БЫКО́ЎСКІ (Ігнацій Якса) (1750, в. Пяцеўшчына Мінскага р-на — 1819),

філосаф, пісьменнік, перакладчык. Пісаў на польскай мове. Вучыўся ў езуітаў у Мінску, з 1765 у піяраў у Віцебску разам з паэтам Ф.Д.Князьніным. У 1772—75 служыў у рус. арміі, ваяваў супраць туркаў. Пасля 1778 жыў у в. Воўчын (Камянецкі р-н), у Мінску, в. Хільчыцы (Жыткавіцкі р-н). У філас. трактатах «Праблема, прапанаваная для вырашэння...» (Мн., 1790), «Сялянскі роздум» (Вільня, 1799) у духу франц. Асветніцтва ўзняты этычныя і эстэт. пытанні. Асобныя палажэнні сугучныя з ідэямі франц. матэрыялістаў. Выдаў «Верш на імператара Паўла...» (Вільня, 1799). Як пісьменнік-сентыменталіст сфарміраваўся пад уплывам Князьніна, Ф.Карпінскага, з якімі сябраваў, а таксама С.​Геснера і Э.​Юнга. Аўтар паэт. зб-каў «Вясковыя вечары» (ч. 1—2, 1787—88), «Вершы» (1798), паэмы «Вясковыя ночы» (1788), аповесці «Клаўдзіна» (1799), успамінаў «Жыццё Ігнація Быкоўскага...» (1806) і інш. Асветніцкім гуманізмам прасякнуты твор Быкоўскага «Жыццё Зараастра, ці Паходжанне гвебраў». У трагедыі «Саул» асуджаў жорсткасць і амаральнасць некаторых персанажаў Бібліі. Паэтычна-экзістэнцыяльным жалем аб загубленым жыцці прасякнуты радкі аўтабіяграфіі Быкоўскага «Жыццё...» (засталася ў рукапісе). Пераклаў на польск. мову творы А.​Сумарокава («Мсціслаў», 1788), Вальтэра, Ж.​Мармантэля і інш. Выдаў некаторыя арыгінальныя і перакладныя кнігі: «рускі раман» А.​Канстана д’Арвіля «Эма і Лемазаў» (Гродна, 1787), «Батмендзі, персідская аповесць» К.​Фларыяна (Мн., 1790), «Сцежка да шчасця, мала каму вядомая» (Гродна, 1803) і інш.

Літ.:

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Mikulski T. Ze studiów nad Oswieceniem. Warszawa, 1956. S. 461—516.

А.​В.​Мальдзіс, Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ДКІЯ КРЫШТАЛІ́,

стан рэчыва, прамежкавы паміж цвёрдым крышталічным і ізатропным вадкім. Характарызуецца цякучасцю і поўнай ці частковай адсутнасцю трансляцыйнага парадку ў структуры пры захаванні арыентацыйнага парадку ў размяшчэнні малекул (гл. Далёкі і блізкі парадак). Вадкія крышталі маюць пэўны тэмпературны інтэрвал існавання.

Пераходы цвёрдага крышталічнага рэчыва ў вадкі крышталь і далей у ізатропную вадкасць і адваротныя працэсы з’яўляюцца фазавымі пераходамі. Паводле спосабу атрымання вадкія крышталі падзяляюцца на ліятропныя (утвараюцца пры растварэнні шэрагу злучэнняў у ізатропных вадкасцях; напр., сістэма мыла — вада) і тэрматропныя (узнікаюць пры плаўленні некаторых рэчываў). Па арганізацыі малекулярнай структуры адрозніваюць вадкія крышталі нематычныя (з вылучаным напрамкам арыентацыі малекул — дырэктарам і адсутнасцю трансляцыйнага парадку), смектычныя (з пэўнай ступенню трансляцыйнага парадку — слаістасцю) і халестэрычныя (нематычныя, у якіх дырэктары сумежных слаёў утвараюць паміж сабою вугал, з-за чаго ўзнікае вінтавая структура). Узаемная арыентаванасць малекул абумоўлівае анізатрапію фіз. уласцівасцей вадкіх крышталёў: пругкасці, электраправоднасці, магн. успрымальнасці, дыэлектрычнай пранікальнасці і інш., што выкарыстоўваецца для выяўлення і рэгістрацыі фіз. уздзеянняў (эл. і магн. палёў, змены т-ры і інш.). Многія арган. рэчывы чалавечага арганізма (эфіры халестэрыну, міэлін, біямембраны) знаходзяцца ў стане вадкіх крышталёў.

