Вярхо́ўе1 ’частка ракі ля яе вытокаў’ (БРС, КТС), укр. верхівʼя, рус. верховье ’тс’. Усходнеславянская лексема (на астатняй слав. тэрыторыі слова мае іншыя значэнні; параўн. славен. vrhóvje ’горы’), утвораная ад vьrx‑ъ, дзе ‑ъ паходзіць з й < *‑ой; яго рэфлекс мы назіраем у пазнейшым суф. ‑ov‑ (Экерт, ВСЯ, 4, 104). Спачатку vьrxovьje абазначала ’верх чаго-небудзь’; ’вяршыня гары’, потым (ва ўсходніх славян) — ’месца на вяршыні, адкуль рака выцякае’ (Шанскі, 1, В, 69).

Вярхо́ўе2 ’першы ачос ільну’ (Касп.); ’нізкагатунковая пража з пачасся льну’ (Уладз.), вярхо́ўя ’горшы гатунак ільнянога валакна’ (Бяльк.); ’зрэб’е, ачоскі з атрапанага льну’ (Янк. II, III, барыс., Янк. Мат.), пін. вэрхо́вʼе ’зрэб’е’ (Шатал.). Рус. верховье: йонаўск. (ЛітССР), прэйл. (ЛатССР), пск., смал. ’першыя вычаскі’, таксама с.-урал. ’слой ільновалакна’, пск., йонаўск., прэйл. ’пража з першых вычасак’, йонаўск. ’палатно з гэтай пражы’. Бел. інавацыя. Да вярхоўе1 < прасл. vьrxovьje ’вярхі чаго-небудзь’.

*Вярхо́ўе3, вярхо́ўя (зборн.) ’вярхі дрэў’ (Бяльк.), укр. верхівʼя, польск. wierzchowie, славен. vrhǫ̑vje ’тс’, якое магло б быць другасным. Да вярхо́ўе1 < прасл. vьrxovьje ’вярхі, верхнія часткі чаго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гак1 ’гак, кручок’ (БРС, Шат., Нас.), ’шып у падкове, загнутыя канцы подковы’ (Шат., Касп., Нас.), ’збытак, адлегласць’ (Шат., Касп., Бяльк.), ’каса’ (Касп.). Таксама ўжываецца як геаграфічны тэрмін (’намыты вадой паўвостраў’, ’неглыбокае месца ў рацэ, дзе намыта пясчаная каса’, ’прырэчны роўны заліўны луг’, гл. Яшкін). Ст.-бел. гакъ (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Слова гэта вядома ў многіх слав. мовах і лічыцца запазычаннем з ням. мовы (с.-в.-ням. hāke(n)). Гл. Махэк₂, 156; Брукнер, 167. Рус. гак ’жалезны крук, гак’. Фасмер (1, 384) выводзіць прама з гал. haak (Слаўскі, 1, 393) і лічыць бясспрэчным, што бел. і ўкр. гак запазычан праз пасрэдніцтва польск. мовы (так і Булыка, там жа, 77).

Гак2 ’гака, капачка для копкі бульбы’. Гл. га́ка.

Гак3 ’калісьці мера або ўчастак зямлі ў Заходняй Беларусі і Ліфляндыі’ (Яшкін, Нас.). Параўн. рус. (з Пятроўскай эпохі) гак ’мера зямлі ў Остзейскіх правінцыях’, якое Фасмер, 1, 384 (услед за Міклашычам), выводзіць з ням. Haken, с.-в.-ням. hake. Параўн. таксама Слаўскі (1, 393), які, здаецца, дапускае магчымасць польскага пасрэдніцтва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Князь1 ’правадыр войска і правіцель вобласці ў феадальнай Русі’ (ТСБМ, Яруш.). Укр. князь, рус. князь, ст.-рус. кънязь ’тс’, ст.-слав. кънѧзь, балг. кнез, серб.-харв. кне̑з, славен. knȇz ’тс’, польск. książę, чэш. kníže, славац. knieža, в.-луж. knjez ’пан’, палаб. knąz ’шляхціц’. Прасл. kъnędzь было запазычана з германскіх моў, ва ўсякім разе задоўга да трэцяй палаталізацыі. Параўн. княгіня (гл.). Аб старажытнасці запазычання сведчыць, відаць, таксама рухомасць акцэнтуацыйнай парадыгмы пры кароткім галосным у корані. Прагерм. kuningaz ’правадыр, кароль’ тлумачыцца як утварэнне на ‑ingaz ад прагерм. kunja ’род’ (лац. genus, ст.-грэч. γένος, ст.-інд. jánaḥ ’тс’). Такім чынам, у прагерманскай мове наглядаецца словаўтваральная інавацыя афіксна-семантычнага тыпу (славянскія мовы не ведаюць ніводнага спрадвечнага слова з суфіксацыяй ędʼzʼь) (Мартынаў, Лекс. взаим., 47–48). Параўн. Кіпарскі Gemeinslav., 181; Экблум, ZfSlPh, 30, 6; Экблум, ScSL, 3, 176. Князь у значэнні ’жаніх’ — табуізм (гл. Хаверс у Фасмера, 2, 266). Такое ж трэба сказаць і аб княгіня ’нявеста’.

