Асе́ць, осець, восець, сець. Геаграфічнае пашырэнне слова і яго фанетычных варыянтаў гл. у ДАБМ, к. 233. Пра пабудову асеці гл. Малчанава, Мат. культ., 38–40. Рус. осеть, асеть адзначаецца, паводле Даля, на захадзе, дакладней: смал., пск., бранск., укр. чарніг. о́сить, польск. усх. osieć. У беларускіх помніках з 1579 (Карскі, 1, 293). Геаграфія слова быццам бы ўказвае на латышскую мову як крыніцу гэтага слова. Таму трэба ўказаць лат. sẽrt ’класці зерне ў сушню’, sęrt ’класці зерне ў сушню’, sęrs зерне, пакладзенае для сушкі’, а таксама sę̃ta ’мужыцкі дом’, ’дом наогул’, двор’, sę̃tas māja ’будынак у двары’, sẽtiena ’частка двара’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 820, 931, 833). Спробы этымалагічнага тлумачэння слова пакуль што не далі выніку. Нельга прыняць тлумачэнне Брукнера, 383, які параўноўваў слова з ц.-слав. сетьн‑ ’апошні ці посѣтити ’наведаць’; Фасмер (3, 159) слушна адкідвае спробы этымалогій Петарсана, 64–65, які імкнуўся звязаць асець з лац. sitis ’прага’, siccus сухі’ (Вальца–Гофман, 2, 548, іначай), ст.-інд. kṣā́yati спальвае, абжытае’, грэч. ξηρός ’сухі’. Той факт, што, паводле Мацкевіч, Працы IM, 2, 149, асець ’частка току, дзе сушаць снапы’ (магчыма, гэта значэнне пазней не пацверджана, бо ў ДАБМ адсутнічае), не дазваляе цалкам адкінуць магчымасць сувязі з рус. осек (зафіксаваным яшчэ Сразнеўскім) ’загароджанае месца, выган, агарод, агароджа’. Аднак найбольш верагодна сувязь беларускага слова з латышскімі, што патрабуе далейшага ўдакладнення. Гл. Коген, Запіскі, 2, 9, 91.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жабуры́нне ’жабіна ікра’ (ТСБМ), ’раска’ (Шатал.), ’водарасці’ (Яшкін), жабе́рнік ’тс’ (Шатал., Жыв. сл., 23), жабе́р ’раска; стаячая, пакрытая плесенню вада з сапрэўшымі водарасцямі; студзяністыя водарасці’ (Яшкін; Нар. словатв., 97). Рус. дыял. паўд. (дан., краснадарск.) жабури́нье ’зялёныя водарасці ў стаячай вадзе’, жабури́нья, жабуре́нья ’ўнутранасць дыні, гарбуза і некаторай іншай агародніны, пладоў’, укр. жабури́ння ’жабіна ікра, водарасці, унутранасць дыні; слізкая маса, што ўтвараецца на стаячай вадзе’, дыял. жабу́р ’водарасці, балота’, зах.-балг., макед. жабарник, жабурник, жабурнак ’жабурынне, месца, дзе водзяцца жабы’, чэш. žabinec ’раска, месца, дзе жывуць жабы’, славац. žaburina ’жабіна ікра, раска, стаячая вада, балота’, žabinec ’раска, розныя водарасці, стаячая вада, балота’. Значэнне месца вядома і бел. мове. Яно, відаць, і абумоўлівае суфіксацыю ‑нік у жабе́рнік. Не выклікае цяжкасцей і суфікс ‑нне. Элемент ‑р‑ прадстаўлены яшчэ ў балг., макед. жабор ’жаба-самец’, жубу́ря се, жабу́ркам ’трымае ваду ў роце’, в.-луж. žabr ’нарыў на небе’. Параўн. таксама жа́бры. ‑р‑ можна лічыць яшчэ праславянскім, дзе яно можа быць з балта-слав., і.