цёмны, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены святла, асвятлення. Ночка цёмная глядзела Ды цямнейшай стала, Адна зорка мігацела, І тая прапала. Купала. Па адным, па двое, прабіраючыся цёмнымі завулкамі, дабраліся-такі дамоў. Мядзёлка.

2. Які па колеру блізкі да чорнага; проціл. светлы. Тут было глыбока, і вада мела цёмны колер ад гэтай глыбіні. Колас. — У мяне сёння другі шчаслівы дзень у жыцці... — загадкава ўсміхнулася Волька, ускінуўшы на мужа вялікія цёмныя вочы. Васілевіч.

3. перан. Невясёлы, змрочны, пануры. [Зося:] Цёмныя думкі не пакідаюць мяне ні на хвіл[іну]. Гартны.

4. перан. Які не адпавядае маралі, нормам паводзін, што ўстаноўлены грамадствам. Пасля ўчарашніх панібрацкіх адносін Яшкі з шайкай Мішкі Малыша Максім усё больш пераконваўся, што Яшка — цёмная асоба. Машара. Перш за ўсё Саўка Мільгун размашысты чалавек, шырокая натура і гультай. Гаспадаркаю ён не займаўся, гуляў, выпіваў, трохі краў і прыставаў да розных цёмных людзей. Колас. [Назарэўскі:] — Як адбылася ўся гэтая цёмная справа, я сам папрасіўся сюды паехаць. Чорны.

5. перан. Непісьменны, некультурны; адсталы. Пайшоў Антось у армію цёмным хлопцам і вырас у барацьбе да камандзіра, навучыўся грамаце, стаў камуністам. Чарнышэвіч.

6. перан. Няясны, незразумелы. Цёмны сэнс выказвання. Цёмныя месцы старажытнага рукапісу.

7. у знач. наз. цёмная, ‑ай, ж. Уст. Памяшканне для арыштаваных, карцэр. Тады па загаду пана Снядэцкага нас [сялян] схапілі, пасадзілі ў цёмную. Праз тры дні вывелі нас на вуліцу. Каваль.

•••

Цёмная вада гл. вада.

Ад цёмнага да цёмнага — з ранку да вечара.

Цёмнае царства гл. царства.

Цёмны лес для каго гл. лес.

Цёмныя сілы гл. сіла.