Вадкія крышталі выкарыстоўваюцца ў інфарм. дысплеях (калькулятары, электронныя гадзіннікі, вымяральныя прылады і інш.), пераўтваральніках відарысаў, прыладах цеплабачання, мед. тэрмаіндыкатарах і інш. На Беларусі даследаванні вадкіх крышталёў праводзяцца ў БДУ, Мінскім і Віцебскім мед. ін-тах, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, навук.-вытв. аб’яднанні «Інтэграл» і інш.

Літ.:

Чандрасекар С. Жидкие кристаллы: Пер. с англ. М., 1980;

Текстурообразование и структурная упорядоченность в жидких кристаллах. Мн., 1987.

В.​І.​Навуменка.

Тыпы вадкіх крышталёў: а — нематычны; б — смектычны; в — халестэрычны.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННЫЯ ЗЛАЧЫ́НЦЫ,

у міжнародным праве асобы, вінаватыя ў злачынствах супраць міру і чалавецтва, у парушэнні нормаў права ва ўзбр. канфліктах (раней наз. законы і звычаі вайны). Прынцыпы адказнасці ваенных злачынцаў былі ўстаноўлены ў 1945 статутамі Міжнародных ваенных трыбуналаў (гл. Нюрнбергскі працэс, Такійскі працэс), створаных для суда над ням. і яп. ваеннымі злачынцамі 2-й сусв. вайны. Злачынствамі супраць міру з’яўляюцца планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне захопніцкай вайны і інш., супраць чалавецтва — забойствы, вынішчэнне, зняволенне, ссылка, ганенні па паліт., расавых або рэліг. матывах. Да парушэнняў законаў і звычаяў вайны (ваенныя злачынствы) належаць: забойства, катаванне або вываз у рабства цывільнага насельніцтва акупіраванай тэр., забойства і катаванне ваеннапалонных або заложнікаў, бессэнсоўнае разбурэнне гарадоў, вёсак і інш. Для ваенных злачынцаў не існуюць тэрміны даўнасці (напр., паводле міжнар. канвенцыі 1968 вінаватыя ў ваен. злачынствах і саўдзеле ў іх прадстаўнікі дзярж. уладаў і прыватныя асобы нясуць адказнасць незалежна ад часу здзяйснення злачынства), ім не даецца права на прытулак. Ваенныя злачынцы падлягаюць выдачы. На 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя Беларусі перадала спіс вінаватых у злачынствах на акупіраваных бел. землях у час 2-й сусв. вайны (каля 1200 ваенных вязняў), аднак ніхто з іх не быў выдадзены зах. дзяржавамі (ЗША, Канада, ФРГ і інш.) для прыцягнення да адказнасці там, дзе былі ўчынены злачынствы. Рашэннем Савета Бяспекі ААН (1993) створаны Міжнар. трыбунал для разгляду спраў на асоб, якія абвінавачваюцца ў злачынствах на тэр. б. Югаславіі пасля 25.6.1991.

Літ.:

Алексеев Н.С. Злодеяния и возмездие: Преступления против человечества. М., 1986;

Мартыненко Б.А. Нацистские военные преступники в США и других странах НАТО. Киев, 1988.

т. 3, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАКО́ННАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптаэлектронікі, які вывучае распаўсюджванне святла і перадачу інфармацыі па валаконных святлаводах і займаецца распрацоўкай апаратуры. Вылучылася ў самаст. кірунак у 1950-я г. ў сувязі з развіццём выліч. тэхнікі, кабельнага тэлебачання, сістэм аптычнай сувязі, мед. тэхнікі (зонды), стварэннем квантавых узмацняльнікаў, лазераў і інш.

