Калашма́ціць ’шматаць, кудлачыць, тармасіць’ (ТСБМ), ’моцна тузаць, цягаць, стараючыся разадраць, пашматаць’ (ТСБМ), ’біць, калаціць’ (ТСБМ), калышмаціць ’растрасаць; лахмаціць; валтузіць’ (Яўс.), колошмаціць ’лупцаваць (чым-н.) цвёрдым па тулаву і галаве’ (жытк., Нар. словатв.). Статус слова не вельмі ясны: лінгвагеаграфія ўказвае як быццам на пагранічны да рус. гаворак арэал. Паводле нашых звестак, слова вядома прынамсі ў Мінскай вобласці, што разам з жытк. прыкладам знімае неабходнасць меркаваць аб уплыве рус. гаворак. З адпаведнікаў да бел. слова можна прывесці рус. колошматить ’несці лухту’, што дазваляе меркаваць аб бесперапынным характары распаўсюджання слова ў гэтай зоне. У іншых слав. мовах адпаведнікі да гэтых лексем як быццам адсутнічаюць; што датычыць формы, у рус. мове адзначаны яшчэ колошмачить ’біць, калаціць, калашмаціць’, колошмятить ’тс’. Адносна ўкр. матэрыялу нічога пэўнага сказаць нельга, па гэтай прычыне ўтварэнне можна разглядаць як рэгіянальную рус.-бел. інавацыю. Этымалагічна слова можа ўзыходзіць да колотить, аднак цяжка вытлумачыць наяўную устаўку, якая не нагадвае экспрэсіўныя структуры (экспрэсіўную суфіксацыю, інфіксацыю). Паводле семантычнага крытэрыю цяжка думаць аб суаднесенасці гэтага слова і адзначанага толькі ў бел. мове калашман, калашматы (гл. вышэй). Магчыма, калашмаціць неабходна разглядаць як складанае слова, у якім другую частку можна суаднесці са шматаць. Першая частка можа разглядацца як экспрэсіўны кампанент (аб паходжанні гл. меркаванні пад каламуціць, калатырыць), узмацняючы семантыку зыходнага слова. Аднак поўнаму прыняццю гэтай версіі перашкаджаюць некаторыя недакладнасці словаўтварэння. Рус. наўг. коломшить і валаг. коламяшить семантыка адпавядае бел. калашмаціць. Не выключана, што гэтыя прыклады сведчаць аб магчымасці іншай этымалогіі другой часткі і розных як фармальных (метатэза, збліжэнне з іншымі словамі), так і семантычных працэсах. На жаль, наяўны матэрыял не дазваляе меркаваць аб гэтым з упэўненасцю.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)