ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАТО́КІ,

накіравана рухомая плазма, таксама раздзел фізікі плазмы, які вывучае пытанні, звязаныя з атрыманнем, даследаваннямі і выкарыстаннем рухомай плазмы.

У залежнасці ад крыніц плазмы адрозніваюць П.п. стацыянарныя (неперарыўныя) і імпульсныя. Для атрымання стацыянарных П.п. выкарыстоўваюць у асн. плазматроны, імпульсных — плазменныя паскаральнікі розных тыпаў і выбуховыя генератары Для магутнатокавых плазменных паскаральнікаў характэрна сцісканне (кампрэсія) плазмы — утварэнне кампрэсійных П.п. Найб. буйнамаштабныя кампрэсійныя П.п. атрымліваюць двухступеннымі плазменнымі паскаральнікамі. Для атрымання П.п. з высокімі скарасцямі выкарыстоўваецца лазернае выпрамяненне пры яго ўздзеянні на цвёрдыя целы і газы.

На Беларусі сістэматычныя даследаванні пачаліся з 1960-х г. пад кіраўніцтвам акад. М.​А.​Ельяшэвіча і вядуцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН, БДУ. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца ў ракетнай і касм. тэхніцы, лазернай фізіцы, цеплафізіцы, эксперым. аэрагазадынаміцы, плазменнай тэхналогіі.

Літ.:

Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970;

Физика и применение плазменных ускорителей. Мн., 1974.

Л.​Я.​Мінько.

т. 12, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ТКІН (Уладзімір Іванавіч) (н. 19.7.1953, г.п. Красныя Бакі Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. хімік-арганік.

Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (2000), д-р хім. н. (1996). Скончыў Горкаўскі ун-т (1975). З 1975 у Ін-це фіз.-арган. хіміі Нац. АН Беларусі (з 1993 нам. дырэктара). Навук. працы па хіміі галагенвытворных арган. злучэнняў, у т. л. гетэрацыклічных. Распрацаваў метады атрымання цяжкадаступных гетэрацыклічных сістэм і поліфункцыян. арган. рэчываў розных класаў з выкарыстаннем новых высока рэакцыйназдольных селектыўных рэагентаў — нітразамешчаных галагенбутадыенаў. Адкрыў новую рэакцыю нітразлучэнняў, якая з’яўляецца зручным шляхам пабудовы ізатыязольнага цыкла. Сінтэзаваў шэраг злучэнняў з высокай біял., у т. л. проціпухліннай актыўнасцю.

Тв.:

Полихлор-1,3-бутадиены. Мн., 1991 (разам з Р.​В.​Кабердзіным);

Нитробутадиены и их галогенпроизводные: синтез и реакции (разам з Р.​В.​Кабердзіным, В.​А.​Запольскім) // Успехи химии. 1997. Т. 66, № 10;

Синтез и реакции смешанных галоген-1,3-бутадиенов (з імі ж) // Там жа. 1999. Т. 68, № 9.

У.І.Поткін.

т. 12, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВА,

сістэма агульнаабавязковых сацыяльных норм, якія ўстаноўлены або санкцыяніраваны дзяржавай і рэгулююць дзеянні, паводзіны і адносіны людзей, іх груповак, дзярж. і грамадскіх органаў, арг-цый і ўстаноў. Найважнейшыя рысы П.: нарматыўны характар; агульнаабавязковасць і ўсеагульнасць; дакладнасць, пэўнасць і абязлічанасць норм; прымяненне роўнага маштабу да розных людзей у аднолькавых сітуацыях; забяспечанасць пагрозы выкарыстання санкцый з боку дзяржавы і інш. Забяспечанасць пагрозы санкцый карэнным чынам адрознівае нормы П. ад інш. сац. норм (напр., ад маральных, рэліг., традыцыйных і інш.). П. належыць вядучая роля ў сац. рэгуляванні ў цывілізаваных дзяржавах. Яно ахоўвае ўладкаванасць і стабільнасць існуючых грамадскіх парадкаў, адносін, іх удасканаленне і змяненне і ў той жа час накіравана на барацьбу са злачыннасцю і інш. правапарушэннямі. Аснову прававой сістэмы краіны складае канстытуцыя. Нормы П. абумоўлены сац.-эканам. фактарамі, характарам і ўзроўнем развіцця духоўнай культуры. Удасканаленне П., яго дэмакратызацыя і гуманізацыя, строгае, няўхільнае і дзейснае прымяненне яго норм, прызнанне прыярытэту закона ў любой сферы грамадскай дзейнасці — неад’емная ўмова для ўсталявання прававой дзяржавы.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТАЛАМЕ́Й ((Ptolemaios) Клаўдзій) (каля 90 — каля 160),

