ра́ма, ‑ы, ж.

1. Аконны пераплёт з устаўленым шклом і без яго. Падвойныя рамы. □ У вузейшай частцы, дзе скляпенне падымалася над долам, была зроблена вузенькая, доўгенькая аконная рама ў чатыры шкельцы. Колас. // Зашклёны пераплёт для аховы раслін ад холаду ў парніках і цяпліцах.

2. Аправа для ўстаўкі ў яе карцін, партрэтаў, люстраў і пад. На астатніх сценах у цяжкіх арэхавых рамах былі развешаны партрэты. Даніленка.

3. Нясучая частка машыны, якой‑н. канструкцыі; станіна. Веласіпедная рама. □ [Йох:] — Міна была падкінута ў топку. Бачыце, рама паравоза цэлая і рэйкі цэлыя. Лынькоў.

4. Прамавугольнік з брусоў або планак для розных патрэб і мэт. У майстэрні было цяпер ціха, і .. [Яругіну] ўжо запякло хутчэй вярнуцца ў тую цішыню, каб напяць на раму палатно і пакласці на яго ўльтрамарын. Карамазаў. // Прыстасаванне для сотаў у вуллі.

•••

Лесапільная рама — машына для падоўжнага распілоўвання бярвення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)