Па святлаводах светлавыя сігналы перадаюцца з адной паверхні (тарца святлавода) на другую (выхадную) як сукупнасць элементаў відарыса, кожны з якіх перадаецца па сваёй святловядучай жыле. Стрыжань святлавода мае паказчык пераламлення святла, большы за абалонку, таму на мяжы стрыжня і абалонкі адбываецца шматразовае поўнае ўнутранае адбіццё святла, якое распаўсюджваецца па святлаводзе з малымі стратамі. Калі дыяметр святлавода большы за даўжыню хвалі (мнатамодавыя святлаводы), распаўсюджванне святла падпарадкоўваецца законам геаметрычнай оптыкі, у больш тонкіх валокнах (парадку даўжыні хвалі; аднамодавыя святлаводы) — законам хвалевай оптыкі. Святлаводы бываюць жорсткія (аднажыльныя, шматжыльныя) і ў выглядзе жгутоў з рэгулярнай укладкай валокнаў. Якасць відарыса вызначаецца дыяметрам жыл, іх колькасцю, дасканаласцю вырабу. Гал. прычына страт энергіі ў святлаводах — паглынанне святла шклом жылы.

На Беларусі даследаванні па валаконнай оптыцы, пачаліся ў 1974 у Ін-це прыкладной оптыкі АН Беларусі (г. Магілёў), вядуцца ў Аддзеле аптычных праблем інфарматыкі АН Беларусі, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Акадэмічным навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» і інш.

Літ.:

Волоконная оптика. М., 1993;

Тидекен Р. Волоконная оптика и ее применение. Пер. с англ. М., 1975.

Я.​В.​Алішаў.

Валаконная оптыка. Паэлементная перадача відарыса валаконнай дэталлю: 1 — відарыс на ўваходзе; 2 — святлоправодная жыла; 3 — ізаляцыйная праслойка; 4 — мазаічны відарыс на выхадзе.

т. 3, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,

комплекс абарончых збудаванняў у Бабруйску 1-й пал. 19 ст. Пабудавана ў 1807—36 у гіст. цэнтры горада на месцы Бабруйскага замка ў сутоках рэк Бярэзіна і Бабруйка. Будаўніцтва вялося ў 2 этапы. 1-ы (1807—12) ажыццяўляўся ва ўмовах набліжэння вайны 1812. Крэпасць будавалася паводле праекта ўпраўляючага інж. экспедыцыяй Ваеннага мін-ва ген. К.​І.​Опермана, яе ўзводзілі тысячы салдатаў і прыгонных сялян Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губ. Да пач. вайны пабудаваны 5 асн. бастыёнаў, частка ўнутр. збудаванняў, насыпаны валы, выкапаны глыбокія равы. У вайну 1812 крэпасць вытрымала 4-месячную аблогу (гл. Бабруйская абарона 1812). На 2-м этапе буд-ва (1812—36) тэр. крэпасці павялічана, узведзены 17 дадатковых бастыёнаў (да 1820), вежы, форт «Фрыдрых Вільгельм» (1822). У арх. аздабленні будынкаў крэпасці выкарыстаны элементы стылю класіцызм (арх. А.​Штаўберт). У Бабруйскай крэпасці распрацаваны Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. У лют. 1826 прапаршчык С.​І.​Трусаў спрабаваў узняць паўстанне раскватараванага тут Палтаўскага палка. Пасля задушэння дзекабрысцкага руху крэпасць ператворана ў катаржную турму. Пасля паражэння нац.-вызв. паўстання 1863—64 тут было зняволена каля 2 тыс. яго ўдзельнікаў. У рэв. 1905—07 у крэпасці размяшчаўся дысцыплінарны батальён, адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У час акупацыі Бабруйска польскімі войскамі (жн. 1919 — ліп. 1920) на тэр. крэпасці знаходзіўся лагер ваеннапалонных. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты ператварылі крэпасць у Бабруйскі лагер смерці. У чэрв. 1944 сав. войскі акружылі і знішчылі тут варожы гарнізон (гл. Бабруйская аперацыя 1944).

Літ.:

Ненадавец А.М. Крэпасць на Бярэзіне. Мн., 1993.

Бабруйская крэпасць у 1811. З карціны Б.​Залескага.
Адзін з фортаў Бабруйскай крэпасці.

