Латашы́ць, латажы́ць, бялын. лыташы́ць ’ірваць без разбору псуючы і спусташаючы’, ’неахайна ірваць’ (ТСБМ, Шат.; беласт., навагр., паст., пух., Сл. паўн.-зах.), ’таптаць травы, пасевы’ (Шат.), ’знішчаць з’ядаючы і топчучы’ (ТС, Янк. II), ’біць кіем па садовым дрэве, з шумам рваць траву ці гародніну’ (КЭС, лаг.), ’абтрасаць, абіраць’, ’браць, збіраць старанна’ (Яўс.), ашм., навагр. ’красці, грабіць’, смарг. ’насіць вялікімі бярэмамі’ (Сл. паўн.-зах.), ’біць, лупцаваць’, ’страляць’ (ТСБМ; в.-дзв., швянч., Сл. паўн.-зах.). Укр. гуц. лото́шити ’быць без занятку’, рус. наўг. лотошить ’красці’, польск. łatać/łatoszyć, lotoszyć ’біць, лупцаваць’. Утворана ад *латоxa < latiti. Да ла́та́цца (гл.). Параўн. таксама латухея (гл.). Відавочна, у афармленні семантыкі дзеяслова ў некаторых гаворках уплывала лексема лата ’лапік’. Параўн. рус. паўд.-сіб. латошить ’латаць адзенне’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́льнік1 ’млынар’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), валож., шальч. ’млён’ (Сл. ПЗБ). Укр., рус. мельник, балг. мелник, польск. mielnik, н.-луж. młynik ’тс’, макед. мелник ’камень млына’, чэш. Mělnik — назва горада ў Чэхіі. Відаць, познепрасл. утварэнне з суфіксам ‑(n)ikь ад асновы цяперашняга часу mel‑ дзеяслова малоць (гл.). Аб суфіксе гл. Слаўскі, SP, 1, 90; Сцяцко, Афікс. наз., 54–55. Ад гэтай жа асновы ўтворана і мельніца ’млын’ (мсцісл., З нар. сл.; Бяльк.; ветк., Мат. Гом.; Сл. ПЗБ, Ян.), ’жорны’ (Ян.), рус. мельница, польск. mielnica, макед., балг. мелница ’млын’, серб. Мельница — назва вёскі.

Ме́льнік2 ’малая ўкладка снапоў у полі’ (валож., ДАБМ, к. 286; Сл. ПЗБ). З мэндлік, у якога выпала ‑д‑ і адбылася перастаноўка нлʼлʼн.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Набрака́ць, набра́кнуць ’набухаць; раздувацца, намакаць’ (БРС, Байк. і Некр., Нас.), ’набухнуць’ (Касп., Гарэц.), набра́кці ’тс’ (Шат.), ныбріка́ць ’набірацца вільгаці’, ныбря́кнуць (Бяльк.), набру́каваць ’намакаць, набірацца вільгаці’ (Нас.), набра́клы (Байк. і Некр., Шат., Нас., Гарэц.), набра́кшае, набра́клае насенне ’намочанае, але не праросшае насенне’ (Жд. 1), укр. набряка́ти, набря́клий, рус. набряка́ть ’апухаць’, набря́кнуть, польск. nabrzękać, nabrzęknąć ’набухаць, апухнуць’, славен. nabrẹ́kati, nabrẹ́kniti, ’ацякаць, налівацца’, серб.-харв. набреки́вати, набре́кнути ’набухаць, уздувацца’, макед. набрекнува, набрекне ’набухаць, пухнуць’. Аснова *bręk‑ звычайна ў прыставачных утварэннях, што дае падставу для рэканструкцыі прасл. дзеяслова, гл. бра́кнуць, згодна з Бернекерам, анаматапеічнага паходжання (Бернекер, 1, 84); звязваюць з літ. brę́sti ’ўзмацніць, напрэгчы’ (Фрэнкель, 53). Гл. таксама Бязлай, 2, 210; ЕСУМ, 1, 273; БЕР, 1, 76–77; ЭССЯ, 3, 23.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перамёт1 ’рыбалоўная сетка з кручкамі, нацягнутая на калкі’ (ТСБМ; Крыв.), перэмёт ’доўгі шнур з некалькімі дзесяткамі кручкоў з нажыўкай, працягнуты на дне сажалкі’ (Дэмб. 2; Бяльк.; Крыв.); вядомы ва ўсёй Беларусі, апрача Зах. Брэстчыны — гл. Браім, Рыбалоўства, 80–81; (ТСБМ; Крыв.), рус. перемёт, переме́т ’тс’, ’вялікая рыбалоўная сетка, невад’, перемёта ’вялікая сетка, якая ставіцца ўпоперак ракі на калках’, перамёт ’моцная вяроўка, якой прывязваюць прут у ярме да рагача сахі’ (Смул.). Да пера- і мята́ць1 (гл.) ’кідаць, закідваць, перакідваць праз раку’, параўн. укр. перемі́тка ’кладка’. Крукоўскі (40) мяркуе, што гэта запазычанне з рус. мовы ў сувязі з адсутнасцю ў народнай мове адпаведнага дзеяслова — цалкам мажліва.