-е. (параўн. шэраг балтыйскіх гідронімаў з gabr, якія не атрымалі пакуль што дастатковага тлумачэння, Тапароў, E–H, 127; параўн. літ. žúobris ’лемех’, Траўтман, 364). Фасмер рус. дан. жебуриньи ’выжымкі, жамерыны’ лічыць запазычаным з цюрк. (тат. чупрǝ ’закваска’ і інш.). Хутчэй тут кантамінацыя жабуринье ’жабіна ікра, слізкая вада’ і жемиринье ’жамерыны’ (дан.), звязанага з коранем жаць2. Семантычна неверагодна запазычанне з літ. žabarýnas ’малады лес’ (Лаўчутэ, Сл. балт., 45).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зя́бер ’расліна Galeopsis’, жа́бер (Жд. 2) ’Scrophularia nodosa’, жабо́р ’Galeopsis’, ’асцюк’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал., цвяр., арл. зя́бер, зя́бирь, зя́берь, маск., жа́бер, маск., вяцк., цвяр., іркуцк., табол. жабре́й ’тс’ (апошняе і ў функцыі назваў іншых раслін), укр. жабрі́й ’тс’, польск. уст. zibrz, н.-луж. zyber ’тс’, в.-луж. уст. zabr, zabrij, славац. дыял. ziabor ’Galeopsis’, ’Lamium’ (Калал), чэш. уст. žabr (Махэк, Jména rostl., 196) ’Galeopsis’, славен. zę́brot ’тс’, zęber ’нейкая трава’, серб.-харв. срба ’Galeopsis’, балг. жабрей ’Linaria’. Верагодна, перанос, паводле знешняга выгляду кветкі ці лісця, ад жабры (гл.) ці вытворнай ад жа́ба1, 2 (гл.) назвы хваробы тыпу ст.-чэш. žáber (Плевачава, Этимология, 1966, 90–96; там іншая літ-ра). Параўн. ням. назву ’Scrophularia’ Sauwurz ’свіное зелле’; гэтай травой лячылі свінку (заўшніцу), якая мае сярод іншых і назву, звязаную са словам жаба як назву пухліны на горле, шыі (Махэк, Jména rostl., 211; Мяркулава, Этимология, 1963, 76). Трэба ўлічыць пры гэтым, што ў дыялектах сустракаецца форма зябры ’жабры’ (але не тыпова *зяба ’жаба’). Варыяцыя зябержабер, як і жабрызябры, не растлумачана. Буліч (ИОРЯС, 10, 2, 428), матывуючы назву тым, што (Xleopsis мае зубавідныя чашачкі, калючая (параўн. прыклад у Сл. паўн.-зах.: зябра калючая), звязваў яе са словам зуб (*zęb‑*zǫb‑). Гэта падтрымлівае Фасмер, 2, 111. Ільінскі (ИОРЯС, 24, 1, 125) высунуў ідэю кантамінацыі зуб і жабры. Няясна. Параўн. яшчэ жыбулька.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Роў1 ’доўгае паглыбленне ў зямлі, канава’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Бяльк., Стан., ТС, Сл. ПЗБ), ’яр, лагчына’ (Байк. і Некр.), ’баразна’ (Куч.), ’трэшчыны на пятах’ (паст., ігн., Сл. ПЗБ), рове́ц ’раўчак’, ’разора’, ’паз у вушаку’, ’прабор у валасах’ (ТС), ро́вам, рава́мі ’моцным струменем’ (шум., навагр., Сл. ПЗБ), роў ’невялікі прыродны вадаём’ (ганц., ЛА, 2), рів ’мачулішча’ (драг., кобр., ЛА, 4), ров, роў, рӥв ’ручай, прамыіна, мелкае месца на рацэ’ (зах.-палес., ЛА, 5), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’круглая яма на высокім месцы для захоўвання бульбы зімою’ (віл., ст.-дар., Яшк.). Укр. рів ’роў, канава’, рус. ров ’канава’, карэл. ’баразна паміж градамі’, пск. ’палонка’, ро́вы ’ямы’; польск. rów ’канава’, ’акоп’, ’западзіна’, в.