КААДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. co сумесна + адаптацыя) у біялогіі, 1) узаемная адаптацыя розных відаў у працэсе каэвалюцыі, калі адсутнічае абмен генет. інфармацыяй, але існуе цесная біял. сувязь паміж арганізмамі.

2) Узаемнае прыстасаванне розных органаў у цэласным арганізме ў працэсе індывід. развіцця і эвалюцыі.

3) У генетыцы — гарманічныя ўзаемадзеянні алеляў у генафондзе папуляцыі, дасягнутыя шляхам селекцыі і рэкамбінацыі. Забяспечвае макс. ўзгодненасць функцый органаў у працэсах жыццядзейнасці, магчымасць сумеснага існавання розных відаў, павялічвае ўстойлівасць біяцэнозу як біял. сістэмы. Класічны прыклад К. — спалучаная эвалюцыя кветкавых раслін і многіх насякомых, грызуноў і раслін і інш.

А.С.Леанцюк.

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)