Стара́цца ‘рупіцца, імкнуцца’, ‘прыкладаць намаганні, шчыраваць’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4, Ян., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3), старе́цца ‘рупіцца, клапаціцца’ (Нас.), стара́нны, стара́тлівы, старэ́нны ‘клапатлівы; хуткі ў рабоце’ (ЛА, 3), ст.-бел. старати сѧ ‘тс’, старѣють сѧ ‘стараюцца’ (Карскі 2–3, 388). Параўн. укр. стара́тися, рус. стара́ться, польск. starać się, в.-луж. starać so, н.-луж. staraś se, чэш. starati se, славац. starať sa, серб.-харв. ста̏рати се, славен. stȃrati se, балг. стара́я се ‘старацца’. Прасл. *starati sę ‘мучыцца з чым-небудзь, імкнуцца да чаго-небудзь, старацца’, якое да і.-е. *(s)ter(ə)‑/*(s)trě‑; гл. Борысь, 575. Роднаснае лат. starîgs ‘старанны’, літ. starìnti ‘цягнуць з цяжкасцю’, ст.-прус. stūrnawiskan ж. р. Тв. скл. адз. л. ‘сур’ёзнасць, важнасць’, англ.-сакс. stierne ‘сур’ёзны, строгі’, лац. sternāx ‘упарты, заўзяты’ (Фасмер, 3, 746 з літ-рай). Меркавалі таксама, што слова роднаснае стары, гл. (Скок, 3, 328; Брукнер, 513; Гуйер, LF, 50, 1923, 319–320, Шустар-Шэўц, 1354–1355). Махэк₂ (574) у якасці паралеляў прыводзіць яшчэ ням. stören, ст.-в.-ням. stōran ‘перашкаджаць’. Версію пра этымалагічную тоеснасць *starati (sę) з прасл. *terti (гл. церці), што грунтуецца на славен. tárati ‘мучыць’, ‘напружана працаваць’, terati ‘дапытваць, мучыць’ і пад., прапануе Куркіна (Этимология–1994–1996, 207), што патрабуе падмацавання матэрыялам іншых славянскіх моў. Гл. таксама Варбат, Зб. Вінаградаву₂, 77–82: спроба, грунтуючыся на бел. ста́рыць ‘садраць’, давесці паходжанне *starati sę ад *terti, гл. церці; параўн. таксама старкава́ны ‘стары, зморшчаны’ (Сцяшк. Сл.) ад та́ркаць, та́рыць ‘церці на тарцы’, ‘штурхаць’ (там жа). Гл. агляд версій у Новое в рус. этим., 217.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аказа́цца, акажуся, акажашся, акажацца; зак.

1. Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Паліна, вясёлая і рухавая, адразу ж аказалася ля механізмаў. Кавалёў. Гомель, у якім у той час жыла.. сям’я [Кавалёвых], аказаўся на крыжавых дарогах рэвалюцыі. Дуброўскі. // Апынуцца ў якім‑н. становішчы. Аказацца на волі. Аказацца ў небяспецы.

2. Стаць, з’явіцца на справе, у сапраўднасці якім‑н., кім‑, чым‑н. [Страмілін:] Там будзе відаць, чыё асвятленне акажацца больш правільным. Крапіва. Пятро аказаўся чалавекам гаспадарлівым. Пальчэўскі. // безас. Стаць вядомым, відавочна выявіцца. У .. [Савося і Аксені], аказалася, было даўнішняе, старое каханне. Гамолка.

3. Знайсціся, быць у наяўнасці. Чыстай паперы за вокладкамі не аказалася. Лобан.

4. Падаць голас, вестку; азвацца, загаварыць. Старая, відаць, разы са два збіралася загаварыць з палякам, глядзела нават на яго, нямогла трасучы падбароддзем, ды так дагэтуль і не сабралася аказацца. Брыль. [Астаповіч:] — Можа.. [Вялічка] там жыве сабе шчасліва. І табе, адзінокаму бацьку, калі-небудзь акажацца. Чорны. // Адгукнуцца, прагучаць. Вось аказаўся і гудок цягніка, у якім апынулася Марылька. Якімовіч. // Выдаць сваю прысутнасць. Мне здавалася, што калі б я не ўстаў сам з-за стала, не аказаўся, дык яна б магла мяне замкнуць на ўсю ноч. Сабаленка. // Напомніць пра сябе, паявіцца зноў. Пройдуць гады, а старыя звычаі, як тая хранічная хвароба, не-не ды і акажуцца. Асіпенка.