Князь2 ’малады, жаніх’ (Нас., Яруш., Грыг., Гарэц., Нар. лекс., З нар. сл., Маш., Сержп. Грам.), ’дружка’ (Кольб.). Гл. князь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́дка1, ла́дачка ’аладка, пернік’ (Нас., Бяльк., Касп., Яруш., Шат., Яўс., Мат. Гом., З нар. сл.) у выніку адпадзення пачатковага а‑ ў ала́дка (гл.). Тое ж укр., рус. (паўд., дан., смал., бран.) ладка ’тс’.

Ла́дка2, ла́дкі, ладо́шы, ла́данкі‑ла́дкі ’далонь’, дзіцячая гульня’, ’удар па далоні лінейкай у якасці пакарання’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Сл. паўн.-зах., Нас.), укр. ла́дка, ла́дки, ладо́шки, ладу́сі, ладу́шки, ла́ді ’далоні (дзіцячае слова)’, рус. ладка, ладки, ла́душка, ла́ды ’далоня, далоні’, ’гульня, у якой б’юць далонямі’. Усх.-слав. лексема, утвораная метатэзай ад ⁺долонь < прасл. dolnь. Да далоня (гл.).

Ла́дка3, латка, лодачка ’пучок (у 3–4 жмені) сухога льну, каноплі, які знімаецца з печы ў адзін прыём і выносіцца для апрацоўкі на церніцы’ (Уладз.), петрык. ’пяць-шэсць жмень нажатага жыта’ (Шатал.), слуц., любан. ’пярэбірак, бярэмечка сена’ (Сл. паўн.-зах.). Да ладзіць, лад (гл.).

Ла́дка4 ’адарваны або адрэзаны ад старога адзення вузенькі кавалачак’ (Шатал.). Паходзіць з латка (гл.). Азванчэнне ‑d‑ адбылося пад уплывам дзеяслова ладзіць ’рамантаваць, прыводзіць у парадак’.

Ла́дка5 ’гліняная міска’ (лудз., Сл. паўн.-зах.). Да латках (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́йба1 ’барліна, баржа, вялікая лодка з дзвюма будкамі грузападымальнасцю ў 5–10 т’ (Гарэц., Касп., Дэмб. 1, Яруш., Рам. 8, Нар. сл., КЭС, лаг.), ’вялікая парусная лодка з двума парусамі’ (ТСБМ). Укр. ла́йба, рус. лайб, ла́йба ’баржа, лодка’, ст.-рус. лоива ’судна ў наўгародцаў, немцаў, карэлаў’, польск. łajba ’баржа на Заходняй Дзвіне’, літ. laĩvas, laĩvė ’карабель’, laivà, лат. laĩva ’лодка’ — усе з фін. laiva ’лодка, судна’ (Фасмер, 2, 450–451; Бернекер, 686; Фрэнкель, 335; Слаўскі, 4, 434). Лаўчутэ (Балтизмы, 145), Блесэ (SB, 4, 1935–1936, 14) лічаць, што ў слав. мовах — гэта балтызм. З балт. моў слова было запазычана ў фінскія (Буга, Rinkt, 1, 309–311). Сюды ж лайбоўшчык ’шкіпер на лайбе’ (дзвін., Нар. сл.).

Ла́йба2 ’вялікі воз для перавозкі сена’ (Сл. паўн.-зах.) — паводле Грынавецкене, запазычана з літ. láiva ’воз з кузавам’ (Сл. паўн.-зах. 2, 612). Сюды ж пераносныя: ла́йба ’карова з вялікім жыватом’, ла́йба, ла́йбіна ’вельмі тоўстая, здаровая жанчына’ (З нар. сл.), ’тоўсты чалавек’ (Сл. паўн.-зах.).