старажытнагрэчаскі вучоны-энцыклапедыст з Александрыі. Праводзіў навук. даследаванні па астраноміі, матэматыцы, геаграфіі, картаграфіі, оптыцы і храналогіі. Распрацаваў геацэнтрычную сістэму свету. Даў сістэматычнае выкладанне тагачасных геагр. ведаў з асновамі тэорыі картаграфічных праекцый. Рашыў шэраг задач прамалінейнай і сферычнай трыганаметрыі, даказаў адну з тэарэм геаметрыі (гл. Пталамея тэарэма), сфармуляваў элементы тэорыі пераламлення святла і астр. рэфракцыі. У творы «Вялікая матэматычная пабудова астраноміі ў 13 кнігах» (арабізаваная назва «Альмагест») сістэматызаваў астр. веды і некат. матэм. звесткі, прывёў каталог 1022 зорак. У «Дапаможніку па геаграфіі» (8 кніг) змясціў агульную і 26 спец. карт з каардынатамі 8 тыс. геагр. пунктаў. Яго «Храналагічны канон цароў» і інш. творы — своеасаблівыя энцыклапедыі ант. свету па розных галінах ведаў.

Літ.:

Идельсон Н.И. Этюды по истории планетных теорий // Николай Коперник. М.; Л., 1947;

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966;

Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969.

А.​І.​Болсун.

т. 13, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙКІН (Аркадзь Ісакавіч) (24.10.1911, Рыга — 17.12.1987),

расійскі артыст эстрады. Нар. арт. СССР (1968). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Ленінградскі ін-т сцэн. мастацтваў (1935). Працаваў у ленінградскім Т-ры працоўнай моладзі, маскоўскім Т-ры імя Ленінскага камсамола, адначасова выступаў на эстрадзе (канферанс, інтэрмедыі). З 1939 артыст, з 1942 маст. кіраўнік Ленінградскага т-ра эстрады і мініяцюр (з 1948 Т-р мініяцюр); у 1983 на аснове трупы гэтага т-ра створаны Т-р мініяцюр пад кіраўніцтвам Р. ў Маскве (з 1987 т-р «Сатырыкон»). Выступаў з маналогамі, куплетамі, лірычнымі эпізодамі. Высокім майстэрствам вызначаліся створаныя Р. пластычныя, мімічныя, інтанацыйныя мініяцюры, у якіх ён у кожнай сцэне іграў некалькі роляў і дасягаў віртуознага майстэрства пераўвасаблення, трансфармацыі. Натуральную прастату выканання спалучаў з лірыкай, патэтыкай, гратэскам. Творчасці Р. прысвечаны тэлефільмы «Аркадзь Райкін» і «Людзі і манекены», у якія ўвайшлі інтэрмедыі і маналогі з розных яго праграм. Ленінская прэмія 1980.

Літ.:

Бейлин А.М. Аркадий Райкин. Л., 1969.

А.І.Райкін.

