Пама́лу ’не спяшаючыся, марудна; паступова, не адразу’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Бяльк., З нар. сл.), пама́лей (Сцяшк. Сл.), пама́луй (Янк.), пама́ле (ТС), пама́лі, пама́ту, пама́луй (Сл. ПЗБ); пама́лечку (Мат. Гом.), пама́лячку (Янк. 1). Агульнаслав.: рус., укр. пома́лу, польск., в.-луж. pomału, н.-луж. pomałkiem, серб.-харв. по̀мало, серб.-ц.-слав. po malu, славен. po malu, po male, балг. malko ’тс’. Прасл. pomalu. З прыназоўнікавага спалучэння po malu, дзе малу — генетыў ад malъ (гл. малы́) (параўн. Брукнер, 320). Махэк (470) malъ у гэтым спалучэнні лічыць словам іншага паходжання, роднасным ням. mählich, allmählich ’паступова’, ст.-ірл. mall ’павольны’ і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)