Лайба́ ’лаянка’ (Нас.). Да ла́яць. Утворана пры дапамозе суф. -ба, як і клятба, бажба, барацьба і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бахмат (ст.-бел.), бохмат ’нізкарослы конь’ (Гіст. лекс., 139; Булыка, Запазыч.), татарскі, асабліва нагайскі конь’ (XVI ст., Нас. гіст.). Рус. дыял. бахма́т ’маленькі, моцны конь’, укр. бахма́т ’верхавы конь’ (з XVI ст.), польск. bachmat ’нізкі, моцны конь татарскай пароды’. Старая этымалогія (Міклашыч, 414; Локач, 11–12; аб крыніцах гэтай версіі гл. Заянчкоўскі, Stud. orient., 46) — запазычанне з цюрк. *pahn at, *pehn at ’вялікі конь’ (< перс. pähn ’вялікі, шырокі’ + цюрк. at ’конь’) — вельмі няпэўная (Фасмер, 1, 136–137; Заянчкоўскі, там жа, 46–47; Менгес, Зб. Чыжэўскаму, 187 і наст.). Заянчкоўскі, там жа, прапануе зыходзіць з цюрк. *bahimat, *bahmat (араб. bahim ’чыстай масці’ + цюрк. at ’конь’). Менгес, там жа, зыходзіць з мусульманскага імя Mähmäd, Mähmāt (з заменай m > b праз пасрэдніцтва пэўных цюрк. дыялектаў; сумненні адносна гэтай этымалогіі Дзікенман, RS, 19, 13). Параўн. яшчэ Трубачоў, Происх., 57–58. Булыка (Запазыч., 39) прыводзіць як крыніцу запазычання тур. bachmat (!). Вельмі няпэўна; адкуль гэта форма? Ст.-бел. слова дае рад вытворных, вядомых у сучаснай бел. мове (гл. ніжэй). Гл. яшчэ Адзінцоў, Этимология, 1971, 195–201.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баця́н, таксама боця́н, буця́н, буйця́н, бо́цюн і г. д. Ст.-бел. ботьян, боцян, боциян (Булыка, Запазыч.). Укр. боця́н, боцю́н і г. д., рус. ботья́н, ботя́н, батя́н, бача́н, бадья́н. У зах.-слав. мовах: польск. bocian, bocan, bociuń, bocek, bociek, bociąg, bocoń, в.-луж. baćon, н.-луж. bośon, палаб. büöťan (гл. Бернекер, 78, які лічыць, што польск. формы, магчыма, узніклі ў дзіцячай мове з жартаўлівай назвы бацяна — Wojciech). Усе ўсх.-слав. формы лічацца запазычаннем з польск. мовы (Бернекер, 78; Хрысціані, AfslPh, 34, 311; Слаўскі, 1, 38; Рудніцкі, 184–185; Рыхардт, Poln., 36). Агляд форм і версій гл. яшчэ Фасмер, 1, 201; Клепікава, ВСЯ, 5, 153–158, Клімчук, Бел.-польск. ізал., 57–61. Паходжанне польскага слова невытлумачана (Слаўскі, там жа). Гл., аднак, Мартынаў, SlW, 180–181, згодна з якім яно балтыйскага паходжання. Некаторыя версіі (Сабалеўскі, РФВ, 65, 418: сувязь з рус. забо́та; Ільінскі, PF, 13, 498: сувязь з бо́тькать ’стукаць’) не пераконваюць. Нідэрман (Balto-Sl., 29) лічыць, што блізкасць слав. форм аснавана не на роднасці, а на запазычанні з нейкай крыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Але́й ’масла з льнянога або канаплянага семя, сланечніку’, алейнік ’той, хто алей рабіў, хто прадаваў алей’ (Янк. I), алейніца ’тс’ (Нас.), алейнік ’той, хто рабіў алей з канаплянага семя’ (Нас.), алейніца ’гліняны посуд, у якім трымаюць поснае масла’ (Інстр. I, Нас.), алейня ’завод, які выпрацоўвае алей’ (Янк. I, БРС, Нас., Касп.), алеены ’намаслены’ (Нас.), укр. олій, рус. олей, ст.-рус. олѣй, ст.-слав. олѣи, серб.-харв. о̀лāј, славен. ólej, чэш. olej, славац. olej, польск. olej, в.-луж. wolij, н.