т. 2, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКА́ЧЫО, Бакача (Boccaccio) Джавані (1313, Парыж — 21.12.1375), італьянскі пісьменнік, гуманіст ранняга Адраджэння. Сябра Ф.Петраркі. Аўтар паэм на сюжэты ант. міфалогіі «Філастрата» (1338?, выд. 1499), «Тэсеіда» (1339—41, выд. 1475), рамана «Філакола» (пачаты ў 1338, выд. 1472), псіхал. аповесці «Ф’ямета» (1343, выд. 1472). Блізкасць да Дантэ выявілася ў пастаралі «Амета...» (1341—42, выд. 1478) і паэме «Любоўны прывід» (1342, выд. 1521). Паэма «Ф’езаланскія німфы» (1344—46, выд. 1477) навеяна «Метамарфозамі» Авідзія. Асн. твор — «Дэкамерон» (1350—53, выд. каля 1470) — 100 рэаліст. навел, прасякнутых гуманіст. ідэямі, духам вальнадумства і антыклерыкалізму, непрыняццем аскетычнай маралі, жыццярадасным гумарам, — шматколерная панарама нораваў італьян. грамадства. Супярэчнасці сац. развіцця Італіі выклікалі крызіс гуманіст. ідэалаў Бакачыо (алегарычная сатыра ў прозе «Карбача, ці Лабірынт любові», 1354—55 ці 1365; выд. 1487, рус. пер. «Крумкач», 1975). Аўтар біягр. кн. «Жыццё Дантэ Аліг’еры» (каля 1360, выд. 1477), каментарыяў да 17 песень «Боскай камедыі» Дантэ (1373—74), трактатаў на лац. мове. Сюжэт 2-й навелы 10-га дня «Дэкамерона» ляжыць у аснове казкі «Аб тым, як ксяндзы вылечыліся» са зб. А.​Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў». Пераклад Б.​Будным аднаго з эпізодаў «Дэкамерона» («Аповесць суцяшальная пра купца Барнабаша») Пётр Бластус Кміта ўключыў у 4-ю кн. «Апафегматаў». П’еса «Золата ў агні» Ф.​У.​Радзівіл, якая ставілася ў Нясвіжскім прыдворным тэатры, — драм. перапрацоўка навелы Бакачыо.

Тв.:

Рус. пер. — Малые произведения. Л., 1975;

Декамерон. Мн., 1985.

Літ.:

Хлодовский Р.И. Декамерон: Поэтика и стиль. М., 1982;

Бранка В. Боккаччо средневековый: Пер. с итал. М., 1983;

Джованни Боккаччо: Биобиблиогр. указ. М., 1961.

Дж.Бакачыо.

т. 2, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫУТО́ПІЯ,

плынь грамадскай думкі, прадстаўнікі якой адмаўляюць магчымасць стварэння дасканалага грамадства і лічаць, што любыя намаганні пабудаваць адвольна спраектаваны грамадскі лад прыводзяць да катастрафічных наступстваў. Гіст. антыутопія паходзіць ад сатыр. традыцыі Дж.​Свіфта, Вальтэра, У.​Ірвінга, С.​Батлера, М.​Е.​Салтыкова-Шчадрына, Г.​К.​Чэстэртана, Г.​Уэлса і інш. У раманах і публіцыст. творах Я.​Замяціна («Мы»), О.​Хакслі («Гэты цудоўны новы свет», «Малпа і сутнасць»), Дж.​Оруэла («Ферма жывёл», «1984 год»), А.​Кёстлера («Цемра ў поўдзень»), Л.​Мэмфарда («Міф аб машыне») і інш. утапічныя праекты ўяўляюцца як насілле над чалавечай прыродай, якое вядзе да таталітарызму. Да твораў-антыутопій можна далучыць і раманы-папярэджанні Дж.​Лондана, К.​Чапека, А.​Франса, Р.​Брэдберы, А.​Азімава, І.​Яфрэмава і інш. Асаблівае пашырэнне антыутопія набыла пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Расіі, якая практычна пацвердзіла немагчымасць ажыццяўлення сац. ідэалаў. Як і утопія, антыутопія гал. чынам канструюецца з дапамогай метаду ідэалізацыі, але з адваротным знакам. Пры гэтым у ёй могуць выкарыстоўвацца прадказанні, у т. л. і навук. прагнозы. Антыутопія заснавана на абсалютызацыі аб’ектыўных негатыўных тэндэнцый і ўяўляе сабой вобразатвор абсалютна недасканалага, дрэннага і суб’ектыўна непажаданага з пункту погляду безумоўных агульначалавечых каштоўнасцяў грамадскага ладу. Антыутопія ў пэўнай меры выконвае і функцыю рэгулятара дзейнасці і функцыю папярэджання, перасцярогі ад утопіі. Створаны ў ёй вобраз грамадскага будучага можа выкарыстоўвацца ў якасці ідэалізаванага аб’екта ў сац. пазнанні.

