Ану́ча. Рус., укр. онуча, ануча (для абварачвання ног), польск., славац. onuca, чэш. onuče, славен. onuča, vnúča, ст.-слав. оноушта ’сандалія’ (Старасл. сл.). Да праслав. *onutja; корань ‑u(t)‑ той жа, што ў абутак (гл.), параўн. літ. aũli ’абуць’ суфікс ‑ja, як у свяча. Прэфікс on‑ найбольш верагодна з і.-е. *an‑ (лац. an‑, грэч. ανα‑ і г. д.) ’на’ (Фасмер, 3, 142) або, што менш верагодна, з і.-е. *on‑ ’у’ (Мейе, Études, 2, 162), ці o‑ пры ўстаўным ‑n‑ (гл. Праабражэнскі, 1, 650); паводле Шанскага (КЭСРЯ, 223), утворана ад *onutь ’абутак’ < *onuti ’абуць’, гэтым аўтар імкнуўся паясніць паходжанне ‑t‑. Аб прычынах дээтымалагізацыі гл. Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 173. Колесаў, ЭИРЯ, 5, 43–48: корань *nut‑ быццам паясняе семантыку анучы-абутку: ’тое, што не нацягваецца, а накручваецца’, што, аднак, не зусім ясна ў сувязі з няяснасцю кораня на славянскай моўнай глебе. Беларуская мова значна пашырыла семантыку слова ануча ад ’абутку’ на ’рызман, лату’, аналагічная тэндэнцыя заўважаецца і ва ўкраінскай; у іншых славянскіх мовах старое значэнне захоўваецца дакладней, хаця нідзе, здаецца, слова цяпер не азначае абутку. На новай семантычнай базе бел. анучнік ’гандляр анучамі; той, хто збірае ўтыль’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Знібе́ць ’аднастайна, тупа балець’ (Юрч. Сін., Мат. Гом.), знібіла ’ныцік, плакса’ (Юрч. Вытв.), — у Юрчанкі без націску. Рус. знобить ’адчуваць холад’, смал. знобе́ть ’пакутаваць’, смал., паўд.-сіб., алан., ярасл., паўн. зноби́ть ’пакутаваць’, укр. зноби́ти ’прастуджваць’, польск. дыял. znobić ’халадзіць’, чэш. znobiti ’астуджаны, адчуваць холад’, славац. znobiť ’марозіць, халадзіць’. Ст.-рус. знобити ’марозіць, халадзіць’ (XII∼XVII стст.). Параўн. балг. дыял. зно̀ба ’хваравіты стан’. У бел. захавалася форма з дзеяслоўным вакалізмам у адрозненне ад адназоўнікавай формы тыпу рус. знобить, якая прадстаўлена ў зазноба (гл.). Бел. і рус. дыял. значэнне ’балець’ магчыма разглядаць як пашырэнне значэння ’адчуваць холад’, якое можа лічыцца першасным. Znobiti ’марозіць’ звязваюць з zęb (гл. зяб1). Міклашыч, 401; Фасмер, 2, 101, БЕР, 1, 650; тут магла быць метатэза *zenb‑ > *zneb‑ (?) У супастаўленне ўключаюць зіма (гл.). Праабражэнскі, 254, Махэк₂, 707–708. Выдзяляюць прасл. корань *zьn‑, да якога далучаецца суфікс ‑ob‑a (але як тады быць з бел. формай?). Шанскі, 2, З, 102; Скок, 3, 659. Параўноўваюць з і.-е. *gʼen‑ ’нарадзіць, нарадзіцца’. Трубачоў, ВЯ, 1957, 2, 90; Трубачоў, Ист. терм., 153–154. Не выключана энатыясемічная сувязь з znojь (гл. зноіць); гл. зазноба. Адзінцоў, Этимология, 1974, 117–120. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калашма́н ’птушка з касматымі нагамі’, ’чалавек у штанах з шырокімі калашынамі’ (БРС, ТСБМ), ’той, у каго шырокія з доўгімі калашынамі штаны’ (Янк. 3.), ’з доўгімі калашынамі’ (Мал., Сержп. Грам.), калашмай (значэнне?) (Сцяцко, Словаўтв.), калашмач ’пра чалавека ў шырокіх доўгіх штанах’ (Сцяц.). Сюды ж, верагодна, неабходна аднесці і калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’ (Мат. Маг.). Прыведзеная лексіка дазваляе выдзеліць розную суфіксацыю і аснову, у якой ‑м‑ можа з’яўляцца суфіксальным элементам або адносіцца да асновы. Калі дапусціць, услед за Сцяцко, Афікс. наз., 95, што гэта ўтварэнні ад прыметніка калашматы ’чалавек у шырокіх штанах’, у якіх ёсць і фармальны прыметнікавы паказчык — сегмент ‑м‑ (як частка суфікса ‑мат‑), то цяжка вытлумачыць калашман ’птушка з касматымі магамі’, калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’. Тураўскі слоўнік адзначыў для лексемы колоша форму мн. л. калошы са значэннем ’пер’е на нагах у курэй’ і дэрыват ад яе колошаты ’з аброслымі пер’ем нагамі (пра курэй)’. Што датычыць значэння ’чалавек з кудлатымі валасамі’, яго можна разглядаць як наступнае развіццё семантыкі. На базе семемы ’з касматымі нагамі’ натуральна магла ўтварыцца семема ’касматы’ і з наступным удакладненнем семантыкі, у адносінах да чалавека, ’з касматай (кудлатай) галавой’. Экспрэсіўнасць і слова, і суфікса цалкам дапускае мяркуемыя трансфармацыі семантыкі. Не вельмі ясным у данай версіі з’яўляецца генезіс суфікса ‑мат‑ (прыметнікавага, паводле Сцяцко). Аднак, паколькі як быццам надзейныя прыклады такой суфіксацыі ёсць (параўн. таўсматы ’таўставаты’), можна дапусціць, што яна ўзнікла ў выніку перараскладання структур, дзе ‑м‑ генетычны элемент кораня слова. Калі гэта не так, у межах таго ж дапушчэння, што калашман суадносіцца з калоша, калошы, можна прапанаваць наступнае. Нельга выключыць, што ‑м‑ тут на месцы ‑в‑, калі ў якасці ўтваральнага слова выступала форма калошва ’калоша’, калошня, засведчаныя на бел. тэрыторыі. У такім выпадку ў прыметніку маглі адбыцца працэсы фанетычнага ўзаемадзеяння і ў выніку дыстантнай асіміляцыі ўтварыцца ‑м‑. Не выключана таксама, што трансфармацыя адбылася пад уплывам нейкага падобнага па структуры і семантыцы слова. Звяртае на сябе ўвагу дзеяслоў калашмаціць, для якога ў бел. мове адзначана значэнне ’кудлачыць’ і дзе ‑м‑ як быццам рэгулярнае. Не выключана таксама, што калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’ наогул з’яўляецца вытворным ад гэтага дзеяслова і генетычна не суадносіцца з вышэй прыведзенымі