Сі́лега, сі́ляга ‘лаза’ (лун., ЛА, 4; пін., Сл. ПЗБ), сі́лега ‘лаза з сіняватым налётам на чырвонай кары’ (ТС), ‘зараснік кошыкавай лазы, Salix viminalis L.’ (жытк., стол., тур., Яшк.), сіле́га ‘тс’ (лун., ЛА, 4), сіляга́ ‘лаза’ (Мат. Гом.), сыля́га ‘дробнае і гнуткае галлё, лазняк’ (пін., Нар. лекс.), сіле́га ‘расшчэпленае хваёвае карэнне, з якога плятуць кашы’ (лун., Шатал.), сі́лежына ‘адзін куст сілегі’ (ТС), шы́лега ‘сілега’ (стол., Яшк.). Відаць, сюды ж і ст.-бел. силяжы ‘кізіл’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. шелюга́, шелюжи́на ‘тс’, рус. дыял. (без лакалізацыі) шелюга́ ‘тс’, шелю́жина ‘палка, дубец з шелюги’. Фасмер (4, 427) параўноўвае яшчэ з рус. астрах. шелужи́на ‘доўгі дубец’, рус.-ц.-слав. шелыга ‘дубец’, серб.-ц.-слав. солыга ‘палка’. Пэўнай этымалогіі няма. Машынскі (Uwagi, 18) лічыў несумненнай сувязь з ст.-ісл. selja, ст.-в.-ням. salaha ‘вярба’. Былі спробы звязваць з ням. Sahlweide ‘вярба’, лац. salix ‘тс’, ірл. sail, Р. скл. sailech ‘тс’. Беларускія формы з пачатковым сі‑ можна было б звязаць, улічваючы функцыю гэтага дрэва, з коранем cіл‑, які ў сіло́, сіляць ‘нанізваць’ і далей з *sei‑ ‘плясці’, г. зн. прыняць першасную форму ⁺сіляга, дзе ‑яга‑ суфікс (з *‑ęga), а напісанне з ‑ега лічыць гіперкарэктным, але звязаць гэта з украінскімі і рускімі формамі цяжка. Гл. шылега.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)