•••

Аказацца за бортам — тое, што і апынуцца за бортам (гл. апынуцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́сня, ‑і, ж.

1. Невялікі паэтычны твор для спеваў. Харавая песня. Песня-калыханка. Лірычная песня. □ Дзяўчаты спявалі старую жніўную песню. Асіпенка. // Гучанне такога твора, яго мелодыя, гукі. Песня была дружнай, зладжанай і лілася з нашых грудзей магутнай хваляй бадзёрасці, адвагі, мужнасці. Анісаў. // Пра спевы птушак. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім небе жаўранак. Мурашка. // Пра меладычныя гукі, якія нагадваюць песню. Куй, каваль! Няхай прачнецца, Хто шчэ спіць чароўным сном, — Да іх хутка данясецца Песня молата: «дзін», «бом!..» Чарот.

2. Невялікі верш, напісаны ў стылі музычна-паэтычнага твора. Песні Кальцова. // Паэтычная творчасць, паэзія. — Баюся, што песня возьме верх над прозаю ў творчасці Саўкі! — сказаў студэнт не то жартам, не то сур’ёзна. Бядуля.

3. Назва некаторых інструментальных напеўных твораў.

•••

Варажбітная песня — абрадавая песня, якая выконваецца пры святочнай варажбе.

Доўгая (вялікая) песня (гісторыя) — тое, што не скора можа быць зроблена, расказана і пад., што патрабуе працяглага часу для свайго завяршэння.

Лебядзіная песня — апошні, звычайна найбольш значны, чый‑н. твор; апошняе праяўленне таленту, здольнасці і пад. (ад народнага падання, што лебедзь пяе адзін раз у жыцці — перад сваёй смерцю).

Песня чыя спета — тое, што і песенька чыя спета (гл. песенька).

Старая песня — што‑н. даўно вядомае.

Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песню гл. цягнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́бка

I ж.

1. (мать отца или матери) ба́бушка, ба́бка;

2. разг. (старая женщина вообще) ба́бка;

3. уст. повива́льная ба́бка, повиту́ха;

4. разг., фам. бабёнка;

◊ вось табе́, б., і Ю́р’еў дзень — погов. вот тебе́, ба́бушка, и Ю́рьев день;

б. на́двае гада́ла (варажы́ла) — погов. ба́бушка на́двое сказа́ла

II ж., анат.

1. (в ухе) накова́льня;

2. (надкопытный сустав) ба́бка;

◊ падбі́ць ~кі — подби́ть ба́бки

III ж.

1. тех. (в станке) ба́бка;

2. (наковальня для отбивания косы) ба́бка

IV ж., кул.

1. ба́ба, кули́ч м.;

2. (из тёртого картофеля) ба́бка

V ж. (гриб) берёзовик м., подберёзовик м.

