Вясна́ ’пара года паміж зімою і летам’; ’светлая, радасная пара жыцця — маладосць’ (БРС, КТС, Бяльк., Касп.), палес. высна́ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), вэсна́ (Бес.), пін. вестна (Шн., 2) з устаўным ‑т‑, вісна́ (Бяльк., Касп.), вісна ў вочы лезя — «гавораць тады, калі пабыць доўга на двары пры снезе і сонцы, а пасля прыйсці ў хату і нічога адразу не бачыць» (КЭС, лаг.), вясна вочы крадзе — пра вясенняе сонца, якое слепіць вочы (віл., Нар. сл.). Укр. весна́, рус. весна́ ’вясна’, арханг., кастр. ’вясенняе разводдзе’, паўн. ’першы вясенні дождж’, с.-урал. ’вяснушкі, рабацінне на твары’, перм. ’ліхаманка, трасца’, свярдл. ’трава, якою лечаць ліхаманку’, польск. wiosna ’вясна’; ’вясеннія палявыя работы’; ’галодная пара перад новым ураджаем’, чэш. усх.-мар. vesno ’вясна’, odvesno ’вясною’, vesna (паэт.) запазычана з рус. мовы, тое ж славац. vesna, Vesna ’багіня вясны ў старажытных славян’, славен. vẹ̑sna ’вясна’; ’міфічная жаночая істота, якая стракоча, бухае, трашчыць’; ’пра чалавека, які моцна кашляе’, серб.-харв. вѐсна ’вясна’, ст.-слав. весна. Прасл. vesna ’пачатак лета’ — старажытная і.-е. рознаскланяльная аснова на ‑r‑//‑n‑: наз. скл. *u̯esr‑, род. скл. u̯es‑n‑es; у слав. мовах за аснову прыняты ўскосны склон. у балт. мовах — прамы: літ. vãsara < veserà (Экерт, LKLR, 143–154), лат. vasara ’лета’; параўн. таксама грэч. ἔαρ, лац. vēr, ст.-ісл. vár, ст.-фрыз. wars, арм. garun, ст.-інд. vasantás ’вясна’, vasar‑ ’рана’, авест. vaηri‑ ’вясною’. Узыходзіць да і.-е. кораня *au̯es ’асвятляць’. Некаторыя этымолагі звязваюць з лексемай вясёлы (гл.). Параўн. таксама Міклашыч, 386; Гараеў, 1896, 75; Праабражэнскі, 1, 79; Педарсан, KZ, 32, 246; Траўтман, 356; Буасак, 209; Майргофер, 20, 172; Мюленбах-Эндзелін, 3, 484; Голуб-Копечны, 413; Махэк₂, 685; Брукнер, 623; Фасмер, 1, 303; Шанскі, 1, В, 73; КЭСРЯ, 77.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вёдра ’добрае надвор’е (Інстр. II). Укр. ве́дро ’яснае надвор’е’, рус. вяц. вёдрецо, арханг. ве́дрие, смал., пск. ведри́на ’яснае сонечнае надвор’е’, ст.-рус. ведро ’тс’ (з XII ст.); ’гарачыня, спякота, засуха’ (з XII ст.), ст.-польск. wiadro, wiodro (з XV ст.) ’спякота, гарачыня’, н.-польск. wiadro ’надвор’е, стан паветра’, каш. vʼodro ’надвор’е, паветра’, палаб. vedrü ’надвор’е’; ’сонца’, н.-луж., в.-луж. wjedro ’надвор’е’, чэш. vedro ’спякота, гарачыня’, славац. уст. vedrný, vedro ’яснае надвор’е’, славен. védro, vedrína ’тс’, vę̑drtia ’вясёлка’, серб.-харв. ве̏дро, ведрѝна ’яснае, сонечнае надвор’е’, макед. ведорница, ведрина ’тс’, балг. ведрина, ведринка, ведрост ’тс’, ведър ’ясны, бясхмарны (аб надвор’і)’, ст.-слав. ведро ’добрае надвор’е’. Прасл. vedro з’яўляецца старым адпрыметнікавым назоўнікам. У балтыйскіх адпаведніках, паводле Скока, 3, 572, адсутнічае пачатковае v‑ (< і.-е. u̯e‑); параўн. літ. gaidrùs giẽdras ’ясны, светлы’, лат. gẽdrs, skaidrs ’ясны’. Праабражэнскі (1, 69) аспрэчвае роднасць балтыйскіх лексем да слав. vedro. Славянска-германская ізалекса звычайна інтэрпрэтуецца як звязаная з і.