Жаро́н ’млынавы камень’, жорны ’ручны млын’ (ТСБМ), жорваны ’жорны’ (Шатал., Мат. Гом., Янк. II). Рус. жёрнов, дыял. пск. жерён, жерон, пск., смал., калін., наўг. же́рн, жёрн, наўг. жерно ’тс’, укр. жо́рно, мн. жо́рна, польск. żarna, чэш. žernov, žerno, żerna, славац. žarnov ’тс’, балг. дыял. же́рка, жръ́ни ’млын’, жерновен камък ’жарон’, серб.-харв. жрвањ, жр̑ван ’жоран, жорны’, славен. žȓne, žȓnev ’ручны млын’. Ст.-слав. жрънъ, жрънъви ’млын’, ст.-рус. жърновъ, жорны. Прасл. *žьrnъ належала да наз. на ‑ŭ, у выніку пашырэння ўзнікла форма *žьrnovъ, адкуль у выніку метатэзы — жорваны. Аб гэтым гл. Фасмер, 2, 49, Экерт, УЗ Инст. слав., 27, 50. Прасл. *žьrnъ роднаснае балт. словам: літ. gìrna, мн. girnos ’жорны’, лат. dzir̃nus ’млын’, ст.-прус. girnoywis ’жорны’ (Фрэнкель, 163–164; Тапароў, E–H, 245–247; Траўтман, 89), а таксама словам іншых і.-е. моў: ст.-інд. grāvan‑ ’камень для выціскання сомы’, арм. erkan, ст.-ірл. bráu, мн. broon, гоц. qairnus ’млын’, ням. Quirne ’жорны’. Гэтыя словы як падоўжанні з n Покарны (1, 477) далучае да і.-е. кораня g​er‑, g​ere‑ ’цяжкі’. Гл. яшчэ БЕР, 1, 537; Безлай, Posk. sv., 32; Скок, 3, 685–686; Ваян, Gr. comp., II, 1, 271; Бернштэйн, Чередования, 223; Сцяц. Словаўтв., 142; Аткупшчыкоў, Из истории, 231.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пло́скі ’які не мае упадзін, узвышшаў, роўны, без пад’ёмаў і спускаў’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ), ’слаба, някрута спрадзены’ (Уладз.; баран., Сл. ПЗБ; гродз., Сцяшк. Сл.: рас., талач., Шатал.), ’палогі (пра бераг ракі, возера)’ (карм., ветк., чач., ЛА, 2; ТС), ’худы (конь, карова)’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), ’шырокі (пра капыт)’ (карэліц., Нар. словатв.). Укр. пло́ский, рус. пло́ский, пло́сок, польск. ст.-мазав. płoski, чэш., славац. ploský, славен. plòsk ’плоскі’, plóska ’паверхня, раўніна’, серб.-харв. пло̏сан, макед. плосок, балг. плосък, ст.-слав. плоскъ. Прасл. *ploskъ, звязанае чаргаваннем галосных кораня з *plask‑, *plesk‑, *plěsk‑, якія з і.-е. *plok‑sko‑ ці *plək‑sko; роднаснае лат. plakans ’плоскі’, лац. placidus ’роўны, гладкі’, ’прыемны’, ст.-грэч. πλάξ ’раўніна’ (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 113; Траўтман, 222; Фрэнкель, 602; Бязлай, 3, 61). Аднак Мее (Études, 332), Младэнаў (430), Фасмер (3, 285) дапускаюць магчымасць вывядзення лексемы плоскі з *plot‑sko і супастаўляюць апошнюю са ст.-інд. práthas ’шырыня’, авест. fraϑah‑, ст.-грэч. πλατύς ’шырокі, плоскі’. Гэтаксама Махэк₂ (462), які дапускае прасл. форму *plotъ (ŭ‑аснова), што ў чыстым выглядзе не захавалася, але ад яе утварылася плотва, плотка (гл.). Борысь, Папоўска–Таборска (ZPSS, 10, 27) на падставе славін. plos ’клоп’ рэканструююць рэліктавую форму *plosъ ’плоскі’, якая мае адпаведнікі на славянскім Поўдні. Абаеў (Этимология–1984, 21) мяркуе, што рус. плоский з’яўляецца роднасным рус. плохой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плю́ндра ’неахайная, нязграбная жанчына’ (зэльв., Сл. рэг. лекс.); плю́ндріна (Юрч. СНЛ; Юрч. Вытв.). Паралельная форма флюндра ’тс’ (беласт., Жыв. НС) сведчыць, што гэта — запазычанне з польск. flądra ’няхлюйная жанчына, прастытутка’ (з XVIII ст.), якое Слаўскі (1, 232) разглядае як запазычанне з ням. дыял. Flunder, Flander ’анучы, рыззё’, ’прастытутка’, што паходзяць, напэўна, з назвы краіны Фландрыі, адкуль разыходзіліся па Еўропе сукны. Банькоўскі (2, 600) мяркуе, што фармальна блізкае польск. plądra ’вандроўная ашуканка-зладзейка’ паходзіць ад plądrować, plondrować і plundrować ’грабці’, ’шарыць, шукаць’, а гэтае — з н.