VI ж. (несколько снопов, поставленных вместе) ба́бка

VII ж., см. трыпу́тнік

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Вол (БРС, Янк. Мат., Бяльк., Бес., КТС, Ліс.), вюл ’вол’ (Дразд.). Рус. вол, вола́, укр. віл, вола́, ст.-рус. волъ, ст.-слав. волъ, польск. wół, в.-луж., н.-луж. woł, каш. vȯł, чэш. vůl, славац. vol, серб.-харв. во̑, славен. vòl, макед. вол. Старая аснова на ‑u; параўн. ст.-рус., ст.-слав. прыметн. волоуи. Прасл. volъ. Агульнапрынятай этымалогіі няма. Мейе (242) і Вальдэ (857) звязваюць з вялікі, г. зн. ’вялікая жывёліна’ ў адрозненне ад грэч. μῆλον ’дробная жывёла’, ірл. míl, якія роднасныя малы. Менш верагодна збліжэнне Младэнава (75) з польск. wołać ’зваць’, прычым ён указвае на аналагічнае бык. Махэк₂ (703) параўноўвае з ням. schwellen ’набухаць’, што таксама няпэўна, як і супастаўленне Гараева (54) з ням. Bulle ’бык, вол’. Непрымальная версія Праабражэнскага (1, 95) з волох, г. зн. ’раманская жывёліна’. Грубор (JF, кн. 8, 13 і наст.), якога падтрымлівае Трубачоў (Происх., 43 і наст.), выводзіць слав. volъ ад і.-е. *u̯el‑ ’ціснуць’, спасылаючыся на старажытную тэхніку пакладання, г. зн. volъ — castratus, compressis tęstikulus. Менш пераканаўчая версія Якабсона (БЕР, 174), які ўзводзіць вол да *vel‑ ’валяць’ (волъ — ’жывёліна, якая павалена для кастрацыі’, паколькі валяць ’кастрыраваць’ з’яўляецца толькі рускай інавацыяй). Як праславянскую апафанічную ступень да прабалт. *velti (літ. vélti ’валяць, катаць, біць, мяць’, лат. vel̂t ’тс’) рэканструюе слова Мартынаў (БЛ, 9, 11 і наст.): *volъ ’той, хто нешта валяе, коціць, б’е’, паколькі валы выкарыстоўваліся старажытнымі славянамі для малацьбы снапоў, прычым вол цягнуў за сабой цяжкі кавалак дрэва, які выконваў функцыю біча або цэпа’. Параўн. літ. volė̃ ’драўляная калатуша’, рус. вал ’валёк’. У семантычных адносінах параўн. літ. árti ’араць’, árklas ’плуг’, arklỹs ’конь’ (Гл. таксама Фасмер, 1, 335 і наст.; Шанскі, 1, В, 146; Скок, 3, 610).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ікра́ 1 (рыбная). Рус. икра́, укр. ікра́, польск. ikra, в.-луж. jikra, jikrno, jerk, н.-луж. jark, палаб. jȧkră, чэш. jikry, славац. ikry, славен. íkra, серб.-харв. и̏кра, балг. и́кра, макед. икра, ст.-слав., ст.-рус. икра. Мае дакладныя паралелі ў літ. ìkrai, лат. ikri, ірл. iuchair, iuchrach (з *ikōr) ’ікра’. Балт. формы, магчыма, са слав. (Трубачоў, Эт. сл., 8, 219). Згодна з найбольш прынятай версіяй, прасл. *jьkra роднаснае і.-е. назвам печані: літ. jãknos, jẽknos, лат. aknas, ст.-інд. yákṛt, yaknás, авест. yākarǝ, грэч. ἧπαρ, ἥπατος, лац. iecur, iecinoris. Старая аснова на ‑r/‑n і.-е. *i̯ek​u̯‑. Патабня, РФВ, 6, 1881, 153; Фасмер, 2, 125; Покарны, 1, 504; Трубачоў, Эт. сл., 8, 217–220 (з літ-рай).

Ікра́ 2 ’галёнка’ (леп., навагр., крыч., узд., КЭС), і́кра (Інстр. I), толькі мн. і́кры (Мат. Гом.). Рус. икра́, укр. ікра́ ’кароўе вымя’ (Грынч.), польск. дыял. ikro, чэш. дыял. ikro, славац. дыял. ikra, ikro, славен. ikrna noga, балг. и́кра, макед. дыял. икра. У якасці адпаведнасцей прыводзяць ст.-літ. ikru, усх.-літ. ìkrai, лат. ikri, ст.-прус. yccroy, ірл. orca? Найбольш верагоднай належыць прызнаць этымалагічную сувязь ікра 1 і ікра 2. Фасмер, 2, 125–126. Брукнер (190) і Слаўскі (1, 447–448) зыходнай лічаць семантычную адзнаку ’набуханне, уздутасці’; параўн. ст.-польск. і дыял. kra ’пухліна’; Трубачоў, Эт. сл., 8, 217–220; Безлай, I, 209. У шмат якіх мовах значэнні ’ікра рыбы’ і ’лытка’ перадаюцца адной лексемай; гл. Каліма, ZfslPh, 9, 1932, 376–378. У гэтым метанімічным пераносе, відаць, можна бачыць семасіялагічную заканамернасць. Не здаецца пераканаўчым збліжэнне з грэч. ἴκριον ’дошка, бэлька’ (Беценбергер, BB, 27, 1902, 162; Голуб-Копечны, 154; БЕР, 2, 63) і лац. ocrea ’галёнка, халява’ (Гараеў, 122; Махэк₂, 226–227).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КА́РСКІ (Яўхім Фёдаравіч) (1.1.1861, в. Лаша Гродзенскага р-на — 29.4.1931),

