Ле́тнік1 ’дарога (праз балота), па якой ездзяць летам’ (рагач., Сл. паўн.-зах.; чэрв., Жд. 2, Янк. I; докш., Янк. Мат.; гом., ветк., Мат. Гом.), драг. лі́тнык (Клім.), лятнік, лятняк (Нар. АЛА Гом.). Укр. канатопск. літня́к ’тс’. Рус. паўн., сіб. ле́тник, летня́к ’летняя дарога (на беразе ракі)’. Утворана ад летні (магчыма, ад lětnьjь pǫtь). Суфікс ‑ік‑ — як у зімнік. Да ле́та (гл.). Сюды ж летнікавая дарога ’тс’ (рагач., Сл. паўн.-зах.).

Ле́тнік2, літнык ’саматканая спадніца з шэрсці’ (Сіг.; нараўл., Мат. Гом.), ’зімовая шарсцяная спадніца’ (Тарн.; брэсц., Малч.), ’андарак’ (лельч., нараўл., ДАБМ). Укр. паўн. літник ’тс’. Да ле́та (гл.). Семантычна звязваецца з семай ’на гады, не на адзін год’, або ’для летніх, г. зн. для немаладых жанчын’.

Ле́тнік3 ’пінжак’ (гарад., чыж., Сл. паўн.-зах.), ’летні пінжак’ (Мат. Гом., ТС, Ян.), ’летняя лёгкая жаночая вопратка без падкладкі’ (чэрв., Жд. 2, Янк. I). Укр. літни́к, літня́чка, рус. вяц., паўн., смал. летник ’тс’, ст.-рус. лѣтьникъ ’лёгкае жаночае адзенне’, польск. letnik, letniczek, в.-луж. lětnik ’летняе паліто’, славац. letník ’летняя сукенка’. Прасл. lět‑ьn‑ikъ < lět‑ьnъ. Да ле́та (гл.).

Ле́тнік4 ’летняе стойла’ (Ян.). Да ле́та (гл.). Утворана, як і даржнік, дзяннік, пастаўнік ’тс’.

Ле́тнік5 ’цвёрды дуб, Quercus robur L.’ (гродз., Кіс.). Утворана ад ле́та ’год’ > ’шматгадовы дуб’.

Ле́тнік6 ’пералетаваныя дровы’ (ТС). Да ле́та (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)