Як у цёмным лесе гл. лес.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Аціля́кавацца ’надта марудзіць, абыякава адносіцца да справы’ (Янк. Мат.), ацялякаваць, ацялякавацца ’марудзіць’ (КСП), ацілягавацца ’марудзіць, нядбайна адносіцца да працы’ (КЭС, лаг.), ацялягвацца ’рабіць нешта павольна’ (мядз., Цыхун, вусн. паведамл.), аціляка ’марудная, павольная ў справе асоба’ (міёр., Крыўко, вусн. паведамл.). Магчыма, запазычанне з літоўскай мовы, параўн. atsilìkti, atsiliẽkti ’адстаць, адставаць’, зваротны прыставачны дзеяслоў ад lìkti, liẽka ’аставацца, астацца’, крыніцай запазычання магла быць форма 3‑й ас. адз. л. atsiliẽka (адносна апошняй формы гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 209), параўн. аціляка, з пазнейшым расшырэннем адыменнай дзеяслоўнай асновы суфіксам ‑ва‑, параўн. прастарэка ’балбатун’ — прастарэкаваць ’гаварыць лухту, балбатаць’, варыянтнасць у корані слова тлумачыцца фанетычна: а замест і ў выніку прыпадабнення складоў, г замест к як вынік азванчэння ў інтэрвакальным становішчы, параўн. дыял. стага́н, ’шклянка’ і інш. У карысць такой версіі сведчаць і лінгвагеаграфічныя даныя, аднак яны не пярэчаць і іншай версіі: ацялякавацца ад целекаваты, у сваю чаргу ўтворанага ад вядомага з гаворак на беларуска-літоўскім паграніччы і паўночна-ўсходніх польскіх гаворак цяляк (cielak) цяля; дурнаваты, няразвіты хлопец’, раней таксама ’пастух цялят; гультай, разява’. Больш праблематычнай здаецца сувязь з полац. цюлёгаць ’квэцаць, рабіць абы-як’ (Садоўскі, вусн. паведамл.), польск. ciulać ’марудна і абы-як рабіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляда́шты ’дрэнны, нягодны, гадкі; худы, слабы; той, каму млосна, дрэнна, моташна’ — гэта выражаецца і прыслоўямі ляда́шта, ляда́ча (Нас., Шпіл., Дзмітр., Жд. 1, Бір. Дзярж.; шчуч., чэрв., гродз., Сл. ПЗБ; крыч., Мат. Маг.; ашм., Сцяшк. Сл.). Утвораны ад прыслоўя ляда́што ’дрэнна’. Заканчэнне ‑шты выраўнялася ў канчатак ‑шчы, які стаў успрымацца як канчатак рус. дзеепрыметніка незалежнага стану цяперашняга часу і часткова на бел. моўнай тэрыторыі набыў бел. форму з суфіксам ‑ач‑ы (ляда́чы — гл.). Аналагічна ўкр. ледащо ’дробязь, пусцяковіна’, польск. ladaco ’чалавек нічога не варты’, ’абы-які’, чэш. ledaco ’абы-што, дрэнь’, мар. ľedaco ’нічога не варты’, славац. ledačo ’абы-што, што-небудзь’, ’нічога не варты’. Паўн.-слав. lě‑da‑čьto ( ’толькі, ледзь’, da — узмацняльная часціца, čьto ’што’, якое на зах.-слав. тэрыторыі мае рэфлекс co, čo) (Бернекер, 1, 697; Фасмер, 2, 474; Зубаты, Studie, 1, 241; Слаўскі, 4, 22–23). Паводле лінгвагеаграфічнага размеркавання лексемы ў рус. народных гаворках (СРНГ, 16, 318–319) можна меркаваць, што яна (і падобныя: ледака, лядаха, лядащий) прыйшла з бел. і ўкр. моў. Зах.-бел. леда́што, ляда́шчэ (м.), ’махляр, круцель, ашуканец’, ’гультай’ (Федар. 7, Федар. Дад.) з’яўляюцца калькай польск. ladaco ’чалавек нічога не варты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сачо́к1 ’конусападобная сетка на абручы з ручкай, якая служыць для лоўлі рыбы, насякомых і пад.’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Бес., З нар. сл.), са́чак ’тс’ (Дэмб., 2, 575). Памяншальнае да сак2 (гл.).

Сачо́к2 ’від жаночага адзення, кароткая куртка на ваце’ (ТСБМ, Янк., Сцяшк.), са́чак ’тс’ (Бір., Сцяшк., Шатал., Янк., З нар. сл., Нар. сл.), са́чык ’тс’ (Сцяшк., З нар. сл., Жд. 1, Нар. сл., Сл. Брэс., Сакал., Скарбы). Памяншальнае да сак1 (гл.).