Перамёт2 ’памылка пры снаванні красён’ (Ян.). Да перамо́т (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́скаць ’пырскаць, паліваць’ (Байк. і Некр., Бяльк., Ян.), пры́снуть ’пырснуць (аб дажджы)’ (Растарг.), пры́скаўка ’пульверызатар’ (Гарэц., Др.-Падб.); ст.-бел. прыснуты ’захвалявацца’, укр. при́скати ’пырскаць’, рус. пры́скать ’пырскаць; лопацца’, польск. pryskać ’пырскаць; разлятацца з трэскам, лопацца’, в.-луж. pryskać ’тс’, н.-луж. pśyskaś ’усковаць’, чэш. prýskati ’пырскаць’, славац. prýštiť ’біць струмянём’, серб.-харв. пр́скати ’пырскаць’, славен. pŕskati ’пырскаць’, балг. пръ́скам ’тс’, макед. прска ’тс’. Прасл. *pyrskati, *pъrskati. Бліжэйшыя адпаведнікі літ. praũsti, praustù ’умываць’, prusnà ’пыса (у жывёліны)’, ст.-прус. В. скл. адз. л. prusnan ’твар’, лат. praũslât ’пырскаць’. Гл. Траўтман, 230; Фасмер, 3, 391; Махэк₂, 489; Бязлай, 3, 129; БЕР, 5, 827; ЕСУМ, 4, 576. Да семантыкі дзеяслова гл. Мяркулава, Этимология–1970, 148 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуга́ч1 ’птушка Strix bubo’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сержп., ТС), ’птушка Bubo bubo’ (Харэўскі, Звяры-суайчыньнікі, Мн., 2000, 65), ’начная сава’ (Цых.), ’птушка сыч’ (Дразд.), ’птушка бугай’ (ТС), укр. пу́гач ’птушка Strix bubo’, рус. пуга́ч ’тс’, польск. puchacz ’птушка Bubo’. Утворана на базе гукапераймання: дзеяслоў пу́гаць (пуга́ч пу́гае, Сержп. Грам., 63), укр. пугу́кати перадае дзеянне паводле выгуку пугу! (Смаль-Стоцкі, Приміт., 165), характэрнага для названых птушак, параўн. таксама: “Крик филина — это слышимое на далеком расстоянии buhu, а его немецкое название — Uhu, Huhu, Puhu” (Птицы, 1, 101). Параўн. ЕСУМ, 4, 626.

