне супраць укр. гетмана І.Выгоўскага, які перайшоў на бок польскай шляхты. У 1663—64 удзельнічаў у ваен. дзеяннях Польшчы супраць Расіі, абвінавачаны ў здрадзе і расстраляны польскімі ўладамі.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́МНА,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Каспля, за 26 км на ПнУ ад Віцебска. Пл. 2,1 км², даўж. 2,95 км, найб. шыр. 1,09 км, найб. глыб. 9,6 м, даўж. берагавой лініі 7,6 км. Пл. вадазбору 97,8 км². Схілы катлавіны выш. 8 м, у верхняй частцы разараныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, на З зліваюцца са схіламі. Дно выслана пяском, на глыбакаводдзі — глінай. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. 20—90 м. Праз возера цячэ р. Вымнянка.

т. 4, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПА́ЛЬВАННЕ расліннасці, падпальванне сухой расліннасці з мэтай больш хуткага рунення сенажаці ці пашы або выпуджвання паляўніча-прамысловых жывёл на паляванні. Паступова вядзе да дэградацыі расліннасці і глеб — адначасова знішчае надглебавую і глебавую фауну і біяцэноз увогуле. Пры падсечна-агнявой сістэме земляробства ў некаторых краінах трапічнага пояса праводзіцца выпальванне лесу (перыядычна). На Беларусі ў старажытнасці выпальваннем рыхтавалі лясныя глебы пад пасевы с.-г. культур. Сучасным прыродаахоўным заканадаўствам выпальванне забаронена (стварае пагрозу лясных пажараў, супярэчыць інтарэсам аховы прыроды).

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАА́ГСКАЯ АКАДЭ́МІЯ МІЖНАРО́ДНАГА ПРА́ВА,

няўрадавая ўстанова па вывучэнні міжнар. права і міжнар. адносін. Засн. ў 1923 у г. Гаага на сродкі і пад эгідай Фонду Карнегі. Ажыццяўляе навук. даследаванні па міжнар. прыватным і публічным праве, садзейнічае паляпшэнню ўзаемаразумення паміж юрыстамі і юрыд. арг-цыямі розных краін. Штогод у летнія месяцы ў акадэміі чытаюць лекцыі (на англ. і франц. мовах) вядучыя юрысты-міжнароднікі з розных краін свету. Мае кансультатыўны статус пры ЮНЕСКА. З 1923 выдае зборнікі лекцый.

т. 4, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫНЦЫ́,

шляхецкі род герба «Адынец» у ВКЛ.

Найб. вядомыя: Марцін, сын Яна, скарбнік смаленскі (1745). Тадэвуш (1781—1833), сын Станіслава. Адвакат пры Гал. трыбунале ВКЛ. У 1800 набыў Гейстуны (Ашмянскі пав.), віцэ-маршалак гэтага павета. Меў 7 дзяцей, сярод іх пісьменнік А.Адынец. Верагодна, да гэтага роду належаў Вінцэнт Адынец (1865—1952) з сям’і шляхціца ў Ліцвінаве пад Мінскам. Генерал рус. арміі, удзельнічаў у рус.-японскай вайне 1904—05. Служыў у Першым Польскім корпусе, Бел.-Літ. дывізіі.

Р.В.Баравы, Л.Л.Чарняўская.

т. 1, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́СКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя І.І.Мечнікава.

Заснаваны ў 1865 у Адэсе на базе Рышэльеўскага ліцэя пад назваю Новарасійскі ун-т. У першыя гады сав. улады рэарганізаваны ў шэраг самастойных ВНУ. У 1933 адноўлены і названы Адэскім. Імя Мечнікава ун-ту прысвоена ў 1945. Факультэты: механіка-матэм., фіз., хім., біял., геолага-геагр., гіст., юрыд., філал. і рамана-герм. філалогіі. Навучанне дзённае, вячэрняе, завочнае; падрыхтоўчае аддзяленне. Аспірантура. Пры ун-це працуюць НДІ фізікі, астр. абсерваторыя, бат. сад, вылічальны цэнтр, б-ка і інш.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАЛА́НГ

(ад аква... + англ.lung лёгкае),

аўтаномны апарат, з дапамогай якога чалавек дыхае пад вадой. Вынайдзены французамі Ж.І.Кусто і Э.Ганьянам (1943). Складаецца з балонаў са сціснутым паветрам (да 200 ат), аўтамата, што рэгулюе выдыханне і паступленне паветра адпаведна ціску навакольнага асяроддзя і інш. элементаў. У комплексе з маскай, гідракамбінезонам, ластамі і інш. выкарыстоўваецца ў падводным спорце і паляванні, у даследаваннях, выратавальнай службе.

Акваланг: 1 — маска з загубнікам; 2 — дыхальны апарат; 3 — балоны са сціснутым паветрам; 4 — рамяні мацавання.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)