Іно́ся ’не так, іначай’ (Касп.), ’няхай’ (Нас., Грыг.), ’іншая справа’ (Нас., Яруш., Др.-Падб.), ’калі ласка’ (Нас.). Рус. смал., арл., калуж. и́но́сь ’добра, калі ласка’, смал. ина́себе ’няхай’, укр. дыял. іно́се, іно́сь ’няхай так; згодзен’. Складанне з іно і зваротнай часціцы -ся; параўн. рус. дыял. и́но́ ’часам’, ’толькі’, ’добра’, ’пасля’, ’некалі’, злучн. ’ці’, ’але’, ’так што’, ’калі’, укр. іно́ ’толькі’, польск. дыял. ino ’толькі, так’, злучн. ’толькі што, ледзь толькі’, ст.-рус. ино злучн. ’а, і’, ’але’, ’таму што’. Ino тлумачыцца неадназначна. Найбольш верагодна этымалагічная сувязь з *jьnъ (гл. іншы), Бернекер, 1, 431; Праабражэнскі, 1, 271; Слаўскі, 1, 462. Фасмер (2, 133) вылучае два кампаненты: i + no. Недакладна Гіст. мовы (II, 248) разглядае інося як уласную словатворчасць Ул. Дубоўкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляшчоткі ’абцугі’ (Сцяшк.), ’ціскі для выціскання воску, сыру’ (Сержп. Борт., Сл. ПЗБ), ’раздвоеная з аднаго канца дошчачка для заціску чаго-небудзь’, ’лубкі, у якія забінтоўваецца вывіхнуты сустаў, увязваецца зламаная канечнасць’ (КЭС, лаг.; ТСБМ, Сл. ПЗБ). Укр. леще́ти, ле́щата, рус. ле́щедь, лещадь, польск. leszczotka, leszczoty, чэш. lešta. Да прасл. паўн. lešč‑etь (lešč‑et‑ъka), leščeta, якія з lešciti/leskati ’расшчапляць, удараць, ляпаць’. Яны адносяцца да этымалагічнага гнязда з коранем lešč‑/lest‑ > ляшча́ць (гл.) (Слаўскі, 4, 174–176; Фасмер, 2, 491; Куркіна, Этимология–74, 47–51). Брукнер (KZ, 46, 210–211) прымае версію з адпаўшым пачатковым гукам (параўн. бел. кляшчоткі ’ляшчоткі’, польск. oklascki, okleszczyny ’планкі для звязвання паламанай канечнасці’ і інш.). Бернекер (1, 702) адносіць лексему да лёскать ’ляпаць, шчоўкаць, грукаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Мамрыла, драг. момрэ́ло ’маўчун’ (Нар. лекс.), беласт. мамры́ско ’тс’ (Сл. ПЗБ). Укр. закарп. момрати, мимрати ’буркатаць, незразумела гаварыць’, мимря, мимрій ’буркун’, рус. стаўрап. мумы́ря ’негаваркі чалавек’, мумы́ркнуть ’сказаць няясна, буркнуць’, польск. mamrzeć, каш. mumrzeć, чэш. mumrati, mamrati, mrmlati, славен. mrmráti, серб.-харв. mormorati. Амаль паўсюдна сустракаюцца ўтварэнні з ‑l‑: рус. мумлить, каш. mumlac, н.-луж. momliś, mumliś, в.-луж. mumlić, mumolić, ляш. mumlať, чэш. mumlati, славен. momljáti, серб.-харв. му̀мљати, му̀млати. Прасл. mъrmъlati (Махэк₂, 350). Гукапераймальнае. Аналагічна ст.-в.-ням. mammalon, с.-н.-ням., новав.-ням. mummen, mummeln ’мямліць, жаваць бяззубым ротам’, літ. murmuliúoti ’няясна гаварыць’, máumti ’бляяць, мыкаць’ (Міклашыч, 192; Бернекер, 2, 75; Мацэнаўэр, LF, 10, 341 і 11, 162; Фасмер, 3, 9 і 30; Махэк₂, 350; Скок, 2, 456–457, 469; Бязлай, 2, 194).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гляк ’гаршчок з вузкім горлам’ (БРС, Шат., Касп.), глёк ’тс’ (Бяльк., Нас., Байк. і Некр.). Укр. глек, рус. гляк, глек, глёк, гилёк, ст.-рус. гълъкъ, голкъ, голькъ. Вельмі няяснае слова. Раней рэканструявалі прасл. формы тыпу *glьtъ і звязвалі гэта слова з прасл. glьjь ’глей’ (гл.). Так Бернекер, 1, 310; Трубачоў, Ремесл. терм., 217–218. Але Фасмер (1, 412) указвае на тое, што формы гэтага слова перашкаджаюць параўнанню з глей. Таму некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гэта слова, магчыма, не спаконвечнае ў славян, і шукаюць крыніцу запазычання. Так, Гаўлава (гл. Этимология, 1966, 96 і наст.) думае, што ў даным выпадку да славян прыйшло культурнае слова з Міжземнамор’я. Параўн. грэч. лексемы, якія, як мяркуюць, маглі быць запазычаны ў слав. мовы: грэч. γαυλός ’збан’, γυλλάς ’від чашы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кру́пы ’прадукт харчавання з зярнят розных культур’ (ТСБМ, Нас., Касп., ТС). Укр. крупа, рус. крупа, крупы ’тс’, ст.