-луж., н.-луж. row ’магіла’, чэш. row ’тс’, славен. rȍv, ròv, rovíšče ’роў, канава’, ’акоп’, ’капальня, яма’, серб. ро̏в, ро̑в ’роў, глыбокая канава’, ’акоп’, харв. rȏv ’тс’, макед. ров ’роў’, балг. ров, дыял. ро́вът ’тс’, ст.-слав. ровъ ’яма’, ’роў’, ’магіла’. Прасл. *rovъ — утварэнне з суф. ‑vъ (як *kovъ < *kovati) ад *rovati < ryti (Міклашыч, 285; ESJSt, 13, 778) < *reu̯o‑ < і.-е. *reuH‑ ’рыць, капаць, вырываць, дзерці’ (Сной–Бязлай, 3, 199–200), з якога выйшлі: ст.-грэч. οὐρός ’роў’ (Фасмер, 3, 488), лац. ob‑ruere ’засыпаць, закопваць’, ē‑ruere ’выкопваць, вырываць, выграбаць’ (Махэк₂, 520).

Роў2 ’моцны працяглы крык некаторых жывёл’, ’гукі, што напамінаюць такі крык’, ’моцны плач’ (ТСБМ). Да раўці́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Роўны ’просты, прамы, без выгібаў’, ’гладкі, без упадзін і ўзгоркаў’, ’аднолькавы, пастаянны’, ’ураўнаважаны’, ’які аднолькава з кім-небудзь вырастае’, ’які мае аднолькавыя правы, становішча, значэнне’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’палогі (пра бераг ракі, возера)’, раўні́сты ’тс’ (жлоб., рэч., глус., ЛА, 2), рі́мны ’роўны’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. рі́вний, рус. ро́вный, ро́вен, стараж.-рус. ровьнъ; польск. równy, н.-луж. rowny, в.-луж. runy, палаб. ruovnė, чэш., славац. rovný, славен. ráven, серб. ра́ван, ра̂вни ’тс’, харв. rávan ’роўны’, rȃvan ’раўніна’ чак. ravȁn, rõvan, шток. ràvan, ж. р. rámna, н. р. râmno, макед. рамен, балг. ра̀вен, ст.-слав. равьнъ. Прасл. *orvьnъ(jь) — прыметнік, утвораны ад асновы *orvo‑es‑, роднаснай ст.-прус. arwis ’сапраўдны’, якое Смачынскі (IF, 94, 307) лічыць калькай-запазычаннем з ням. мовы; хецк. aruna‑ ’мора’, авест. ravah‑/raunah ’свабодная, адкрытая прастора’, ірл. róe, rói ’роўнае поле’, лац. rūs ’зямля, поле, вёска’, ст.-в.-ням. rûm ’памяшканне’, англ. room ’пакой’, ням. Raum ’прастора’ < і.-е. *réu̯H1‑es‑ ’адчыняць’ (Фурлан–Бязлай, 3, 155–156; Фасмер, 3, 489; Махэк₂, 520; Сной₂, 604; ESJSt, 13, 754–755). Сюды ж: ро́ўніца ’раўняцца’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ), ро́ўна ’адначасова’ (браг., Мат. Гом.), ро́ўня ’раўня’ (ТСБМ, ТС; слуц., Чуд.), ’узровень’ (Гарэц.), ’раўніна’ (слонім., Сцяшк. Сл.) і ро́ўнядзь ’раўніна, роўнае месца’ (ТСБМ, ТС, Бяльк., Касп., Байк. і Некр.), ’плошча (паверхні)’ (Стан.), ’гладкая паверхня вады’ (БРС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рыпе́ць, ры́паць ’скрыпець’ (ТСБМ; беласт., Сл. ПЗБ; Бяльк.), ры́пнуць ’скрыпнуць’ (беласт., Сл. ПЗБ), рып ’гук, які ўтвараецца пры трэнні’ (ТСБМ), рыплі́вы, рыпу́чы ’скрыпучы’ (ТСБМ, Сцяшк.), рыпе́ць ’рыпець, скрыпець, скрыгатаць’ (ТС), ры́паць ’няўмела граць’, ’выказваць крыўду’ (Яўс.), ры́пнуць рыпнуць, скрыпнуць (ТС), рыпу́чы ’скрыпучы’ (ТС), ры́пкі ’рыпучы’ (Сцяшк. Сл.), ры́панне ’буркатня’, ’няўмелае гранне на гармоніку’ (Яўс.), рус. рыпе́ть, укр. рипіти ’скрыпець’, чэш. rupati ’хрусцець’, ’трашчаць’ rupěti ’хрусцець (пра снег). Прасл. *rypati. І.