-е. *u̯e‑ і ўтвораная пры дапамозе суф. *‑dhro; параўн. таксама ст.-ісл. veðr ’вецер, паветра, надвор’е’, ст.-в.-ням. wetar, н.-в.-ням. Wetter ’надвор’е’, англ. weather ’надвор’е, ветранае надвор’е; шторм’. Гл. Міклашыч, 377; Праабражэнскі, 1, 69; Брукнер, 622; Голуб-Копечны, 410; Фасмер, 1, 284; Шанскі, 1, В, 84; КЭСРЯ, 72; Скок, 3, 572; БЕР, 1, 127–128. Аднак прагерм. weðra суадносіцца са ст.-грэч. (Ϝ)έτος ’год’, δυσ‑ετηρία ’дрэннае надвор’е’, ст.-інд. vatsaraḥ ’год’ і інш. Калі гэта так, тады прасл. vedro трэба лічыць запазычаннем з герм. (Мартынаў, Лекс, взаим., 56–58). Махэк₂ (681) суадносіць vedro з (s)vęd‑ ’сушыць цяплом, сушыцца, вянуць’, магчыма, сюды ст.-польск. wiądro (?), аднак цяжка звязаць з гэтым коранем прасл. vedro без назальнага ‑e‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віно́ ’віно, алкагольны напітак, пераважна вінаградны’; ’гарэлка’ (БРС, КТС), віно́ зеляно́, віно — прыпеў у песні (беласт., Ант.). Укр. вино ’віно’; ’вінаград’, рус. вино ’віно, гарэлка’, ст.-рус. вино ’вінаград’ (з XII ст.), вино (з XI ст.) ’гарэлка, спірт’, польск. wino ’віно’; ’вінаград’, н.-луж., в.-луж. wino ’віно’, чэш. víno ’віно’; ’вінаград, гронкі вінаграду’; ’агрэст’, славац. víno ’віно’; ’дзікі вінаград’, славен. víno ’віно’, серб.-харв. ви́но, макед. вино, балг. вино ’тс’. Прасл. vino. Фасмер (1, 316) лічыць, што гэта слова з’яўляецца старажытным культурным міжземнаморскім тэрмінам; параўн. грэч. (Ϝ)οἴνη ’лаза’, (Ϝ)οἶνος ’віно’, лац. vīnum, арм. ginī, алб. vēnë, гоц. wein, ст.-в.-ням. wîn, груз. ɣuino, араб. wayun, ст.-яўр. jajin, зах.-сям. wain, асір. īnu. Адсутнасць роднасных назваў віна ў індыйскіх і іранскіх мовах сведчыць пра тое, што віно паходзіць з Міжземнамор’я (Малая Азія — Каўказ). Шляхі пранікнення: ВальдэПокарны (1, 226), Стэндэр–Петарсан, Лёвэ (IF, 13, 5) мяркуюць, што віно паходзіць з гоц. мовы; Ірэчэк (AfslPh, 31, 443), Романскі (JIRSpr., 15, 132), Скок (ZfslPh, 2, 391–400) — з лац. крыніцы, Пагодзін (Anz IF, 13, 132) — з фракійскай мовы. Младэнаў (66), Вальдэ (839), Геаргіеў (Исследов., 265), БЕР (1, 149) зыходзяць пры тлумачэнні першакрыніцы з і.-е. моўных сродкаў — ад кораня *u̯ei > прасл. vi‑ti > віць, вѣтвь, лац. vitis. Міклашыч (392) лічыць слова паўночнаеўрапейскім. Бернекер (1, 25) лічыць слав. vino вельмі старым, не пазней VI ст. н. э. (В. У. Мартынаў, вусн. паведамл.) і роднасным да ст.-слав. винꙗга, серб.-харв. вѝњага, славен. vinjága ’вінаград’ (параўн. літ. vỹnuogė ’вінаград’). Махэк₂ (690) лічыць першакрыніцай слав. vino балканскую латынь і, магчыма, герм. мовы. Гл. яшчэ Покарны, 1121; Клюге, 389; Скіт, 717; Рудніцкі, 1, 391–392.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асла́ асялок (БРС, Сцяшк.), асёлак (Сцяшк., Бір. дыс., Выг. дыс., Смул.), усёлак ’мянташка’ (Выг. дыс.). Рус. осла, осёлок, укр. осла, оселок, польск. osła, osełka, палаб. våslă, н.