Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАМО́РСКА-БАЛТЫ́ЙСКІ КАНА́Л, Беламорканал,
злучае Белае м. (каля г. Беламорск) з Анежскім воз. (каля пас. Павянец, Расія). Даўж. 227 км, з якіх 37 км — штучны шлях. Мае 19 шлюзаў, 15 плацін, 49 дамбаў, 12 вадаспускаў. У склад канала ўваходзяць рэкі Выг і Павянчанка, азёры Выгвозера, Вадлвозера, Вузкае, Матквозера.
Пабудаваны вязнямі ГУЛАГа ў 1931—33. Да буд-ва было прыцягнута больш за 280 тыс. зняволеных. Гал. падрадчык — АДПУ, штаб будоўлі знаходзіўся ў Мядзведжагорску. Кіравалі буд-вам у розныя часы С.Фірын, М.Берман, Н.Фрэнкель, Л.Коган, Я.Рапапорт, С.Жук. Канал здадзены ў эксплуатацыю ва ўстаноўлены І.В.Сталіным 20-месячны тэрмін. Паводле некаторых падлікаў, на буд-ве Беламорска-Балтыйскага канала ад голаду, холаду і знясільваючай працы загінула каля 100 тыс. зняволеных, больш за 10 тыс.чал. расстраляны па абвінавачанні ў «контррэвалюцыйных злачынствах». Пасля заканчэння буд-ва за ўдарную працу амаль 60 тыс.чал. быў скарочаны тэрмін зняволення. Аднак амністыя была абмежавана вял. колькасцю агаворак, таму атрымалі яе толькі 5 тыс. палітзняволеных, якім да сканчэння тэрміну заставалася некалькі месяцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАРЫТА́РНАЙ АСО́БЫ КАНЦЭ́ПЦЫЯ,
сукупнасць тэарэтычных уяўленняў пра тып асобы, уласцівы таталітарным рэжымам. Яму характэрныя агрэсіўнасць і прага ўлады, нянавісць да інтэлігенцыі і прадстаўнікоў інш. этнічных груп, кансерватыўнасць і стэрэатыпнасць мыслення, канфармізм; сляпое падпарадкаванне аўтарытэту групы, дзяржавы, харызматычнага лідэра, асабліва заснаванаму на сіле і насіллі, спалучаецца ў ім з нянавісцю да ўсіх апанентаў і аўтсайдэраў. Паняцце ўведзена Э.Фромам, які даследаваў псіхал. падставы для распаўсюджвання нацысцкай ідэалогіі. Паглыбленне чалавека ў аўтарытарызм Фром разглядаў як адзін з асн. механізмаў «уцёкаў ад свабоды». Імкнучыся пераадолець пачуццё бяссілля, аўтарытарная асоба адмаўляецца ад незалежнасці, імкнецца зліцца з чым-небудзь больш моцным, здольным кампенсаваць недахоп упэўненасці ў сабе. Такі чалавек захапляецца ўладай і хоча падпарадкоўвацца, і ў той жа час сам імкнецца быць уладай, каб іншыя падпарадкоўваліся яму. Гэтая супярэчлівасць вядзе яго да супраціўлення ўладзе, нават той, якая дзейнічае ў яго інтарэсах, але ўяўляецца яму недастаткова моцнай. Барацьбу аўтарытарнай асобы супраць улады Фром лічыў бравадай бунтаўшчыка. У калект. працы Т.Адорна, Э.Фрэнкель-Бруксвік, Д.Левінсана і Р.Санфарда «Аўтарытарная асоба» (1950) зроблена спроба эмпірычнага абгрунтавання аўтарытарнай асобы канцэпцыі, распрацавана ф-шкала (шкала фашызму) для вымярэння аўтарытарнай асобы. Ідэі гэтай канцэпцыі далей развіты ў працах тэарэтыкаў франкфурцкай школы М.Хоркхаймера, Г.Маркузе, у аднамернага чалавека канцэпцыі.
Літ.:
Адорно Т. Типы и синдромы: Методол. подход: Пер. с англ. // Социол. исслед. 1993. № 3;
Фромм Э. Бегство от свободы: Пер. с англ.М., 1990.