-ням. plündern ’грабіць, спусташаць’. Таго ж паходжання ўкр. фльондра, чэш. plundra ’гуляшчая, блудніца, прастытутка’, pladry ’адзенне’, ’паношанае адзенне, латы, анучы’, н.-луж. plundrawa ’абадранка’, славен. plȗndra ’снежная слота’, ’балота, дрыгва’, plọ̑dra, plọ̑jndra ’дождж са снегам’ (з факультатыўнай экспрэсіўнай назалізацыяй — Бязлай, 3, 62). Адносна літ. pliùndra ’слата’, pliùdra ’непраходная дарога з-за дажджу’, pliù(n)dra ’бадзяга, блудніца, прастытутка’, ’пляткарка’, ’неахайная жанчына’ Фрэнкель (1, 625) мяркуе, што яны ўзыходзяць да і.-е. *pel‑, *pleu̯‑d ’плыць, лётаць’, што дае падставы Лаўчутэ (Балтизмы, 71) следам за Блесэ (SB, 5, 17) лічыць балтыйскія словы зыходнымі для бел. плюндра ’той, хто заўсёды пэцкаецца’, што ў святле вышэй прыведзеных фактаў не мае падстаў, гл. спецыяльна Віткоўскі (LB, 4, 149–152). Гл. і хлюндра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сачыць ’назіраць, наглядаць за кім-небудзь, чым-небудзь’, ’адшукваць’, ’дапільноўваць’ (ТСБМ, Шат., Касп., Стан., Ласт.), ’цікаваць, высочваць, віжаваць’ (Бяльк., Гарэц.), ’пільнаваць’ (Сл. ПЗБ) ’назіраць, запільноўваць’ (Варл.) ’шукаць у галаве’ (Сержп. Прык.) ’гнаць звера (пра сабаку)’ (Сцяшк.) ’быць падобным на каго-небудзь’: сочыць бацькупадобны да бацькі (віл., глыб., Сл. ПЗБ), сочы́ць ’высочваць’ (ТС). Укр. сочи́ти ’падпільноўваць’, рус. сочи́ть ’шукаць, дапільноўваць’, ст.-рус. сочити, сочу ’адшукваць; весці судовую справу’, польск. soczyć ’паклёпнічаць, цкаваць’, чэш. sočiti ’ненавідзець; раўнаваць; абгаворваць’, серб.-харв. со̀чити ’выявіць, адшукаць’, ’даказаць’, славен. sáčiti ’лавіць’, балг. со́ча ’паказваю’. Прасл. *sočiti. Звязваюць з прасл. *sokъ ’абвінаваўца, выведнік’ і параўноўваюць з літ. sakýti, sakaũ ’гаварыць’, лат. sacît, ст.-в.-ням. sagen ’тс’ і г. д. (Бругман, IF, 12, 38; Траўтман, 255; Мюленбах-Эндзелін, 3, 603; Младэнаў, РФВ, 63, 310; Фасмер, 3, 731). Махэк₂ (566) зыходным значэннем лічыць ’дапільноўваць, адшукваць (звера)’ і супастаўляе з літ. sekù, sèkti ’ісці (следам)’, лац. sequor, ірл. sechur ’тс’, ст.-інд. sáčate ’ідзе следам’. Бязлай (Linguistika, VIII, 1, 71), славенскае слова таксама супастаўляе з літ. sèkti, лат. sekt ’ісці следам’. Аб супастаўленні слав. *sočiti з вышэйпрыведзенымі балцкімі словамі меркаваў яшчэ Фрэнкель (757, 773). Варбат (Марфан., 31–32) падтрымлівае думку Брукнера (394–395) аб зліцці ў слав. sočiti двух вышэйназваных індаеўрапейскіх гнёздаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сло́ва ‘адзінка мовы, маўлення’, ‘фраза, выказванне’, ‘мова’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб.), сло́во ‘тс’ (ТС, Федар. 