словамі. Нельга выключыць яшчэ і той магчымасці, што калашман — утварэнне з экспрэсіўнай ‑ман‑ суфіксацыяй, а дэрываты з іншымі суфіксамі — вынік субстытуцыі суфікса ‑ман‑ на іншыя экспрэсіўныя, магчыма, больш натуральныя для канкрэтных гаворак. Пры гэтым, паколькі ‑м‑ адзначаецца ва ўсіх дэрыватах, замяняўся, верагодна, не суфікс ‑ман, а суфікс ‑ан, як больш часты. Пры такім тлумачэнні першаснасць прыметніка з’яўляецца праблематычнай і гэта, відаць, пацвярджаецца такім утварэннем, як калашманы ’калашматы’ (стаўбц., Нар. сл.), якое можна разглядаць і як утварэнне ад назоўніка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каро́ста1 ’кароста (хвароба)’ (ТСБМ, Шат., Мядзв., Гарэц., Сл. паўн.-зах., Федар. VI), укр. короста, рус. короста, ст.-слав. краста, балг. краста, макед. краста, серб.-харв. кра̏ста, славен. krásta. Агульнае значэнне ’кароста, парша, струпы’. Звяртае на сябе ўвагу ірл. carrach ’пакрыты струпамі, паршой’. У ірл. лексеме лёгка выдзяляецца суфікс ‑ach, а carr < *kars — ’скурная хвароба’, якое мае рэгулярныя славянскія адпаведнікі, яны ўзводзяцца да прасл. sъrx — (бел. шаршыць, рус. шершавый, чэш. srchý і балт.: літ. šiurkštùs ’грубы, шурпаты’, pašiùrti ’станавіцца грубым, шурпатым’). Параўнанне кельт. і слав. форм прыводзіць да неабходнасці рэканструяваць *k̑ors/*k̑ṛs. Гэта паказвае, што прасл. korsta адлюстроўвае кельцкую фанетыку і семантыку і з’яўляецца, такім чынам, лексічным пранікненнем (Мартынаў, Язык, 42).

Каро́ста2 ’кастрыца’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк.; Сцяц., зэльв.; Шатал., Бір. Пр.), укр. короста ’тс’, польск. krosta ’кастрыца, якая аддзяляецца пры часанні канапель’. Існуе тэндэнцыя змешваць кароста1 і кароста2 (гл. Трубачоў, Эт. сл. 2, 93–95), але кароста2 мае іншыя паралелі і перш за ўсё балтыйскія, чаго нельга сказаць пра кароста1: літ. karšti ’часаць лён, каноплі і інш.’ Відавочна, частка гэтых паралелей кантамінавалася з прасл. kostra (параўн. ст.-рус. костра ’грубая кара льну і канапель, якая застаецца пасля іх часання’, і серб.-харв. ко̏стрина ’кастрыца, адходы пры апрацоўцы льну’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́раць ’прыгараць, абвуглівацца’ (Шат.), журэ́ць ’тлець, слаба гарэць’ (Сл. паўн.-зах.). Чэш. žírati ’распальвацца’, žířeti, žířiti ’напальвацца, гарэць’, балг. жу̀равам, жу̀рна ’моцна запякаць’, дыял. журя ’пячы, жарыць, парыць’, журѐя вянуць, сохнуць’, жу̀ре ’моцна паліць’. БЕР (1, 561) этымалагізуе журя без уліку іншаслав. паралелей як кантамінацыю жа̀ря і горя̀. Махэк₂ (722) тлумачыць žířeti як форму з чаргаваннем галоснага да žár. Супрун (Бюлетин за съпоставително изследване на български език с други езици, 1976, 5, 74–76) звязвае жураць з укр. жевріти ’тлець, слаба гарэць’, якое Бузук (Записки іст.