бел. філолаг-славіст, заснавальнік бел. навук. мова- і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, педагог. Акад. Пецярбургскай АН (1916, чл.-кар. з 1901), правадзейны чл. Ін-та бел. культуры (1922), Чэшскай АН (1929). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1881), Нежынскі гісторыка-філал. ін-т (1885). Выкладаў у Віленскай гімназіі (1885—93). За першую ў гісторыі дысертацыю па бел. мове яму ў 1893 прысуджана вучоная ступень магістра. З 1893 у Варшаўскім (з 1894 праф., у 1905—10 рэктар), з 1915 у Растоўскім-на-Доне ун-тах, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. У 1905—17 рэдактар час. «Русский филологический вестник». З 1917 у Мінску, з 1918 праф. Мінскага пед. ін-та. Дэлегат і ганаровы старшыня Усебел. з’езда 1917. Старшыня арганізац. камісіі па адкрыцці БДУ. Выступаў з артыкуламі ў бел. перыяд. друку. З 1920 у Петраградзе. Чл. праўлення і прэзідыума АН; дырэктар Музея антрапалогіі і этнаграфіі, рэдактар «Известий Отделения русского языка и словесности» Рас. АН. Супрацоўнічаў з бел. этнографамі і фалькларыстамі М.​Я.​Нікіфароўскім, Е.​Р.​Раманавым, П.​В.​Шэйнам, выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», газ. «Наша ніва». Перапісваўся з дзеячамі бел. культуры Я.​Купалам, Я.​Коласам, М.​Гарэцкім і інш. Аўтар навук. прац (больш за 700) па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы. З мэтай вырашэння праблемы паходжання, фарміравання і развіцця бел. мовы, бел. народнасці збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы (запісы «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.», 1884—85; «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.», 1889). Падрыхтаваў «Праграму для збору асаблівасцей беларускіх гаворак» (1897 і 1916), якая стала пачаткам навук. даследавання бел. дыялектаў. Вышэйшым дасягненнем еўрап. славістыкі канца 19 — пач. 20 ст., своеасаблівай энцыклапедыяй беларусазнаўства з’яўляецца 3-томная праца К. «Беларусы» (вып. 1—7, 1903—22; перавыд. вып. 1—3, 1955—56), у якой на аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гіст. абагульнення вял. фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нац. самабытнасць беларусаў як народа са сваёй арыгінальнай і багатай культурай, мовай, традыцыямі, вуснай нар. творчасцю. У т. 1 «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» вызначыў час фарміравання бел. народнасці, акрэсліў этн. межы бел. народа, даў этнагр. карту Беларусі пач. 20 ст., асвятліў важнейшыя этапы гісторыі бел. мовы, яе спецыфічныя асаблівасці і ўзаемасувязі з рус., укр., польск., літоўскай і інш. мовамі, зрабіў крытычны агляд помнікаў пісьменства бел. паходжання. У т. 2 «Мова беларускага племені» (вып. 1—3, 1908—12) абгрунтаваў вучэнне пра гукавы і граматычны лад старабел. і сучаснай бел. мовы ў яе народна-дыялектнай і літ. формах. Т. 3 «Нарысы славеснасці беларускага племені» складаецца з трох выпускаў. У 1-м вып. «Народная паэзія» (1916) даследаваў гісторыю развіцця бел. фальклору, ахарактарызаваў асн. жанры і віды нар. паэзіі беларусаў, даследаваў культурны стан плямён, якія склалі аснову бел. народнасці, паказаў іх сямейныя і грамадскія ўзаемаадносіны, апісаў жыллё, ежу, заняткі, побыт, светапогляд, рэліг. вераванні, мову, міфалогію, выказаў свае меркаванні наконт узнікнення нар. паэзіі, яе асаблівасцей у старажытнасці, разгледзеў узаемасувязь бел., рус. і ўкр. фальклору. У 2-м вып. «Старая заходняруская пісьменнасць» (1921) прааналізаваў помнікі стараж. бел. л-ры 14—18 ст., найб. поўна паказаў літ.-маст. спадчыну бел. народа, раскрыў культ,гіст. перадумовы зараджэння пісьменнасці на старабел. мове, даследаваў перакладную і арыгінальную л-ру, у т. л. летапісы, статуты, гісторыка-мемуарную і царкоўна-рэлігійную прозу, вершы, творы палемічнай публіцыстыкі 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. У 3-м вып. «Мастацкая літаратура на народнай мове» (1922) ацэньваў бел. л-ру 19 — пач. 20 ст., яе ўзаемасувязь з нац. адраджэннем новага перыяду. У даследаваннях развіваў прынцып культ.-гіст. школы, зрабіў значны ўклад у развіццё крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі. Даследаваў таксама гісторыю рус. і ўкр. моў, слав. палеаграфію («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, факсімільнае выд. 1979). Выдаваў стараж. помнікі гісторыі і л-ры («Лаўрэнцьеўскі летапіс», «Руская праўда»). Выступаў з артыкуламі пра айч. і замежных вучоных-славістаў, з рэцэнзіямі на працы па слав. філалогіі, фалькларыстыцы, этнаграфіі. Асабістая б-ка К. зберагаецца ў Нац. б-цы Беларусі ў Мінску (часткова страчана ў Вял. Айч. вайну), частка асабістага архіва — у Санкт-Пецярбургскім аддз. Архіва Рас. АН. На радзіме К. адкрыты Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей.

