Калашма́н ’птушка з касматымі нагамі’, ’чалавек у штанах з шырокімі калашынамі’ (БРС, ТСБМ), ’той, у каго шырокія з доўгімі калашынамі штаны’ (Янк. 3.), ’з доўгімі калашынамі’ (Мал., Сержп. Грам.), калашмай (значэнне?) (Сцяцко, Словаўтв.), калашмач ’пра чалавека ў шырокіх доўгіх штанах’ (Сцяц.). Сюды ж, верагодна, неабходна аднесці і калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’ (Мат. Маг.). Прыведзеная лексіка дазваляе выдзеліць розную суфіксацыю і аснову, у якой ‑м‑ можа з’яўляцца суфіксальным элементам або адносіцца да асновы. Калі дапусціць, услед за Сцяцко, Афікс. наз., 95, што гэта ўтварэнні ад прыметніка калашматы ’чалавек у шырокіх штанах’, у якіх ёсць і фармальны прыметнікавы паказчык — сегмент ‑м‑ (як частка суфікса ‑мат‑), то цяжка вытлумачыць калашман ’птушка з касматымі магамі’, калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’. Тураўскі слоўнік адзначыў для лексемы колоша форму мн. л. калошы са значэннем ’пер’е на нагах у курэй’ і дэрыват ад яе колошаты ’з аброслымі пер’ем нагамі (пра курэй)’. Што датычыць значэння ’чалавек з кудлатымі валасамі’, яго можна разглядаць як наступнае развіццё семантыкі. На базе семемы ’з касматымі нагамі’ натуральна магла ўтварыцца семема ’касматы’ і з наступным удакладненнем семантыкі, у адносінах да чалавека, ’з касматай (кудлатай) галавой’. Экспрэсіўнасць і слова, і суфікса цалкам дапускае мяркуемыя трансфармацыі семантыкі. Не вельмі ясным у данай версіі з’яўляецца генезіс суфікса ‑мат‑ (прыметнікавага, паводле Сцяцко). Аднак, паколькі як быццам надзейныя прыклады такой суфіксацыі ёсць (параўн. таўсматы ’таўставаты’), можна дапусціць, што яна ўзнікла ў выніку перараскладання структур, дзе ‑м‑ генетычны элемент кораня слова. Калі гэта не так, у межах таго ж дапушчэння, што калашман суадносіцца з калоша, калошы, можна прапанаваць наступнае. Нельга выключыць, што ‑м‑ тут на месцы ‑в‑, калі ў якасці ўтваральнага слова выступала форма калошва ’калоша’, калошня, засведчаныя на бел. тэрыторыі. У такім выпадку ў прыметніку маглі адбыцца працэсы фанетычнага ўзаемадзеяння і ў выніку дыстантнай асіміляцыі ўтварыцца ‑м‑. Не выключана таксама, што трансфармацыя адбылася пад уплывам нейкага падобнага па структуры і семантыцы слова. Звяртае на сябе ўвагу дзеяслоў калашмаціць, для якога ў бел. мове адзначана значэнне ’кудлачыць’ і дзе ‑м‑ як быццам рэгулярнае. Не выключана таксама, што калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’ наогул з’яўляецца вытворным ад гэтага дзеяслова і генетычна не суадносіцца з вышэй прыведзенымі словамі. Нельга выключыць яшчэ і той магчымасці, што калашман — утварэнне з экспрэсіўнай ‑ман‑ суфіксацыяй, а дэрываты з іншымі суфіксамі — вынік субстытуцыі суфікса ‑ман‑ на іншыя экспрэсіўныя, магчыма, больш натуральныя для канкрэтных гаворак. Пры гэтым, паколькі ‑м‑ адзначаецца ва ўсіх дэрыватах, замяняўся, верагодна, не суфікс ‑ман, а суфікс ‑ан, як больш часты. Пры такім тлумачэнні першаснасць прыметніка з’яўляецца праблематычнай і гэта, відаць, пацвярджаецца такім утварэннем, як калашманы ’калашматы’ (стаўбц., Нар. сл.), якое можна разглядаць і як утварэнне ад назоўніка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)