-слав. кроупа ’кроха’, серб.-харв. кру́па ’крупа’, славен. krúpa ’тс’, польск. krupa ’крупа, град’, чэш. kroupa, kroupy, славац. krúpa, krúpy, н.-луж. kšupa, kśupy, в.-луж. krupa, krupy ’тс’. Прасл. krupa да krupiti ’рабіць крупны памол’, krupъ ’крупны’. Найбольш надзейныя індаеўрапейскія паралелі ў балтыйскіх і германскіх мовах: літ. kraupùs ’няроўны, шурпаты’, krùpti ’пакрывацца струпамі’, ст.-ісл. hrufa ’струп’, hrjufr ’шурпаты’. Не выключана генетычная сувязь з kruxъ, krušiti (гл. крух, круха). Тады гаворка ідзе аб і.-е. kreu̯‑ ’ламаць, крушыць’ з датэрмінатывамі ‑p‑ і ‑s‑ (Бернекер, 630; Буга Rinkt, 1, 446–447; Фрэнкель, 290; Слаўскі, 3, 177). Параўн. прасл. trupъ і truxъ (гл. труп і труха).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крэ́пкі ’дужы, моцны; цвёрды, крамяны’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Ян., Шатал.). Укр. кріпкий, рус. крепкий, ст.-рус. крѣпкыи, ст.-слав. крѣпъкъ, балг. крепък, макед. крепок, серб.-харв. кре̏пки, кре̏пак, славен. krépec ’тс’, польск. krzepki, ст.-чэш. křěpky, славац. krepký ’тс’. Прасл. krěpъкъ ’моцны, сільны’ — прыметнік на ‑къ ад krěpъ. Зберагліся формы без ‑къ: ст.-слав. крѣпъ, славац. krepý, серб.-харв. krijep. Надзейных балтыйскіх і іншых індаеўрапейскіх паралелей няма. Традыцыйнае супастаўленне са ст.-ісл. hráefa ’вытрымаць’ (Бернекер, 614; Покарны, 620). На жаль, у гэтай лексемы няма адпаведнікаў. Зупітца (KZ, 27, 389) параўноўвае ст.-ісл. kraptr, ст.-в.-ням. kraft ’сіла, моц’. У гэтым выпадку не можа быць гаворкі аб генетычнай суаднесенасці. Магчыма, вынік лексічных пранікненняў, але абгрунтаваць германскую, славянскую або іншамоўную трэцюю крыніцу пакуль што не ўдаецца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́бел ’дзежка з вушкамі’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Др.-Падб., Жыв. сл., Нік. Очерки, П. С., Сцяц. Нар., Бяльк., Сержп. Пр., Доўн.-Зап. ПП, Грыг., Маш., Гарэц., Сцяшк., Мат. АС, Кліх, Янк. Мат., Жд. 3, Яруш., Шатал., Янк., Сл. паўн.-зах., Мядзв.). Ст.-бел. кубелъ (з 1533 г.) (< польск. kubeł < с.-в.-ням. kübel) (Булыка, Запазыч., 180). Укр. кубел ’від крытага вулея’, кубло ’пасудзіна з дрэва’, рус. кубел ’кадзь’, польск. kubeł ’пасудзіна, вядро’. Лічыцца спрадвечным словам, якое паходзіць ад kubъ (гл. куб2, кубак) і суфікса ‑ьlъ (Бернекер, 636; Слаўскі, 3, 297). Але больш верагоднай здаецца версія аб запазычанні праз польск. kubeł з с.-в.-ням. kübel ’драўляная пасудзіна, вядро’ (Брукнер, 279; Машынскі, JP, 35, 114–115), не выключана, што форма куб — вынік зваротнага словаўтварэння ад кубел.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́па1 ’куча, група’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах., Бяльк., Яруш., Нар. сл., Яшк., ТС, Касп.). Укр. купа, рус. купа ’тс’, балг. купа ’капа сена’, макед. купа ’купа’, серб.-харв. ку́па, польск. kupa, чэш. kupa, славац. kupa, в.-луж. kupa ’тс’. Прасл. kupa адпавядае літ. kúopa, лат. kuopa ’тс’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі больш далёкія (Бернекер, 646; Траўтман, 138; Фрэнкель, 231).