‑е. база *reup‑ ’ламаць’, ’вырываць’, ’раздзіраць’; корань *rep‑ (: *ru) ’рыць’, ’капаць’ з расшыральнікам ‑p‑ (Покарны, 1, 868–870). Параўн. літ. ruõpti ’капаць’, raũpti ’выдоўбліваць’, раскалупваць’, rupė́ti ’клапаціцца’, ст.-в.-ням. roubon (ням. rauben) ’рабаваць’, лац. rumpo ’рву’, ’разрываю’, ст.-інд. ropayati ’абломлівае’ (Чарных, 2, 130–131). Лічыцца, што тут той жа корань, што і ў ры́нуць, рака́, г. зн. узыходзяць да і.-е. кораня *erei‑, расшыраным фармантам p і роднаснае да ням. reisen (reiten) (Скок, 3, 146). Малаверагодная роднасць са ст.-ісл. raup ’выхвалянне’, ropa ’адрываць’, с.-н.-ням. ropen, с.-в.-ням. roffazen ’тс’ (Мацэнаўэр, LF 18, 245; Фасмер, 3, 530). Магчыма, гукапераймальнага паходжання). З іншага боку параўн. літ. rypúoti ’плакаць, галасіць’, raupyti, ruopti ’удараць’, rupas, rupus ’штосьці няроўнае’, інд. ropa‑ ’дзюра’, ropajati ’адрывае’, rupjati ’у яго рве ў бруху’, лац. rumpere, ням. Raub ’рабаўніцтва’ (< з ням. roub ’?’), raufen ’вырываць’, ’рваць’, ’трапаць’, ’церабіць’ (Брукнер, 472). Гл. таксама ры́паць2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Самі́нец, сомі́нец ’кароткае бервяно паміж вокнамі’ (ТС; стол., Нар. сл.), самі́ца ’тс’ (ТС), самі́нка ’сценка паміж вакон’ (КСТ), рус. дыял. сомцы́ ’працяг зруба з бярвенняў, якое завяршаецца трохвугольным выступам’, саме́ц, сомо́к ’вохлуп’, самцы́ ’кароткія бярвенні’, укр. карп. саме́ць, мн. л. сімці́ ’бервяно ў сцяне хаты, якое толькі адным канцом звязана ў замок, а другім упіраецца ў вушакі’, польск. дыял. sumiec ’бервяно, якое ўсунута сваім абсклюдаваным канцом у паз’, sonik, sunik, sumik, sulnik ’кароткае бервяно паміж вокнамі’, sowiniec ’жэрдкі над токам у гумне, вышкі’, чэш. дыял. somík ’вушак’, somínec ’кол у плоце’, slumík ’столбік у плоце’, sumík ’вертыкальная драўляная рама’, somica, somík ’бервяно паміж вокнамі’, славац. sôm ’вушак’, somík ’тс’, ’папярочная планка ў грабель, матавіла і г. д.’, серб.-харв. somić, sȍmić ’дзірка для дыму ў форме роўнастаронняга трохвугольніка, якая выходзіць на два бакі даху’, ’франтон’, славен. somik ’жолаб, паз на сцяне’. Этымалогія спрэчная. Фасмер (3, 716) першапачатковай лічыць форму сомок (сомец, сомцы — другасная) і выводзіць яе з *sъ‑mъk‑ (гл. мкаць, мкнуцца), але прыводзіць толькі рускі і ўкраінскі матэрыял. Махэк₂ (566) з улікам славацкай формы ўзнаўляе прасл. *somъ, *somьcь і ў якасці адпаведнікаў указвае на ст.-інд. śamyā ’палка, затычка, цвік’, авесц. sima ’частка вупражы возу, магчыма, драўляная частка, якая абхоплівае шыю каня’, арм. samikʼ мн. л. ’дзве драўляныя часткі ярма’, грэч. κάμαζ ’жэрдка, кол’, с.