-філол. відділу ВУАН, 7–8, 1929) тлумачыў як перастаноўку з *жеравіти (параўн. ст.-слав. жеравиѥ ’вуголле’), а Ільінскі (там жа, 21–22, 1930–1931) звязваў з і.-е. *gʼeu̯er‑ ’палаць’. Па фанетычных прычынах апошняе дало б з‑, а не ж-. Для прасл. žur‑ ’тлець’ і.-е. адпаведнік можа быць толькі *geur‑. У Покарнага (1, 399) ёсць корань *g(e)u‑lo‑ ’жар; тлеючае вуголле’, адкуль герм. словы для вуголля (ням. Kohle, англ. coal), ірл. gúal ’вугаль’. Паводле Покарнага, арм. krak ’агонь, тлеючае вуголле’ адлюстроўвае суфікс ‑r‑ замест ‑l‑ (пра функцыянальную адпаведнасць lr Бенвяніст, Индоевр., 65) : *geu‑r‑ ’жар’ (гл. іншыя супастаўленні, Ачаран, 2, 678). Да гэтага *geur‑ узыходзіць і слав. žur‑, прадстаўленае ў жураць. Гл. жуляць, журыцца, жэўрэць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́сар1 ’ніжэйшая службовая асоба, якая займалася перапіскай’, канцылярскі служачы’, ’сакратар’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Гарэц., Сл. ПЗБ); ст.-бел. писаръ ’пісар’; стараж.-рус. писарь ’мастак, жывапісец’ (1045 г.), укр. писарь ’пісар’, польск. pisarz, н.-луж. pisaŕ ’пісьменнік’, в.-луж. pisar ’перапісчык’, чэш. písař ’пісец’, ’пісар-перапісчык’, славац. pisár ’тс’, славен. pisár той, хто піша’, ’пісец’, ’пісар’, ’пісьмавод’, серб.-харв. пи̏сар ’пісар’, ’перапісчык’, макед. писар ’пісар’, балг. пѝсар ’тс’, ’пісец’. Новае слова, утворанае ў Сярэднявеччы ад пісаць са значэннем ’пісаць’. Суфікс ‑ар узыходзіць да познепрасл. *‑arʼь, які ўтвараў назвы выканаўцаў і быў запазычаны з германскіх ці (у меншай ступені) раманскіх моў, з носьбітамі якіх суседнічалі славяне. Апошняй крыніцай з’яўляецца лац. ‑ārius (Слаўскі, SP, 2, 21–23).

Пі́сар2 ’госць на вяселлі, які дзеліць каравай’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, з польск. pisarz weselny ’вясельнік, які камічна важна танцуе з маладой, частуе пры расплятанні касы’. Генетычна узыходзіць да пі́сар1 (гл.).

Пі́сар3 ’шрам на скуры жывёлы’ (чач., ЛА, 1). Таго ж паходжання, што і пісаг (гл.), суф. ‑ар, як у шнар ’шрам’.

Пі́сар4 пісарка ’рыба быстранка. Alburnus bipunctatus L.’ (Інстр. 2). Відаць, запазычана з рус. писарь, писарка ’тс’ або ўкр. писар, писарка ’тс’, што звязаны з *pьsati ’маляваць’ (з-за стракатай афарбоўкі), гл. пісаць (Каламіец, Рыбы, 29).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сі́лега, сі́ляга ‘лаза’ (лун., ЛА, 4; пін., Сл. ПЗБ), сі́лега ‘лаза з сіняватым налётам на чырвонай кары’ (ТС), ‘зараснік кошыкавай лазы, Salix viminalis L.’ (жытк., стол., тур., Яшк.), сіле́га ‘тс’ (лун., ЛА, 4), сіляга́ ‘лаза’ (Мат. Гом.), сыля́га ‘дробнае і гнуткае галлё, лазняк’ (пін., Нар. лекс.), сіле́га ‘расшчэпленае хваёвае карэнне, з якога плятуць кашы’ (лун., Шатал.), сі́лежына ‘адзін куст сілегі’ (ТС), шы́лега ‘сілега’ (стол., Яшк.). Відаць, сюды ж і ст.-бел. силяжы ‘кізіл’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. шелюга́, шелюжи́на ‘тс’, рус. дыял. (без лакалізацыі) шелюга́ ‘тс’, шелю́жина ‘палка, дубец з шелюги’. Фасмер (4, 427) параўноўвае яшчэ з рус. астрах. шелужи́на ‘доўгі дубец’, рус.-ц.-слав. шелыга ‘дубец’, серб.-ц.-слав. солыга ‘палка’. Пэўнай этымалогіі няма. Машынскі (Uwagi, 18) лічыў несумненнай сувязь з ст.-ісл. selja, ст.-в.-ням. salaha ‘вярба’. Былі спробы звязваць з ням. Sahlweide ‘вярба’, лац. salix ‘тс’, ірл. sail, Р. скл. sailech ‘тс’. Беларускія формы з пачатковым сі‑ можна было б звязаць, улічваючы функцыю гэтага дрэва, з коранем cіл‑, які ў сіло́, сіляць ‘нанізваць’ і далей з *sei‑ ‘плясці’, г. зн. прыняць першасную форму ⁺сіляга, дзе ‑яга‑ суфікс*‑ęga), а напісанне з ‑ега лічыць гіперкарэктным, але звязаць гэта з украінскімі і рускімі формамі цяжка. Гл. шылега.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́тнік1 ’дарога (праз балота), па якой ездзяць летам’ (рагач., Сл. паўн.-зах.; чэрв., Жд. 2, Янк. I; докш., Янк. Мат.; гом., ветк., Мат. Гом.), драг. лі́тнык (Клім.), лятнік, лятняк (Нар. АЛА Гом.). Укр. канатопск. літня́к ’тс’. Рус. паўн., сіб. ле́тник, летня́к ’летняя дарога (на беразе ракі)’. Утворана ад летні (магчыма, ад lětnьjь pǫtь). Суфікс ‑ік‑ — як у зімнік. Да ле́та (гл.). Сюды ж летнікавая дарога ’тс’ (рагач., Сл. паўн.-зах.).

Ле́тнік2, літнык ’саматканая спадніца з шэрсці’ (Сіг.; нараўл., Мат. Гом.), ’зімовая шарсцяная спадніца’ (Тарн.; брэсц., Малч.), ’андарак’ (лельч., нараўл., ДАБМ). Укр. паўн. літник ’тс’. Да ле́та (гл.). Семантычна звязваецца з семай ’на гады, не на адзін год’, або ’для летніх, г. зн. для немаладых жанчын’.

Ле́тнік3 ’пінжак’ (гарад., чыж., Сл. паўн.-зах.), ’летні пінжак’ (Мат. Гом., ТС, Ян.), ’летняя лёгкая жаночая вопратка без падкладкі’ (чэрв., Жд. 2, Янк. I). Укр. літни́к, літня́чка, рус. вяц., паўн., смал. летник ’тс’, ст.-рус. лѣтьникъ ’лёгкае жаночае адзенне’, польск. letnik, letniczek, в.-луж. lětnik ’летняе паліто’, славац. letník ’летняя сукенка’. Прасл. lět‑ьn‑ikъ < lět‑ьnъ. Да ле́та (гл.).

Ле́тнік4 ’летняе стойла’ (Ян.). Да ле́та (гл.). Утворана, як і даржнік, дзяннік, пастаўнік ’тс’.

Ле́тнік5 ’цвёрды дуб, Quercus robur L.’ (гродз., Кіс.). Утворана ад ле́та ’год’ > ’шматгадовы дуб’.