Сачо́к3гультай’ (Жд. 1). Запазычанне вусным шляхам з рус. прастамоўнага сачо́к ’тс’, сачкова́ть жарт. ’гультаяваць; прапускаць урокі, лекцыі’. Дзеяслоў, паводле ССРЛЯ, 13, 210, фіксуецца ўпершыню ў пісьменніка Новікава–Прыбоя ў значэннях ’лавіць рыбу сачком’, ’гультаяваць’. Тады да сачок < сак2 (гл.) ’прылада лавіць рыбу’; значэнне ’гультаяваць’ у дзеяслова з’явілася, відаць, пад уплывам меркаванняў, што лоўля рыбы — гэта заняцце, каб правесці час. Гэта можа быць і народная этымалогія. Гаўлава (Etym. Brunensia, Brno, 1980, 27), якая прыводзіць яшчэ дыял. маск. сачёк ’хлопец, які заляцаецца да дзяўчыны, яе каханы’, узводзіць да *sočiti (гл. сачыць), што больш верагодна, параўн. і вядомае ў гутарковай мове 30‑х гадоў XX ст. сачо́к як адпаведнік рус. сексо́т (< секретный сотрудник).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́нна ‘дарэмна, дарма, марна’ (Нас., Гарэц. 1.), ‘бясплатна’, ‘без пакарання’: гэта табе тунна ня пройдзець; ту́нны ‘марны, дарэмны’, ‘бескарысны (пра працу)’ (Нас.), ст.-бел. туне ‘дарма, марна’ (ГСБМ). Укр. ту́нний, ту́ній ‘танны, даступны’, рус. ту́но ‘дарма, дарэмна, упустую’, ту́нный ‘дармавы’, ‘марны’, рус. і стараж.-рус. туне ‘дарэмна’, польск. усх. tuni, сілез. tůńi, каш. tóni, tóńi ‘танны’, н.-, в.-луж. tuni, славац. tuni, tuný, славен. tônj ‘тс’, zastóņj ‘дарэмна’, ст.-харв. ostunj, stunj, stunje ‘задарма, бясплатна, дарма’, балг. ту́на ў выразе: ту́ня беда ‘вялікая бяда’, ‘беспадстаўнае абвінавачанне’, макед. туне беда ‘тс’, ст.-слав. туне ‘дарэмна, бясплатна’. Прасл. *tuńь ‘дарэмны’ (Борысь, 626) ці *tunь‑jь ‘танны, даступны, дарэмны, бясплатны’ (ЕСУМ, 5, 676) узыходзіць да і.-е. *teu̯n‑. З іншым вакалізмам кораня на польскай моўнай тэрыторыі (другасная назалізацыя) прасл. *tanьjь, *tonьjь > та́нны (гл.). У якасці роднасных падаюцца: лат. taúņaгультай’, taūņât ‘бадзяцца, хадзіць без справы, не брацца за работу’, ст.-в.-ням. dunni, ст.-н.-ням. thunni, ст.-ісл. þunnr ‘тонкі’. Развіццё індаеўрапейскай семантыкі ішло ад ‘тонкі, доўгі, выцягнуты’ > ‘невялікай вартасці’ > ‘танны’ (Шустар-Шэўц, 1558; (гл. таксама: Этимология–1967, 74; Зб. Бернштэйну, 474–480), чаму пярэчаць Фасмер, 4, 121; Сной у Бязлай, 4, 393. Адсутнічае пераканальная этымалогія (ESJSt, 17, 998).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́мец1, ляме́ц, ля́мац, ля́мяц, ля́міц, ле́мыц, ля́мэць ’тоўсты, шчыльны матэрыял, звалены з воўны, шэрсці’ (ТСБМ, Грыг., Гарэц., Уладз., Нас., Шат., Касп., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’пракладка з лямцу ў хамуце пад хамуцінай’, ’лёгкая пракладка з саломы ці лямцу пад клешчамі’, ’падхамутнік’, ’потнік’, ’від хамута’ (Маслен., Бяльк., Нас., Сл. ПЗБ, Касп.), ’лямка, шляя’ (Др.-Падб.), ’ярмо, цяжкая работа’ (Мат. Гом.), ’ільняны або саламяны абруч, на які паляшучкі накручвалі валасы’ (Малч., Тарн., Маш., Сержп. Грам.; мазыр., Шпіл.), ля́мцы ’непрычасаныя валасы’ (клец., Нар. лекс.), ’каўтун’ (Мат. Гом.), ля́мчыцца ’збівацца ў камяк, каўтуны’, ля́мчыць ’валіць воўну’ (Нас.; КЭС, лаг.; ТСБМ, ТС), ля́мец ’пласт гною, сена і інш.’ (жытк., Нар. словатв.; ТС). Укр. ля́мець, рус. ля́мец ’тс’, польск. lamec ’тс’, lemiec, чэш. límec, lémec ’каўнер’. Няясна. Фасмер (2, 551) рус. лексему выводзіць з польск. lemiec ’каўнер’, адкідаючы версію Бернекера (1, 700), які ўзводзіць гэту лексему да франц. lame ’палоска, тонкі дрот’. Слаўскі (4, 39) дапускае бел. мову ў якасці крыніцы для запазычання з польск. lamiec або з ням. Lahn‑tresse ’стружка, галун з шоўку’. Карловіч (Wyr. obce, 335) і Брукнер (290) лічаць крыніцай с.-в.-ням. lîm ’рамка, аблямоўка’. Махэк₂ (326) лічыць роднасным (да чэш. lem ’тс’) грэч. λῶμα ’аблямоўка’.