Літ.:

Бердяев Н. ...Смысл истории. М., 1990;

Утопия и утопическое мышление. Антол. зарубеж. лит.: Пер. с англ., нем., фр. и др. М., 1991.

Г.​А.​Антанюк.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ (франц. organisation ад позналац. organizo надаю зграбны выгляд, упарадкоўваю),

1) ступень і характар упарадкаванасці элементаў сістэмы, яе адэкватнасць функцыям, што выконвае гэта сістэма. Паняцце «арганізацыя» азначае сістэмны аб’ект, упарадкаванасць, мэтанакіраваную дзейнасць кібернетычных сістэм, сац. сістэму як сродак дасягнення мэты. Сама канцэпцыя арганізацыі, такім чынам, уключае агульнафіласофскі, сістэмны, кібернетычны і сацыялагічны падыходы. Стварыць агульнае вучэнне аб арганізацыі спрабаваў А.​А.​Багданаў (1913), які выказаў ідэю ізамарфізму розных арганізацыйных структур, блізкую да агульнай тэорыі сістэмы, кібернетыкі, сінергетыкі, канцэпцыі глабальнага эвалюцыянізму і інш. Вызначальныя рысы арганізацыі — упарадкаванасць, функцыянальнасць, іерархічнасць. Упарадкаванасць уключае парадак (разнастайнасць устойлівых сувязяў у патоку змен), кампазіцыю элементаў (від ўладкаванасці) і функцыянальную залежнасць (змена элемента вядзе да змены інш. элементаў ці ўсёй сістэмы ў цэлым і, наадварот, змена сістэмы вядзе да змены яе структурных элементаў). Функцыянальнасць характарызуе адносіны сістэмы з навакольным асяроддзем, дасягненне за кошт арганізацыі прыстасавальнага (функцыянальнага) эфекту. Сутнасць іерархічнасці ў тым, што кожная арганізацыя мае розныя ўзроўні (сістэмы і падсістэмы, ступені, формы, структуры, тыпы і г.д.), разуменне якіх спрыяе выяўленню генетычнай сувязі паміж імі: у нежывой прыродзе — ад субклетачнага да Метагалактыкі, у жывой прыродзе — ад субклетачнага да біясфернага (і наасфернага), у грамадстве — ад чалавека да соцыуму.

2) Аб’яднанне людзей для сумеснай рэалізацыі пэўнай праграмы ці мэты на аснове вызначаных правілаў дзеяння.

3) Сукупнасць працэсаў ці дзеянняў, якія вядуць да ўтварэння і ўдасканальвання ўзаемасувязяў паміж часткамі цэлага.

Літ.:

Богданов А.А. Текстология: Всеобщая организационная наука. Кн. 1—2. М., 1989;

Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ. М., 1986.

Г.​І.​Шчарбінкі.