Пуга́ч2 ’пісталет-цацка’, ’той, хто палохае’ (Бяльк.). Запазычанне з рус. пуга́ч ’пісталет-цацка’ (ад пуга́ть ’палохаць’) ці мясцовае ўтварэнне на базе дзеяслова пугаць, гл. пугнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пісаг і піса́га, піся́г і пісяга, пісёгі, пісоґі, пісяге́, піцо́гі, пісога, піса́к ’шрам’, ’значная драпіна’ (ТСБМ, Янк. 1; рагач., Арх. ГУ; Сл. ПЗБ; маладз., Янк. Мат.), піса́к ’шрам ад рога ці пугі на скуры жывёлы’ (гродз., З нар. сл.), піса́га ’шрам’ (капыл., Нар. словатв.); піса́г, піса́га, піся́г, піся́га, пісу́га, піса́к ’шрам на скуры жывёлы’ (ЛА, 1); пісагі́ ’пацёкі на вокнах’ (люб., ЛА, 4), піса́гі ’рагі’, ’сляды на дрэнна вымытай кашулі’ (пух., шальч., Сл. ПЗБ). Утвораны пры дапамозе суфіксаў ‑agъ, ‑ʼagъ, ‑aga, ‑ʼaga, ‑ogъ і інш. ад дзеяслова *pisati > піса́ць (гл.). Сюды ж пісега́вы ’паскаваты па масці’ (мазыр., З нар. сл.), пісяга́ты — назва масці (з вузкімі палоскамі іншага колеру) (Янк. 3.), піся́жыць ’пугай наносіць шрамы’ (Шат., Янк. 3.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скле́ць ‘зябнуць, мерзнуць, стыць’ (ТСБМ; кіраў., Нар. сл.), ‘гібець, чэзнуць’ (ТС). Параўн. укр. дыял. склі́ти ‘чэзнуць, уміраць’, славен. skleti, skeleti ‘прычыняць востры рэзкі боль’. Паводле Бязлая (Eseji, 106), з прасл. *tъsklěti, рэфлексы якога захаваліся ва ўкр. тоскли́вий, рус. тоскли́вый, польск. ckliwy, н.-луж. tesliwy, чэш. tesklivý. Сюды ж рус. скли́во ‘млосна, моташна’, цкли́во ‘тс’, польск. ckliwo ‘моташна, нудна’, славац. cklivo ‘тс’, што ўзыходзяць да *tъska ‘сум, гора’ (гл. таскаваць). Гл. Фасмер, 4, 642; Слаўскі, 1, 106; ЕСУМ, 5, 276–277. Шывіц–Дулар (Зб. Лекаву, 318–323) мяркуе, што ў аснове славенскага дзеяслова назоўнік *kъlъ ‘расток’ і ‘зуб’ (гл. ікол), ад якога ўтвораны дзеясловы *kъlěti і *kъkiti, што маюць адпаведныя формы з рухомым s‑. Параўн. скліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́йня ‘памяшканне для коней, канюшня’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Нік. Очерки, Стан., Бяльк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк.), ст.-бел. стаиня ‘тс’; сюды ж ста́еннік ‘рысак’, стае́нніца ‘рысачка’, ‘кабыла, якую ўлетку трымаюць на стайні’ (Янк. 3.). Укр. ста́йня ‘стайня’, рус. дыял. ста́йня ‘тс’, польск. stajnia ‘памяшканне для коней або іншых сельскагаспадарчых жывёл’, чэш. дыял. stajňa, славац. stajňa. Прасл. паўн.-слав. *stajьńa ‘памяшканне для сельскагаспадарчых жывёл або месца для іх’. Дэрыват ад прасл. шматкратнага дзеяслова *stajati ‘стаяць’ < *stati ‘стаць’ з суф. ‑ьńa. Гл. Махэк₂, 574; Борысь, 574. Шымкевіч (Шымк. Собр.) параўноўваў з літ. stóně ‘тс’ (не адзначанага ў слоўніках). Вывядзенне з літ. staĩnė ‘тс’ не мае падстаў, бо апошняе запазычана ў славян, гл. Анікін, Опыт, 283.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трох1: трёх‑трёх — пра трасенне (Юрч. СНЛ), трёх‑трёх — пра язду трушком (мсцісл., Нар. лекс.). Гукаперайманні, у аснове якіх ляжыць апакопа дзеяслова трохаць, гл. Магчыма, сюды ж трох-трох — калі нехта падпраўляе ношку (вязку галля, закручанае дзіця), якая спаўзла (полац., Нар. лекс.).

Трох2 ‘трое’ (Сл. ПЗБ), ‘утрох (асобна аб мужчынах і аб жанчынах)’ (Мат. Маг. 2). Форма трох (тут Н. скл.) утворана ад формы М. скл. лічэбніка ст.-бел. трие, три, параўн. трьхъ (‘аб трох’). Відаць, адбылося гэта пад уплывам старапольскай мовы, дзе trzech (з М. скл.) пашырылася на лічэбнік Н. скл. (абазначала ‘тры’) з XIV ст. — па ўзоры скланення лічэбнікаў і прыметнікаў, у якіх Р. і М. скл. мелі агульную форму.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)