Ля́мец2гультай’ (Мат. Гом.). У выніку семантычнага пераносу з ля́мец1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пло́йма, плы́йма, плу́йма, плэйма ’мноства (аб жывых істотах)’, ’безліч, вялікая колькасць, зборышча чаго-н., кампанія’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Касп., Шат., Клім., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Растарг., Жд. 1, Жд. 3; Варл.; бялын., Янк. Мат., Янк. 3.: мсцісл., Янк. 2; мсцісл., Юрч. СНЛ; Сцяшк. МГ; барыс., драг., Сл. Брэс.; паўн.-усх., КЭС), ’стада кароў, табун коней, статак авечак’ (карм., ЛА, 1), плоймаю ’кучай’ (калінк., З нар. сл.), плуймо ’многа’ (круп., ЛА, 5), ’дзятва, дзеці’ (Бяльк.), ’сваякі’ (Юрч. СНЛ), плоймагультай’ (лях., Сл. ПЗБ), укр. палес. пли́йма ’безліч, мноства’. Варбот (Этимология–1986–1987, 62–63) суадносіць бел. лексему з серб.-харв. plȏjba ’шмат вады на столі, падлозе пры кепскім даху’, якое Скок (2, 687) выводзіць у якасці далматараманскага рэлікта, вульг.-лац. *plǫvia < лац. pluvia ’дождж, дажджавая вада’. Варбот (там жа) уключае лексему *plojьma ў этымалагічнае гняздо і.-е. *pel‑ ’ліць, цячы, напаўняць’, ’нараджаць’, якая разглядаецца як вытворная ад асновы з коранем у нулявой агаласоўцы і пашырэннем яе на ‑i‑; да гэтага гнязда належыць прасл. *pьlnъ(jь), *plodъ, *plemę, *plęgti ’пладзіцца, вырастаць’. Параўн. таксама Люканен, 1, 172 (плойма < *plodma ад *ploditi). Магчыма, да плыць (гл.), як рус. вой ад выть, гл. аплавітна ’багата’. Значэнне ’вялікая колькасць вады’ — адлюстраванне першаснай семантыкі і.-е. *pel‑ ’ліць, цячы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рата́й ’араты’ (ТСБМ), ’араты, земляроб’ (Сл. ПЗБ, Кольб., ПСл; стол., Нар. лекс.; З нар. сл., Мат. Гом.; івац., Жыв. сл.; Сл. Брэс., ТС, Лексика Пол.), ріта́й ’тс’ (Бяльк.), ората́й ’тс’ (Лексика Пол.); арата́й ’тс’ (Ян.), параўн. укр. рата́й, рус. ра́тай ’араты’, польск., н.-луж. rataj ’парабак, падзёншчык; земляроб’, палаб. råtoj, чэш., славац. rataj ’араты, парабак’, славен. rátaj, серб. ра̀тај ’тс’, балг. рата́й ’парабак’, макед. ратај, ратеј ’хто цяжка працуе’, ст.-слав. ратаи ’араты’. Праслав. *ra + tajь < *or‑tajь, ад прасл. дзеяслова *orti ’араць’. Параўн. літ. artojas ’тс’, ст.-пруск. artoys ’тс’; у аснове якіх зыходнае і.-е. *er‑/*or‑/*ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’, параўн. разараць (гл. разарыць). Старажытная мадэль з суф. ‑тай сустракаецца ў назвах выканаўцаў дзеяння, напрыклад, гультай, рус. ходатай, глашатай (Фасмер, 3, 447; Бязлай, 3, 155; БЕР, 6, 190). Мартынаў (Лекс. балтызмы, 25) лічыць лексічным пранікненнем прыбалтыйскага *artojis > прасл. *ortajь, паколькі суфікс ‑ta‑ з нарашчэннем ‑io не сустракаецца ў іншых індаеўрапейскіх мовах, акрамя балтыйскіх і славянскіх. Паводле Шустэра–Шэўца (2, 1208) гутарка ідзе пра суфікс *‑ajь, а ‑t‑ адносіцца да асновы *ar(t)‑ ’араць’, як у рус. ра́тай ’воін’ (гл. раць, ратнік), аналагічна літ. árti ’араць’ > artójis ’араты’, што не пераконвае. Гл. таксама араты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляны́, ля́ный, ле́ны, лены́ ’лянівы’ (ТСБМ, Нас., Мікуц., Гарэц., Янк. 1, Шат., Касп., Пятк., Маш., КЭС, лаг., ТС; Сл. ПЗБ), слуц. ле́ны дуб ’адзінокі дуб на лузе, у полі’ (БНТ, Лег. і пад.); зах.-рус. ленный, ленной ’гультаяваты’, ст.-рус. лѣный ’павольны’, ’гультаяваты’, польск. leny, в.-луж. lěni, lěny, lijeni ’тс’, чэш. líný ’слабы, самлелы’, ст.-чэш. léni, léný, славен. lẹ̑n, серб.-харв. lȉjen, чак. ле́нӣ, усх.-серб. ле̂њ, ст.-слав. лѣнъ. Прасл. lěnъ ’гультаяваты, павольны, марудны’ (Слаўскі, 4, 157–159). Да і.-е. lē‑ (Шустар-Шэўц, 826). Генетычна яму адпавядаюць: літ. lė́nas ’спакойны, ціхі’, ’слабы’, лат. lḕns ’тс’, літ. lė̃tas ’павольны, ціхі’, lėtùs ’тс’, лац. lēnis ’мяккі, пяшчотны’ (Фасмер, 2, 482–483). Аткупшчыкоў (Из истории, 246) звязвае гэту лексему з коранем leg‑/log‑ > *leg‑s‑nis > лѣнь (пры ізасемантычным радзе ’ляжаць’ — ’гультай’: leg‑e‑nis > лежень), параўн. таксама паралельнае развіццё раду вытворных асновы лѣн — у рускіх гаворках са значэннем ’ляжаць’, напр. лѣнуха, лѣнивка ’лава ля печы’. Сюды ж лень‑дуб ’від дуба, які позна распускаецца’ (ТС), ляні́вы (ст.-бел. ленивый, лѣнивый) ’непрацалюбівы, марудны ў працы, у рухах, вялы’, ляні́цца, лыны́тысь ’ленавацца’ (КЭС, лаг.; Сл. ПЗБ, ТСБМ, Яруш.; Панюціч, 101). Гл. таксама лень1, лень2, ляна́.