-в.-ням. hamel ’жэрдка’, дац., шв. hammel, нарв. дыял. hamul ’папярочная перакладзіна перад возам’. Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сват ‘асоба, якая сватае жаніху нявесту ці нявесце жаніха’, ‘бацька мужа ў адносінах да жончыных бацькоў ці наадварот’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Сцяшк., З нар. сл., Бір. дыс., Сл. ПЗБ, ТС, Байк. і Некр.), ‘на вяселлі родзіч з боку маладога’ (Сл. ПЗБ), ‘адзін з удзельнікаў вясельнай дружыны’ (віл., З нар. сл.), сваты́ ‘бацькі маладых і ўсе родныя госці’ (“якіх называюць сватамі”, Сержп. Прымхі), свато́ве ‘тс’ (Нас., Касп.). Укр., рус. сват, ст.-рус. сватъ, польск. swat, н.-луж. svat ‘шафер, дружка’, ‘усякі сваяк заручанай пары’, чэш. svat, славац. svat ‘бацька зяця або нявесткі’, серб.-харв. сва̏т ‘сват’, славен. svȃt ‘сват, дружка’, балг., макед. сват ‘сват’, дыял. ‘сваяк’. Прасл. *svatъ, дэрыват ад кораня *swo‑ ‘свой’, з і.-е. *su̯a‑tō (*swō‑t‑), дзе ‑t‑ вытворнае ад займеннікавага кораня (гл. той), першапачаткова ‘свой, блізкі чалавек, суродзіч’; значэнне ‘чалавек, які сватае’ з’явілася пазней пад уплывам дзеяслова *svatati (гл. Трубачоў, История терм., 142–143). Паралелі ў літ. svẽcias, svẽtis ‘госць (чужынец)’, грэч. (Ϝ)έτης ‘родзіч, прыяцель’, гоц. swēs ‘уласны’, ст.-інд. svás ‘свой’. Махэк₂ (594) на аснове чэш. svatví * < *svatvьji адносіць слова да асновы на ‑u‑ і параўноўвае з авест. xvaētu‑, што адвяргаецца па фанетычных прычынах. Гл. Фасмер, 3, 570; Борысь, 589; Шустар-Шэўц, 1384; БЕР, 6, 534–535; Сной₂, 713; Глухак, 597 (збліжае з *xvatati, гл. хватаць); Шаўр, Etymologie, 45 (дапускае незалежнае ад славянскіх развіццё балтыйскіх і грэчаскай формаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свой1 займ. ‘які належыць сабе, уласцівы сабе, мае адносіны да сябе, уласны’, ‘які знаходзіцца ў сваяцкіх, сяброўскіх або іншых блізкіх адносінах’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. свій, рус. свой, польск. swój, в.-луж., н.-луж. swój, чэш. svůj, славац. svoj, серб.-харв. сво̑ј, славен. svoj, балг. свой, макед. свој, ст.-слав. свои. Прасл. *svojь ‘свой’. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. swais, swaia ‘свой’, літ. sãvas, лат. savs ‘тс’, ст.-в.-ням. swîo, geswîo ‘брат жонкі, цесць, сваяк’ < *svei̯o‑, ст.-інд. svás ‘уласны’, авест. xva‑, hva‑, ст.-перс. uva‑ ‘тс’, грэч. ‘сябе’, гоц. swes ‘уласны’, ст.-лац. sovos, лац. suus ‘тс’; гл. Траўтман, 251 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 792; Майргофер, 3, 566. Да і.-е. *su̯o‑ ‘свой’; гл. Борысь, 590; Сной₁, 625; агляд літ-ры гл. Фасмер, 3, 583; Шаўр, Etymologie, 38–39. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1392–1393; БЕР, 6, 562–563. Параўн. таксама формы без ‑в‑: ст.-слав. себе (гл. сябе).