4), слові́на ж. р., экспр. ‘тс’ (ТС), сюды ж слове́чно ‘вусна’ (мазыр., Нар. Гом.), ст.-бел. слово ‘адзінка маўлення’, ‘выказванне’, ‘выражэнне волі, загад’, ‘павучэнне’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 75). Укр., рус. сло́во, польск. słowo, в.-луж., н.-луж. słowo ‘слова’, чэш. slovo ‘слова’, sloveso ‘дзеяслоў’, славац. slovo, серб.-харв. сло̏во ‘літара’, славен. slovọ̑ ‘развітанне’, slóvọ ‘літара; слова’, балг. сло́во, макед. слово ‘літара’, ст.-слав. слово, Р. скл. словесе. Прасл. *slovo ‘слова’ (аснова на ‑es). Роднасныя ўсх.-літ. šlavė ‘пашана; ушанаванне, слава’, šlȧvinti ‘славіць, шанаваць’, лат. slava, slave ‘пагалоска; рэпутацыя; пахвала; слава’, авест. srávah‑ ‘слава, павага; кліч’, грэч. κλέος ‘слава’, ст.-ірл. clù ‘слава’; гл. Траўтман, 368; Мюленбах-Эндзелін, 3, 920; Фрэнкель, 1008; Майргофер, 3, 389; Мее, Études, 356–357; Покарны, 606–607. Узводзяць да і.-е. кораня *kʼleu̯os < *kʼleu̯‑ ‘чуць, слухаць’ (Сной₁, 583). У славянскіх мовах звязана чаргаваннем галосных з слава, слыць (гл.). Гл. Фасмер, 3, 673; Глухак, 563; Махэк₂, 557 (падкрэслівае, што ў склад прасл. *slovo уваходзіў семантычны кампанент ‘пашана, слава’, прадстаўлены ў *slověti, *sloviti, ст.-слав. благословити ‘гаварыць, прапаведваць, велічаць, славіць’). Гл. яшчэ Скок, 3, 288–289; Трубачоў, Этимология–1968, 58; Шустар-Шэўц, 1308; Сной₁, 583; Борысь, 559; ЕСУМ, 5, 306.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сы́ты ’які не адчувае голаду’, ’укормлены, тлусты’ (ТСБМ, Нас., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ), ’негалодны’ (Байк. і Некр.), ’тлусты, адкормлены’ (Касп., Пятк. 2, Мат. Гом., Нар. лекс., Сл. Брэс., Сцяшк., З нар. сл.), ’гладкі, тлусты’ (Жыв. НС), сы́тны ’сыты’ (ТС), сыць ’корм, страва, ежа; пажыўнасць’ (Ласт.), ’сытасць; укормленасць’ (Нас., Бяльк.), сы́ціць ’карміць, насычаць’. Укр. си́тий, рус. сы́тый, стараж.-рус. сы́тъ(и), польск. syty, в.-луж., н.-луж. syty, чэш. sytý, славен. sýty, серб.-харв. си̏т, славен. sit, балг., макед. сит ’тс’, ст.-слав. сытъ ’сыты’. Прасл. *sytъ, відаць, роднаснае літ. sótus ’сыты, багаты, сытны’, лат. sats ’сытны’, ст.-прус. sātuinei ’насычаеш’, лац. satis ’досыць’, гоц. sōpa ’сыты’, ст.-в.-ням. sat ’сыты’, грэч. άατος ’ненасытны’ (Траўтман, 250; Мюленбах-Эндзелін, 3, 809; Вальдэ-Гофман, 2, 481; Покарны, 876), аднак пры гэтым цяжка патлумачыць адрозненні ў вакалізме. Іншыя даследчыкі ў сувязі з гэтым збліжаюць *sytъ са ст.-інд. çávas ’сіла, моц’, авест. sava‑ ’тс’, сюды ж ст.-інд. çū́ras ’моцны’, авест. sura‑ ’тс’, грэч. κυρος ’сіла, моц’ (Зубаты, LF, 28, 89; Фрэнкель, JF, 50, 7 і наст.). Борысь (590) узводзіць да дзеепрыметніка і.-е. *sū‑to‑ ’напоўнены, поўны’, што да і.-е. *seu̯‑ ’напаўняцца’, параўн. хец. sumai ’напаўняе’, гл. таксама Бязлай, 3, 238–239. Абмеркаванне іншых версій гл. Фасмер, 3, 821; ЕСУМ, 5, 245; Глухак, 550.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапату́ха1, лыпату́ха ’зазубіны (пашкоджанне ляза), карабатае месца на лязе касы, нераўнамерна адцягнутае ў час кляпання’ (Жд. I, Янк. II, Сцяшк., Мат. Маг., Мат. Гом., Смул., Шат.; лунін., Мат. ЛАБНГ, Сл. паўн.