Мядоўка1 ’пакрывец лекавы, Anchusa officinalis L.’ (гродз., Кіс.). Да мёд (гл.). Матывацыя: гэта меданосная расліна. Параўн. укр. медуниця польова, польск. miodanka.

Мядоўка2, медоўка ’сіняк звычайны, Succisella Reck.’ (мазыр., Жыв. сл.). Відаць, да мёд (гл.), хаця сувязь (матывацыя) застаецца няяснай.

Мядоўка3 б.-каш. ’пернік з мёдам’, чачэр. ’напітак з мёду’, жлоб. ’салодкая груша’ (Мат. Гом.). З польск. miodówka ’пернік’, ’салодкая груша, яблык’. Параўн. таксама і рус. свярдл. медовка ’брага, настаяная на мёдзе’. Да мёд (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мя́ліца, мя́льліца, мя́льніца ’церніца’, ’цёрла, макацёр’ (БРС, Нас., Дэмб., Гарэц., Бір. Дзярж., Федар. 1, Грыг., Яруш., Касп., Сл. Брэс., Бяльк., Сцяц., Сл. ПЗБ, Сцяшк.; КЭС, лаг.), ’чалавек, які вяла працуе, цяжкі на пад’ём у рабоце’, ’дурнаваты, тупы’, ’непаваротлівы’, ’які паволі едзе’ (Нас., Сцяшк., Сцяц., Шат.; Мат. Маг.), ’рот, пашча’ (слонім., Арх. Бяльк.; Грыг., Касп.). Рус. мя́лица, укр. мʼя́лиця, мня́лиця, польск. międlica, чэш. mědlice ’тс’, славац. mädliť ’мяць, размінаць’, макед., балг. мелица ’мялка’. Прасл. mędlica < męti > мяць ’расціраць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мянці́ць, мяньці́ць, ме́ньціць, меньці́ць, мэнті́ты, мынтэ́тэ ’вастрыць касу мянташкай’, ’многа гаварыць, лапатаць без толку’ (ТСБМ, Бір. Дзярж., В. В., Шат., Бяльк., Выг. дыс., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.; карэліц., Янк. Мат.; гродз., драг., КЭС), гродз. ’круціць хвастом’, нясв. ’біць’ (Сл. ПЗБ) і, магчыма, сюды ж ’есці’ (ТС). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 3, 106), паходзіць з літ. menčiúoti ’вастрыць’. Не выключана самастойнае ўтварэнне ад ме́нта, мянця́ (ДАБМ, к. 264), як бел. лапаткалапаткаваць. Гл. Урбуціс, Baltistica, 5, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Міжня́к ’помесь цецерука з глушцом’ (карм., Мат. Гом.). Відавочна, да мяжа́, рус. перм. межник ’тс’. Параўн. укр. межений ’сярэдні’. Менш верагодны перанос назвы з прасл. mьskъ, mьzgъ: рус., укр. меск ’мул’, ст.-рус. москъ, мъскъ, мъскъ, серб. ст.-слав. мьзгъ, серб.-харв. ма̀згов, мазг, мазак, кайк. mezg, славен. mezȅg, mȅzg ’мул’, чэш. mezek ’лашак’, рум. muşcoiu, алб. mushk, — усе з ілірыйск. крыніцы (Маёр, 293; Міклашыч, 210; Скок, 2, 490; іншыя версіі гл. Фасмер, 2, 697; Бязлай, 2, 182).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Беке́ша (Нас.), таксама беке́ш (Сцяшк. МГ, Сакал.), біке́ш (Янк. Мат., Інстр. I), бікеша (Інстр. I). Запазычанне з польск. bekiesza (а гэта з bekieszka; ад прозвішча Bekesz венгерскага караля С. Баторыя, гл. Кіт, ЭИРЯ, IV, 48 і далей). Варыянт беке́ш, біке́ш адлюстроўвае венг. форму bekes (< польск.). Гл. Фасмер, 1, 146; Кіт, там жа; Шанскі, 1, Б, 83. Аб гісторыі слова падрабязна (з літ-рай) гл. таксама MESz, 1, 271. Параўн. ст.