-луж. woslica, славац. osla, славен. ósla, ст.-слав., ст.-рус. осла ’тс’, в.-луж. wósła ’граўвакка (мінерал тыпу пясчаніку)’. У рускай, славацкай яшчэ ’закаліна ў хлебе’, у славенкай ’зацвярдзенне залоз’, у польскай дыял. ’брусок рознага рэчыва’, напр. масла. Параўн. чэш. дыял. мянушка Osla. Паводле Фасмера, 3, 157, сюды ж балг. осил ’восць’, што наўрад ці правамерна без прамежкавых фактаў; Трубачоў (Зб. Курыловічу, 332) лічыць літ. aslà ’земл. падлога, мянташка’ запазычаным з польскай ці іншых славянскіх моў. Не выклікае сумненняў, што прасл. *osla ўтворана ад і.-е. кораня *ăkʼ‑; звычайна пры гэтым звяртаюць увагу на яго значэнне востры’ і супастаўляюць з арм. asełn ’ігла’, грэч. ἀκόνη ’асялок’ (Мейе, Études, 419) ці англ. ail ’асялок’. Аднак наяўнасць верхнялужыцкага значэння дае магчымасць лічыць, што першаснае значэнне тут не ’вастрэнне’, а ’камень’, што звязвае слова з ст.-інд. ásman камень, неба’ і пад. Нельга выключыць, што ў словах асёлак, аселіца ’лугавіна на прысядзібным участку’, аселіна ’неаранае поле, пакінутае для пашы’ адлюстраваліся нейкія старыя сувязі з *os(ь)la ’камень > глеба’ (Міклашыч, — па Безлаю, Vodna im., 2, 65). Зыходнае значэнне ’камень’ дае больш магчымасцей для тлумачэння значэнняў ’закаліна ў хлебе’, ’зацвярдзенне’ і іншых значэнняў слова асла і вытворных побач з ’мянташка’. Нельга быць пэўным у правамернасці сувязі значэнняў ’востры’ і ’камень’ у індаеўрапейскіх мовах, магчыма, тут аманімія кораняў; у карысць адзінства кораня сведчыць хец. aku ’востры камень’ (Іванаў, Общеинд., 45), але санскрыцкае значэнне ’камень’ і неба’ сведчыць хутчэй пра іншыя семантычныя адносіны. Параўн. асялок, асёлка, асілак, востры.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́та1, ме́тка, ме́ціна ’штучны або радзімы знак, які адрознівае прадметы або істоты ад іншых падобных прадметаў, істот’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), ’прыкмета, знак’, ’пляма на целе, покрыва жывых істот’ (кругл., Бел. хрэст. дыял.; ТСБМ), ’мяжа, след, лінія, вышка, маяк, межавая насечка на дрэве’ (Сл. ПЗБ; слаўг., Яшк.), ме́тны ’прыкметны, вядомы, памятны’, ’зграбны, спрытны, лоўкі’ (Нас.; КЭС, лаг.; сувалк., КЭС; гарад., Нар. лекс.; даўг., Сл. ПЗБ), ме́ціць ’ставіць адметны знак, метку’ (ТСБМ, ТС). Укр. кіеўск. мєта ’драўляная бразготка на шыі ў скаціны’, мі́тити, рус. ме́тить, мета, ст.-рус. мѣта ’знак’; серб.-харв. за‑мијѐтити ’прыкмеціць’, балг. сметам ’лічу’, ’мяркую’, сметка ’рахунак’. Прасл. měta. І.‑е. адпаведнікі (балт. адсутнічаюць): ст.-інд. mātiš ’мера’, māti ’мерае’, авест. māta‑ ’памераны’, ’утвораны’, ст.-грэч. μῆτις ’рада’, ’задума’, ’кемлівасць’, μέτρν ’метр’, лац. mētior, ‑īrī ’мераць’, якія ўзыходзяць да і.-е. асновы *mē‑ ’мераць’, параўн. ме́ра (гл.) (Бернекер, 2, 54; Траўтман, 179; Фасмер, 2, 610; Скок, 2, 423). Менш верагодным з’яўляецца супастаўленне з гоц. maitan ’сячы, высякаць’ (Міклашыч, 196; Младэнаў, 596; Аткупшчыкоў, Из истории, 201).

