ГЕНАКО́ПІЯ,
узнікненне знешне падобных фенатыпічных прыкмет у арганізмаў пад уплывам генаў, размешчаных у розных участках храмасомы або ў розных храмасомах. Генакопія — вынік кантролю прыкмет адразу многімі генамі (камплементацыя, эпістаз, полімерыя). Шматэтапны біясінтэз малекул у клетцы можа прыводзіць да аднолькавага выніку — адсутнасці канчатковага прадукту рэакцый, якія выклікаюцца мутацыяй, і да аднолькавай змены фенатыпу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)