Ру́савы дзед ’дух жытняга поля’ (гродз. Цых.). Звязана з чэш. roousy ’доўгія ўскудлачаныя валасы’, балг. ру́си ’валасы’, славен. rȗse ’вусы’, Rusa ’міфічная істота’, серб.-харв. beli Rus ’метэаралагічны дэман’, харв. rȕsina ’коцікі (на бярозе, вярбе); махры’ з няясным, паводле Скока (3, 130) u, у аснове якіх прасл. *rus‑ са значэннем ’бухматы, махровы’, што адлюстроўвае прадуктыўную магію (Цыхун, БЛ, 57, 120–122). Махэк₂ (519), Бязлай (Eseji, 152) далучаюць сюды славац. obrus, чэш. ubrus, славен. obrus, ubrȗs, серб.-харв. у̀бру, балг. дыял. убру́с, укр. убру́с, бел. абру́с ’настольнік, рушнік з махрамі’ якія лічаць вытворнымі ад *rusati ’рабіць махры на палатне’. Магчыма, звязана з палес. руса́ўка ’жанчына з непрыбранымі валасамі’, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)