Ле́тнік6 ’пералетаваныя дровы’ (ТС). Да ле́та (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ці1, маць ’матка, мама’ (ТСБМ, Бес., Нас., Яруш., Кліх., Маш., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), драг., бяроз. ма́тэ, ма́ты (КЭС), ма́ця ’тс’ (Пан. дыс.). Укр. ма́ти, рус. мать, ма́ти, ст.-польск. mać (< maci), палаб. motei, н.-луж. maś, в.-луж. mać, ст.-чэш. máti, mátě, славац. mať, славен. máti, серб.-харв. ма̏ти, балг. мати, ст.-слав. мати. Прасл. mati ’маці’ — назоўны склон асновы mater‑, якая да і.-е. *mātē(r), род. скл. *māter‑es — першапачаткова склад *mā‑ — слова з дзіцячай мовы, да якога далучыўся суфікс ‑ter (лац. pa‑tēr ’бацька’, прасл. bra‑trь ’брат’, ст.-в.-ням. swës‑ter ’сястра’). І.‑е. адпаведнікі: літ. mótė ’жонка’, ’бабуля’, лат. mȃte ’маці’, ст.-прус. mūti, ст.-інд. mātā (< mātár), авест. mātar‑, арм. mair, ст.-грэч. μήτηρ, дар. μᾱ́τηρ, лац. māter, ірл. māthir, ст.-в.-ням. muoter, тах. A mācar, тах. B mācer ’тс’, алб. motrë ’сястра’ (Міклашыч, 184; Бернекер, 2, 26; Траўтман, 170; Фрэнкель, KZ, 61, 271; Покарны, 700–701; Фасмер, 2, 583; Шаўр, Etymologia, 20; Гіндзін, Этимология–63, 69 і інш.). Сюды ж маці‑і‑мачаха, маць‑і‑мачаха, маць‑мачыха, маці‑і‑мачоха, маты і мачоха ’падбел, Tussilago farfara L.’ (Сл. ПЗБ, Жыв. сл., Нар. лекс.), ’браткі, Melampyrum nemorosum L.’ (ТС).

Ма́ці2 ’трама’ (жытк., Нар. сл.). У выніку пераносу значэння ’аснова, пачатак, крыніца’ з ма́ці1 (гл.). Гэтаксама Праабражэнскі (1, 515). Параўн. яшчэ ма́ціца, ма́церня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жабуры́нне ’жабіна ікра’ (ТСБМ), ’раска’ (Шатал.), ’водарасці’ (Яшкін), жабе́рнік ’тс’ (Шатал., Жыв. сл., 23), жабе́р ’раска; стаячая, пакрытая плесенню вада з сапрэўшымі водарасцямі; студзяністыя водарасці’ (Яшкін; Нар. словатв., 97). Рус. дыял. паўд. (дан., краснадарск.) жабури́нье ’зялёныя водарасці ў стаячай вадзе’, жабури́нья, жабуре́нья ’ўнутранасць дыні, гарбуза і некаторай іншай агародніны, пладоў’, укр. жабури́ння ’жабіна ікра, водарасці, унутранасць дыні; слізкая маса, што ўтвараецца на стаячай вадзе’, дыял. жабу́р ’водарасці, балота’, зах.-балг., макед. жабарник, жабурник, жабурнак ’жабурынне, месца, дзе водзяцца жабы’, чэш. žabinec ’раска, месца, дзе жывуць жабы’, славац. žaburina ’жабіна ікра, раска, стаячая вада, балота’, žabinec ’раска, розныя водарасці, стаячая вада, балота’. Значэнне месца вядома і бел. мове. Яно, відаць, і абумоўлівае суфіксацыю ‑нік у жабе́рнік. Не выклікае цяжкасцей і суфікс ‑нне. Элемент ‑р‑ прадстаўлены яшчэ ў балг., макед. жабор ’жаба-самец’, жубу́ря се, жабу́ркам ’трымае ваду ў роце’, в.-луж. žabr ’нарыў на небе’. Параўн. таксама жа́бры. ‑р‑ можна лічыць яшчэ праславянскім, дзе яно можа быць з балта-слав., і.-е. (параўн. шэраг балтыйскіх гідронімаў з gabr, якія не атрымалі пакуль што дастатковага тлумачэння, Тапароў, E–H, 127; параўн. літ. žúobris ’лемех’, Траўтман, 364). Фасмер рус. дан. жебуриньи ’выжымкі, жамерыны’ лічыць запазычаным з цюрк. (тат. чупрǝ ’закваска’ і інш.). Хутчэй тут кантамінацыя жабуринье ’жабіна ікра, слізкая вада’ і жемиринье ’жамерыны’ (дан.), звязанага з коранем жаць2. Семантычна неверагодна запазычанне з літ. žabarýnas ’малады лес’ (Лаўчутэ, Сл. балт., 45).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)