Латашы́ць, латажы́ць, бялын. лыташы́ць ’ірваць без разбору псуючы і спусташаючы’, ’неахайна ірваць’ (ТСБМ, Шат.; беласт., навагр., паст., пух., Сл. паўн.-зах.), ’таптаць травы, пасевы’ (Шат.), ’знішчаць з’ядаючы і топчучы’ (ТС, Янк. II), ’біць кіем па садовым дрэве, з шумам рваць траву ці гародніну’ (КЭС, лаг.), ’абтрасаць, абіраць’, ’браць, збіраць старанна’ (Яўс.), ашм., навагр. ’красці, грабіць’, смарг. ’насіць вялікімі бярэмамі’ (Сл. паўн.-зах.), ’біць, лупцаваць’, ’страляць’ (ТСБМ; в.-дзв., швянч., Сл. паўн.-зах.). Укр. гуц. лото́шити ’быць без занятку’, рус. наўг. лотошить ’красці’, польск. łatać/łatoszyć, lotoszyć ’біць, лупцаваць’. Утворана ад *латоxa < latiti. Да ла́та́цца (гл.). Параўн. таксама латухея (гл.). Відавочна, у афармленні семантыкі дзеяслова ў некаторых гаворках уплывала лексема лата ’лапік’. Параўн. рус. паўд.-сіб. латошить ’латаць адзенне’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)