Ме́та2, мі́та ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (петрык., Нар. сл.). Праз польск. пасрэдніцтва (параўн. кацеўск. mėt ’тс’) або непасрэдна з н.-ням. miete ці с.-гал. mite ’стог, сцірта’, ’капец (для караняплодаў)’, якія, аднак, з лац. mēta (foeni) ’сцірта, стог сена’, ’хлеў для сена’ (Васэрцыер, 152).

Ме́та3, ме́цішча ’лінія ў дзіцячай гульні’ (рэч., слаўг., чав., чэр., краснап., Яшк.), які і ме́та ’адлегласць’ (ТС), звязаны генетычна з ме́та1 (гл.), аднак у семантыцы можна бачыць агульнае з семантыкай мэта (гл.). Сюды ж меціць ’цэліць’, ’намервацца ажыццявіць якое-небудзь дзеянне’, ’імкнуцца заняць больш высокае становішча’ (ТСБМ, Яруш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Печары́ца ’шампіньён, Agaricus campestris L.’ (Нар. Гом.), пычуры́ца, пэчэры́ца, пэчуры́ца ’тс’ (стол., пін., Жыв. сл.), печурыца ’тс’ (Нас.; Растарг.; добр., брагін., Мат. Гом.; стол., Сл. Брэс.), печуры́ца і пячу́рка ’тс’ (уздз., Нар. словатв.), печэры́ца ’тc’ (ТС). Укр. печери́ця, печа́риця, рус. печери́ца, печери́ка, печурица, печерка ’тс’, польск. pieczarka ’грыб, які вырас у пячоры’ (Брукнер, 407), pieczarka, pieczarek pieczorynki ’шампіньён’, чэш. pečárka, pečurka, pekarka, pečirka, pečírek, славац. pečiarka, pečarka, pičurka ’розныя віды шампіньёна’, славен. pečȗrka, pečurica ’грыб’, серб.-харв. пѐчурка, пѐчурица ’тс’, ’шампіньён’, макед. печурка ’грыб’, балг. печу́рка ’шампіньён’. Прасл. *pečerъka/*pečerica/*pečura (Мяркулава, Этимология–1964, 95–96). Этымалогія лексемы не зусім ясная. Звычайна мяркуюць пра паходжанне лексемы ад дзеяслова *pekti (Міклашыч, 235; Фасмер, 3, 256; Машынскі, O sposobach, 120–121, які ў пацвярджэнне гэтага зазначае, што “яшчэ і зараз славянскія пастухі, знайшоўшы на пашы шампіньёны, пякуць іх, нанізаўшы на дубец, над агнём”). Супярэчыць гэтаму і наяўнасць у гэтым слове ва ўсіх славянскіх мовах гука č, што прадугледжвае першаснае k, а не ‑kt‑. Махэк₂ (441) мяркуе, што слова узнікла ў выніку намінацыі выразу накшталт pečena turova — такая назва бытуе ва украінскіх Карпатах: турова печеня, праўда, для іншага грыба (ЛБ, 1956, 6, 13). Для пацвярджэння паходжання лексемы з *pekti М. Майтанава (Slsl. 5, 1970 (1), 71) прыводзіць славац. biela huba na pečenie. На карысць такой этымалогіі прамаўляюць некаторыя сінанімічныя назвы: укр. печериця висока ’грыб-парасон, Lepiota procera (Scop.) Quel’, яшчэ называецца пряжівка (у Карпатах) < пряжити ’смажыць’, ці палес. пажа́рак, пажа́рки, а таксама варыянт з метатэзай да печерицячепериця ’шампіньён’, ’грыб увогуле’, шырока прадстаўлены ва Украіне, у Венгрыі, Румыніі і на балгарскай і сербскахарвацкай тэрыторыях (гл. Непакупны, Связи, 36–41).