-луж. wolej. Запазычанне з лац. oleum. Форма олѣи ўзнікла пад уплывам lějǫ, liti ’ліць’. Гл. Фасмер, 3, 134. Версію аб грэчаскім паходжанні абараняў Маргуліс, AfslPh, 41, 171; AfslPh, 42, 123, які не бачыў іншага шляху тлумачэння ě ў ‑ějь. Згодна з яго версіяй, грэч. το ἔλαιον праз сандхі перайшло ў *ολαιον, якое дало олѣи і інш. Супраць гэтай версіі Фасмер, ZfslPh, 4, 411, які спасылаецца на тое, што форма *ολαιον нідзе не зафіксавана. Апрача гэтага, слова добра вядома заходнеславянскім мовам, што супярэчыць яго грэчаскаму паходжанню (гл. Фасмер, ZfslPh, 5, 3/4, 410).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аса́ (БРС), асва (Гарэц., Нас., Др.-Падб., Яруш., Мядзв., Касп., Жд., Янк. БФ), асі́ны (БРС, Яруш.), асвінае (Жд.), асаед‑асвейнік (Інстр. II). Рус., укр., балг. оса, польск., славац., чэш. дыял., славен. osa, серб.-харв. о̀са, чэш. vosa, в.-луж. wosa, палаб. vȧsă. Ст.-рус., ст.-бел. оса, рус. дыял. осва ’тс’. Літ. vapsà, vapsvà, лат. wapsene, прус. wobse, ням. Wespe, лац. vespa (з метатэзай). Словы ўзыходзяць да і.-е. *u̯obhsā ’тс’, якое лічаць роднасным з коранем *u̯ebh‑ ’ткаць’. На агульнаславянскі характар беларускага слова ўказваў Булахаў, Курс суч., 144. Для этымалогіі гл. Фасмер, 3, 156; Траўтман, 342; Покарны, 117 а. Пачатковае v страчана ў сувязі з разуменнем яго як прыстаўнога ці па аналогіі з *ostr‑; выпадзенне ‑p‑ (Аткупшчыкоў, Из истории, 63) адносна ранняе, але так ці іначай звязана з тэндэнцыяй узыходзячай гучнасці. Беларускія, рускія і літоўскія формы з канчатковым ‑va старажытныя (Фрэнкель, 1196–1197), паводле Герца (Брян. гов., 1, 55), адлюстроўваюць стары суфікс; калі ўлічыць паралелі ўкр. мурашва, мушва, можна пагадзіцца з Атрэмбскім, 2, 89, у тым, што першапачаткова асва і пад. былі зборнымі назоўнікамі, параўн., аднак, вутва ’качка’ (КСТ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атра́ма, тра́ма ’бэлька ў хаце, што падтрымлівае іншыя бэлькі’ (БРС, ЭШ, Касп.), атраміна (Касп.); трам, трамо́к, отра́ма (Шушк.); атран (КЭС). Пра рэалію — трам гл. Малчанава, Мат. культ., 95. З XVII ст. трамъ (Булыка, Запазыч.). Укр. трам ’бэлька, вага’, отрамувати ’абчасаць, зрабіць бэльку чатырохграннай’, трям, трямок ’бэлька; частка ткацкага станка’. Польск. (з XVI ст.) — tram, чэш.ст.-чэш.), славац. tram, в.-луж., н.-луж. tramaн.-луж. tramʼ), славен. trȃm(e) ’тс’. Брукнер (574, 575), Махэк₂ (649) абгрунтавана лічаць запазычаннем з ням. Tram, ст.-в.-ням. trame ў заходнія славянскія мовы (і славенскую); беларускае і ўкраінскае з заходнеславянскіх, для беларускай верагодная крыніца — польская. А‑ мае пратэтычны характар. Цяжка згадзіцца з меркаваннем Цыхуна (Лекс. балтызмы, 50) пра запазычанне з літ. atramà ’падпора, устой’, паколькі семантыка літоўскага слова супадае з беларускай, а незафіксаваная ў літоўскай форма без a‑ пашырана ў беларускай мове больш, чым з а‑; націск у літоўскай таксама адрозніваецца ад беларускага, які супадае з польскім. Агульнасць польскай, беларускай і літоўскай форм можа азначаць (насуперак Цыхуну) і пашырэнне польскай формы, прадстаўленай хаця і без пратэзы ва ўсіх заходнеславянскіх мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)