Куб 1 ’геаметрычнае цела’ (ТСБМ). Запазычанне праз рускую мову з нямецкай або непасрэдна з лацінскай (ням. Kubus, лац. cubus) (Шанскі, 2, 8, 427).
Куб 2 ’пасудзіна цыліндрычнай формы’ (ТСБМ). Укр. куб, рус. куб ’тс’, ст.-рус. кубъ ’кубак’, н.-луж. kub ’кубак’. Фактычна, апрача ніжнелужыцкіх форм, толькі ўсходнеславянскае. Індаеўрапейскія паралелі: ст.-грэч. κύμβος ’келіх, кубак’, ст.-інд. kumbháḥ ’гаршчок, збанок’. Формы сведчаць аб насавым гуку ў корані. Таму, калі лічыць славянскія лексемы спрадвечнымі, трэба рэканструяваць прасл. kǫbъ. Альтэрнацыя ǫ/u ў даным выпадку малаверагодная (параўн. Слаўскі, SO, 18, 261). Гл. Махэк₂, 243–244.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)