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плячо, плечо́, плечэ́, плічо́, плычэ́, плечко́, плы́чко, плячу́к, пляча́к, пле́чухна, пле́чы, плэ́чэ, плэ́чы ’частка тулава ад шыі да рукі’, ’частка рукі да локцевага сустава’, лудз. ’частка тулава каня вакол шыі’; плечы ’спіна’, ’лапаткі’, ’верхняя частка спіны’, ’задняя частка вопраткі паміж двума рукавамі’, ’падкладка ў кашулі’, ’ватныя плечыкі ў вопратцы’, ’пройма рукава’ (ТСБМ; Нас.; Бес.; Шат.; Сл. ПЗБ; ашм., Стан., Бяльк., Сцяц.; Сцяшк. Сл.; Сцяшк. МГ; ТС; Клім.; З нар. сл.; Ян.), сюды ж плячкі́ плечы’ (латг., Нар. сл.), навагр. плячу́к ’шво на плячы’; (тамсама); пле́чы ’тарэц, зад’ (ТС), пле́чыкі ’спінка ў ложку’ (бых., ЛА, 4), плэчувы́й стовб ’шула’ (драг., Нар. лекс.), плячны́й ’прызначаны на плечы’ (чэрык., Мат. Гом.), плячы́сты (ашм., Стан.), плячэ́ць ’раздавацца ў плячах’ (Нар. Гом.). Укр. плече́ ’плячо’, ’шула’; рус. плечо, дыял. плеча́ ’плячо’, ’пярэдняя чвэрць тушы барана, цяляці’; пле́чко ’частка рукі ад пляча да локця’, стараж.-рус. плече; польск. plec, plecy ’спіна’, ’спінка ў вопратцы’, plece ’лапатка’; палаб. plicě; н.-луж. placo ’шынка’, ’сцягняк’, в.-луж. pleco ’тс’, чэш. plec, plece, мар. дыял. pľeco, славац. plece ’плячо’, славен. pléče, серб.-харв. пле̏ће, макед. пле́ки, балг. плещи́, пле́щи, ст.-слав. плеште ’плячо’, плешти ’спіна’, перан. ’крылы’. Прасл. *pletʼe (Бязлай, 3, 52; Махэк₂, 457), *pletje (Банькоўскі, 2, 602; БЕР, 5, 351; Борысь, Czak. stud., 64); калі ж улічыць рус. пле́ко ’плячо’, белоплёкий ’белакрылы’, подоплёка ’падкладка’, зыходнай формай можна было б лічыць *plekti̯‑ і параўноўваць з лат. plęcs ’плячо’, літ. plókščias ’плоскі’, ст.-грэч. πλάξ, Р. скл. πλακός ’горная раўніна’, ст.-ісл. flá ’ўступ стромай скалы’, лац. placidus ’роўны’ (Фасмер, 3, 281), а таксама з ірл. leithe ’лапатка’, літ. plė̃sti ’рассцілаць’, platùs ’шырокі’. Гл. таксама Міклашыч (250). Фрэнкель (581 і 606), Траўтман (225), Голуб-Копечны (227).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́пел ’рэшткі згарання, спальвання чаго-небудзь’ (ТСБМ), ст.-бел. попелъ (1269 г.), у іншых славянскіх мовах варыянты з пачатковай альтэрнацыяй по‑/пе‑: укр. по́піл, рус. пе́пел, рус. дыял. по́пел, ст.-рус. пепелъ/попелъ, польск. popiół, каш. popʼół, в.-луж. popjeł, н.-луж. popʼeł, палаб. püpél, чэш. popel, славац. popol, славен. pepêl, славен. дыял. popȇl, харв. pèpeo, серб. пѐпео, серб. дыял. попео, балг. пѐпел, ст.-слав. пепелъ/попелъ ’тс’. Найбольш пашыраная этымалогія (Міклашыч, 235; Брукнер, 431; Фасмер, 3, 234; Махэк₂, 429; БЕР, 5, 157–159) выводзіць слова з варыянтаў кораня *‑pel‑/*‑pol‑, прадстаўленых у палена, паліць, полымя з агульным семантычным кампанентам ’гарэць, паліць’, параўн. ст.