т. 13, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бу́сяць ’цалаваць’ (Касп.), бу́сіць ’тс’ (Гарэц., Нас.), бусява́цца ’цалавацца’ (Сцяшк. МГ); бу́ся, бу́сі ’пацалуначкі’ (дзіцячае; Шат., Гарэц., Нас., Бесар.), бу́ські (даць буські) ’пацалаваць (дзіця)’ (Сцяц.), бу́ськы ’пацалунак’ (Клім.), бу́ські, бу́сенькі ’тс’ (Бяльк., Касп., Нас.). Укр. бу́зя ’рот, твар’, да́ти бу́зі ’пацалаваць’. Параўн. далей польск. buzia ’роцік; пацалунчык’, балг. бу́за ’шчака’, рум. buză ’губа’, алб. buzë ’тс’, лац. bucca ’рот’, ням. Buß ’пацалунак’, bussen ’цалаваць’, літ. bučiúoti ’цалаваць’, bùč, bùčiu (выклічнік) і г. д. Лічыцца гукапераймальным словам, вядомым (у розных фанетычных варыянтах) у многіх мовах. Гл. Слаўскі, 1, 52; Коржынэк, Studie, 194; Фрэнкель, ZfslPh, 13, 234; Фрэнкель, 61. Але Рудніцкі (242) думае пра памяншальнае ўтварэнне ад губа́: губа́ > губу́ся > бу́ся > бу́зя. Кюнэ (Poln., 47) мяркуе, што бел. слова запазычана з польск. buzia.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Біць. Рус. бить, укр. би́ти, ст.-рус., ст.-слав. бити, польск. bić, чэш. bíti, балг. би́я, серб.-харв. би̏ти і г. д. Прасл. biti bii̯ǫ. Корань дыфтангічны *bhei̯‑. Параўн. грэч. φιτρός ’ствол дрэва, кол, калода’, ст.-в.-ням. bīhal ’сякера’ (ням. Beil), ірл. benim (*bnināmi) рэжу, б’ю і г. д.’ Бернекер, 117; Траўтман, 33; Фасмер, 1, 169; Слаўскі, 1, 31. Махэк₂ (54–55) рэканструюе biti bьjǫ. Ад слав. biti ўтворана шмат розных вытворных: bi‑dlo (параўн. бел. бі́ла ’спінка ложка; язык у звоне і г. д.’, бі́ліцы ’набіліцы’), bi‑čь ’біч’, bi‑tva ’бітва’; асабліва многа форм ад *bi‑t‑ (біта́; бітка ’падбітае яйцо; снапы, раскладзеныя на таку для малацьбы; ахапак сухога лёну; вялікая суконная хустка’ < ’бітая хустка’; біту́к ’коўдра, палавік’; біту́н ’задзірысты чалавек’ і г. д.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ката́ць ’катаць’ (у розных значэннях). Слова вядома не ва ўсіх слав. мовах (у такой форме) і этымалогія яго таксама няпэўная. Трубачоў (Эт. сл., 9, 162) параўноўвае балг. дыял. ка́там ’хадзіць на справах, гаспадарыць’, ст.-рус. катати ’катаць’, рус. ката́ть ’вазіць і да т. п.’, ’гойдаць’, ’ляжаць хворым’, ’рабіць з бітай шэрсці’, ’валяць (абутак)’, ’гладзіць’, далей укр. ката́ти ’біць’, ката́тися ’катацца’, ката́ти ’качаць катком зямлю’, ’выціскаць ваду качаннем’, далей бел. ката́цца ’катацца’, ката́ць (дыял.) ’скручваць у трубку’. Магчыма (як зваротныя вытворныя), сюды адносяцца чэш. kat ’кат’, славац. kat, польск. kat, далей рус. дыял. кат ’калёсны след’; ’каток для ўкачвання поля’ і інш. Прасл. *katati (), якое суадносіцца з прасл. *kotiti (гл. каці́ць) і *katjati (гл. кача́ць). Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 209–210.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Квас ’кіславаты напітак, прыгатаваны на вадзе з хлеба, сухароў або жытняй мукі з соладам’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Яруш., Нар. сл., Нар. словатв., ТС, КЭС, лаг., Бяльк., Сержп. Грам., Вешт., Юрч.), ’кіслая страва з буракамі, грыбамі, бульбай’ (ТСБМ, Шн., Нар. лекс., Вешт., Сцяшк., Серб., Нар. словатв., Сл. паўн.-зах., Шатал.), ’закваска’ (Мат. Гом.), ’кіслата’ (Гарэц., Клім.), ’шкода’ (Юрч.). Укр. квас ’тс’, рус. квас ’тс’, ст.-слав. квасъ, балг. квас, макед. квас, серб.-харв. ква̑с, славен. kvas, польск. kwas, чэш. kvas, славац. kvas, в.-луж. kwas, н.-луж. kwas ’тс’. Прасл. *kvasъ ’квашаніна, закваска, квас’ узыходзіць да kysěti, kysnǫti ’мокнуць, кіснуць’, першасны каўзатыў ад якіх kvasiti ’квасіць’ (Ваян, Gram. comp., III, 422). Паралелі ў іншых індаеўрапейскіх мовах ненадзейныя. Аб розных версіях гл. Слаўскі, 3, 466.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асігна́цыя. У Гарб. адзначана assignatio ў розных значэннях: ’распараджэнне, квітанцыя, прызначэнне’. Рус. ассигнация (у канцы XVII ст. з польскай — Вінаградаў, Очерки, 51; Шанскі, 1, А, 161), укр. асигнація, паводле Паўтарака, як і беларускае, з польскай, дзе з заходнееўрапейскіх (Бел. лекс., 153), польск. asygnacja мае крыніцай лац. assignatio. Слова asygnować сустракаецца ў польскай з XVI ст.; цалкам верагодна, што бел. асігнаваць сапраўды з полькай, калі гэта слова сустракалася ў старабеларускай, што, аднак, невядома. Асигнация ў стараўкраінскай вядома з канца XVIII ст. у кантэксце, які ўказвае на рускую крыніцу запазычання (рускія асігнацыі былі ў хаду з 1796 да 1843 г.). Да XVII ст. asygnacja не засведчана і ў польскіх слоўніках. Таму можна дапускаць, што асігнацыя запазычана з рускай мовы ў канцы XVIII — пачатку XIX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)