Ку́па2 ’сухі, здробнены торф’ (Нар. лекс.), ’перагной’ (Яшк.), ’дзе гоняць смалу, выпальваюць попел’ (Яшк.). Гл. купіцца.

Ку́па3 ’вялікая бочка для зерня’ (ТС, КЭС, лаг.). Ст.-бел. куфа ’тс’ (з 1583 г.) запазычана з польск. kufa, якое са ст.-в.-ням. kuofa (Булыка, Запазыч., 182). Магчыма, для бел. купа крыніцай быў н.-ням. або ст.-сакс. варыянт (параўн. ст.-сакс. kōpa ’тс’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́пшы, лі́пші, паст. ле́пі ’лепшы’ (Гарэц., Мядзв., Грыг., Булг., Бяльк., Шат., Яруш., ТС, ТСБМ, КЭС, лаг.; рагач., КЭС). Укр. ліпший, рус. пск., смал. лепший, ц.-слав. лѣпшій, польск. lepszy, н.-луж. lěpšy, в.-луж. lěpši, чэш., славац. lepší ’лепшы’, палаб. lepše ’лепш’, серб.-харв. ље̏пши ’прыгажэйшы’, славен. lépši ’тс’, ’прыемнейшы’. Прасл. lěpjь, р. скл. lěpjьša, пасля (паводле аналогіі) развілася другасная форма lěpjьšii — вышэйшая форма ад lěpjь, прадстаўленай ва ўсіх слав. мовах. І.‑е. *loip‑os > прасл. lěpъ ’той, які прылягае, прыліпае’ > ’той, які падыходзіць’ > ’добры’ > ’прыгожы’ (Бернекер, 1, 711; Брукнер, 296; Покарны, 670; Фасмер, 2, 485; Слаўскі, 4, 168–169; Скок, 2, 297, Шустар-Шэўц, 827–828). Сюды ж ле́пшаць ’рабіцца лепшым’, ляпша́ць ’ачуньваць’ (Бяльк., Яруш., ТС), лепшыньнік ’рамонтнік’ (Юрч. Вытв.), лепшота́ ’выгада, карысць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лоскат1 ’ласкатанне, казытанне’, ’сверб’ (Гарэц., Федар. 1, Нас., Бяльк., Ян., ТС). Укр. лоскіт, лоскоти, ласкоти, рус. прыбалт. ласкотка, польск. łaskotki, в.-луж. łoskot. Прасл. laskotъ ’козыт’. Да laskotati > ласкатаць1 > ласка (гл.) з пераходам а > о (параўн. даравацьадорваць, плаціцьзаплочаны).

Лоскат2 ’пошчак’ (Гарэц.), ’моцная, апрыклая балбатня’ (Нас.), укр. ло́скіт ’трэск’, рус. ло́скот, лоскота́ ’пустая балбатня, плёткі’, польск. łoskot, чэш. loskot ’грук, рэха, стук, шчоўк’, славен. loskòt ’балбатня’, ст.-серб.-харв. лоскот ’гул’, ц.-слав. лоскотъ ’гоман, крык, шум, звон, гуд’. Прасл. loskotъ ’грукат, шум, гоман’ — nomen actionis ад ласкатаць2, якое з’яўляецца інтэнсівам да гукапераймальнага loskati, роднасна блізкага да літ. laskúoti, lakštúoti ’весела спяваць’, łazgė́ti ’балбатаць не змаўкаючы’. Чаргуецца з лёскат і ляскаць (гл.) (Бернекер, 1, 734; Фасмер, 2, 521; Слаўскі, 5, 208–210).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)