-зах., Бяльк.), ’перабітае месца на касе пры кляпанні, якое лапоча пры вастрэнні касы’ (КЭС, лаг.). Беларускае. На першы погляд, здавалася б, паходзіць ад лапатаць, якое ад лопат < гукапераймальнае прасл. lopotъ (параўн. народнае тлумачэнне аб «лапатанні» перабітага месца), аднак, калі прыняць да ўвагі лінгвагеаграфічнае пашырэнне гэтай лексемы і яе дыялектных сінонімаў (Мат. ЛАБНГ, адказ на пыт. 423), можна меркаваць, што лапатуха — балтызм са слав. суф. ‑uxa, параўн. літ. lãpatas ’акравак, абрэзак’, ’абадранец’, якое з lãpas ’ліст’ (Фрэнкель, 340). Аналагічна карэліц., нясв., ц.-палес. лапаце́нь, дзятл. ло́пот (Мат. ЛАБНГ), гродз. лопат (Сцяшк.), лапаток, вільн. лапату́н (Сл. паўн.-зах.) і ўтварэнні з коранем лоп‑ (< lãpas ’ліст’): віц. лопаўка (< лопаць ’трэскацца’), лопухі ’лапатуха’. Матывацыя: перабітае пры няўмелым кляпанні месца на вастрыі касы падобна да лісточкаў і да іх пад. Таму ў выніку пераносу значэння ўзніклі палес. рыба, шчупа, шчучка, цыцкі, жабка (Мат. ЛАБНГ). Беласт. клопат — кантамінаваная назва з кляпаць (гл.) і лопат (гл.).

Лапату́ха2, лыпату́ха, лопоту́ха ’балбатуха, гаваркая жанчына’ (ТСБМ, Касп., ТС, Бяльк., Шат., Мат. Гом., КЭС, лаг.; міёр., З нар. сл.; гродз., Сл. паўн.-зах.), ’балабон, званок, які прывязваўся каровам на шыю’ (Бяльк.). Да лапата́ць1 (гл.). Аб суф. ‑ух‑а гл. Сцяцко, Афікс. наз., 71.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліза́ць ’дакранацца языком’, ’піць, есці мала, вяла’, ’пакрываць, абдаваць’, ’цалаваць’, лізацца ’падлашчвацца, лашчыцца’ (Нас., Шат., Бяльк., Яруш., ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах.), полац., мсцісл. лізну́ць ’паспытаць, з’есці зусім нямнога’ (Нар. сл., Юрч. Вытв.), лізацца ’прыхарошвацца, старанна прычэсвацца’ (Шат.). Укр. лизати(ся), рус. лизать(ся), польск. lizać (się), палаб. lai̯zĕ ’ён ліжа’, н.-луж. lizaś, (pśe)lizaś se, в.-луж. lizać (so), чэш. lízati (se), ст.-чэш. lzáti, славац. lízať (sa), славен. lízati (se), серб.-харв. ли́зати (се), макед. лизам, балг. лижа, ст.-слав. лизати, чэш.-ц. слав. льзати. Прасл. lьzati з другасным падаўжэннем вакалізму кораня lizati (). І.‑е. адпаведнікі: літ. liẽžti, liežiù, лат. làizît ’лізаць’, ст.-інд. lḗdḥi, rédḥi, líhati ’ліжа’, авест. raēz‑, н.-перс. lištan ’лізаць’, арм. lizem, ст.-грэч. λείχω ’ліжу’, лац. lingō, lingere, ст.-ірл. ligin, гоц. bilaigōn, ст.-англ. liccian, ст.-в.-ням. lecchōn ’лізаць’, і.-е. *lig̑h‑/*lei̯g̑h‑, ітэратыў *loigʼh‑ Міклашыч, 171; Бернекер, 1, 725; Фасмер, 2, 494–495; Фрэнкель, 369; Покарны, 668; Слаўскі, 4, 311–312; Аткупшчыкоў, Из истории, 102; Скок, 2, 311; Бязлай, 2, 145–146). Інакш Жарскі (Rozp. Kom. Jęz. — Wrocł. TN, XI, 185), які памылкова выводзіць польск. lizać з і.