Свой2 ‘скрутак, трубка выбеленага палатна’ (Сцяшк., Жд. 2, Сержп., З нар. сл.; браг., Нар. сл., ТС, Ян., Мат. Гом., Скарбы), сво́ец ‘тс’ (гарад., Сл. ПЗБ), ‘мера самаробнай тканіны’ (Інстр. 3), свуй ‘трубка палатна’ (стол., Нар. лекс.). Ад *свіць ‘звіць’ < віць; відаць, паходзіць з гаворак, дзе прыстаўка с‑ не пераходзіць у з‑. Параўн. сувой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свірэ́па1, свірэ́пка ‘пустазелле, палявая шматгадовая расліна сямейства крыжакветных з жоўтымі кветкамі, часцей за ўсё Barbarea vulgaris R. Br.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., ЛА, 1; Пятк. 1, ПСл, Растарг., Кіс.), свярэ́па ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свырі́па ‘тс’ (Клім.), свіро́па ‘тс’ (ТС; ПСл; мазыр., Жыв. сл.), ‘рэдзька палявая, Raphanus raphanistrum L.’ (Кіс., Касп., Дэмб. 1), ‘гарчыца палявая, Brassica napus arvensis L.’ (Бейл.), свырі́па ‘варыва з лебяды’ (кобр., Нар. лекс.), свіры́па ‘старасцень, Senecio erucifolius L.’ (Меер Крыч.), свірэ́піца ‘пустазелле’ (Гарэц., Сл. ПЗБ). Рус. свире́па, свире́пка ‘абагульняючая назва цэлай групы крыжакветных раслін’, укр. свирі́па, польск. świerzop, świerzopa ‘тс’, чэш. svěřep, ‑a ‘пустазелле рода Branus i Fectuca і пад.’, серб.-харв. sverepek ‘расліны рода Fectuca, Aegilops’. Прасл. *svěrepъ/‑a ‘пустазелле’, субстантываваная форма прым. *sverěpъ ‘люты’, ‘дзікі, палявы’ (Мяркулава, Очерки, 75–78; Новое в рус. этим., 229); гл. свірэпы.

Свірэ́па2, ст.-бел. свирепа, сверепа ‘кабыла’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж свирепий ‘конскі’, свирепье стадо ‘табун’ (там жа). З ст.-польск. świerzepa ‘кабыла’ (Булыка, Лекс. запазыч., 143), што звязваюць з наступным словам (Фасмер, 3, 580). Зрэшты, запазычанне магло быць і ў адваротным кірунку, параўн. свірэп ‘неаб’езджаная кабыла’ са «Слоўніка менш зразумелых беларускіх слоў» В. Каратынскага (гл. Мальдзіс, І ажываюць спадчыны старонкі, Мн., 1994, 71). Паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 212), слова з першасным значэннем ‘маладая неаб’езджаная жаробка’ супрацьпастаўлялася кабыле і клячы як аб’езджаным і рабочым жывёлінам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)