Ля́ны2 ’ільняны’ (Сцяшк., маладз. Жыв. сл.). Ля́ны выхад ’рабочы дзень на ўборцы льну’ (карэліц., Сл. ПЗБ). Да лён, ільняны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахламо́н ’неарганізаваны, неакуратны, зацюканы чалавек’ (Юрч. Фраз. 2), вахламон ’неахайны чалавек’, вахламоня ’неахайная жанчына’, вахламондзія ’тс’ (Яўс.); слова вядома на большай частцы Беларусі са значэннямі ’чалавек, недалёкі ў разумовых адносінах’, ’чалавек без пачуцця ўласнай годнасці’, ’дрэнна выхаваны, некультурны чалавек’, ’неакуратны, неахайны чалавек’, ’неахайна адзеты чалавек’, няўклюда’ і інш. Рус. охламон дурань і гультай’, рус. дыял. охламон ’вялікі чалавек, у якога не ўсё ў парадку’. Няясна. Найбольш натуральнай здаецца сувязь з хлам ’старызна, дрэнь’ (Нас.), якое, паводле Бірылы, Бел. антр., 2 (пад Ахламёнак), можа выступаць у форме ахлам, параўн. таксама рус. дыял. хлам ’лахманы, старызна’, хламунина ’старая, зношаная адзежына’; параўн. таксама серб.-харв. hlamina ’зношаны абутак, уступкі’ (Скок, 1, 671); тады першапачаткова ахламон ’неахайна адзеты чалавек’ з экспрэсіўнай суфіксацыяй як у разявон ’разява’, пры гэтым магчымы ўплыў кантамінаваных форм тыпу рус. пск. ахломотья лахманы’. Аднак, прымаючы пад увагу аддзеяслоўны характар форм тыпу разявон, можна дапусціць утварэнне ахламон ад хламаць, хламнуць (ад гукапераймальнага хлам!), параўн. хламаць ’есці’ (пра свіней; рэдка абразліва — пра чалавека, КСТ), экспр. ’есці’ (Сержп., Грам., 61), хламнуць ’праглынуць (Бел. фраз., 62), суфіксацыя ахламон як у матон ’круцель, махляр, дзялок’ (Яўс., ад матаць); тады ахламон ’некультурны чалавек, мужык’, параўн. хамула ’некультурны чалавек’ ад хамаць ’прагна і гучна есці’, рус. дыял. охряпок ’дзеравеншчына, няўклюда’ ад хряпать ’есці многа’. Жаргонны характар слова дазваляе лічыць верагодным таксама дапушчэнне Супруна (вусн. паведамл.) аб сувязі з грэч. ὄχλος ’чэрнь, натоўп’ (да ст.-грэч. ὀχλο‑μανέω ’імкнуцца да папулярнасці’?), аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці. Параўн. з іншай суфіксацыяй ахлама́н ’неацёсаны, тупы чалавек’ (Цых.). Гл. Цыхун, БЛ, 8 (1975), 58–59.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)