-е. ‑lei̯p ’мазаць тлушчам’. Сюды ж лізґаць ’есці, ледзь дакранаючыся зубамі’ (Шат.), ’лізаць раз за разам’ (КЭС, лаг.), ’есці мала, перабіраючы’ (міёр., Нар. лекс.), у якіх ‑ґ‑ экспрэснае (параўн. лузацьлузгаць), а таксама лізну́ць ’цішком адысці’ (Грыг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малады́, малады́й, мылады́й, малоды, молоды́, молодэ́й ’юны, юнацкі’, ’нясталы, нявопытны’, ’які нядаўна вывеўся, пачаў расці’, ’які нядаўна вырас, свежы (пра гародніну)’, ’нядаўна прыгатаваны’, ’жаніх у час вяселля’, малада́я, молада́, мылыда́я ’нявеста’, маладыя ’жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля’, маладыя дні ’дні, якія прыпадаюць на першую квадру месяца’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Яруш., Ян., Сл. ПЗБ), малады́ ’рэдкі (пра цеста, хлеб)’ (Сцяц., Ян.), ’нізкай якасці (аб палатне)’ (Ян.). Укр. молоди́й, рус. молодо́й, мо́лод, польск. młody, н.- і. в.-луж. młody, чэш., славац. mladý, славен. mlȃd, mláda, серб.-харв. мла̑д, макед., балг. млад. Прасл. moldъ (аснова на ‑u̯) з’яўляецца роднасным да ст.-прус. maldai ’хлапчукі, падлеткі’, maldian ’жарабё’ (він. скл.), maldūin ’маладосць’, ст.-інд. mr̥dúṣ ’мяккі, нежны’, mradīyān ’мякчэйшы’, ст.-грэч. ἀμαλδῡ́νω ’размякчаю, аслабляю’, лац. mollis (< *moldu̯is) ’мяккі’, арм. mełk ’распешчаны, вялы’, ст.-ірл. meldach ’мяккі, пяшчотны, прыемны’, ст.-англ. meltan ’плавіць, растапляць’, венецк. molzon ’малады’, vants molzonke ’малады і маладая’ (Міклашыч, 200; Бернекер, 2, 71; Траўтман, 167; Фрэнкель, IF, 69, 154; Фасмер, 2, 643–644; Скок, 2, 438–439; Бязлай, 2, 187). Прасл. moldъ з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем з першасным суфіксам ‑dъ. Да і.-е. mel‑ ’расціраць’, ’тонкі, мяккі’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 112 і інш.). Для асновы на ‑n (параўн. рус. младенец) роднасным з’яўляецца ст.-прус. maldenikis ’дзіця’. Сюды ж адносіцца шмат дэмінутываў: маладзе́нькі, маладзёшанькі, маладзю́сенькі, маладзю́ткі, маладзю́тэнькі, молодзю́ленькі і інш. (Нас., Растарг., ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ці1, маць ’матка, мама’ (ТСБМ, Бес., Нас., Яруш., Кліх., Маш., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), драг., бяроз. ма́тэ, ма́ты (КЭС), ма́ця ’тс’ (Пан. дыс.). Укр. ма́ти, рус. мать, ма́ти, ст.-польск. mać (< maci), палаб. motei, н.-луж. maś, в.-луж. mać, ст.-чэш. máti, mátě, славац. mať, славен. máti, серб.-харв. ма̏ти, балг. мати, ст.-слав. мати. Прасл. mati ’маці’ — назоўны склон асновы mater‑, якая да і.-е. *mātē(r), род. скл. *māter‑es — першапачаткова склад *mā‑ — слова з дзіцячай мовы, да якога далучыўся суфікс ‑ter (лац. pa‑tēr ’бацька’, прасл. bra‑trь ’брат’, ст.-в.-ням. swës‑ter ’сястра’). І.‑е. адпаведнікі: літ. mótė ’жонка’, ’бабуля’, лат. mȃte ’маці’, ст.-прус. mūti, ст.-інд. mātā (< mātár), авест. mātar‑, арм. mair, ст.-грэч. μήτηρ, дар. μᾱ́τηρ, лац. māter, ірл. māthir, ст.-в.-ням. muoter, тах. A mācar, тах. B mācer ’тс’, алб. motrë ’сястра’ (Міклашыч, 184; Бернекер, 2, 26; Траўтман, 170; Фрэнкель, KZ, 61, 271; Покарны, 700–701; Фасмер, 2, 583; Шаўр, Etymologia, 20; Гіндзін, Этимология–63, 69 і інш.). Сюды ж маці‑і‑мачаха, маць‑і‑мачаха, маць‑мачыха, маці‑і‑мачоха, маты і мачоха ’падбел, Tussilago farfara L.’ (Сл. ПЗБ, Жыв. сл., Нар. лекс.), ’браткі, Melampyrum nemorosum L.’ (ТС).

Ма́ці2 ’трама’ (жытк., Нар. сл.). У выніку пераносу значэння ’аснова, пачатак, крыніца’ з ма́ці1 (гл.). Гэтаксама Праабражэнскі (1, 515). Параўн. яшчэ ма́ціца, ма́церня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)