т. 1, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ РЫ́ТМЫ, біярытмы,

цыклічныя ваганні інтэнсіўнасці і характару біял. працэсаў і з’яў, уласцівыя амаль усім жывым арганізмам (ад аднаклетачных да чалавека), ізаляваным органам і тканкам, асобным клеткам. Біялагічныя рытмы накіраваны на падтрымку гамеастазу і адаптацыі, адлюстроўваюць цячэнне часу ў біялагічных сістэмах. Класіфікацыя біялагічных рытмаў заснавана на паняцці цыкла (паслядоўнасці станаў са зваротам да зыходнага) і часу паміж станамі сістэмы, якія паўтараюцца (даўжыні перыяду); яна ўключае дыяпазон перыядаў ад мілісекунды да некалькіх гадоў. Адрозніваюць 5 класаў біялагічных рытмаў: рытмы высокай частаты, ад доляў секунды да 30 мін (асцыляцыі на малекулярным узроўні, рытмы скарачэння сэрца, дыханне, перыстальтыка кішэчніка); рытмы сярэдняй частаты, ад 30 мін да 28 гадз, у т. л. ультрадыянныя (да 20 гадз) і цыркадыянныя, ці калясутачныя (20—28 гадз), якія звязаны з вярчэннем Зямлі вакол восі; мезарытмы: інфрадыянныя (28 гадз — 6 дзён) і цыркасептальныя (каля 7 дзён); макрарытмы з перыядам ад 20 дзён да аднаго года; мегарытмы з перыядам у гады і дзесяткі гадоў. Біялагічныя рытмы класіфікуюць таксама па ўзроўнях арганізацыі біясістэмы: клетачныя, органавыя, арганізмавыя, папуляцыйныя. Біялагічныя рытмы раслін праяўляюцца ў сутачным руху лісця, пялёсткаў, сезонным адраўненні парасткаў, якія зімуюць. Біялагічныя рытмы жывёл выяўляюцца ў перыядычнасці рухальнай актыўнасці, тэмпературы, сакрэцыі гармонаў, праліферацыі клетак, сінтэзе РНК, утварэнні рыбасом і інш. Вызначаны рытмы адчувальнасці клетак, тканак, органаў і арганізма да дзеяння фактараў хім. і фіз. прыроды. З парушэннем часавай арганізацыі фізіял. функцый звязаны шматлікія паталагічныя працэсы. Біялагічныя рытмы вывучае біярытмалогія.

Літ.:

Биологические ритмы: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1984;

Хронобиология и хрономедицина. М., 1989.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Біялагічныя рытмы. Сярэдняя працягласць некаторых рытмічных працэсаў арганізма чалавека.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯНЕАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ, неарганічная біяхімія,

галіна біяхіміі, што вывучае комплексы іонаў металаў з бялкамі, нуклеінавымі к-тамі, ліпідамі і нізкамалекулярнымі прыроднымі злучэннямі; даследуе ролю іонаў металаў у выкананні біял. функцый прыродных металакомплексаў. Пераважна даследуюцца іоны Na​+, K​+, Ca​2+, Mg​2+, Mn​2+, Fe​2+, Fe​3+, Cu​2+, Co​2+, Mo​2 і Zn​2+, якія ёсць у малекулах біялагічна актыўных рэчываў, напр. сідэхромы, іанафоры (хелатавальныя агенты шчолачных металаў), ферыцін, трансферыны, цэрулаплазмін, гемэрытрын, гемацыянін, металаферменты, карбаксіпептыдаза A, карбаангідраза, медзьзмяшчальныя аксідазы, ферадаксіны, гемы, гемаглабін і міяглабін, цытахромы, перакеідазы і каталазы, хларафіл, карыноіды, комплексы нуклеазідаў, нуклеатыдаў і нуклеінавых к-т, вітаміну B6 і інш.

Склалася на мяжы біяхіміі і неарган. хіміі. Выкарыстоўвае метады хіміі каардынацыйных злучэнняў і квантавай хіміі. У б. СССР фундамент біянеарганічнай хіміі заклалі працы М.​Я.​Вольпіна, М.​У.​Валькенштэйна, А.​Я.​Шылава, К.​Б.​Яцымірскага і інш., далейшае развіццё атрымала ў працах па мадэляванні азотфіксавальных ферментных сістэм з выкарыстаннем комплексаў малібдэну (А.​Я.​Шылаў), іанафораў (Ю.​А.​Аўчыннікаў, В.​Ц.​Іваноў) і інш.

На Беларусі працы па біянеарганічнай хіміі праводзяцца пераважна ў Ін-це біяарган. хіміі АН. Вывучаны цытахромы P-450 і інш. гемазмяшчальныя ферментныя сістэмы (Дз.​І.​Мяцеліца, С.​А.​Усанаў, В.​Л.​Чашчын), змадэляваны акісляльна-аднаўляльныя ферменты (цытахромы P-450, пераксідазы, каталазы) з выкарыстаннем іонаў і комплексаў жалеза, медзі і малібдэну (Мяцеліца). Вынікі даследаванняў біянеарганічнай хіміі выкарыстоўваюцца для сінтэзу фармакалагічных прэпаратаў.

Літ.:

Хьюз М. Неорганическая химия биологических процессов: Пер. с англ. М., 1983;

Метелица Д.И. Моделирование окислительно-восстановительных ферментов. Мн., 1984.

Дз.​І.​Мяцеліца.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)