Тв.:

О языке так называемых литовских летописей. Варшава, 1894;

Русская диалектология. Л., 1924;

Труды по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.

Літ.:

Булахов М.Г. Е.​Ф.​Карский. Мн., 1981.

Г.​В.​Кісялёў, В.​У.​Скалабан.

Я.Ф.Карскі.

т. 8, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ба́ба ​1, ‑ы, ж.

1. Матчына або бацькава маці. Хто бабе не ўнук? Прыказка.

2. Старая жанчына наогул. Пачулі дзед з бабаю грукат, выбеглі ў сенцы. Якімовіч.

3. Разм. Замужняя жанчына. Шнуруюць бабы і дзяўчаты І кантралююць мох узняты. Колас. // Разм. Жанчына наогул. [Цёця Каця:] Пляцеш ты абы-што. Думаеш, калі я баба, дык ужо і паверу ўсякаму глупству. Крапіва. Тэкля любіла хадзіць па суседзях — вельмі гутарлівая баба была. Бядуля. // Разм. Жонка. Мікітава баба, падсухая, белабрысая Стэпка з хітрымі, як у Сцяпана, вачыма сядзела ў перадку. Брыль.

4. Разм. уст. Тое, што і бабка ​1 (у 3 знач.). За бабу была Аўдоцця, а за куму Настулька. Крапіва.

5. перан. Разм. іран. Пра цікаўнага, балбатлівага або з нерашучым характарам мужчыну. Тут на платформу ўзляцела Дзяўчына: — Бачылі? Баба ты, а не мужчына! Смагаровіч.

•••

Каменная баба — старажытны статуй з каменю.

Снегавая баба — злепленая з снегу чалавечая фігура.

Агонь-баба — энергічная жанчына.

Баба-яга — а) у казках славянскіх народаў — злая вядзьмарка; б) пра злую, старую жанчыну.

Базарная баба — сварлівая, грубая жанчына.

Бой-баба — мажная, з шумлівым характарам жанчына.

Хват-баба — увішная, заўзятая ў працы жанчына.

ба́ба ​2, ‑ы, ж.

Ручная або механічная прылада для забівання паляў і для іншых мэт.

ба́ба ​3, ‑ы, ж.

Тое, што і бабка ​2 (у 3 знач.).

ба́ба ​4, ‑ы, ж.

