Камітэт, назначаны для разгляду розных меркаванняў, якія адносяцца да вернутых ад Польшчы губерняў, гл. Камітэт па справах Заходніх губерняў

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРАВАДНІКО́ВЫ ПЕРАХО́Д,

вобласць прасторавага зараду, якая прымыкае да мяжы падзелу металу і паўправадніка (Шоткі дыёд), двух розных паўправаднікоў (гетэрапераход) ці дзвюх розных абласцей аднаго паўправадніка (электронна-дзірачны пераход), якія знаходзяцца ў эл. кантакце.

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРА́ВІЛЬНЫ МНАГАГРА́ННІК, Архімеда цела,

мнагаграннік, усе грані якога — правільныя многавугольнікі розных відаў, а мнагагранныя вуглы кангруэнтныя або сіметрычныя. Існуе 13 розных тыпаў выпуклых П.м. і 2 бясконцыя серыі (прызмы і антыпрызмы), нявыпуклых (зоркападобных) П.м. больш за 51.

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕЛІ́ЗМ (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),

у біялогіі, паралельнае развіццё, парафілія, незалежнае развіццё падобных адзнак у эвалюцыі блізкароднасных груп арганізмаў. У выніку П. другасна набытае падабенства розных груп быццам бы накладваецца на іх падабенства, якое абумоўлена агульнасцю паходжання. Узнікае асобая катэгорыя падабенства органаў і розных відаў — гамаялогія. П. пашыраны ў філагенезе розных груп арганізмаў. Напр., шляхам П., відаць, развіваліся прыстасаванні да воднага спосабу жыцця ў 3 лініях эвалюцыі ластаногіх (маржы, вушастыя і сапраўдныя цюлені); у розных груп кісцяпёрых рыб развіваліся прыкметы земнаводных; у некалькіх груп зверападобных паўзуноў (тэрапсід) — прыкметы млекакормячых. Прыкметы пакрытанасенных раслін незалежна і паралельна развіваліся ў розных лініях эвалюцыі іх продкаў — праангіяспермаў. Узнікненне П. звязана з захаваннем роднаснымі групамі арганізмаў пэўнай генет. супольнасці і падабенства працэсаў антагенезу і яго рэгуляцыі. У генафондах роднасных відаў заканамерна з’яўляюцца падобныя (гамалагічныя) мутацыі (закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці, які ўстанавіў М.І.Вавілаў). П. тлумачыцца падобным напрамкам натуральнага адбору, які дзейнічае на групы продкаў, што разышліся першапачаткова (гл. Дывергенцыя). Часам П. вызначаюць як канвергенцыю блізкароднасных груп.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сумяшчальнасць,

здольнасць ЭВМ розных тыпаў да ўзаемадзеяння.

т. 15, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. co сумесна + адаптацыя) у біялогіі, 1) узаемная адаптацыя розных відаў у працэсе каэвалюцыі, калі адсутнічае абмен генет. інфармацыяй, але існуе цесная біял. сувязь паміж арганізмамі.

2) Узаемнае прыстасаванне розных органаў у цэласным арганізме ў працэсе індывід. развіцця і эвалюцыі.

3) У генетыцы — гарманічныя ўзаемадзеянні алеляў у генафондзе папуляцыі, дасягнутыя шляхам селекцыі і рэкамбінацыі. Забяспечвае макс. ўзгодненасць функцый органаў у працэсах жыццядзейнасці, магчымасць сумеснага існавання розных відаў, павялічвае ўстойлівасць біяцэнозу як біял. сістэмы. Класічны прыклад К. — спалучаная эвалюцыя кветкавых раслін і многіх насякомых, грызуноў і раслін і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНАКО́ПІЯ,

узнікненне знешне падобных фенатыпічных прыкмет у арганізмаў пад уплывам генаў, размешчаных у розных участках храмасомы або ў розных храмасомах. Генакопія — вынік кантролю прыкмет адразу многімі генамі (камплементацыя, эпістаз, полімерыя). Шматэтапны біясінтэз малекул у клетцы можа прыводзіць да аднолькавага выніку — адсутнасці канчатковага прадукту рэакцый, якія выклікаюцца мутацыяй, і да аднолькавай змены фенатыпу. Напр., вядомы лакалізаваныя ў пэўных храмасомах дразафілы рэцэсіўныя алелі розных генаў, кожны з якіх абумоўлівае аднолькавую ярка-чырвоную афарбоўку вачэй, таму што выклікае парушэнні аднаго з этапаў сінтэзу карычневага пігменту. Даследаванні генакопіі выкарыстоўваюцца ў мед. генетыцы для прагнозу магчымага праяўлення спадчынных захворванняў у нашчадкаў, калі бацькі маюць падобныя хваробы або анамаліі развіцця.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКСІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. praksis справа, дзеянне + ...логія),

галіна сацыялагічных даследаванняў, якая вывучае методыку разгляду розных дзеянняў або сукупнасці дзеянняў з пункту погляду іх эфектыўнасці. Засн. польскім вучоным Т.​Катарбінскім, з’яўляецца адным з метадаў сучасных сацыялагічных даследаванняў. Сутнасць метаду заключаецца ў практычным (і гіст.) даследаванні і характарыстыцы розных прац. навыкаў і прыёмаў, выяўленні іх элементаў і складанні на гэтай аснове розных рэкамендацый практычнага характару. П. займаецца гісторыяй названых катэгорый, а таксама канкрэтнымі даследаваннямі працы калектываў, аналізам форм арг-цыі працы, яе спецыялізацыі, суб’ектыўнымі (радзей аб’ектыўнымі) фактарамі змены арганізацыі, і ступені эфектыўнасці працы. П. вывучае ўзаемадзеянне індывіда і калектыву ў працэсе вытв-сці.

т. 12, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯВЫ́ ЭФЕ́КТ у біялогіі,

тэндэнцыя да павелічэння колькасці, разнастайнасці і шчыльнасці арганізмаў у экатонах — пераходных зонах паміж рознымі ландшафтамі (напр., лесам і стэпам, вадой і сушай). Назіраецца на ўскраінах 2 суседніх біягеацэнозаў і ў пераходных паясах паміж імі; эфект узлеску. Адзначаецца пры чаргаванні розных ландшафтаў і ў месцах змены іх структурных падраздзяленняў (напр., на межах розных раслінных згуртаванняў).

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАЛЕ́ЛЬНЫЯ ГЕ́НЫ,

гены, што вызначаюць развіццё неальтэрнатыўных адзнак арганізма (напр., колер вачэй, форма ногцяў). Калі пры меёзе не адбываецца красінговера і Н.г. знаходзяцца ў розных локусах гамалагічных храмасом, тады адбываецца іх поўнае счэпленае наследаванне, а пры наяўнасці красінговера — няпоўнае. Свабоднае камбінаванне Н.г. па 3-м законе Мендэля бывае пры іх знаходжанні ў розных парах гамалагічных храмасом.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)