-бел. бекешка (XVI ст., Булыка, Запазыч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Курду́пель ’чалавек малога росту’ (Мат. Гом., З нар. сл., КЭС, лаг., Нар. лекс., ТС, Касп., Сцяшк. Сл.). Укр. курдупель ’тс’, польск. kurdupel ’тс’ хутчэй за ўсё запазычаны з беларускай або ўкраінскай мовы. Бел. курдупель ад курдупы (гл.). Складанае слова рэканструюецца як kъrno‑dupъ (параўн. kъrno‑nosъ ’курносы’). Падрабязна гл. Лабко, Бел.-польск. ізал., 72–73 з картай на с. 71. Гіпотэза аб балтыйскім паходжанні неверагодная. Літ. kurdùpelis само запазычана з бел. курдупель (параўн. Лаўчутэ. Балтизмы, 116).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гусце́ча ’густы зараснік’ (Янк. Мат.). Паводле Трубачова (Слав. языкозн., V, 178), магчыма, адлюстраванне прасл. дыял. *gǫstotja (параўн. галеча, малеча і да т. п.), дзе прасл. суфікс *‑otja, які мае паралелі ва ўкр. і ў паўд.-слав. мовах (у іх зах. групе). Мусіць, недакладнае тлумачэнне. Для бел. ‑еча (як і для ўкр. ‑еча) зыходным з’яўляецца ‑*etja (суфікс, які ўзнік на базе *‑eta, які меў тую ж функцыю, што і ‑ota; магчыма, тут было старое чаргаванне вакалізму е : о, ‑*eta : ‑*ота).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́мка ’пернік’ (Мат. Гом., Нар. словатв., 127). Рус. кур. жа́мка ’тс’, кастр. (1853 г.) жа́мочка ’ласая ежа з маку і мёду’, пск., калін., сімб., куйбыш. жамо́к ’пернік’, ’сціснуты кавалак ежы (напр., хлеба)’, горк., калін., куйбыш., валаг., алан. же́мо́к ’пернік з мядовага цеста’. Параўн. яшчэ славен. žemèk ’рэчыва з сыру, якое выціскаецца’, серб.-харв. жѐмичка ’белы хлябец’ звязана, відаць, з жемља ’тс’ < ням. Semmel. Утворана суфіксам ‑ък‑ ад дзеяслоўнай асновы жьм‑, жем‑ ’ціснуць’. Гл. жмаць, жаць2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Замёт ’агароджа з тонкага бярвення, зададзенага ў шулы’ (ТСБМ). Рус. дыял. за́мёт ’тс’, укр. кіеўск., падольск. заме́т ’тс’, польск. zamiot ’тс’, балг. замет ’тс’. Ст.-рус. заме́ть (XVI ст.) ’замёт’. Гом. зямёт ’агароджа з бярвенняў’ (Янк. Мат.), відаць, у выніку асіміляцыі з > зʼ пад уздзеяннем мʼ. Ст.-рус. заметати і ст.-польск. zamiotać мелі знач. ’закідаць’ (XIV ст.), а пазней і ’зрабіць агароджу’ (XVI ст.), што можна лічыць развіццём ранейшага (агароджа > вал). Таму замёт — бязафіксны назоўнік ад дзеяслова заметати.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Падге́рац ’жалезны прэнт, які злучае шворан з трайнёю калёс’ (ТСБМ, Янк. 2), падгэ́ріц (Бяльк.), падагэ́рц (Шат.), падгэ́рц (Шат., Янк. 2), подге́рэц, подгэ́рэц (ТС), подге́рец (Мат. Гом.), подге́рац (Сл. ПЗБ), підгі́рць, подгі́рць, подго́рец, пудге́рец (Сл. Брэс.), пудге́рац (Тарнацкі, Studia). Рус. курск. подги́риц (без тлумачэння значэння у КСРНГ), смал. подге́р ’жалезная паласа под коламі, якая злучае пярэднюю і заднюю часткі колаў’, укр. підге́рц, пудге́рец ’тс’. Няясна. Па фанетычных прыкметах, запазычанне, хутчэй усяго германізм. Але канкрэтную крыніцу вызначыць цяжка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)