-прус. pelanne ’попел, парахно’, літ. pelenaĩ (мн. л.), лат. pęlni ’тс’. Зусім верагодна, што прасл. *po‑pelъ літаральна ’спаленае рэчыва’ — аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння. Банькоўскі (2, 699) разглядае *pepelъ як старэйшую рэліктавую форму, а *popelъ‑ — у якасці паўн.-слав. інавацыі, выводзячы рэдуплікаванае прасл. *pe(l)‑pel‑ъ ’пыл’ ад *pol‑nǫ‑ti ’палымнець’. Паводле Карскага (2–3, 87), пачатак слова з падваеннем кораня зменены пад уплывам прыстаўкі *po‑. Іншая версія ўзводзіць слова да і.-е. *pel‑ ’парахно, пыл’, ’мука́’, ’нешта сцёртае ў муку’ (Голуб-Копечны, 286; Сной, 436), што прадстаўлена ў лац. pellō ’біць, капаціць’, pollen ’пыл, мука’, грэч. πάλη, таксама з рэдуплікаваным пачатковым элементам παι‑πάλη ’дробна змолатая мука’, ст.-інд. pálala ’працёртае зерне, каша’. Адсюль прасл. *po‑pelъ азначае ’нешта дробнае, стоўчанае, сцёртае ў муку’. Назіраецца таксама сумяшчэнне ў слав. мовах семантыкі ’падгарэлы, спечаны’ і ’выраб з мукі’, параўн. бел. падпалак ’блін, ляпёшка’, падпалонік ’тс’, польск. podpłomyk ’тс’, а таксама паляніца/ пеляніца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́чка1 ’нырка’ (Дразд.; Ян.; паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. почка, укр. по́чка, рус. по́чка, ст.-рус. почька. Лічыцца вытворным ад пяку́, параўн. у семантычных адносінах пе́чань і каш. povarka ’нырка’ < прасл. *variti ’варыць’ (Фасмер, 3, 348; Праабражэнскі, 2, 118). Гл. таксама па́чка.

По́чка2 ’пупышка’ (ТСБМ), по́чачкі ’пупышкі’ (паст., Сл. ПЗБ), рус. по́чка ’тс’, укр. по́чка ’пладовая костачка; семечка гарбуза’, польск. pestka ’семечка’, ст.-польск. і дыял. pecka ’сярэдзіна плода з насеннем’, чэш. pecka ’семечка; каменьчык’, в.-луж. počka, дыял. pačka ’тс’, н.-луж. packa, дыял. pecka ’тс’, харв. кайк. pečka ’ягада вінаграду’, чак. paćka ’семечка, сярэдзіна плода; ягада вінаграду’, славен. pečkà ’пладовая костачка’, pečèk ’костачка віннай ягады’. Беларуская лексема, відаць, запазычана з рус. почка ’тс’, якая не мае пэўнай этымалогіі (Фасмер, 3, 348). Борысь (Czak. stud., 99) узводзіць да прасл. *pъtʼka‑ ’штосьці круглае, камячок, каменьчык, семечка, пупышка’, вытворнае з суф. ‑ьka ад рэдкага прасл. *pъtʼa ’нешта круглае, груда, камень’, што рэканструюецца на базе польск. pce ’падстаўкі пад бочкі ў склепе’, дыял. peca ’камяк гліны, вапны, снегу, зямлі’, ’вашчына з мёдам’, ’бохан хлеба’ і памяншальных дэрыватаў ад яго: харв. pajca (< *pъtʼьca), paćak, славен. peček (< *pъtʼьkь) ’вінаградны атожылак; семечка; гарошак’, роднаснае літ. paũtas ’яйка, ядро’, лат. pàuts ’тс’ і далей з літ. puntù, puntaũ, pùsti ’набухаць’ (Мацэнаўэр, LF 14, 414). Гл. таксама Банькоўскі, 2, 522; Бязлай, 3, 19. Спробы аддзяліць форму *počьka ад іншых славянскіх слоў і аднесці да рус. чкатъ, чикать, чкнуть, прочкну́ться ’лопацца (пра пупышкі)’ (Міклашыч, 38; Бернекер, 1, 166) маюць пэўныя семантычныя падставы, бо ў аснове намінацыі — значэнне ’раскрывацца’, параўн. по́каць, по́кацца ’распускацца (пра пупышкі)’ (гл.) і паралельнае ўтварэнне ад пу́каць, пу́кацца лопацца’ — пучча ’кветаноснае сцябло, стрэлка’ (гл. пук). Параўн. по́каўка ’пупышка’ (Стан.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́сты ’элементарны, аднародны па саставу’, ’не складаны для разумення’, ’грубы па якасці’, ’няхітры, адкрыты, неганарлівы’, ’звычайны, негатунковы’, ’прамы, роўны’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Бір. Дзярж., Шн. 2, Выг., Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Клім.), ’свабодны’ (Нас.), ’слабы, некруты (аб пражы)’ (Уладз.), ст.-бел. простый ’свабодны, вольны’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. просто́й, укр. про́стий, ст.-рус. простъ ’прамы, адкрыты, свабодны, просты’, ст.-слав. простъ ’прамы, просты’, польск., в.-луж. prosty, н.-луж. pšosty, чэш., славац. prostý ’просты, прамы’, серб.-харв. про̏ст ’няхітры, просты; дараваны, памілаваны’, славен. pròst ’натуральны, свабодны, звычайны, просты’, балг., макед. прост ’просты, нявыхаваны’. Прасл. *pro‑stъ ад pro‑ (гл. пра- і *sto‑). Апошняе параўноўваюць з літ. ãpstas ’багацце’, apstùs ’багаты, шчодры, шырокі’, atstùs ’аддалены’, лат. nuôst ’прэч’ (< *nuo‑stu), ст.-інд. sụṣthú‑ ’які знаходзіцца ў добрым стане’, оск. trstus ’сведка’, ст.-в.-ням. ewist ’аўчарня’. Першаснае значэнне *prosthos ’тое, што выступае; той, які выступае’, параўн. ст.-інд. prastha‑ ’горная раўніна, плошча’, ірл. ross ’лес, мыс’ (гл. Фасмер, 3, 380). Іншыя версіі: Міклашыч (321) выводзіў слав. *prostъ з *prostrъ ’разасланы’ і набліжаў да прастор і роднасных; Махэк₂ (485) роднаснымі славянскаму слову лічыў літ. prantù, pratau, pràsti ’прывыкаць’ (г. зн. *prostъ з *prot‑tos), аднак пры гэтым цяжка вытлумачыць яго семантыку. Паводле Аткупшчыкова (Балто-слав. иссл., 1984, 94–95), роднаснае літ. prãstas, лат. prasts ’просты; дрэнны’, літ. pràsti ’прывыкаць’, таксама Банькоўскі, 2, 788. Трубачоў (ЭССЯ, 13, 137–138) адносіць другую частку слова да *stojati (гл. стаяць) аналагічна да ku‑stъ ’куст’. Гл. таксама Шаўр, Slavia, 50, 52–60; Гомалкава, Studia Etym. Brun., 1, 71. Паводле Сноя₂ (586), першасная семантыка — ’які стаіць спераду’, параўн. про́сто ’насупраць’: просто хаты (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)