Тое, што і бабка ​2 (у 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́бка ​1, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Тое, што і баба ​1 (у 1 знач.). [Марыя Хведараўна:] — Я ўжо хутка бабкай стану, вунь дачка піша — унука мне скора пародзіць... Марціновіч.

2. Разм. Старая жанчына наогул. Старэнькія бабкі гаротна ківалі галовамі і цяжка ўздыхалі. Колас.

3. Уст. Жанчына, якая прымае дзяцей у час родаў. Пачакай радзіць, дай па бабку схадзіць. Прыказка.

4. Памянш.-ласк. да баба ​1 (у 3 знач.). [Шарэйка:] — Ці лёгка спалася, ці добра ўсталася, бабкі мае ненаглядныя! Брыль.

•••

Бабка надвае варажыла (гадала) — яшчэ невядома.

ба́бка ​2, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Надкапытны сустаў у жывёлы, а таксама косць гэтага сустава.

2. Сталёвае кавадлачка для кляпання касы. На грудку, забіўшы ў пянёк бабку, Кузьма сеў кляпаць косы. Сачанка.

3. Страва, прыгатаваная з дранай бульбы. Пасярод стала, вывернутая з каструлі, яшчэ дымела бабка, якую любіў і Карніцкі. Паслядовіч.

4. Род здобнага печыва. А пірагі, як сонца, ззялі, І ў роце бабкі раставалі. Колас.

5. Грыб з цёмна-бурай шапкай на высокай ножцы; падбярозавік. Трапляюцца.. ружовыя танканогія сыраежкі і распоўзлыя старыя бабкі — і хоць бы адзін баравічок. Сачанка.

6. Дзесяць снапоў, састаўленых у кучку для прасушкі і накрытых распасцёртым снапом. Ёсць асаблівая прыгажосць у полі, калі яно ўжо не шасціць калоссем, але яшчэ не зусім апусцела, бо бабкі стаяць у рады на кожнай палове, нібы вартавыя. Чарнышэвіч.

•••

Падбіць бабкі гл. падбіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

1. Утвараць глухія гукі, якія нагадваюць доўгі гук «ш-ш». Сярод падворка гусак грозна шыпеў на курэй. Карпюк. Вожык скруціўся ў клубок, а гадзюка, якую ён схапіў за хвост, шыпіць і стараецца ўкусіць яго. Ляўданскі. Толькі шыпеў кнот у лямпе. Асіпенка. / Пра яду, якая смажыцца і пад. На патэльні шыпела смажаная рыба. Шашкоў. / Пра дрэва, якое гарыць, распалены прадмет, палітыя вадой і пад. Шыпяць кулямётаў ствалы, Аж пара над імі віецца. Бялевіч. / Пра пару, газ, паветра і пад., якія выходзяць адкуль‑н. пад ціскам. Ззаду ярасна шыпеў, аднастайна гуў гарачы газавы струмень. Гамолка. Чутно было, як надрыўна шыпела пара, нешта трашчала, скрыпела, ламалася. Лынькоў. / Пра пену, хвалі і пад. Хвалі адна за адною набягаюць на бераг, шуршаць і шыпяць у рознакаляровых каменьчыках галькі. Паслядовіч. / Пра работу якіх‑н. механізмаў. Круціліся барабаны, шыпелі кампрэсары. Шыцік. На сцяне вялікі старынны гадзіннік шыпеў і адбіваў час. Грахоўскі.

2. Вымаўляць доўгі гук «ш-ш», патрабуючы цішыні, супакойваючы каго‑н.

3. Шапялявіць, гаварыць словамі, у якіх свісцячыя вымаўляюцца як шыпячыя гукі. — Бешкарышна, Гурновіч, шама рашай, шама... — у яго [Садоўнікава], наадварот, усе свісцячыя гукі шыпяць. Васілевіч.

4. Разм. Гаварыць здушаным, сіплым голасам, у якім адчуваюцца злосць, раздражненне і пад.; злоснічаць. — А ты не ведаеш? Забылася? — шыпела старая, калоцячыся, нібы ў ліхаманцы. Паўлаў. — Даўно я цябе не вучыў! — шыпеў Дракула, набіраючыся злосці. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)